Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    20. Szpieg z pastarunku milicji ŭ Szudziałavie

    Kali ŭ żnivo 1944 r. krasnaarmiejcy asvabadzili tutejszyja ziemli ad hitleraŭcaŭ, kala Szudziałava ażyvilisa katoliki, jakija jaszcze za Niemca zapisalisa da Armii Krajovaj. Takuju jaczejku ŭ Kazłovym Łuzie sarhanizavaŭ vosieniu 1942 r. Adolf Filipowicz z susiedniaho Biełaha Łuha. U AK ŭstupiŭ miż inszym Adolf Ogilba…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    4. Hajnuvka zbliźka

    To był maj, pachniała Saska Kępa / Szalonym, zielonym bzem – spivała Maryla Rodowicz u radivi kirovcy autobusa, kotorym my, dvadceť učenikôv škoły v Horodčyni i jeji dyrektorka pani Renia, voročalisie dochaty z vyciečki do Varšavy…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Развітанне

„Наша Ірэнка”

Ты адышла так ціха, без слоў развітаньня.

Як быццам ты не хацела сваім адыходам нас засмучаць…

Так як быццам ты верыла ў гадзіну расстаньня,

Што маеш неўзабаве з добрай навінай вяртацца.

                                                                  (кс. Я. Твардоўскі)

31 студзеня г.г. не стала „нашай Ірэнкі” – як мы ўсе называлі Ірыну Гэрэлюк з Гаданьчукоў. Для беларусаў Трыгарада была гэта настолькі нечаканая вестка, што амаль месяц пасьля яе сьмерці цяжка ў тое паверыць. 20 студзеня скончыла 58 гадоў. Заўсёды ганарылася тым, што нарадзілася ў той сам дзень, што Браніслаў Тарашкевіч. Таму калі сьвяткавалі мы дзень народзінаў Ірыны, заадно ўспаміналі і аўтара беларускай граматыкі і яго трагічны лёс. Заўсёды з каментарам: „добра, Ірэнка, што ты нарадзілася ў 1965 г. і ніякія рэпрэсіі нам не пагражаюць”. Апошні раз сустракаліся 20 студзеня 2020 г., перад пандэміяй. Калі дамаўляліся ў мінулым годзе, Ірэна была хворая на ковід. У гэтым годзе адведала яе з кветкамі 20 студзеня ў госпісе Унівэрсытэцкага Клінічнага Цэнтра ў Гданьску. Апошнія словы, якія ад яе пачула гэта: „Тарашкевіч, Тарашкевіч, Тарашкевіч…”

Ірэна была феноменам сярод пакаленьня дзяцей пасьляваенных беларускіх выхадцаў з Беласточчыны, якія прыехалі на Узбярэжжа ў пошуках працы. Яе бацькі – Надзея з Кірылюкоў з Курашава пад Гайнаўкай і Ян Гаданьчук з Дубна пад Сямятычамі пазнаёміліся ў Гданьску. У 1962 г. нарадзілася ў іх дачка Анна, а ў 1965 г. – у Гдыні – Ірэна. Толькі таму, што  там  быў шпіталь з радзільным аддзяленьнем. Сям’я Гаданьчукоў жыла ў Гданьску на Стогах. Ірэна закончыла там пачатковую школу, а пасьля вядомы тэхнікум сувязі (Technikum cznoci). Мела яна шмат талентаў: прыгожа сьпявала, малявала, шыла. Яе мастацкія зацікаўленьні, нажаль, не рэалізаваліся да канца – не ўдалося дастацца на рэстаўрацыю у Торуньскі ўнівэрсытэт. Малявала для сябе і для іншых, напісала напр. ікону Ефрасіньні Полацкай. Сьпявала ў царкоўным хоры і ў калектыве „Жаваранкі”, які некалі (у 90-ыя гг.) пры Беларускім Грамадзка-Культурным Таварыстве ў Гданьску вёў Ірыней Лаўрэшук. З беларускім таварыствам у Гданьску Ірына звязалася яшчэ як вучаніца тэхнікума, у пачатку 80-ых гг. У Таварыстве пад уплывам Ані Іванюк навучылася беларускай мовы. Не дастаўшыся ў Торуньскі ўнівэрсытэт, вырашыла студыяваць славістыку ў Гданьскім унівэрсытэце. Там абараніла на выдатна магістэрскую працу пра мэдычнае слоўніцтва ў расейска-беларускіх слоўніках, якую напісала пад кіраўніцтвам праф. Лешка Машыньскага. Каб яе напісаць езьдзіла ў бібліятэкі Беларусі, дзе карысталася слоўнікамі Максіма Гарэцкага, Сьцяпана Некрашэвіча, Вацлава Ластоўскага, Зоські Верас. Шкада, што гэтыя салідныя дасьледаваньні не працягваліся, а Ірэна пасьля Гданьскага унівэрсытэта не магла знайсьці сабе працы згоднай з вывучанай прафесіяй. Дзе яна толькі не працавала – нават у краме, як прадаўшчыца! Хацела паехаць вучыць польскай мовы ў Савецкі Саюз, але яе туды не схацелі ўзяць – відаць таму, што ўсюды пісала беларускую, а не польскую нацыянальнасьць. Стабільную працу атрымала ўрэшце 1 лютага 1999 г. у Гданьскай палітэхніцы ў Труймейскай Акадэмічнай Камп’ютэрнай Сетцы (Trjmiejska Akademicka Sie Komputerowa), калі зышла адтуль Аліна Крутэль. З 2015 г. перайшла на адміністрацыйную пасаду ў Бібліятэку Гданьскай палітэхнікі і закончыла бібліятэказнаўства ў Варшаўскім унівэрсытэце на пасьлядыпломных студыях.

Ірына Гаданьчук на Замкавай Гары ў Гародні на фоне Каложскай царквы, 23 сакавіка 1990 г. Фота Лены Глагоўскай
Ірына Гаданьчук на Замкавай Гары ў Гародні на фоне Каложскай царквы, 23 сакавіка 1990 г.
Фота Лены Глагоўскай

Ірэна вельмі актыўна ўключылася ў беларускі рух на хвалі пераменаў у Польшчы на пераломе 80. і 90. г.г. Езьдзіла на БАСаўскія рэйды па Беласточчыне, а калі БАС быў зарэгістраваны, узначаліла яго Гданьскі гурток. У гэты час таксама заангажавалася ў ствараньне Беларускага Культурнага Таварыства «Хатка» ў Гданьску. Памятаю, як мы шукалі ў тэлефоннай кніжцы беларускіх прозвішчаў. Так знайшлі м. інш. братанкаў Казіміра Сваяка – Вітаўта Юрыя і Эдмунда Стэповічаў. Куды мы толькі разам не езьдзілі, апрача вандровак па Памор’і! І ў Кракаў на адкрыцьцё помніка Алесю Гаруну ў 1988 г., і ў Гародню ды ў Вільню на 25 сакавіка 1990 г., і на адкрыцьцё помніка Альбіну Стэповічу ў Вільні ў 1994 г., і на сьвяткаваньне 80. угодкаў БНР у Прагу ў 1998 г., і ў Калінінград, і ў Беларусь! З кожнай паездкай звязаныя розныя ўспаміны.

Ірэна выйшла замуж у свае 45 гадоў за Адама Гэрэлюка. Была з ім шчасьлівая за 13 гадоў супольнага жыцьця. Урэшце магла арганізаваць сваё прыватнае жыцьцё, што прычынілася да абмежаваньня яе актыўнасьці  на беларускай ніве. Раней займалася хворымі бацькамі, якіх даглядала да сьмерці, а яшчэ раней дапамагала гадаваць дочкі сястры – Ксеню і Вольгу. Наогул Ірэна шмат каму дапамагала бескарысна. Жыла праблемамі іншых людзей. Пра свае асабліва не распавядала, хаця іх ёй не бракавала. Мала хто ведаў пра яе праблемы са здароўем, якія пачаліся недзе пяць гадоў таму назад. Марыла, каб дачакаць пенсіі і выехаць на Беласточчыну ў Курашава. На жаль, нечаканая сьмерць памянала яе планы.

Ірына Гаданьчук з аўтаркай у цягніку Кузьніца – Гародня, 18 жніўня 2004 г. Фота Анны Сабэцкай
Ірына Гаданьчук з аўтаркай у цягніку Кузьніца – Гародня, 18 жніўня 2004 г. Фота Анны Сабэцкай

Пахавалі Ірэну 7 лютага побач з бацькамі і бабуляй Саламеяй на Гарнізонных могілках у Гданьску. Там яна знайшла магілу беларускага мастака Козьмы Чурылы і яе аднавіла. Была ініцыятаркай збору подпісаў за вяртаньне праваслаўнага квартала на гэтых могілках Гданьскай царкве. Планавала паставіць крыжы на разбураных магілах праваслаўнага духавенства. Не хапіла ёй, на жаль, часу, каб усё гэта здзейсьніць. Яшчэ ў чэрвені разам вандравалі па ваколіцы Прушча-Гданьскага, а ў сьнежні размаўлялі па тэлефоне пра планы, пра «Czasopis”, які Ірэна пастаянна чытала.

Усім нам не хапае зараз сьпеваў Ірэны і яе ўсьмешкі, якая, здаецца, была на яе твары заўсёды. І вельмі цяжка праходзіць праз галаву думка, што Ірэны ўжо няма з намі. Так хутка, так нечакана пакінула гэты сьвет.

Лена Глагоўская

1 thought on “„Наша Ірэнка”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў снежні

    760 – У 1263 г. паявілася першая пісаная зьвестка пра вядомы Ляшчынскі манастыр, які знаходзіўся на прадмесьці Пінска. 755 – 9.12.1268 г. быў забіты галіцкім князем Львом Данілавічам Войшалк, князь наваградзкі, вялікі князь ВКЛ (1263 – 1267) 735 – Пасьля …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (786) – 1237 год. Разгром войскамі князя Данілы Раманавіча крыжацкіх рыцараў пад Драгічынам на Бугу.
  • (122) – 3.12.1901 г. у  в. Кубельнікі каля Бераставіцы на Гарадзеншчыне нар. Мікола Марцінчык (пам. 23.05.1980 г.), нацыянальна-палітычны дзеяч, лекар. Скончыў Віленскі Унівэрсытэт у 1927 г., зьяўляўся адным з кіраўнікоў Беларускага Студэнцкага Саюзу, быў рэдактарам часопіса „Студэнцкая Думка”, дзеячам Грамады, Таварыства Беларускай Школы. Настаўнічаў у Віленскай Беларускай Гімназіі. Некалькі разоў быў арыштаваны польскай паліцыяй, у 1931 г. сасланы зь Вільні пад нагляд паліцыі. Працаваў лекарам у Нараўцы на Беласточчыне. У 1948 г. арыштаваны органамі савецкай бяспекі. 12.08.1949 г. прыгавораны на 10 гадоў лагераў, сасланы ў Варкуту. У 1956 г. вярнуўся ў Гародню, дзе і памёр. Пахаваны на Алекшыцкіх могілках на Гарадзеншчыне.
  • (54) – 3.12.1969 г. памерла Рыта Млодак (нар. 27.02.1906 г. у Менску), сьпявачка сапрана. Закончыла музычны тэхнікум у Віцебску (1928 г.) і Беларускую студыю оперы і балета (1933), у 1933-1959 гг. салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у Менску.
  • (29) – 3.12.1994 г. у Менску памерла Ірына Ждановіч (нар. 27.09.1906 г. у Менску), актрыса, дачка акцёра і рэжысёра Флярыяна Ждановіча. Сцэнічную дзейнасьць пачала ў Першым беларускім таварыстве драмы і камэдыі, з 1920 г. працавала ў Тэатры імя Янкі Купалы. Пахаваная на Усходніх могілках.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis