Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Асоба

Забыты праваслаўны дзеяч (4)

Вёска Харкі, 1966 або 1967 год. У верхнім радзе злева: Рыма Лапачонак (нявестка Марыі Ігнацеўны Лапачонак, сястры Яхіма Красоўскага, жонка Льва Лапачонка – аўтара здымка), Яхім Красоўскі, яго сястра Марыя Лапачонак, яго брат Анатоль Красоўскі, дваюродны брат Яхім Валерый Красоўскі. Ніжэй: дзяўчынка Марына Войтава (зараз Ізаітка), Тамара Войтава (дзявочае Лапачонак), жонка Анатоля Красоўскага – Клава, ?. Фота Льва Лапачонка (сына Марыі Лапачонак) З калекцыі Марыны Ізаіткі
Вёска Харкі, 1966 або 1967 год. У верхнім радзе злева: Рыма Лапачонак (нявестка Марыі Ігнацеўны Лапачонак, сястры Яхіма Красоўскага, жонка Льва Лапачонка – аўтара здымка), Яхім Красоўскі, яго сястра Марыя Лапачонак, яго брат Анатоль Красоўскі, дваюродны брат Яхім Валерый Красоўскі. Ніжэй: дзяўчынка Марына Войтава (зараз Ізаітка), Тамара Войтава (дзявочае Лапачонак), жонка Анатоля Красоўскага – Клава, ?.
Фота Льва Лапачонка (сына Марыі Лапачонак)
З калекцыі Марыны Ізаіткі

Перашкоды ў працы палітычнай і культурна-асьветнай праяўляліся асабліва ў форме ўкоснай – спосабамі пратаколаў і штафаў за розныя „недахопы” адміністрацыйных вымогаў. Аднак беларуская сьведамасьць на Пастаўшчыне пашыралася і паглыблялася ідэалёгія БХД. Не дасказаўшы да канца Яхім Красоўскі аслаб і быў выведзены з залы дзеля аказаньня лекарскай дапамогі. Як аказалася здарэньне гэтае было пасьлядоўнасьцяй скрытага на яго ў сваім часе нападу і пабіцьця. Вярнуўшыя ў залу Яхім Красоўскі закончыў сваю прамову славамі: „Няхай згіне негадзь, няхай жыве Беларускі народ!” (p-k, Narady Źjezdu pradstaŭnikoŭ Biełaruskaj Chryścijanskaj Demokracyi, „Biełaruskaja Krynica”, nr 42, 24.12.1931 h., s. 3). У 11-асабовы ЦК БХД на далей былі выбраныя м. інш. Яхім Красоўскі і Мікола Дварэцкі.

5 жніўня 1932 г. паявіўся беларускі праваслаўны часопіс „Царква і Народ”, якога выдаўцом быў Яхім Красоўскі. Выступаў ён выразна за беларусізацыю праваслаўнай царквы. У першым нумары даказвалася патрэба беларусізацыі праваслаўнай царквы на беларускіх землях: 

«У гістарычным жыцьці Беларускага і Украінскага народаў Вера і нацыянальнасьць так цесна злучаны між сабой, што барацьба за адну з іх зьяўлялася адначасна барацьбой і за другую. У сучасную хвіліну Беларускі народ змагаецца за свой, пабудаваны на падставе хрысьціянскай маралі, нацыянальны быт. Вялікая небяспека пагражае гэтай падставе з боку бязбожжа і розных кірункаў сэктанства. Нязьвязаная з нашым народам, толькі фармальна кіруючая яго духовым жыцьцём, сучасная гіерархія, да якой на працягу некалькіх гадоў зьвярталіся ад розных арганізацыяў і ўстановаў прадстаўнікі беларускага грамадзянства з просьбаю аб унармаваньні царкоўнага жыцьця, – застаецца на ўсе гэтыя дамаганьні глухою. Згубныя для Царквы, а праз гэта і для Народу, варожыя выступленьні супроць яго нацыянальных асаблівасьцяў і мовы, уціск беларускага духавенства, эксплёатацыя народу, падтрымоўваньне неадпаведных чужацкіх элемэнтаў, нават коштам адыходу верных ад свае Царквы, – вось тыя краскі, якія так буйна растуць на нашай царкоўнай ніве.

Гэта якраз і змусіла нас, беларускае царкоўнае грамадзянства, выступіць у абарону Праваслаўя, як маральнай падставы жыцьця народу, і павясьці рашучую барацьбу як з бязбожжам, так і з тымі, хто да яго распашырэньня, а праз гэта і да заняпаду духова-нацыянальнага жыцьця Бел. Народу, спрычыняецца, незалежна ад займаных гэнымі асобамі становішчаў.

Ня лёгкая наша праца, але будзем вясьці яе публічна і да поўнае перамогі. Яе вымагаець дабро Царквы і Народу.

Шляхі, дзеля асягненьня гэтае мэты, мы выбралі наступныя.

1) Згуртаваньне, на ўзор слаўнае мінуўшчыны, каля родных сьвятыняў верных Царквы Зах. Беларусі і паглыбленьне іх рэлігійнае сьведамасьці.

2) Беларусізацыя царкоўнага жыцьця і кліра.

3) Змаганьне з рамесьніцкім фармалізмам і дэструкцыйнай прафанацыяй на ўлоньні Царквы, падрываючымі Яе аўтарытэт і дэмаралізуючы Народ.

Прыступаючы да гэтае ахвярнае працы, Рэдакцыя часопісі глыбака верыць у свае сілы, у свой гарт і вытрываньня аж да перамогі, зарукаю якое нам будзе Хрыстос (с. 2-3).  

Часопіс звяртаўся да чытачоў: „Праваслаўныя беларусы! Вашым абавязкам хай будзе распашырэньне гэтае часопісі па ўсім закуткам Беларусі” (с. 3). 

Тлумачыў, што разумеецца пад «беларусізацыяй царквы»:

1) Казаньне пропаведзей у прыходах з беларускім насельніцтвам у беларускай мове.

2) Навучаньне ў школах дзяцей беларускага народу рэлігіі ў мове беларускай.

3) Вядзеньне кансысторскага дзелаводзтва, зносіны кансысторыі з благачыннымі, духавенствам і прыхаджанамі-беларусамі, а таксама благачынных і духавенства між кансысторыямі, духавенствам і прыхаджанамі-беларусамі ў беларускай мове.

4) Асабітыя службовыя зносіны духавенства з прыхаджанамі беларусамі ў беларускай мове.

5) Выхаваньне будучых духаўнікоў для беларускага народу ў Віл. Дух. Сэмінарыі ў беларускім нацыянальным духу.

6) Тактоўныя, прыхільна ўважлівыя, неабражаючыя нацыянальнага пачуцьця беларускага народу адносіны духавенства да народных звычаяў, традыцыяў, нацыянальнае культуры і беларускага імкненьня да незалежнасьці.

Апрача гэтага, у сілу блізасьці да нас антыхрысьціянскага сьветагляду, ад духавенства вымагаецца і тое, каб яно ня толькі на словах, але сваім жыцьцём і захаваньнем падавала народу добры прыклад жыцьця, аснаванага на хрысьціянскай маралі, што мае аднолькавае значэньне ня толькі для беларускага праваслаўнага, але і наагул для хрысьціянскага насельніцтва. (С. Завейка, Што трэба разумець пад славамі «Беларусізацыя Царквы», «Царква і Народ», 1932, № 1, с. 4).

На старонках часопісу змяшчалася таксама просьба Яго Блажэнству Блажэньнейшаму Дзіанісію Мітрапаліту Варшаўскаму і ўсяе Польшчы ад Беларускае Праваслаўнае Групы Студэнтаў У. С. Б. у Вільні аб „неадкладным звальненьні з сваіх пасадаў на найбліжэйшай Сэсыі Сьв. Сыноду Кіраўнікоў Віл. Епархіі і замены іх асобамі названымі ў вышэй прыведзеных мэморыялах і дакладах, а таксама аб зьдзяйсьненьні іншых просьбаў, выражаных у тых-жа мэморыялах і дакладах”(с. 13-14).

Здаецца аўтарства змешчанага ў часопісі верша „Устаньце браточкі!”, падпісанага Я. К. належыць таксама Яхіму Красоўскаму:

„Устаньце браточкі, ўстаньце… пара!

Вазьмеце сьвяцільнік у рукі, – 

Час ўжо ісьці ад двара да двара

Сьвяціць сьвятлом праўды, навукі.

Убачыўшы сьвет, можа наш беларус

Пачуе ў сабе цьвёрду волю,

Скінуць бяздольля ганебны прымус, 

Стварыць сваю лепшую долю.

Ясна сьвяцеце, каб з нас ні адзін

Ня мог заблудзіцца ў цямноце, –

Простую сьцежку прыкладам сваім

Паказвайце ў шчырай ахвоце.

Сьцежкай Хрыста каб ўсе мы пайшлі

Злучаць свае родныя гоні.

І на чале каб з сабой панясьлі

Свой сьцяг беларускай Пагоні!” («Царква і Народ» 1932, № 1, с. 14)  

Незалежна ад удзелу ва ўладах ЦК БХД да 26 студзеня 1936 (да перайменаваньня яе ў Беларускае Народнае Аб’яднаньне) Яхім Красоўскі быў старшынёй гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры ў Харках Пастаўскага павету, які заснаваўся вясной 1932 г. Магчыма там настаўнічаў і жыў. Гэта вёска была 4 кіламетры на паўночны ўсход ад Варапаева, недалёка Макаршчыны. Увосені 1932 г. Пастаўскае стараства забараніла дзейнічаць гуртку, завесіўшы ўправу. Адвесіла яе у 1933 г. Ва ўправе гуртка былі Яхім Красоўскі – старшыня, Сьцяпан Кейзік – сэкратар, Юльян Лапачонак – скарбнік, сябры: Зінаіда Казаровец і Зэнон Казаровец. 9 лютага Яхім Красоўскі прачытаў папулярную лекцыю аб Беларусі і Беларусах („Беларуская Крыніца” № 10, 8.03.1933 г., с. 3). 18 лютага 1934 г. на агульным сабраньні гуртка быў выбраны новы ўрад са старшынёй Яхімам Красоўскім. Новым у ім быў сябра Віктар Казаровіц (замест Зінаіды Казаровец). Даручалася Яхіму Красоўскаму памагчы арганізаваць гурток у чужых мясцовасьцях. Бібліятэка гуртка ў Харках налічвала 75 беларускіх кніжак. Сыстэматычна прыходзіла „Беларуская Крыніца” (15 нумароў) і „Шлях Моладзі” (5 нумароў). Гурток меў памяшканьне. У 1934 г. гурток наладзіў сьвяткаваньне 25 сакавіка, на якім Яхім Красоўскі прачытаў рэфэрат „Значэньне Акту 25 сакавіка 1918 г. для беларускага народу”. У 1935 г. Міхась і Мікола Кейзікі ахвяравалі бібліятэцы 60 новых кніжак. У перавыбраным урадзе гуртка ў 1935 г. Яхім Красоўскі надалей астаўся старшынёй, Міхась Казаровец – сакратаром, Сьцяпан Кейзік – скарбнікам, а сябрамі – Юльян Лапачонак і Зэнон Казаровец. У гуртку налічвалася 11 асоб. Яны займаліся таксама аматарскай самадзейнасьцю – арганізаваць яе даручалася Міхасю Казаровецу. 26 студзеня 1936 г. прадстаўлялі „Паўлінку” Янкі Купалы. 10 траўня 1936 г. у в. Кейзікі паказалі „Суд” Уладыслава Галубка і „Збянтэжаны Саўка” Леопольда Родзевіча. Захаваўся здымак, на якім злева направа сядзяць: Міхась Казаровец, Яхім Красоўскі, Вера Казаровец, Віктар Казаровец з жонкай Станіславай. Другі злева стаіць Юльян Лапачонак, недзе Сьцяпан Кейзік і Зэнон Казаровец. Усіх на здымку 11 чалавек – значыць увесь гурток БІГіК у Харках. Як пісалася ў „Беларускай Крыніцы” (№ 37, 5.09.1936 г., с. 4), у гуртку адбылася рэвізія. 4 сьнежня 1936 г. на аснове адміністрацыйнага загаду БІГіК быў закрыты польскімі ўладамі. Ліквідаваліся беларускія арганізацыі і часопісы. 

Ішоў 1939 г., які пасьля 17 верасьня 1939 г. беларускім дзеячам пад Польшчай нёс шмат надзеі. 8 студзеня 1939, маючы 70 гадоў, памерла маці Яхіма Красоўскага. Паводле сямейных сьведчаньняў ён настаўнічаў за савецкім часам на Пастаўшчыне і Беласточчыне – дзе – пакуль невядома. Як пісаў у лісьце 18 сьнежня 1999 г. яго пляменьнік Анатоль, „грамадска-культурнай працай займаўся абавязкова, паколькі для яго гэта была арганічная патрэбнасьць яшчэ з „польскіх” часоў (калі не з царскіх). У гады нямецкай акупацыі з 1941 па 1944 г. працаваў інспэктарам у сыстэме школьнага навучаньня ў Глыбоцкай акрузе”. Працаваў – як здавалася пляменьніку Анатолю – увесь час у Варапаеве. 

Пасьля вайны Яхім Красоўскі быў арыштаваны і прысуджаны на 25 гадоў лагероў. „Казалі – пісаў пляменьнік Анатоль – што галоўным пунктам абвінавачання савецкім судом была нейкая афіцыйная прамова на карысьць нямецкіх улад. Магу толькі зрабіць меркаваньне, што гэта было звязана з 25-годдзем утварэння БНР, якое адбылося ў час нямецкай акупацыі”. Маці Марыны ўзгадвала, што прычынай высылкі быў „данос нейкіх настаўніц, якія, ужо пасьля вайны, былі не згодныя з тым, як Я. Красоўскі падзяліў паміж настаўнікамі нейкі кавалак тканіны”. 

У родныя мясьціны – у Харкі – Яхім Красоўскі вярнуўся пасьля сьмерці Сталіна – у 1954 г. Людзі дасюль памятаюць, як пайшлі чуткі, што Яхім Красоўскі вярнуўся. Пачаткова жыў у прыстройцы ля сьвінафермы, бо ніякага жыльля не было. Пазьней купіў хату, працаваў у калгасе – быў радавым калгасьнікам. Марына, якая прыносіла яму хлеб, запомніла вельмі сьціплы сялянскі інтэр’ер: стол, крэсла, ложак. „Жыў адзін, ніколі не быў жанаты. Апошні час жыў у доме-інтэрнаце, дзе і памёр” – пісала Марына.

Служыў сваімі ведамі мясцовым кразнаўцам, пра што можна і сёньня прачытаць у рэгіянальнай газэце „Шыпшына”. Але ці каму небудзь расказваў пра сваё змаганьне за правы Беларусаў у міжваеннай Польшчы і за беларусізацыю праваслаўнай царквы, пра працу на карысьць Беларусі ў час нямецкай акупацыі і пра сваё пакараньне? Магчыма, што і не – да 1980 г., калі ён памёр, Беларусь яшчэ не была незалежнай дзяржавай, а дух адраджэньня таксама быў далёкі, ды царква была ў заняпадзе ў атэістычным Савецкім Саюзе. „Аб пасьлялягерным жыцьці дзядзі Яхіма мне вядома без падрабязнасьцяў (…). Мы сустракаліся ўсяго некалькі разоў і вялі размовы пра будзённае тагачаснае жыцьцё” – пісаў у 1999 г. пляменьнік Анатоль. 

Марына пісала пра Харкі: „А вёска вельмі прыгожая была! Вялізарныя дрэвы паабал шырокай вуліцы! Цяпер там амаль ніхто не жыве”. А падумаць толькі, што ў гэтай вёсцы ў 1921 г. было 22 дамы, у якіх жыло 88 чалавек – 24 каталікоў і 64 праваслаўных – усе беларускай нацыянальнасьці.

Канец

Лена Глагоўская 

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com