Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Сенсацыйныя гісторыі

Польскія таямніцы беларускіх класікаў

Серыя першая: Смяротныя гульні Браніслава Тарашкевіча (1)

Pаспачынаем серыю гістарычна-дэтэктыўных расследаванняў пра нашых выдатных дзеячаў, чые лёсы былі звязаныя з Польшчай. На аснове ўнікальных архіўных матэрыялаў раскрыем таямніцы, пра якія маўчаць падручнікі, і пакажам класікаў з нечаканага, часам небяспечнага боку. Сённяшні наш герой – Браніслаў Тарашкевіч. Чалавек, чыё жыццё змяніў арышт у Тчэве.

Ягоны лёс мог стаць асновай для сцэнарыя шпіёнскага трылера. Жыў пад чужымі пашпартамі, мяняў тайныя кватэры, прымаў удзел у палітычным падполлі, вёў рызыкоўныя гульні. Мы ведаем Тарашкевіча як аўтара «Беларускай граматыкі», першага айчыннага вучонага-элініста, які перакладаў Гамера, унікальнага філолага. Але былі ў ягоным жыцці і па-джэймсбондаўску небяспечныя эпізоды, звязаныя ў першую чаргу з Гданьскам.

Напачатку 1930-х гадоў Гданьск, фармальна незалежны, меў уласную валюту – гданьскі гульдэн, уласны ўрад – Сенат, парламент і паліцыю. Аднак эканамічна і юрыдычна ён быў шчыльна звязаны з Польшчай, якая кіравала мясцовай чыгункай і мытняй. Гэтая «шэрая зона» прыцягвала сюды палітычных уцекачоў, кантрабандыстаў і агентаў усіх маштабаў. Для савецкага Камінтэрна і Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі, з якімі Браніслаў Тарашкевіч быў цесна звязаны, Гданьск з’яўляўся галоўным перавалачным пунктам. Тут, у мітусні кавярняў і партовых тавернаў, было вельмі лёгка растварыцца, а таму актыўна працавалі падпольныя савецкія друкарні, афсетныя станкі, а праз мытныя шчыліны ішлі лісты, фальшывыя пашпарты і грошы для рэвалюцыянераў па ўсёй Усходняй Еўропе. Гэты горад адыграе драматычную ролю ў жыцці нашага героя.

Але перад тым як апынімся ў гэтым знакамітым горадзе кантрабандыстаў, шпіёнаў і аматараў рознага кшталту авантур, задамося пытаннем: хто мог натхніць Тарашкевіча на такі рызыкоўны лад жыцця? Бо ў юнацтве ён жыў дастаткова спакойна, займаўся выключна гуманітарнымі навукамі.

Адказ будзе нечаканы – Алаіза Пашкевіч.

Як вядома, яна была не толькі нашай першай жанчынай-зоркай у літаратуры, але і актыўна, паспяхова займалася рэвалюцыйнай, падпольнай дзейнасцю падчас падзей 1905 года. Хавалася ад арышту па кватэрах, эмігравала ў Аўстра-Венгрыю, неаднаразова тайна прыязджала ў Беларусь. Яе смеласць і нейкае проста чароўнае шанцаванне – калі здавалася, вось-вось арыштуюць, а яна ізноў пазбягае паліцэйскіх пастак – натхнялі многіх. Яшчэ будучы падлеткам, Тарашкевіч захапляўся гэтай жанчынай. 

Яны маглі пазнаёміцца ў 1911-м, калі Алаіза вярнулася з эміграцыі ў Вільню, а наш герой заканчваў 2-ую Віленскую гімназію. Бачыліся і ў Пецярбургу, куды ў жніўні 1911-га Тарашкевіч прыехаў вучыцца на гісторыка-філалагічным факультэце Імператарскага ўніверсітэта і дзе працаваў над беларускай граматыкай.

Браніслаў Тарашкевіч пасля заканчэння Віленскай беларускай гімназіі Фота з Вікіпедыі
Браніслаў Тарашкевіч пасля заканчэння Віленскай беларускай гімназіі
Фота з Вікіпедыі

Пецярбург 1910-х гадоў – адзін з найважнейшых цэнтраў культурніцкага жыцця беларусаў. Хто там толькі ні жыў: Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Сцяпан Некрашэвіч, Зміцер Жылуновіч і Канстанцін Езавітаў, Аляксандр Чарвякоў і, канечне, сам Браніслаў Тарашкевіч. Менавіта ў гэтым горадзе Янка Купала напіша «Паўлінку» – п’есу, якая пачынаецца як вясёлая камедыя, але заканчваецца сапраўднай трагедыяй, калі каханага дзяўчыны здаюць у паліцыю. Тут жа нараджаецца і «Сон на кургане» – бадай, першы беларускі літаратурны твор з абсалютна нелінейным сюжэтам, які падпарадкоўваецца сюррэалістычнай логіцы сну. А ўлетку, натхнёны пецярбургскімі дыскусіямі, Янка Купала створыць у Акопах «Раскіданае гняздо» і «Магілу льва». Колькі ж у гэтым Паўночным Вавілоне ладзілася беларускіх вечарынак і тэатральных імпрэз! Таму не дзіва, што аматарка тэатра і, дарэчы, наша першая прафесійная актрыса Алаіза Пашкевіч неаднаразова наведвала сталіцу Расійскай імперыі з трупай Ігната Буйніцкага, дзе іграла ў вадэвілях, танцавала, дэкламавала вершы. 

На гэтых імпрэзах бываў і Тарашкевіч. 

Ёй падабаўся гэты інтэлігентны, надзвычай дасведчаны ў мовазнаўчых і гістарычных пытаннях юнак. Тарашкевіч быў для яе ідэалам новага беларуса – бліскучага інтэлектуала і эрудыта. А яна для яго заставалася гераіняй сапраўднага прыгодніцкага рамана.

Захавалася некалькі лістоў, якія Цётка (адзін з яе асноўных літаратурных псеўданімаў) пісала нашаму герою ў першай палове 1914 года. Там Алаіза называла яго Тарасам. Цікава, чаму? Адказ навідавоку. Браніслаў Тарашкевіч любіў антычнасць, а, як мы памятаем, галоўны герой паэмы Кастуся Вераніцына «Тарас на Парнасе» сустракаўся з антычнымі багамі. Да таго ж прозвішча Тарашкевіча сугучнае імені Тарас.

У гэты час, напачатку 1914 года, Цётка працавала галоўнай рэдактаркай першага моладзевага часопіса «Лучынка», і ёй былі вельмі патрэбныя аўтары. Яна пісала: «Тарас! Чаго сядзіш на Парнасе? Злазь! А то лазы ад Цёткі дастанеш. Пастарайся там, каб хлопцы што напісалі, а ты аб асобеннасці беларускай мовы напішы з выясненнем, што беларуская мова ёсць мова, а не „наречіе”, як шмат хто кажа. Студэнтам-жэўжыкам дай тэмы: Пінскія балоты і іх асушка, Змаганне лясных гатункаў дрэў, Зацьменне сонца, Эміграцыя ў Амерыку, Нацыяналізацыя зямлі… Прыязджай у Менск! Пацягаемся па Беларусі! Як гэта мне зробіш, дастанеш з брыльянцікам кольчык да вушка». 

«Кольчык у вушка» – тыповы фальклорны жарт. У беларускіх казках і гумарыстычных тэкстах часта сустракаецца матыў, калі за нейкую службу абяцаюць каштоўны, але нетыповы падарунак, напрыклад, «залатыя чаравічкі» альбо «панскія завушніцы». Цётка, як выдатны знаўца фальклору, відавочна, выкарыстала гэты народны прыём у прыватным лісце, каб падражніць, разварушыць Тарашкевіча. Ну, а Браніслаў, мо, не вельмі спакусіўшыся гэтым кольчыкам у вушка, не спяшаўся выконваць заданні Алаізы. Таму ў аўторак, 12 мая ўсё таго ж 1914 года, яна ўжо з выразнымі ноткамі нецярплівасці шле новы ліст: «Тарас! Не сядзі на Парнасе! Чаго маўчыш, як вады ў губы ўзяўшы? Ці хлопцы што зробяць для „Лучынкі” улетку? Ці дастаў мой ліст? Калі ёсьць ахвотнікі да працы, то вазьмі іх адрасы, дзе будуць улетку, і прышлі або прывязі мне. Цісну руку. Твая родная Цётка!»

Калі ў сакавіку 1915 года новы міністр асветы Расійскай імперыі Павел Ігнацьеў дазволіў на тэрыторыі Беларусі выкладанне ў пачатковых классах па-беларуску, то і Алаіза Пашкевіч, і Вацлаў Іваноўскі, і многія іншыя нашы культурніцкія дзеячы, ведаючы, што Тарашкевіч працуе над граматыкай, прасілі Янку Купалу (які на той час быў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы») напісаць яму: «Дзядзька Тарас, што чуваць з беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым кірунку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам! Варушыцеся, і ў шапку не спіце!»

Сваю «Беларускую граматыку для школ» Тарашкевіч скончыць да пачатку восені 1917-га, а выдасць у 1918 годзе – праз два гады пасля заўчаснай смерці Алаізы Пашкевіч. У 1920-я ён ужо дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы, перакладае Гамера. А з канца 1922 года актыўна займаецца палітыкай. 

Цяпер ён ужо ў шапку не спіць.

 У гэты перыяд наш герой – пасол сойма Польскай Рэспублікі, кіраўнік «Грамады», старшыня Беларускага пасольскага клуба. За сувязь з камуністамі яго арыштуюць.

Як адзначаў гісторык Арсень Ліс, арышт дэфензівай у студзені 1927 года больш за 800 актывістаў «Грамады» на чале з яе лідарам Тарашкевічам быў самай маштабнай паліцэйскай акцыяй у даваеннай Польшчы. У красавіку 1930 года Тарашкевіч быў датэрмінова вызвалены і восенню накіраваўся ў Гданьск, які тады называўся Вольным горадам Данцыгам.

У суботу, 26 красавіка 1930 года, міністр юстыцыі і блізкі сябра Пілсудскага Станіслаў Цар падпісаў распараджэнне пра прыпыненне адбывання кары дэпутату Тарашкевічу аж да высвятлення справы яго памілавання. Гэта азначала, што дзяржава часова спыняла працэс пакарання. Тарашкевіч ужо не лічыўся зняволеным, але яшчэ не быў апраўданым. Ягоная справа перайшла на разгляд да прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага (які адзіны меў права канчатковага памілавання).

Калі быць дакладным, вызваленне адбылося ў панядзелак, 28 красавіка. У гэтыя дні атмасфера ў Варшаве была літаральна выбуховая, але зусім не з-за таго, што наш герой выходзіў на волю.

У той самы суботні дзень, калі пан міністр падпісваў сваё распараджэнне, мог узарвацца прыгожы 18-метровы дом па адрасе Пазнаньская, 15, пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя для багатай сям’і Гласаў вядомым архітэктарам Каралем Казлоўскім. Будынак, які цудам захаваўся падчас Другой сусветнай вайны, мог не ацалець у красавіку 1930 года.

У снежні 1924 года гэты дом за 52.000 долараў (сёння гэта каля 1 040 000 долараў ЗША) купіў урад СССР для сваёй місіі. Ініцыятыву ў выбары месца праявіў савецкі дыпламат Пятро Войкаў. Яго выбар грунтаваўся на тым, што гэта была вельмі бяспечная вуліца, а па суседстве месціўся XI камісарыят Дзяржаўнай паліцыі. Сапраўды, выдатны ход, асабліва калі прыгадаць, што Варшава 1920-х была перапоўнена антысавецкімі эмігрантамі і радыкаламі, якія прагнулі помсты бальшавікам. Напады на савецкіх дыпламатаў, падпалы і пагромы былі рэальнай небяспекай (іронія лёсу: самога Войкава ў выніку застрэлілі ў 1927-м на варшаўскім вакзале).

Размяшчэнне паўпрэдства ў 20 кроках ад паліцэйскага камісарыята азначала, што польская паліцыя была вымушана ахоўваць савецкіх дыпламатаў 24 гадзіны на суткі. Ніякі натоўп пагромшчыкаў або тэрарыст са зброяй не мог проста так падбегчы да брамы, бо вакол пастаянна хадзілі патрульныя. Войкаў літаральна прымусіў польскія ўлады максімальна эфектыўна выконваць міжнародныя абавязацельствы па ахове дыпламатаў. Да таго ж польскія паліцыянты з дому №13 маглі з раніцы да ночы глядзець у вокны суседняга дома №15, але яны не мелі ніякага права пераступіць яго парог. Гэта стварала ідэальныя ўмовы для падполля: камуністычныя кур’еры маглі літаральна пад носам у паліцыі заходзіць у паўпрэдства. Іншымі словамі, паліцыя была найлепшай гарантыяй таго, што будынак не спаляць праварадыкалы, а закон абараняў бальшавікоў ад самой паліцыі.

Дык вось, 26 красавіка 1930 года, прыкладна а 14:30, Вінцэнты Качыньскі, дворнік суседняга з паўпрэдствам дома на вуліцы Познаньскай, 17, заўважыў на даху гэтага самага будынка звязаны провадам гадзіннікавы механізм.

(Прайяг будзе)

Васіль Дранько-Майсюк

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com