Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    13. Jak zhinuŭ „Tiszka”

    Szkoła ŭ Haradku ad 20 wieraśnia 1970 r. maje imia bratoŭ partyzantaŭ Michała i Alaksandra Chrenoŭskich z niedalokaha Dzierniakowa. Jak maładych jaszcze kawaleraŭ zastrelili ich Niemcy padczas abławaŭ u tutejszych lasach. Dla miascowych życielej stalisa jany hierojami. Na staroncy szkoły ŭ Internecie pra patronaŭ jest...ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Ne može byti!

    Pameť na trochu dovš

    Тварь ли я дрожащая или право имею… (Ф.М. Достоевский) – Ja svoju mamu pometaju słabo, – tichim hołosom načała rozkazuvati Lila. – Dobre, što maju para zdymkuv, to choč znaju, jak vyhladała. Ale rozkažu tobiê jeji historyju, to može takim sposobom pameť ob jôj ostanetsie...ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Асоба

Наста Кудасава: пішу, бо не магу іначай

На сённяшні дзень Наста Кудасава з’яўляецца адной з найбольш папулярных і публікаваных прадстаўніц маладога пакалення беларускіх літаратараў. Наста – лаўрэатка некалькіх літаратурных прэмій, яе вершы перакладзены на шэраг моў, у тым ліку на польскую. Са жніўня мінулага года паэтка ўехала з беларускага Рагачова, разам з сям’ёй жыве ў Гдыні. У размове з карэспандэнтам „Часопіса” Наста параўнала жыццё ў Польшчы і Беларусі, расказала пра асаблівасцях адаптацыі ў краіне і падарожжы ў Беласток, а таксама падзялілася вершамі, прасякнутымі непакоем за лёс радзімы.

Новы дом

Паэтка ў Польшчы ужо паўгода. Паводле яе слоў, жыццё ў новым месцы праходзіць яшчэ ўсё як у сне, уладкаванасцю гэта наўрад ці можна назваць, хаця Насце і яе блізкім даспадобы Гдыня і той раён, у якім ім выпала пасяліцца.

„Я дагэтуль бачу штоночы ў сне рагачоўскія краявіды. Што да літаратурнага развіцця, то, безумоўна, у Польшчы цяпер нашмат больш магчымасцяў развівацца. Бо многія творчыя ініцыятывы пераехалі сюды, тут зусім не пачуваешся самотным, нават наадварот, у мяне тут больш насычанае літаратурнае жыццё, чым было ў Рагачове. Адзінае, што ў адрыве ад „мацерыковай” Беларусі, гэта ўсё не надта натхняе, даводзіцца ўвесь час прымушаць сябе не апускаць рукі і верыць у лепшае” – прызнаецца паэтка.

Наста Кудасава Фота з архіва паэткі
Наста Кудасава
Фота з архіва паэткі

Наста кажа, што жыццё ў двух суседніх краінах адрозніваецца каласальна. Найперш адрозніваюцца людзі, адчуваецца большая выхаванасць і адкрытасць. У Польшчы больш магчымасцяў працаваць і развівацца, ды ў рэшце тут можна адчуваць сабе здаровым чалавекам у здаровым грамадстве. Асабліва радуе Насту школа, бо яе дзеці ў захапленні ад таго, як да іх тут ставяцца і вучні, і настаўнікі.

Разлука з радзімай аднак пастаянна дае аб сабе знаць. „Я ўвесь час лаўлю сябе на думцы, што Беларусь павінна была быць такой жа, бо мы нічым не горшыя, – кажа жанчына – але ж вось… Чаго не хапае? Канечне, не хапае пачуцця, што я дома, усё адно я ж ведаю, што я тут у гасцях. Асабліва моцна не хапае сваёй зямлі – пастаянна думаю пра градкі ці рыбалку ў вёсцы”.

 

Вывучыць польскую мову – справа прынцыпу

Паэтка сцвярджае, што моўная адаптацыя праходзіць прасцей у дзяцей, бо яны штодня камунікуюць у школе. Да таго ж ім даюць дадатковыя бясплатныя заняткі польскай мовы. Насце і яе мужу у гэтай справе складаней, бо даводзіцца ўвесь час працаваць, на моўныя курсы няма часу. Яна, праўда, некалі вучыла польскую мову ва ўніверсітэце, таму на мінімальным узроўні ёй валодае. „Але, безумоўна, для мяне гэта справа прынцыпу – вывучыць мову краіны, у якой мы збіраемся жыць, таму я стараюся больш чытаць і слухаць па-польску, каб вучыць хаця б такімі, даступнымі спосабамі” – падкрэслівае наша суразмоўца.

 

Ці можна зарабляць паэзіяй?

Наста прызнае, што літаратура не прыносіць амаль вялікіх грошаў: „Я пішу проста таму, што не магу іначай. А працую разам з мужам, я ягоны менэджар, ён робіць ювелірныя ўпрыгожанні, а я іх прадаю”.

Дзве кнігі паэзіі Насты Кудасавай, што выйшлі падчас яе побыту ў Польшчы
Дзве кнігі паэзіі Насты Кудасавай, што выйшлі падчас яе побыту ў Польшчы

Тым не менш, падчас побыту ў Польшчы, у Насты Кудасавай выйшлі ўжо дзве кнігі паэзіі. Зборнік „Побач” быў падрыхтаваны да друку яшчэ ў Беларусі, шлях яго атрымаўся складаным і пакручастым, таму кніга ішла да чытача так доўга і пабачыла свет толькі цяпер. А літаральна пару тыдняў таму, на пачатку 2023 года, у беларускай секцыі нямецкага выдавецтва Hochroth выйшла новая кніга „Я працягваю”, у яе ўвайшлі акурат найбольш актуальныя тэксты, напісаныя ў апошнія два гады, у тым ліку і вершы з эміграцыі.

 

Пра Беласток

„Я ў Беластоку была адзін раз, прыязджала з паэтычным выступам, – кажа Наста – мне вельмі спадабаўся горад – ціхі, утульны і нейкі няўлоўна беларускі”. Паэтку ўразіла, наколькі вялікая там беларуская дыяспара, ёй было вельмі прыемна трапіць на такую выспачку беларушчыны. Паэтка ўспамінае як цёпла яе сустракалі ў Беластоку і што захоўвае самыя светлыя ўспаміны пра тыя адведзіны.

Наста прызнаецца, што вершаў, прысвечаных Беластоку, у яе пакуль няма, і ўвогуле, усе вершы, што ў Польшчы за гэты час напісаліся, – звязаныя з Беларуссю: „Гэта альбо рэфлексія над тым, што там адбываецца цяпер, альбо мая туга па радзіме, пакуль што нічога новага адчуць не атрымліваецца, нягледзячы на ўсю маю ўдзячнасць Польшчы”.

 

Мой дом згарэў. Я вынесла з агню

адзіны скарб – напаўжывую мову.

Цяпер брыду разгублена, звіню

ў званочак-верш, бяздомная карова.

Але так добра ўсцяж ісці адной:

так ззяюць травы, так пяе калоссе…

Што ўжо ўсё роўна, хто там ёсць за мной

і колькі там да смерці засталося…

 

*** Мы скарміліся дарэшты часу хітраму.

Жах шурпатым языком мне вочы ліжа.

Знойдзеш мову — напішы пра тых, хто вытрымаў.

Знойдзеш мову — напішы пра тых, хто выжыў.

Трэба ведаць, што іх вывела, што ззяла ім,

Што давала ім падтрымку і надзею,

Што рабіць, калі я ў глеі ротам зяваю

І ад болю штохвіліны халадзею.

 

*** Беглі, зляканыя, бегма. Здыхалі здыхма.

Енчма ад роспачы енчылі, вылі выйма.

Госпадзе, што за нялюдскія парадыгмы?

Можна, мы проста прачнёмся – дома, жывымі?

Шчасныя сем’і лясныя – грузды, абабкі…

Мой жа сусвет зарастае штодня вар’яццем.

Страх уваходзіць у горла аскепкам даўкім.

Дзетак у воглую глебу хавае маці.

Размаўляў Сяргей Александровіч

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў сакавіку

    520 – 4.03.1503 г. – памір’е (на 6 гадоў) паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім, паводле якога да Масквы адышло 29 гарадоў і 70 валасьцей, у тым ліку Чарнігаў, Бранск, Старадуб, Гомель. 160 – 11.03.1863 г. – царскі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (158) – 23.03.1865 г. у Валожыне, Ашмянскага павету нарадзіўся Стары Улас (Уладыслаў Сівы-Сівіцкі), паэт, празаік, зьбіральнік беларускага фальклёру. З 1907 г. друкаваўся ў „Нашай Ніве”, потым у заходнябеларускіх выданьнях. Памёр 30.09.1939 г. у Шашэльгішках на Віленшчыне. Пахаваны на могілках у Сужанах.
  • (128) – 23.03.1895 г. у Лугавой каля Капыля нар. Васіль Сташэўскі, драматург і празаік. Закончыў Несьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю (1914) і Менскі настаўніцкі інстытут (1924). Працаваў настаўнікам у Оршы, з 1927 г. – адказным сакратаром літаратурнага аб'яднаньня "Маладняк", з 1929 г. –  аб'яднаньня „Полымя”. У гг. 1928-1929 працаваў у газэце „Савецкая Беларусь”. У 1937 г. рэпрэсіраваны і прыгавораны да вышэйшай меры
  • (98) – 23.03.1925 г. у в. Мора на Беласточчыне нарадзіўся Віктар Швед, паэт, актыўны дзеяч беларускага руху на Беласточчыне. Друкуецца з 1957 г. Дэбютаваў у „Ніве” вершам „Я беларус”. Аўтар многіх зборнікаў вершаў, сааўтар падручнікаў на беларускай мове. Жыве ў Беластоку. Віншуем Вас, спадар Віктар!
  • (45) – 23.03.1978 г. у Менску памёр Рыгор Шырма (нар. 8(20).01.1892 г. у в. Шакуны, Пружанскага  павету), харавы дырыжор, фальклярыст, грамадзкі дзеяч. Актыўна ўключыўся ў беларускі рух у 1922 г., дзейнічаў у Беларускім Выбарчым Камітэце. Пасьля стаў настаўнікам сьпеву ў Віленскай Беларускай Гімназіі, выхавацелем у інтэрнаце гімназіі. Грамадзка працаваў у Таварыстве Беларускай Школы. Выдаваў зборнікі беларускіх песьняў.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis