Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Słowno-muzyczny eksperyment podczas wieczoru wspomnień o Sokracie Janowiczu. Pierwsza księgarnia białoruska w historii Białegostoku.

4 верасня 2026 г.

Чатырнаццаты ўжо год ідзе, адкуль няма Сакрата Яновіча (1936–2013). Калі б жыў, сёння споўнілася б яму 90 гадоў. Гэта быў выдатны інтэлектуал, знакаміты літаратар, публіцыст, майстар так беларускага, як і польскага слова – мой зямляк з Крынак, якім надта ганаруся. Я ўдзячны лёсу, што апошнія дваццаць гадоў яго жыцця правялі мы разам, цесна з сабою супрацоўнічалі і шмат чаго важнага супольна зрабілі.

Калі б не Сакрат Яновіч, я таксама не быў бы тым, кім ёсць. Думаю, асабіста ніхто яго не ведаў лепш за мяне. Ён пакінуў па сабе каштоўную спадчыну – сапраўды літаратурныя творы, успаміны, дзённікі. Я захаваў нашу перапіску за 1998–2013 гады. Тыя лісты з Крынак таксама маюць вялікую каштоўнасць. Іх падборку мабыць калісь апублікую. Некалькі гадоў таму змог я дапісаць прапушчаны раздзел у біяграфіі свайго Майстра і Настаўніка. Ён заплаціў велізарную цану за тое вялікае прызнанне, якім карыстаўся, за высокую пазіцыю ў літаратуры і за сваю нязломную любоў да беларускасці. Аднак інакш не змог бы развіць свой незвычайны творчы талент.

Вечарына памяці Сакрата Яновіча. Злева: Мікола Ваўранюк, Лявон Баршчэўскі, Лявон Тарасэвіч, Малгажата Дмітрук і Катажына Савіцкая-Мяжынская Фота Міры Лукшы
Вечарына памяці Сакрата Яновіча. Злева: Мікола Ваўранюк, Лявон Баршчэўскі, Лявон Тарасэвіч, Малгажата Дмітрук і Катажына Савіцкая-Мяжынская
Фота Міры Лукшы

На жаль, пра Сакрата Яновіча пасля яго смерці з цягам часу рэдка хто нават згадваў. Спачатку толькі гэтую памяць беражліва захоўваў Фонд Віла Сакратас у Крынках як спадкаемца спадчыны выбітнага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча. Па ініцыятыве яго старшыні – мастака Лявона Тарасэвіча некалькі гадоў працягваліся прыдуманыя Сакратам Беларускія трыялогі, хаця ўжо ў іншым фармаце. Надалей штогод выходзіў таксама „Annus Albaruthenicus – Год беларускі”. Па арганізацыйных ды іншых прычынах ўсё гэта аднак было спынена. Перастала існаваць таксама Галерэя „Крынкі” – арт-прастора пад кіраўніцтвам Лявона Тарасэвіча, дзе праходзілі выставы сучаснага мастацтва. 

Чацвёртага верасня ўрэшце ўспомнілі нашага Вялікага Сакрата з Крынак у Беластоку. У клубе „Змена клімату” прайшла вечарына памяці да 90-годдзя з дня яго нараджэння. Арганізаваў яе Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку пры ўдзеле Фонду Віла Сакратас як пачатак узаемнага супрацоўніцтва. Плануецца між іншым супольнае аднаўленне Трыялогаў. Пра гэта сказалі адкрываючы вечарыну дырэктар ЦБК Анатоль Вап і праф. Лявон Тарасэвіч. 

Я вельмі рады, што да гэтага дайшло. У гэтым крыху ёсць і мая заслуга. Бо калі наша беларуская ўстанова пачынала сваю працу, запрапанаваў я яе дырэктару ўзяць пад свае крылы Вілу Сакратас. Як адзін з заснавальнікаў я моцна перажываў яе арганізацыйныя цяжкасці і cкладанасці.

Каб успомніць найбольш вядомага польскага беларуса, прыбыла даволі шмат людзей. Перадусім былі гэта тыя, якія яго добра ведалі, значыць асобы з беларускага асяроддзя. У сярэднім і пажылым узросце, хаця ў зале можна было таксама пабачыць і маладыя твары.

Арганізатары падрыхтавалі трохгадзінную насычаную праграму. Уключала яна паказы фрагментаў дакументальных фільмаў ды дыскусію пра героя вечара ў духу Беларускага трыялогу. Прынялі ў ёй удзел Лявон Тарасэвіч, яго вучаніца і таксама прафесар мастацтва Малгажата Дмітрук, радыё- і тэлежурналіст Мікола Ваўранюк і Лявон Баршчэўскі – беларускі філолаг і перакладчык родам з Віцебшчыны (жыве ў Польшчы і выдатна размаўляе па-польску). Дыскусію вяла Катажына Савіцкая-Мяжынская з Універсітэта ў Беластоку.

У літаратурна-музычнай частцы праграмы вечарыны прагучаў даволі эксперыментальны праект SK.EIN (Скэйн). Пад электронную музыку чыталіся падабраныя творы Сакрата Яновіча.

У зале я сядзеў разам з бізнесменам Лявонам Станкевічам (бацькам старшыні Тутакі) з Пяшчанік у Гарадоцкай гміне. Ён таксама ведаў Сакрата. Расказваў, як на пачатку васьмідзесятых гадоў з памочнікам перакладаў у яго доме ў Крынках новую электрычную праводку. Успомніў надта смачную ежу, якую  майстрам варыла маці Аляксандра.

 

8 верасня 2026 г.

Упершыню прыйшлося пабываць у новай сядзібе Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку па вуліцы Варшаўскай 1А. Установа працуе ўжо трэці год. 1 чэрвеня перабралася з будынку па вуліцы Кілінскага, дзе на другім паверсе мела свой невялікі куток. Новая сядзіба плошчай каля 400 квадратных метраў дазваляе апрача адміністрацыйнай працы весці таксама культурную дзейнасць – арганізоўваць сустрэчы, выставы і нават камеральныя канцэрты. Улетку яшчэ праходзіў там рамонт, але ўжо напрыканцы ліпеня на будынку з’явілася шыльда ўстановы на дзвюх мовах – польскай і беларускай. Такім чынам па той жа Варшаўскай вуліцы ёсць цяпер дзве беларускія культурныя прасторы, паколькі непадалёк пад нумарам 11 знаходзіцца легендарнае БГКТ.

Восьмага верасня ЦБК арганізаваў першае мерапрыемства ў новай сядзібе. У гэты дзень (папраўдзе вечар) адкрылася там беларуская кнігарня Kamunikat.shop. Гэта другая такая пляцоўка (першая ад чатырох месяцаў працуе ў Варшаве), якую стварыў Фонд Kamunikat.org. Яго старшыня Яраслаў Іванюк прапануе вялікі выбар кніг розных жанраў. І не толькі іхняга выдавецтва, але таксама іншых, у тым ліку Беларускага гістарычнага таварыства і тыднёвіка „Ніва”.

Пасля адкрыцця кнігарні адбылася прэм’ера беларускага выдання вядомай кнігі Анэты Прымакі-Онішк „Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша”. На беларускую мову пераклала яе Наталля Русецкая. У 2005 г. яна пераехала з Беларусі ў Польшчу і працуе на кафедры беларусістыкі Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне.

З аўтаркай і перакладчыцай Яраслаў Іванюк правёў цікавую і важную размову. У гэтай кніжцы распавядаецца пра балючыя падзеі – крывавую дзейнасць пасляваеннага польскага падполля ў праваслаўна-беларускіх вёсках на Падляшшы. Анэта шмат гадоў даходзіла, што тады здарылася на радзіме застрэленага бандамі ў траўні 1945 г. яе дзеда з-пад Кузьніцы на Сакольшчыне. Тыя балючыя гісторыі па сёння не расказаныя. 

Анэце, калі распытвала людзей, многія раілі пра гэта не пісаць, не кранаць балючай тэмы. Але яна не паслухала, бо калі палякі могуць пісаць і нават рабіць са злачынцаў герояў, то чаму мы маем маўчаць пра перажыванні нашых людзей у тыя часы? – Мне было важна расказаць пра гэта справядліва, – адзначыла яна, – але сваім голасам з нашай беларускай перспектывы.

Перакладчыца кнігі сказала, што Анэта „па-майстэрску спалучыла асабістую шчырасць з сумленным журналісцкім даследаваннем і працай у архівах”. Наталля Русецкая распавяла таксама, як у юныя гады ездзіла да бабулі на Гродзеншчыну і „хадзіла да палякаў”. Пасля была здзіўлена, калі на лавачцы ў вёсцы на Падляшшы пачула, што і тут гавораць „па-нашаму”. Тады зразумела, што такое памежжа. – Як торт не разрэжаш, яно заходзіць адно на адно – сказала.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com