
Мілянувак, 4 мая 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Ізноў вялікі дзякуй за ліст і за паштовыя маркі. Вось такія маркі з бандэролей, масавыя для мяне найлепшыя. Маю пры іх раскошу – занятак: купаю, сушу, сартую.
Што тычыцца майго здароўя, то, здаецца, што яно ўжо добрае. І доўгатрывалую хваробу лічу хіба ўжо як мінулае. Дзякуючы медыцыне, добрай хатняй апецы, сябрам і знаёмым у дапамозе лекамі – стаў на ногі. У маім выпадку маркі паштовыя ад знаёмых лічу за паўнавартасны лек, а можа і больш вартасны за хімічны, бо маё здароўе вымагала стабільнасці і адпачынку, які асягнуў толькі дзякуючы маркам. Цяпер працую ўжо парадашна, ведама пакуль што ў хаце, бо далей не маю адвагі рушыцца ды і лекары не дазваляюць, але і гэта наступіць. Дык вось, маркі для мяне цэнныя лекі, а не толькі хобі.
Прыемна, што ўнук Ваш мае такія зацікаўленні і ахвоту да навукі, ды яшчэ любіць садоўніцтва. Гэта рэдкасць. Сённяшняя моладзь нічога не любіць, мае толькі вялікія вымаганні, хочуць усё мець – не даўшы з сябе нічога.
Адносна Ігната Буйніцкага, то маю крыху матэрыялаў, але, калі б Вам удалося нешта здабыць, найперш, што датычыцца Варшавы, то вельмі прашу даслаць мне.
Атрымаў я ад Міхася Машары1 яго кнігу прозай „Крэсы змагаюцца” з гадоў 1925-1927. Гэта раман-хроніка. З майго пункту гледжання шмат заўваг – зрабіў гэта і даслаў яму. Але, калі агулам браць, то добры ўклад, як гістарычныя падзеі.
Добрага Вам здароўя, бо гэтага ніколі за шмат не бывае. Прывітанне ўсім у хаце, а перад усім географу і збіральніку марак.
З пашанай Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 4 чэрвеня 1967 года
Паважаная Грамадзянка Л.Войцік!
Вось і зноў крыху сабралася. Перад усім шчыра дзякую за ліст, ад мяне ідзе гэта слабей, бо я не маю тых шырокіх крыніц, скуль атрымліваць, але буду старацца.
Ад Машары атрымаў пісьмо-адказ на мой ліст з заўвагамі наконт „Крэсаў змагаюцца”. Напісаў ён, што ў наступных кніжках „Сонца за кратамі” і „Лукішкі” „недахопы гэтыя выправяцца”. Так напісаў. Пабачым.
Што датычыць апекі над памерлымі і пахаванымі ў Вільні беларусамі – думка добрая, але каб яе рэалізаваць, то гэта будзе, як мне здаецца, цяжка. Гэта ж каштоўная імпрэза. Скульма сродкі ўзяць матэрыяльныя? Каб гэта ўдалося рэалізаваць – была б вялікая справа.
Пра імпрэзы і тэатр Буйніцкага я ўжо даведаўся. Тут жывуць яшчэ Галаўня2 і Маўкоўскі3, якія пра гэта крыху ведалі і мяне праінфармавалі. Ці Вам гэтыя прозвішчы вядомыя?
У сувязі з пераходам Вашага ўнука Славы ў 7 клас, перадайце яму самыя найлепшыя мае пажаданні. Каб і ў будучыні ён меў поспех у навуцы і без спецыяльнага высілку асягнуў сваёй мэты.
Жадаю Вам многа здароўя і поспехаў Вам і Вашай сямейцы.
З беларускім прывітаннем Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 6 ліпеня 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Даруйце, што зноў Вас непакою. Вось жа ў часе працы вынікла, што добра было б ведаць, дзе сустракалася група беларусаў у 1910-1914 гадах апрача Сталыгваў? Вы пісалі, што ў прыватнай сталоўцы, якую назвалі беларускай. Ці не можаце прыгадаць, дзе гэта сталоўка была, на якой вуліцы?
Як было тады Ваша прозвішча? Будзьце добрыя таксама паўтарыць некаторыя прозвішчы на прысланым Вамі фотаздымку, бо я не ўсё добра прачытаў. Стаяць з левага боку:
- Вітальд…
- Пранук…
- Альбін…
Сядзяць:
- Ванда… Кандрацкая пазней Ястшэмбская?..
У 1919-1922 гадах быў у Варшаве „Беларускі камітэт”4, ці ён быў у Вільні? У нас дадзеных і звестак пра яго няма.
Дзякую і выбачайце за працу. Прывітанне сям’і.
З пашанай да Вас Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 15 лістапада 1967 года
Паважаная і дарагая Грамадзянка!
Дзякую вельмі за пісьмо, якое атрымаў сягоння і зараз адпісваю. Як бачу з яго зместу, то Вы не атрымалі, што найменш аднаго з маіх пісем і то тое, у якім я пісаў аб пераказанні Гродзенскаму музею памятак па светлай памяці А. Бычкоўскім. А Вашыя словы „па чыёй віне абарвалася перапіска” аж надта пацвярджаюць мае меркаванні. Ну, што ж, эпоха космасу – магло застацца дзесь на іншай планеце… Сумна, вельмі сумна.
Што тычыцца ўспамінаў 30-х угодкаў смерці А. Бычкоўскага, то можа быць друкавана не ў „Ніве”, а ў Альманаху ў канцы года і, магчыма, што будзе друкаваны і яго сцэнічны твор „У сваты”, які я падрыхтаваў да друку. Так пісаў мне галоўны рэдактар „Нівы” Георгій Валкавыцкі5. Калі гэта ўсё праўда, то вельмі добра, бо кніжка заўсёды трывальшая чым газета. Як толькі будзе надрукавана – то адразу вышлю Вам. Гэта мой святы абавязак.
З Вашага пісьма я зразумеў, што Вы не атрымліваеце „Нівы” рэгулярна. На днях буду афармляць падпіску „Нівы” на 1968 год і, калі ёсць ліміт на Савецкі Саюз у J.R., то зраблю падпіску і для Вас.
Усяго Вам найлепшага і, найперш, здароўя!
Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 9 снежня 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Вось цяпер знайшоў час з адпісаннем на два Вашыя пісьмы з 16 і 30 лістапада. Не буду тлумачыць. Вінаваты! Даруйце!
„Літаратуры і мастацтва”6 я не атрымліваю, калі можаце, прышліце мне нумар са сваімі ўспамінамі пра Максіма Багдановіча7. Не бярыце паважна пад увагу, што сям’і Бядулі8 нешта там не спадабалася. Вы напэўна лепш ведаеце і не выдумалі. Аб гэтым усе добра ведаюць. Праўда заўсёды на Вашым баку, бо сям’я Бядулі, зрэшты, пры чым яна тут? Дзеля таго, бярыце гэта ўсё жартам – будзе лепш і для здароўя, і для справы.
На „Ніву” я зрабіў ужо для Вас падпіску, будзеце атрымліваць цэлы 1968 год. Што тычыцца пісем, то сумна але праўдзіва, што нашы пісьмы неаднаразова доўга ходзяць, а некаторыя з іх губляюцца. Але на гэта мы не маем ніякага ўплыву. (…)
На гэтым усё. Прывітанне ўсім дома.
Ваш Пятро Ластаўка.
Падрыхтаваў
Сяргей Чыгрын
1 Міхась Машара (1902-1976) – беларускі пісьменнік.
2 Маецца на ўвазе Віктар Галаўня (?-?) – беларускі грамадска-культурны дзеяч у Варшаве напачатку ХХ стагоддзя.
3 Магчыма гэта Язэп Манькоўскі (1880-я-1940-я гады) – беларускі і польскі публіцыст, перакладчык, выдавец.
4 Беларускі палітычны камітэт быў створаны ў Варшаве ў 1920 годзе. На чале яго стаялі Павел Аляксюк, Вячаслаў Адамовіч-старэйшы і Язэп Сянькевіч.
5 Георгій Валкавыцкі (1923-2013) – беларускі пісьменнік, журналіст, першы рэдактар „Нівы”.
6 „Літаратура і мастацтва” – тыднёвік Саюза пісьменнікаў БССР, цяпер – Саюза пісьменнікаў Беларусі.
7 Максім Багдановіч (1891-1917) – класік беларускай літаратуры.
8 Маецца на ўвазе сям’я Змітрака Бядулі (1886-1941) – класіка беларускай літаратуры.











