Пасьля Лукі Дзекуця-Малея, які памёр 20 студзеня 1955 г. у Гданьску, захавалася багатая калекцыя здымкаў. На жаль, не тут, але ў Брэсьце. Калі ноччу 20 чэрвеня 1941 г. арыштавалі там Луку Дзекуця-Малея, а яго жонку з дзецьмі вывезьлі ў Сібір, цудам удалося зберагчы здымкі. Пішу: «цудам», бо зараз няма каго запытаць, як яны ў канцы 1990-ых апынуліся ў руках Сьцяпана Пекуна з Брэста, бо ён сам адышоў нечакана ў лепшы сьвет 9 ліпеня 2018 г.
Калі я 4 красавіка 1999 г. знайшла магілу Лукі Дзекуця-Малея на Гарнізонных могілках у Гданьску і праз пару дзён пазнаёмілася з яго сынам Данілам, не ведала што праз пару месяцаў будзе мне дадзена нагода пабачыць багатую калекцыю здымкаў у неверагодных абставінах. Не памятаю ўжо дэталёва, але я тады апантана шукала звестак пра Луку Дзекуця-Малея дзе толькі можна, каб напісаць пра яго артыкул у «Ніву». 24 верасьня 1999 г. ехала на цягніку праз Брэст у Пінск на канферэнцыю «Палесьсе – скрыжаваньне культур і часу», дзе прадстаўляла дзейнасьць Лукі Дзекуця-Малея на Палесьсі ў міжваенны перыяд. Ведаючы, што ў Брэсьце прыйдзецца чакаць дзьве гадзіны на вакзале на цягнік у Пінск, дамовілася на пероне са Сьцяпанам Пекунам, да якога тэлефон даў мне Даніла Дзекуць-Малей. Відаць ён ведаў пра гэтыя здымкі, а магчыма іх і бачыў, бо спадары сустрэліся ў Варшаве 5 чэрвеня 1999 г.
Сьцяпан Пекун, народжаны 20 мая 1944 г. у Рагозно Брэскага раёна – інжынер будаўнік па адукацыі, працаваў на працягу 27 гадоў на Транссусьветным Радыё ў Беларусі (18 гадоў узначальваў яго беларускую рэдакцыю). Гэты абаяльны чалавек на сустрэчу прынёс з сабой жмут здымкаў. Мы іх пераглядалі, седзячы на лаўцы на пероне. Былі яны настолькі цікавыя, што я адварочвала іх на другі бок, паглядзець, ці яны падпісаныя. Тады мяне ўразіў адзін здымак, на адвароце якога быў подпіс на беларускай мове: «Крынкі 1918». Я вельмі прасіла зрабіць мне з яго копію і даслаць. Сьцяпан Пекун зрабіў ксэракопію такую, якая ў тыя часы была магчымая. Ганарылася вельмі ёю і падарыла нават копію з копіі Сакрату Яновічу, які сказаў, што мабыць там сярод дзяцей і ягоны бацька. На жаль, копія адлежала ў яго архіве так і не дачакаўшыся ні ідэнтыфікацыі асобаў, ні публікацыі. З часам тэхніка пайшла наперад і я атрымала з Брэста дыск з якаснымі копіямі здымкаў. Не спадзявалася аднак, што здымак беларускай школы з Крынак стане жыць іншым жыцьцём.
Першы раз я звярнула ўвагу на публікацыю гэтага здымка ў кнізе – зборніку матэрыялаў, артыкулаў і дакумантаў «Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі» (Брэст 2011) пад рэдакцыяй Андруся Унучака, Юрася Бачышчы, Антонія Бокуна і Юрася Гецэвіча. Там здымак з Крынак падпісаны: «Лукаш Дзекуць-Малей і выхаванцы нядзельнай школы, 1920-я – 1930-я гг.». Падчас сьвяткаваньня 130 угодкаў ад нараджэньнья Лукі Дзекуця-Малея у мінулым годзе ў Брэсьце я звярнула ўвагу на тое, што ў кнізе неадэкватна падпісаны здымак, на што сустрэлася з вострай рэакцыяй Уладзіміра Ляхоўскага з Менска, які даказваў, што Л. Дзекуць-Малей не выглядаў так у 1918 г., як на гэтым здымку. Паспорыла я з ім, але-ж арыгіналу я не мела, каб даказаць, што маю рацыю. Асталося, што я сабе прыдумала школу ў Крынках, і рацыя не мая. На руках не было арыгіналу, а Сьцяпан Пекун, які меў козыр у руках, ужо паглядаў на нас з неба. У выніку ў фундаментальнай кнізе «Евангельскія хрысціяне ў Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі 1517 – 2017» (Менск 2019) пад рэдакцыяй Уладзіміра Навіцкага, дзе таксама знайшлося месца для «крынкаўскага» здымка, падпісалі яго больш «дакладна»: «Нядзельная школа Брэсцкай царквы Евангелічных Хрысціян Баптыстаў 1920-ыя г.». Гартаючы кнігу 7 сьнежня на канферэнцыі ў Менску, думала: «хлусьня, паўтораная некалькі разоў, стаецца праўдай…», вось бы мець арыгінал, каб даказаць, што на самай справе усё гэта не мая выдумка. І раптам здымак з таго сьвету ў гэты ж дзень падкінуў сам Сьцяпан Пекун! Аказваецца Андрусь Унучак меў пры сабе, атрыманыя ад сям’і нябошчыка, арыгінальныя здымкі для перадачы ў архіў. Чакаючы вячэру, я іх спакойна пераглядала, робячы новыя адкрыцьці, напрыклад на агульнавядомым (найбольш прадстаўнічым) здымку маладога Л. Дзекуця-Малея з 1920 г. ёсьць яго ўласнаручны дарчы надпіс Маланьні Алюшыкавай (Алюшычанцы), якая была настаўніцай у Гарадзенскай беларускай прытулковай школе. На адным са здымкаў з Брэста побач Л. Дзекуця-Малея сядзіць Максім Бурсевіч, дзеяч Беларускай Сялянска-работніцкай Грамады, які быў на 2 гады малодшы ад яго, паходзіў са Слонімшчыны і быў вернікам метадысцкай царквы.
Вяртаючыся да здымка беларускай школы ў Крынках з 1918 г., пакуль невядома хто на ім ёсьць, апрача Л. Дзекуця-Малея, які сядзіць першы з левай (з кнігай). Пасярэдзіне магчыма што сядзіць настаўнік Крынскай школы Аляксандр Парук, а побач з ім Уладзімір Шалешка. Гэта аднак мае домыслы.
Пры нагодзе варта згадаць, што беларуская школа ў Крынках існавала з чэрвеня 1916 г. У 1993 г. у «Czasopisie» (№ 6) Вячаслаў Харужы апублікаваў копію пратакола сходу жыхараў Крынак, якія 14 верасьня 1919 г. звярталіся да Беларускай Школьнай Рады ў Горадні, каб забяспечыць ім далейшае існаваньне беларускай школы. Сярод падпісантаў вядомыя крынкаўскія прозвішчы: Анісімовіч, Кішкель, Міклашэвіч, Шыгаловіч, Пратасэвіч, Чабан, Скроўба, Яновіч, Валошын, Грыбок, Шамрухевіч, Цітко. Відаць гэта таксама іхнія дзеці на здымку, якія ў сваёй школе гасьцілі камісара Беларускай Народнай Рэспублікі на акругу Крынкі-Лунна Луку Дзекуця-Малея (таксама старшыню Беларускай Школьнай Рады ў Гародні) і Уладзіміра Шалешку, які стаў сакратаром Беларускай Школьнай Рады.
Варта задаць пытаньне, ці не заслугай Л. Дзекуця-Малея былі беларускія школы на Беласточчыне і Гарадзеншчыне падчас нямецкай улады 1915-1919 г.г., якіх было больш за 40? Так мала вядома пра яго дзейнасьць падчас І сусьветнай вайны – як і калі апынуўся ў Гародні? У 1918 г., калі ўспыхнула Беларуская Народная Рэспубліка, невыпадкова ж стаў тут акруговым камісарам…
Здымак Крынскай школы быў выкананы вядомым беластоцкім фатографам Барысам (Берэлем) Лазьніцкім, пра што сьведчыць штамп на адвароце.
Лена Глагоўская