Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Супраць інтэграцыі з Расіяй

Больш за шэсць месяцаў у Беларусі бясконца паўтараюць слова «інтэграцыя». Калі яна мусіць адбыцца і на якім узроўні, трымаецца ў тайне. Адзінае, што было вядома, дык дата 8 снежня. Тады Пуцін і Лукашэнка мелі падпісаць чарговыя «дарожныя карты» па інтэграцыі. Гэта выклікала масавыя абурэнні беларусаў – на выходных 7-8 снежня на вуліцы Мінска выйшла каля тысячы чалавек.

Мы абараняем незалежнасць!

Калі з’явіліся першыя згадкі пра інтэграцыю з Расіяй, стала вельмі страшна. Добра памятаю яшчэ Крым 2014 года і вельмі не хочацца такога сцэнару для Беларусі. Таму калі актывісты пачалі заклікаць выходзіць на вуліцу ў першыя снежаньскія выходныя, стала зразумела – трэба ісці. Каб паказаць, што ёсць беларусы, якія не хочуць станавіцца бліжэй да Расіі хоць на крок.

Першы пратэст адбываўся ў прахалодную суботу 7 снежня. Актывісты кампаніі «Свежы вецер», якая намагаецца адстаяць незалежнасць Беларусі, заклікалі менчукоў сабрацца ў самым цэнтры сталіцы ўздоўж праспекту ды ўзяцца за рукі. Акцыя атрымала назву «Жывы ланцуг» – як той ланцужок, які 30 гадоў таму ўтварылі жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі каб абараніць сваю незалежнасць ад СССР.

«Жывы ланцуг» – як той ланцужок, які 30 гадоў таму ўтварылі жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі, у беларускай сталіцы меў даўжыню каля двух кіламетраў
«Жывы ланцуг» – як той ланцужок, які 30 гадоў таму ўтварылі жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі, у беларускай сталіцы меў даўжыню каля двух кіламетраў

Калі прыйшла на адну з заяўленых арганізатарамі кропак, было шмат перажыванняў і сумневаў – ці збяруцца людзі? Ці здолеем мы пакрыць увесь заяўлены маршрут? Ці не будзем мы за гэта пасля пакараныя? Пытанні пастаянна круціліся ў галаве, але калі мы ўзяліся за рукі, усе сумневы нібыта растварыліся ў паветры.

Круціш галаву налева, направа – і бачыш людзей! Яны ёсць і трымаюцца за рукі. Напэўна, занялі два кіламетры, як і планавалася. Па чарзе ўздымаем рукі, пускаем «хвалю», нібыта футбольныя заўзятары. Міліцыянты і «людзі ў цывільным» праходзяць побач. Кажуць, што акцыя несанкцыянаваныя і просяць разысціся. Мы крычым у адказ: «Ганьба!» і «Міліцыя з народам». Нам сігналяць машыны, мінакі крычаць «Жыве Беларусь!». Але ніхто не далучаецца.

Лозунгі пратэстуючых спасылаліся на класікаў беларускай літаратуры
Лозунгі пратэстуючых спасылаліся на класікаў беларускай літаратуры

Праз 15 хвілін жывы ланцужок распадаецца і крочыць да наступнай кропкі. Потым, ужо з навінаў, я даведаюся, што было каля 200 чалавек. І сярод іх – шмат моладзі.

Палітычны актывіст і былы палітвязень Павал Севярынец заклікае а 12-й гадзіне прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу. Мы з сябрамі вырашаем паглядзець, што там будзе адбывацца. Напачатку людзей няшмат, каля сотні. Частка стаіць у ланцужку праз дарогу ад плошчы. Міліцыя ўсё так жа крычыць, што мітынг несанкцыянаваны. І ўсё так жа ў адказ чуюць «Ганьба!» і «Незалежнасць!».

Пратэстоўцы крочаць па цэнтры Мінска
Пратэстоўцы крочаць па цэнтры Мінска

Пасля невялікай сутычкі з людзьмі ў цывільным, беларускія апазіцыянеры пачынаюць прамаўляць. Яны шмат кажуць пра Каліноўскага, пра важнасць незалежнасці, пра гатоўнасць абараняць Беларусь. Людзей становіцца ўсё болей і болей. Падаецца, што на плошчы сабралася каля тысячы чалавек. Шмат хто прынёс з сабой плакаты, бчб-сцягі, шалікі з «Пагоняй». Міліцыя проста назірае, здымаюць людзей на камеры, але нікога не чапаюць. Не бачна нават аўтазакаў, адвечных спадарожнікаў беларускіх пратэстаў.

Пратэст у суботу цягнуўся каля пяці гадзінаў. Пратэстоўцы крочылі па цэнтры Менску, прайшліся па розных цэнтральных кропках горада. І толькі адно затрыманне. І тое, п’янага правакатара, які крычаў «Расея!».

Міліцыя назірала, людзей здымалі на камеры
Міліцыя назірала, людзей здымалі на камеры

І тым прыемней было апынуцца на такім жа мітынгу ўжо на наступны дзень. Людзей стала дакладна не меней. Яны ўпэўнена крочаць у бок расейскай амбасады. Там іх чакае шмат аўтазакаў і амапаўцаў. Але яны паводзяць сябе даволі прыстойна, не кранаюць і нават не палохаюць пратэстоўцаў. Пасля перадачы рэзалюцыі Павал Севярынец абяцае правесці натоўп па прыгожых мясцінах Менска. І выконвае свае абяцанні – мы крочым у бок Старога горада. Некаторыя мінакі крычаць «Жыве Беларусь!», некаторыя называюць нас «бандэраўцамі». Міліцыя ізноў нікога не чапае, хутчэй ахоўвае. Хіба што так выглядае сапраўды мірны пратэст.

Крыху разважанняў пасля

8 снежня Лукашэнка і Пуцін анічога не падпісалі. Наўрад ці на кіраўнікоў краін так паўплывалі не самыя шматлікія пратэсты беларусаў. Напэўна, хтосьці ўсё-ткі вельмі не хоча дзяліцца хоць бы і дробным кавалачкам сваёй улады.

Сярод пратэстуючых – шмат моладзі
Сярод пратэстуючых – шмат моладзі

А адсутнасць затрыманняў аніяк не сведчыць пра «збліжэнне з захадам» ці «пачатак лібералізацыі». Было бы дзіўна арыштоўваць грамадзянаў, якія адстойваюць незалежнасць сваёй краіны. Тым больш, што міліцыя была, і людзі ў цывільным былі, і нават АМАП паказаўся.

Калі маеш магчымасць мірна ісці па вуліцах горада і мірна выказваць сваё меркаванне, пачынаеш разумець, наколькі гэта натуральна. І ўсё меней становіцца ясным, чаму гэта права ў цябе з’ўляецца толькі калі самое існаванне тваёй краіны пад пагрозай.

Ксенія Тарасевіч

Фота Ксеніі Тарасевіч і Пятра Маркелава

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis