Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Артыкул-серыял, прысвечаны 95-годдзю са дня нараджэння пісьменніка

Уладзімір Караткевіч: чалавек, які даў надзею (ч. 8-11)

8. Смерць бацькі

У канцы 1950-х творчы лёс Уладзіміра Караткевіча быў шчаслівы. Яго дэбютная кніга „Матчына душа” – прыцягнула да сябе вялікую ўвагу крытыкаў і звычайных чытачоў, яго хваліць сам Пятрусь Броўка, гатовы рукапіс новай кнігі, вучоба ў Маскве, па дэбютнай п’есе „Млын на Сініх вірах” зняты тэлеспектакль. Словам, усё здаецца, як мае быць, але ў панядзелак 21-га верасня 1959-га ў жыцці нашага героя адбываецца трагічная падзея – памірае ягоны бацька Сямён. 

Гэтая вестка заспела Караткевіча ў Маскве, дзе ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах. 

У рамане „Леаніды не вернуцца да Зямлі” так апісваецца гэты момант: „Бацька памірае. Прыязджай. Маці”, – прачытаў ён. Далей быў правал. Ён не траціў прытомнасці, ён, як сказалі потым, вельмі разумна і холадна адказваў на пытанні сяброў. Але помніў ён ужо толькі канец збораў: зачынены чамаданчык і паліто, у рукаў якога аніяк не жадала трапляць рука…. Ноч была пеклам. Цягнiк, грукочучы, iмчаў, глытаючы кiламетры. А ён ляжаў на верхняй палiцы, тварам угору, i думаў толькi аб адным: „Толькi б паспець. Толькi б ён выжыў”. А колы запаволена грукаталi: „Па-спе-еш ці не? Па-спе-еш ці не?” Калі ён сядзеў у таксі… твар ягоны быў такі, што шафёр пасунуўся бліжэй да сваёй дзверцы. Машына шалёна імчала вулкамі, правальвалася на спускі і пад віядукі, узлятала на масты і зноў нырала з іх. Мільгалі дамы… Разлічыўшыся з шафёрам, пабег. Бегаў ён добра, але тут, як уяўлялася яму, рухі яго былі не хутчэйшымі за рух слімака на лісце капусты. Ён кінуў свой груз на ганак нейкага дома, ірвануўся наперад і выскачыў на галоўную вуліцу. I тут насустрач яму трапілася пляменніца. Ішла, сціснуўшы ў кулаку нейкія паперкі. 

– Што? – аднымі вуснамі спытаў ён. – Жывы?

– Ты што, не ведаеш? Памёр яшчэ раніцай”.

Бацька быў для Караткевіча не проста родным чалавекам, але і ўзорам таго, якім павінен быць сапраўдны мужчына: спакойны, справядлівы, фізічна моцны, прыгожы. 

Многіх сваіх галоўных герояў (як напрыклад пана Юрыя Загорскага з рамана „Каласы пад сярпом тваім”) Уладзімір Сямёнавіч спісваў з таты. А самыя трагічныя эпізоды яго твораў (у названых, напрыклад „Леанідах, якія не вернуцца да Зямлі” ці тых жа „Каласах…”) звязаныя са смерцю бацькі.

 

9. Нешчаслівае каханне

Наступнае вострае нервовае ўзрушэнне адбылося напачатку 1960-х з-за нешчаслівага кахання да маскоўскай выкладчыцы гісторыі мастацтваў Ніны Молевай. 

Яна працавала на Вышэйшых літаратурных курсах, шмат чаго цікавага расказвала пра Босха і Брэйгеля, Антычнасць і Адраджэнне. А таксама (будучы замужняй дамай) дурыла галаву закаханаму Караткевічу, выкарыстоўвала яго, маніпулявала ягонымі пачуццямі. Напрыклад, прасіла грошай, калі не хапала на той ці іншы твор мастацтва (яна разам з мужам мастаком-авангардыстам Эліем Бялюціным былі калекцыянеры). 

Караткевіч прысвячаў ёй вершы („Дзіва на Нерлі”, „Балада пра Невядомага, Першага”, „Прарок Геронім Босх”, „Трызненне Мужыцкага Брэйгеля”), а ў рамане „Леаніды не вернуцца да Зямлі” з нястомнай жарсцю апісваў іхняе каханне:

„– Мне падабаецца, як ты робіш са мною. Калі мне лепей за ўсё – мне здаецца, гэтаму не будзе канца… Сэрца разрываецца, як у птушкі над морам… Ад радасці… А бераг бачны, але бясконца далёка… Пацалуй мяне. Тут. Я вельмі кахаю цябе. 

Ён пацалаваў, правёў вуснамі ніжэй і прынік там, дзе шыя пераходзіць у грудзі, да ямкі. 

– Тут жыве душа, – сказаў ён. – Вось я дакранаюся да яе вуснамі.

– Трымай іх лепей каля майго рота, каб часам яна не вырвалася, калі ты…

Гэта было нейкім насланнём. Пакой пачынаў круціцца, а потым знік некуды, і ўсё запаланіла срэбнае месячнае святло”.

Сама ж Молева ў 2018-м згадвала: „Когда мне говорят о любви Короткевича ко мне, я всегда это слушаю с определенной неловкостью. Все, что я о нем знаю, это то, что может знать школьный учитель о своем ученике. Курс, на котором учился Владимир Короткевич, очень увлекался моими лекциями”. 

Пазней, Уладзімір Сямёнавіч напіша пра Молеву: „Мне абыякавы яе лёс і ненавісная яна сама, хлуслівая, подлая, якая звыкнулася да пакланення, карыслівая, подла-разважлівая, прыніжаючая ўсё лепшае на свеце, якая здраджвае сябром і бярэ ўсё, што ёй хочацца і кідае гэта, калі зменіцца патрэба”.

Але Молеву, калі вельмі намагчыся, то можна было выкінуць з памяці (а гэта трэба было зрабіць абавязкова, бо па ўспамінах сяброў, у хвіліны адчаю Караткевіч нават пачынаў думаць пра самагубства).

Прататып Ніны Молевай нават можна было ў рамане „Леаніды…” забіць.

А вось што рабіць з крытыкамі? 

З роднымі, беларускімі крытыкамі, якія не толькі не пачалі больш лагодна глядзець на творчасць нашага героя, але сталі яшчэ больш нецярпімымі.

 

10. „Няўдалая” кніга Караткевіча

У снежні 1960-га года ва Уладзіміра Сямёнавіча выходзіць другая кніга вершаў „Вячэрнія ветразі”. 

Крытыка імгненна дае свой „аб’ектыўны” водгук.

Іван Скапараў (артыкул „Бліжэй да жыцця, да сучаснасці”, Літаратура і мастацтва. №12, 10.02.61) папракае нашага героя ў тым, што: „Беларусь, паэт, чамусьці заўсёды разглядае ў рэтраспектыўным плане. Ён больш звяртаецца да яе гісторыі, чым да сучаснасці. … Чытач чакае ад Караткевіча новых, сугучных нашаму часу вершаў і паэм”.

Іван Кудраўцаў („Другое спатканне з чытачом”, Полымя. 1961, №5) больш жорсткі: „Ёсць у новым зборніку Караткевіча асобныя ўдалыя радкі і строфы, некалькі больш-меньш удалых вершаў… Але ўсё гэта патанае ў масе шэрага, няўдалага, а то і заганнага… саманадзейнасць падвяла маладога паэта. Глыбокае ўсведамленне і асэнсаванне Ул. Караткевічам прычын няўдачы кнігі „Вячэрнія ветразі” пойдзе яму толькі на карысць. У гэтым паэту можа памагчы аб’ектыўная, хоць і суровая крытыка”.

І хаця Алег Лойка паспрабаваў выступіць абаронцам, напісаўшы: „Новы зборнік У. Караткевіча прынёс новае задавальненне ўсім тым, хто любіць паэзію і сочыць за ёй” („Выхаванне таленту”. Маладосць. 1967 г., № 7), але і сам не ўтрымаўся, каб не папракнуць аўтара: „…хочацца ад яго яшчэ больш. Хочацца перш за ўсё вершаў сучасных па духу, па матэрыялу і малюнку. Хочацца большага!”

Крытыкам хацелася большага, хацелася сучасных матываў (а на самай справе твораў, дзе ўхваляліся б сацыялістычныя дасягненні). 

Ад Караткевіча патрабавалі забыць пра мінулае, жадалі, каб ён стаў яшчэ адным соцрэалістам, але Уладзімір Сямёнавіч прывык дзейнічаць цалкам не так, як таго хацеў афіцыёз. 

Яму было цесна ў рамках адно толькі паэзіі. Караткевіч марыў пра стварэнне нацыянальнага эпаса.

 

11. Нацыянальны эпас Караткевіча

Напачатку 1960-х пісьменнік рыхтаваў дзве эпахальныя для нашай літаратуры рэчы: першы айчынны гістарычны дэтэктыў „Дзікае паляванне караля Стаха” і эпічны раман пра падрыхтоўку паўстання 1863-64 гг. „Каласы пад сярпом тваім”. 

Яшчэ ў сераду, 20-га чэрвеня 1956 года, у лісце да Максіма Танка Караткевіч пісаў: 

„…французы маюць свой літаратурны тып, які з найбольшай паўнатой змалёўвае ўсю нацыю, немцы і іспанцы – таксама. Можна сказаць „Зямля Уленшпігеля”, можна сказаць „Зямля Гаяваты” або „Зямля апранутага ў шкуру віцязя”. Відавочна, што такі літаратурны тып лепш за ўсё адбівае асноўныя рысы нацыянальнага характару, сэрца народа, яго імкненні і нават дробныя, другарадныя рысы. I пісьменнік або паэт часцей за ўсё разгартае іх у вялікай эпапеі. Калі прачытаеш такое – асноўнае ў пазнаванні нацыі ты зрабіў: зразумеў душу народа, які робіць гісторыю гэтай краіны і якую ён паложыць як цагліну ў будучае безнацыянальнае грамадства, у яго будынак… Нават і ў узбекаў ёсць Насрэдын. Што ж, гэта добра, гэта кажа пра моц гэтых народаў і здольнасць да абстрагавання народных якасцей у іхніх лепшых розумаў. А вось у нас гэтага няма. Назавіце мне тып, які ўсебакова адбіваў бы рысы лепшага нашага чалавека, яго талент, яго характар, яго барацьбу, які, так бы мовіць, нават часткова адбіваў бы гісторыю народа. Яго няма, але ён павінен з’явіцца, ён ужо ёсць…”

Уладзімір Караткевіч у тыя гады
Уладзімір Караткевіч у тыя гады

Так, Караткевіч у канцы 1950-х, пачатку 1960-х стварыў такі тып, прыдумаў ідэальнага беларуса: дужага, артыстычна-вясёлага, смелага, вынаходлівага, нацыянальна свядомага, упэўненага ў сабе, прыгожага, шляхетнага, які з аднолькавай пераканаўчасцю можа расследваць містычныя забойствы, рыхтаваць паўстанне альбо абыграць у шахматы саму Смерць. 

Аповесць „Дзікае паляванне караля Стаха” была скончана ў траўні 1958 года і павінна была выйсці ў кнізе „Леаніды не вернуцца да Зямлі”, але рукапіс быў рассыпаны ў наборы па цэнзурных меркаваннях восенню 1963-га, калі пачаліся хрушчоўскія замаразкі. 

Эпічны раман „Каласы пад сярпом тваім” (праца пачалася ў пятніцу, 7-га жніўня 1959 г.) быў завершаны ў пачатку лета 1964 года. 

У 1965-м годзе Караткевіч прапануе свой раман выдавецтву „Беларусь”, дзе рукапіс праляжыць два гады. 

На „Каласы…” пішуць адну за адной адмоўныя рэцэнзіі, найбольш шчыруе Якаў Герцовіч, адзін з самых небяспечных для сапраўдных беларускіх пісьменнікаў крытык.

Уладзімір Караткевіч разумее, што калі ён не будзе змагацца, то яго як пісьменніка проста знішчаць. 

У наступнай серыі мы акурат і пагаворым пра тое, як бараніў наш герой свой раман, у чым была небяспека для яго ад Герцовіча, хто з вядомых беларускіх пісьменнікаў падтрымаў і ратаваў, а хто выказваўся супраць.

Васіль Дранько-Майсюк

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com