Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Згадка

„Мо адчай гэтых слоў пачуццём калыханых…”

Было гэта ў канцы траўня 1990 года. Паэт Юрка Голуб, які працаваў на Гродзенскім тэлебачанні, запрасіў пісьменнікаў Слоніма паўдзельнічаць у сваёй літаратурнай перадачы. Анатоль Іверс, Васіль Супрун, Алесь Сучок (Пётр Дабрыян), Іван Сяргейчык, Ірына Войтка і я дамовіліся, і разам на цягніку Баранавічы-Гродна, які ехаў праз Слонім, паехалі на сустрэчу. Па дарозе размаўлялі пра літаратуру, публікацыі, пра новыя кнігі пісьменнікаў, старэйшыя землякі ўспаміналі маладосць, цікавыя жыццёвыя сітуацыі. 

У Мастах цягнік стаяў хвілін дваццаць. І Пётр Дабрыян выскачыў на перон і ў бліжэйшым газетным кіёску купіў майскі нумар часопіса „Маладосць”, бо ведаў, што ў ім пачала ўпершыню друкавацца „Споведзь” Ларысы Геніюш. Гутарка наша ў цягніку працявалася далей, а Васіль Супрун папрасіў у Пятра Дабрыяна паглядзець часопіс. Той даў яму і па дарозе Васіль Рыгоравіч знаёміўся з часопіснымі публікацыямі. Але раптам праз пэўны час часопіс выпаў з рук Васіля Супруна. Усе здзівіліся, а Анатоль Іверс жартам спытаў: „Ты што, Вася, заснуў, ці што?”. „Не, не, усё нармальна”, – сказаў Васіль Рыгоравіч і вярнуў часопіс Пятру Дабрыяну.

Часопіс, дзе ўпершыню была надрукавана Споведзь Ларысы Геніюш
Часопіс, дзе ўпершыню была надрукавана «Споведзь» Ларысы Геніюш

Мы выступілі ў перадачы Юркі Голуба, чыталі вершы, распавядалі пра сябе і ў добрым настроі вечарам вярнуліся дамоў. Пётр Дабрыян выйшаў раней на станцыі Азярніца, а мы ўсе паехалі ў Слонім. 

У 24 гадзіны мне па хатняму тэлефону (мабільнікаў тады не было) раптам патэлефанаваў Пётр Дабрыян і сказаў: „А ты ведаеш, Сярожа, чаму ў Васіля Супруна выпаў з рук часопіс „Маладосць”? Таму што Ларыса Геніюш у сваёй „Споведзі” не вельмі добра напісала пра яго. Ён гэта прачытаў у цягніку і вельмі расхваляваўся. А напісала яна вось што…І Пётр Дабрыян па тэлефоне мне зачытаў радкі са „Споведзі”: „В.С., які быў прадстаўлены да нас як правакатар. Ён належаў да арганізацыі „Чайка”. Была гэта арганізацыя моладзі ў Слонімшчыне. С., як пасля я даведалася, здрадзіў яе ўжо на следстве. Было іх 20 асоб, здаецца, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх нават шаснаццацілетніх „да белых мядзведзяў”. Кажуць, што на следстве яны трымаліся выдатна, здзіўлялі стойкасцю і патрыятызмам”.

 

Калі Васіль Супрун прачытаў гэтыя радкі – яму, сапраўды, стала дрэнна. Такога абвінавачвання ён не чакаў. Ды ад каго – ад самай лепшай сяброўкі і таварыша, з якім прайшлі сталінскі ГУЛАГ.

„Споведзь” прачыталі многія сябры і знаёмыя Васіля Супруна, а таксама тыя, хто з ім прайшоў жудасныя этапы, сталінскія лагеры смерці. Яны пісалі пісьмы Васілю, супакойвалі яго, казалі пра няпросты характар Ларысы Геніюш. Але найперш яго супакоіў Мікола Канаш са Жлобіна – самы блізкі сябар Ларысы Геніюш, якога яна шчыра любіла і паважала. У пляменніка Васіля Супруна Васіля Рубца ў Слоніме захаваліся два лісты: адзін Міколы Канаша да Васіля Супруна і другі ад Васіля Супруна да Міколы Канаша. Гэтыя лісты, нібы паставілі ўсе кропкі над „і” у адносінах двух вязьняў і таленавітых людзей. Іх прапаную чытачам „Часопіса”.

Янка і Ларыса Геніюшы, Соф_я Канаш, Аляксандр Семянтоўскі, Леакадзія і Кастусь Шышэі. Зэльва, 1950-я гады. Фота Міколы Канаша
Янка і Ларыса Геніюшы, Соф’я Канаш, Аляксандр Семянтоўскі, Леакадзія і Кастусь Шышэі. Зэльва, 1950-я гады. Фота Міколы Канаша

Нагадаю толькі, што Васіль Супрун (1926-2007) – паэт, археолаг, краязнавец. Пасля заканчэння Мінскага педінстытута ў 1969 годзе настаўнічаў, пасля працаваў на будоўлях. У 1947 годзе ён быў арыштаваны за прыналежнасць да антысавецкай арганізацыі „Чайка”, адбываў зняволенне ў Варкуце і Інце (Расія). Пасля вяртання жыў у Слоніме. Напісаў і выдаў некалькі кніг, сярод якіх і кнігу „Жыць для Беларусі” (Мінск,1998), куды ўвайшло паэтычнае ліставанне Ларысы Геніюш з Васілём Супруном. 

Мікола Канаш (1926-2006) – сябра Саюза Беларускай моладзі (СБМ). Быў асуджаны, адбываў пакаранне ў Інце, пасля вызвалення ў 1956 годзе застаўся на Поўначы, закончыў Інцінскі будаўнічы тэхнікум, працаваў на будоўлях. У Беларусь вярнуўся толькі ў 1973 годзе, жыў у Жлобіне. 

Ларыса Геніюш, Мікола Канаш, Пятро Рашэтнік і Зося Каліноўская. гасцююць у Ларысы Геніюш
Ларыса Геніюш, Мікола Канаш, Пятро Рашэтнік і Зося Каліноўская. гасцююць у Ларысы Геніюш

Сёлета 10 сакавіка Васілю Супруну, а 15 лістапада Міколу Канашу спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.   

Сяргей Чыгрын

 

Ліст Міколы Канаша да Васіля Супруна

Жлобін, 30 кастрычніка 1991 года

Добрага дня Вам, Васіль Рыгоравіч!

Па-першае, прабачце мне, шаноўны калега, за мае памылкі, якія сустрэнуцца ў гэтым лісце, я не літаратар і ніякага дачынення да літаратуры не маю, па прафесіі я – будаўнік, адукацыю атрымаў у Інцінскім індустрыяльным тэхнікуме яшчэ ў хрушчоўскія гады.

Але спачатку хачу папярэдзіць, што недзе ў далёкія гады нашай маладосці шляхі нашы скрыжаваліся, а пасля замяніліся ў снежнай завеі прыпалярнага Ўрала. Аднойчы я бачыў Вас здалёк праз драты на другім лагпункце, я ж быў на першым, а між намі знаходзіўся мост, ды Вугальная рэчка. А яшчэ раней – Альбярцін, возера, старыя дубы і грамада Кастуся Каліноўскага на курсах СБМ. Але ўсё гэта мяне цікавіць менш за ўсё. 

Мікола Канаш у цэнтры гасцюе ў Янкі і Ларысы Геніюшаў у Зэльве
Мікола Канаш у цэнтры гасцюе ў Янкі і Ларысы Геніюшаў у Зэльве

Адрас Ваш мне некалі даўно даслала Данута Іванаўна, але я так і не напісаў, проста не было ніякай нагоды. І вось толькі на днях быў на сваёй радзіме Пастаўшчыне, разгаварыўся з даўнімі знаёмымі, і ад іх пачуў Ваша імя і прозвішча, я ведаў Вас і да гэтага, цікавіўся ўспамінамі пра Л. Геніюш, так як я яе добра ведаў за дротам, і ўсе апошнія гады да самай смерці. А таксама з’яўляўся адным з яе „сыноў”. У мяне ад яе захавалася шмат лістоў. Ёсць адзін нават датаваны 18 кастрычніка 1954 года. Як самі ведаеце, у гэты час яна знаходзілася ў Абезі, у якім нават піша мне, каб я цалаваў Васю, а, значыць, Вас. Ларыса вельмі добра адклікалася пра Вас, нават ёсць у мяне адзін Ваш верш, які пачынаецца словамі: „Мо адчай гэтых слоў пачуццём калыханых, не кране твайго сэрца, грудзей не кране…”. Ён напісаны дробным макам Вашай рукою. Ларыса пераслала яго мне, каб я захаваў яго для нашчадкаў, што я і зрабіў. І яшчэ, я здаў два лісты ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, які знаходзіцца ў Менску. У іх таксама ўспамінаецца Ваша імя добрым словам. А лісты тыя пісаліся прыкладна яшчэ ў 1953 годзе на ружовай паперы, складзенай у 12 столак. Пісаліся простым алоўкам, а хімічным толькі адрас зашыфраваны. 

Хачу таксама спытаць у Вас, ці не пісалі Вы яшчэ Ларысе пад псеўданімам, бо ў адным з вершаў яна ўспамінае „завысока лятае „Крылаты”, за глыбока нырае „Шчупак”, дзе адстойвае сяброўскую годнасць.

Чаму ўсё гэта я Вам пішу, справа вось у чым. Мне стала вядома ад сяброў, што Ларыса ў сваёй „Споведзі” аднеслася да Вас не з лепшага боку. Такое ў яе натуры магло здарыцца, я ведаю яе лепш, чым нехта іншы. Аднойчы мой сябра паэт Віталь Губарэвіч назваў яе мяшчанкай, то, бедны, быў і так застаўся ў нялюбасці на ўсё жыццё. Прывожу яго словы з аднаго верша, у якім звяртаецца да яе: „Піша той, хто праўду любіць, а па-твойму –камуніст”. А сябра гэты быў сапраўдным хлопцам з Дзятлаўшчыны. Гэта ўсё было яшчэ там за дротам у Інце.

Я ўвесь час сачу і за Вашай паэзіяй, што з’яўлялася ў друку і цаню яе па-належнаму, было б больш такіх вершаў і свядомых хлопцаў, якім з’яўляліся і з’яўляецеся Вы самі. Выпадкова чытаў Вас ва ўкраінскім часопісе „Дзвін”. Так што, калі нешта будзе цікавіць Вас, пішыце, заўсёды буду адгукацца, пакуль жывы. А Ларысу я наведваў кожны год, пачынаючы з 1970 года, маю шмат вершаў, якія і сёння не былі ў друку. Шмат ёсць фатаграфій яе, ведаў яе мужа Янку і сына Юрку, унукаў Алеся і Міхася. 

Мой хатні тэлефон 2-98-37.

З вялікай павагай да Вас Мікола Канаш.

Янка Тукальскі, Ларыса Геніюш і Васіль Супрун, Зэльва, 1950-я гады
Янка Тукальскі, Ларыса Геніюш і Васіль Супрун, Зэльва, 1950-я гады

Ліст Васіля Супруна да Міколы Канаша

Слонім, 5 лістапада 1991 года.

Шаноўны дружа Мікола!

За ліст, які толькі што атрымаў, дзякую шчыра. Чытаў з цікавасцю, як дакумент часу. Вас не памятаю. Здаецца, толькі нешта згадвала пра Вас Ларыса Антонаўна ў сваіх запісках. Але цяпер успомніць складана. Наогул, абмяркоўвалася тады нямала пытанняў, як прыватнага, так і грамадскага характару, хоць і зашыфравана.

Мяне вельмі зацікавіла знаёмства з Вамі, як жыхаром 1-га ОЛПа. Напэўна ведаеце Мішу Агейка, Раманчука і іншых маладзейшых беларусаў? Калі зможаце, напішыце мне хоць крыху пра Раманчука. Хто ён і які яго лёс? Цікавіць лёс і Віталя Губарэвіча. Пра Раманчука мне шмат пісала Ларыса, але я не зусім разумеў яе. Караценькія запісачкі не давалі поўнай інфармацыі, ды і яны знарок пісаліся з намёкам.

Васіль Супрун (стаіць крайні злева) у Геніюшаў у Зэльве, 1950-я гады
Васіль Супрун (стаіць крайні злева) у Геніюшаў у Зэльве, 1950-я гады

Напішыце хоць крыху больш пра сябе. Адчуваю, што з Пастаўшчыны і „званілі” за Альбярцін, магчыма, вучыліся з Лёням Чарняўскім, якога памятаю па Слоніму і які заязджаў да мяне недзе ў 1964 годзе. Адносна правакацыйнай характарыстыкі, дадзенай мне Ларысай Геніюш, гаварыць цяжка. Прычын я не магу ўявіць. Відаць, адзіная, я не павіншаваў яе з 60-годдзем, бо не меў магчымасці з-за праследаванняў, якія асабліва ўзмацніліся пасля 1966 года. Шкада, што імя сваё яна пляміла і такой нізасцю. Але гэта застаецца на яе сумненні. Непрыемна апраўдвацца, але мяне судзілі на 25 і 5 гадоў, як кіраўніка падполля на тэрыторыях былых Баранавіцкай, Брэсцкай, Маладзечанскай і Пінскай абласцей. Астатнія члены груп атрымалі па 10 і 8 год, іх ужо рэабілітавалі. Я застаўся ворагам народа і не рэабілітаваным. Непрыемна яшчэ і таму, што ведала аб тым, што гаворыць страшную няпраўду і ўсё ж гаварыла. У маёй жа памяці вобраз Ларысы Геніюш застаецца светлым і велічным. Я напісаў ёй нямала вершаў з Інты і Варкуты. Яна пісала вершы мне, цёплыя і шчырыя. Пасля адным махам вырашыла апраўдацца, закрэсліць мінулае. Але ж так сябе не абяляюць і гонар свой не бароняць нават жанчыны не яе інтэлекта.

Мяне цікавіць усё пра Ларысу Геніюш. Калі для Вас не вельмі цяжка расставацца з яе здымкамі, лістамі і тым маім вершам, аб якім успамінаеце, вельмі прашу вышліце мне. Я хачу напісаць успамін пра Ларысу Антонаўну, пра нашы шчырыя адносіны. Дакументы ж з тых далёкіх часоў – гэта ўжо гісторыя. У мяне таксама захавалася каля 30 яе вершаў з-за дроту, большасць надрукавана. У сваёй перапісцы з ёю карыстаўся подпісам „Вася” або „Васіль”, часамі „Я”, на Варкуце – „Слонімскі”.

Нягледзячы на тое, што часопісы і некаторыя газеты асобныя вершы мае друкуюць цяпер, зборнік лагерных вершаў не можа прабіцца, а яе выдавалі. Жаль, але даўно памёр і Юрка. Хата перароблена, стала чужой і Зэльва чужая.

Яшчэ раз хочацца шчыра падзякаваць за вестку. Буду вельмі рады кожнаму Вашаму слову. Жадаю моцнага здароўя, шчасця і поспехаў у жыцці. Прывітанне сям’і і сябрам! Жыве Беларусь!

З пашанай – Васіль Супрун

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com