1020 – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія.
760 – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага разьбілі крыжакоў каля возера Дурбе.
750 – 1270 г. пачатак панаваньня ў Вялікім Княстве Літоўскім князя Трайдэна (Трайдзеня), які ўзмоцніў старабеларускую дзяржаву (пам. у 1282 г.).
635 – 14 жніўня 1385 г. была падпісана ў Крэве персанальная вунія паміж вялікім князем Ягайлам (хрысьціянскае-праваслаўнае імя Якаў) і прадстаўнікамі Каралеўства Польскага.
610 – 15 ліпеня 1410 г. Грунвальдзкая бітва. Войскі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага разьбілі крыжацкія войскі ды іх саюзьнікаў.
500 – 1.08.1520 г. у Кракаве нарадзіўся Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь ВКЛ у 1548-1572 гг. і кароль Польшчы з 1548 г., ініцыятар Люблінскай уніі 1569 г. Памёр у Кнышыне 23.06.1572 г. Пахаваны ў Вавельскай катэдры ў Кракаве.
405 – 3.08.1615 г. у Вроцлаве памёр Кшыштаф Мікалай Дарагастайскі (нарадзіўся 2.03.1562 г.), дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, кальвініст, аўтар кнігі „Гіпіка” (1603) – першага ў Рэчыпаспалітай дапаможніка па конегадоўлі; каля 1615 г. у маёнтку Ашмяна Мураваная на яго сродкі была заснаваная друкарня. Пахаваны ў Глыбокім у сямейнай грабніцы.
340 – 25.08.1680 г. у Маскве памёр Сімяон Полацкі (нарадзіўся 12.12.1629 г. у Полацку), беларускі паэт і асьветнік, рэлігійны дзеяч.
305 – 6.08.1715 г. у Гембулах Лідскага пав. нарадзіўся Мацей Догель, гісторык-археограф, прававед, аўтар „Дыпламатычнага кодэксу Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскагa” ў 3 тамах (1758 – 1764). Памёр 24.02.1760 г. у Варшаве.
180 – 25.07.(6.08.)1840 г. у в. Азяты каля Жабінкі нарадзіўся Юльян Крачкоўскі, беларускі фальклярыст, этнограф, гісторык, пэдагог. Памёр 25.07.(7.08.)1903 г. у Вільні, пахаваны на Ефрасіньнеўскіх могілках.
180 – 6.08.1840 г. у Калацічах каля Глуска нарадзіўся Альгерд Абуховіч, пачынальнік жанру байкі у беларускай літаратуры. Памёр 22.08.1899 г. Пахаваны ў Слуцку.
175 – 12.08.1845 г. у Старой Всі (зараз Падкарпацкае ваяв.) памёр Юзаф Маралёўскі (нарадзіўся 5.03.1777 г. у Гарадку каля Віцебска), паэт і пэдагог. Закончыў езуіцкі калегіюм у Полацку, быў настаўнікам у езуіцкіх калегіюмах, у 1818 г. пераехаў на Валынь.
165 – 19.07.1855 г. у Кахачыне пад Оршай памёр Тамаш Зан (нарадзіўся 21.12.1796 г. у Мясоце Наваградзкага пав.), паэт-рамантык, сябра Адама Міцкевіча. З 1841 г. жыў у Кахачыне каля Оршы. Пахаваны ў Смалянах – магіла захавалася.
160 – 21.07.1860 г. у маёнтку Ярылаўка Гродзенскай губ. нарадзіўся Антон Каменскі, ілюстратар і графік. Вучыўся ў Мастацкай акадэміі ў Пецярбурзе і ў Акадэміі Юльяна ў Парыжы, з 1894 г. жыў у Варшаве, супрацоўнічаў з „Tygodnikiem Ilustrowanym”, дзе змяшчаў свае працы, у час першай сусьветнай вайны быў у Парыжы, вярнуўся у 1919 г. у Варшаву. Памёр 12.09.1933 г. і пахаваны на Павонзках.
160 – 21.08.1860 г. у Вільні памёр Канут Русецкі (нарадзіўся ў 1801 г. у Сьцебякай каля Панявежыса), мастак. З 1840-ых гадоў жыў і працаваў на Беларусі. Яго найбольш вядомы твор „Жняя”. Пахаваны на Бэрнадыньскіх могілках у Вільні
140 – 20.07.1880 г. у Слоніме нарадзіўся Гальяш Леўчык, беларускі паэт, аўтар зборніка „Чыжык беларускі” (Вільня 1922). Жыў у Варшаве, дзе загінуў у час вайны ў 1944 г.
135 – 30.08.1885 г. у Наваградку памёр Юльян Корсак (нарадзіўся 13.02.1806 г. у Слоніме), паэт і перакладчык, з 1829 г. жыў у Пецярбурзе, у 1830 г. вярнуўся ў в. Страла каля Дзятлава. Апошнія гады жыцьця правёў у Наваградку.
130 – 28.07.1890 г. у Рушчанах на Беласточчыне нарадзіўся Язэп Рэшаць, каталіцкі сьвятар і беларускі дзеяч. Памёр 15.02.1958 г. у ЗША.
130 – 9.08.1890 г. у в. Чамяры каля Слоніма нарадзіўся Максім Бурсевіч, дзеяч Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Расстраляны саветамі 3.11.1937 г.
125 – 23.08.1895 г. у Налэнчаве каля Пулаваў памёр Міхал Эльвіра Андрыёлі (нарадзіўся 2.11.1836 г. у Вільні), мастак, удзельнік студзеньскага паўстаньня, пасьля якога жыў у Парыжы і ў Лондане. У 1866 г. вярнуўся на радзіму і быў сасланы ў Сібір. Жыў у Вятцы. У 1871 г. вярнуўся адтуль і пасяліўся ў Варшаве, быў ілюстратарам „Kłosów” i „Tygodnika Ilustrowanego”. Ілюстраваў творы м. інш. У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі, Ю. І. Крашэўскага, А. Міцкевіча.
120 – 10.07.1900 г. у вёсцы Стаўрова, Браслаўскага павету нарадзіўся Пётра Сергіевіч, выдатны беларускі мастак. Вядомыя яго творы “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”, „К. Каліноўскі і В. Врублеўскі робяць агляд паўстанцаў”, маляваў пэйзажы Віленшчыны. Памёр 1.11.1984 г. у Вільні, пахаваны нв Антокальскіх могілках.
120 – 15.07.1900 г. у вёсцы Агароднікі, Вілейскага павету нарадзіўся Уладзімір Дубоўка, выдатны беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, палымяны абаронца роднай мовы. Друкавацца пачаў з 1921 г. Арыштаваны НКВД 20.07.1930 г., сасланы ў глыб Расіі. З 1937 г. вязень ГУЛАГу. Выйшаў на волю ў палове 50-ых гадоў. Памёр 20.03.1976 г. у Маскве.
120 – 14(27).08.1900 г. у Рызе памёр Павел Шэйн (нарадзіўся у 1826 г. у Магілёве), этнограф і фальклярыст. Пахаваны там на нясецкіх могілках.
115 – 6.07.1905 г. у Вялікай Уссе (зараз Уздзенскі р-н) нарадзіўся Пятро Глебка паэт, грамадзкі дзеяч. Друкаваўся з 1925 г. Адзін з самых адданых выхваляльнікаў камунізму ды Сталіна. Памёр 18.12.1969 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
110 – 3.07.1910 г. у вёсцы Міхнаўка каля Ляўкова Старога на Беласточчыне нарадзіўся Аляксей Грыцук, грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратуразнавец, настаўнік. З 1948 г. жыў у Канадзе, з’яўляўся шматгадовым старшынёй Згуртаваньня Беларусаў Канады. Памёр 30.05.1976 г. у Кінгстон.
110 – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
110 – 7.08.1910 г. (у сапраўднасьці 22.06.1912 г.) у Новым Пагосьце нарадзіўся Генадзь Цітовіч, выдатны дзеяч беларускага харавога мастацтва, кампазітар, дырыжор. Сабраў ды апрацаваў многа беларускіх народных песьняў. Заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага Хору Беларусі (зараз хору прысвоена ягонае імя). Памёр 6.06.1986 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
110 – 9.08.1910 г. у былым маёнтку Жлобаўцы нарадзілася Ларыса Геніюш (дявочае прозьвішча Міклашэвіч) выдатная паэтка, грамадзкі дзеяч, адраджэнец. Друкавалася з 1939 г. Першы яе паэтычны зборнік „Ад родных ніў” быў выдадзены ў Празе ў 1942 г. У 1948 г. разам з мужам Янкам была пазбаўлена Чэхаславацкага грамадзянства ды былі арыштаваны НКВД. Неўзабаве Вярхоўны суд БССР прысудзіў ім 25 год папраўча-працоўных лагераў. Выйшла на волю ў 1956 г., жыла (без грамадзянства) у Зельве на Гарадзеншчыне, шмат пісала. Памерла там 7.03.1983 г.
105 – 7.08.1915 г. перастала выходзіць „Наша Ніва” (друкавалася з 10.11.1906 г.). Часопіс адыграў найважнейшую ролю у беларускім адраджэньні пачатку XX ст.
105 – 28.08.1915 г. у в. Бойдаты на Гарадзеншчыне нарадзіўся Часлаў Найдзюк, грамадзкі дзеяч. Дзеяч Беларускага Студэнцкага Саюзу ў міжваеннай Вільні, арганізатар беларускага жыцьця ў Каліфорні (ЗША). Памёр 28.03.1995 г. у Пасадэне ў Каліфорні, пахаваны ў Галіуд-Хілз.
100 – 28.07.1920 г. у Кракаве памёр Алесь Гарун (Прушынскі – нарадзіўся 11.03.1887 г. у фальварку Новы Двор пад Менскам), беларускі паэт. Пахаваны ў Кракаве на Ракавіцкіх могілках.
100 – 1.08.1920 г. абвешчана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі.
100 – 6.08.1920 г. у Крывічах Мядзельскага р-ну нарадзіўся Аляксандр Батура (літ. псэўданім Алесь Свісёк), паэт і настаўнік. Пасьля ІІ сусьветнай вайны пасяліўся ў Рагозьне (Вялікапольскае ваяв.), дзе працаваў настаўнікам. Там і памёр 4.03.2015 г.
100 – 14.08.1920 г. т. зв. Цуд над Віслай, пералом у польска-савецкай вайне. Пачатак паразаў Чырвонай Арміі.
95 – 19.08.1925 г. у Вільні выйшаў з друку першы нумар газэты „Жыцьцё Беларуса” (выдавана 3 разы ў тыдзень) рэдагаванай Я. Туркевічам. Зьвязана яна была зь Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой. Апошні нумар у выніку рэпрэсіі ўладаў быў выдадзены 12.11.1925 г.
75 – 25.07.1945 г. памёр на дызентэрыю на адным з этапаў падчас зьняволеньня НКВД др Станіслаў Грынкевіч, лекар, культурна-грамадзка-палітычны дзеяч, пісьменьнік. Нарадзіўся 2.02.1902 г. у Новым Двары на Сакольшчыне.
65 – 23.08.1955 г. у Братыславе памёр Іван Краскоўскі (нарадзіўся 24.06.1880 г. у Дубічах Бельскага павету на Беласточчыне), дзеяч нацыянальнага руху, быў між іншым у 1920 старшынёй Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, з 1922 г. дырэктарам Дзьвінскай Беларускай Гімназіі.
35 – 15.08.1985 г. памёр у ЗША Часлаў Будзька, беларускі грамадзкі дзеяч, гісторык, настаўнік (нарадзіўся 29.06.1913 г. у Вільні).
30 – 13-15 ліпеня 1990 г. у Гарадку адбыўся І Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі сарганізаваны Беларускім Аб’яднаньнем Студэнтаў ды Гмінным Асяродкам Культуры ў Гарадку. Выступалі між іншым Сяржук Сокалаў-Воюш, гурты „Уліс”, „Мроя”.
30 – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.
25 – у начы з 12 на 13 ліпеня 1990 г. была падпалена ды згарэла царква Праабражэньня Гасподняга на Сьв. Гары Грабарцы.
25 – 7.08.1995 г. у Менску памёр Максім Танк (сапраўднае прозьвішча Яўген Скурко) паэт, грамадзкі дзеяч (нарадзіўся 17.09.1912 у в. Пількаўшчына на Вілейшчыне).
Апрацавалі
Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская