Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

24 лютага 2022 г.

Сталася штосьці страшнае. Сёння ў чатыры гадзіны раніцы Расія напала на Украіну. Пачалася нічым не апраўданая вайна. У Расіі была трэцяя зранку, калі прэзідэнт Уладзімір Пуцін даў шалёны загад сваім войскам ракетнага абстрэлу ўкраінскіх гарадоў, а затым з поўначы і ўсходу расійская армія ўварвалася на тэрыторыю гэтай мірнай краіны. Украінцы схапіліся за зброю, каб мужна бараніць свае землі. На смерць і жыццё. Увесь свет стаў па баку Украіны і жорстка выступіў супраць Расіі.

У 21. стагоддзі такога зверства рэжыму Пуціна ніхто не спадзяваўся. У гэту вайну, зразумела, я таксама не верыў. Але да нападу на Украіну Крэмль, аказваецца, рыхтаваўся здаўна. Амерыканская разведка ведала пра гэта. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо пару тыдняў таму падняў трывогу на ўвесь свет. Крэмль у адказ пераконваў, што вайны не хоча. Міністр Лаўроў такія весткі называў „укідкамі”. Аказваецца, гэта была толькі тактычная ігра з боку Расіі. Атака наступіла дакладна як два дні раней паінфармаваў Байдэн – на працягу 48-мі гадзін. Пуціна не здолелі адвесці ад гэтага найбольшыя захаднія палітыкі, у тым ліку прэзідэнт Францыі і канцлер Нямеччыны. Расія не пабаялася жорсткіх эканамічных санкцый, якімі адразу свет пачаў яе абкладаць.

Харкаў, 26 лютага 2022 г. Telegram
Харкаў, 26 лютага 2022 г.
Telegram

Я перакананы, што гэтай вайны аднак можна было пазбегчы. Не мне павучаць палітыкаў, але не магу зразумець, чаму напрыклад у гарачыя пункты па-суседску з Данбасам ніколі не былі накіраваныя міжнародныя раз’емныя сілы. Яны ж не дапусцілі б да таго, што Украіна так цяпер пакутуе.

У сучасным глабальным свеце, калі на зямных арбітах густа ад спадарожнікаў інфармацыйнай сувязі і фізічнага прэцізійнага нагляду зверху найменшых тэрыторый кожнай краіны, праўду аб вайне схаваць немагчыма. Але агрэсары з Крамля нічога сабе з гэтага не робяць, хлусяць на ўвесь свет, што ва Украіне пачалі не вайну, толькі нейкую спецаперацыю, каб гэтую дзяржаву раззброіць, а яшчэ і „дэнацыфікаваць” там людзей. Быццам украінцамі заўладзелі „бандэраўцы і нацысты”, якія ўзброіліся і імкнуцца ў НАТА, каб мілітарна ўдарыць у Расію.

Менавіта ў такі прыдуманы хлуслівы спосаб Пуцін патлумачыў прычыны вайны з Украінай. І яшчэ сказаў, што гэтага папрасілі ў яго прадстаўнікі Данецкай і Луганскай народных рэспублік, якіх незалежнасць Расія прызнала толькі дзень перад агрэсіяй.

Надта прымітыўна прычыны расійска-ўкраінскай вайны патлумачыў і Аляксандр Лукашэнка. Аказваецца ён у тую ноч не спаў. Перад тым як пачаўся ракетны абстрэл украінскай тэрыторыі, дзве гадзіны раней яму патэлефанаваў Пуцін. Пра што ішла гутарка, дакладна невядома. Вечарам Лукашэнка толькі сказаў, што Кіеў яшчэ той ночу меў шанц, каб вайны не было. Нібыта хапіла б пазваніць у Маскву і можна было паразумецца. Лукашэнка меў даручыць свайму міністру абароны перадаць такую інфармацыю ў Кіеў, але там яго быццам ніхто не хацеў нават слухаць.

Але ўсё гэта толькі намыльванне вачэй. Масква адназначна паказала, што не вызбылася імперскіх амбіцый і ракетамі хоча навязаць Украіне свой парадак. Пуціну гэта не ўдасца. Украінскі народ ніколі ўжо не будзе рускім, так як ён спрабуе цяпер гэтага даказваць.

Страшныя ваенныя абразкі, якія паплылі на ўвесь свет з Украіны, выклікаюць вялікі боль і слёзы. Салідарызуючыся з украінскім народам у яго страшнай пакуце і мужным змаганні з агрэсарам, сумна і сорамна мне за Беларусь пад Лукашнкам, якая, аказваецца, у гэтай вайне, на жаль, падтрымлівае Расію.

 

1 сакавіка

З самой раніцы прыйшоў драматычны ліст ад сябра з Мінска. Мой супрацоўнік з’яўляецца адміністратарам сайта Czasopis.pl, трывожна павядоміў праз месенджэра, што вымушаны ўцякаць з Беларусі. Напісаў, што ў яго некалькі варыянтаў пабегу – або праз Расію ў Грузію, ці ў Польшчу. Папрасіў, каб я паслаў просьбу ў польскае консульства ў Мінску дапамагчы яму ў эвакуацыі.
Я адразу зразумеў, што калеге пагражае арышт. Ён быў ужо адзін раз репрасаваны рэжымам Лукашэнкі, калі ў жніўні 2020 г. на амаль два тыдні трапіў у ізалятар, спярша на Акрэсціна, і адтуль быў перавезены ў Жодзіна. Выйшаў на волю, надалей удзельнічаў ў масавых маршах пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Пра свой тадышні арышт і зняволенне напісаў у Часопіс эмацыйны доўгі артыкул.

Дзяцюк, безумоўна, знаходзіўся пад наглядам спецслужбаў Лукашэнкі, якія ператварылі Беларусь проста ў сучасны канцлагер. Там цяпер ужо звыш тысячы палітычных вязняў. Паводле некаторых меркаванняў пабойваючыся рэпрэсій краіну магло пакінуць нават чвэрць мільёна грамадзян, якія ў значнай меры апынуліся ў Польшчы.
Хлопец доўгі час хаваўся. Пісаў мне, што часта мяняе кватэру і нават нумар тэлефона ці іншыя каардынаты.

Я з непакоем сачыў за тым, як беларускі рэжым замыкае непрыхільныя яму шматлікія інтэрнэт-рэсурсы. Як абвяшчае экстрэмісцкімі замежныя сайты тыпу Белсат, Радыё Свабода, Радыё Рацыя. Наш Часопіс, праўда, такога абсягу і палітычнага значэння ў Беларусі не мае, але ж нашае стаўленне да антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі аднолькавае. Я нават нядаўна спытаў, ці часам і наш сайт не закрыты. Ён адказаў, што пакуль даступны, але службы напэўна пра яго ведаюць.

Аднак хлопец супрацоўнічае з намі легальна і нават адводзіць у сябе падаткі ад невялікага ганарара, які атрымоўвае як адміністратар Czasopis.pl. З яго допісу я зразумеў, што арышту пабойваецца не з-за супрацоўніцтва з намі, толькі наогул рэжым лічыць яго сваім ворагам.

Канчаткова вырашыў ратавацца і ўцякаць з Беларусі. Гэтае драматычнае рашэнне прыспешыла агрэсія Расіі на Украіну, дарэчы, ён раней планаваў туды менавіта з’ехаць. Цяпер напісаў мне, што ходзяць чуткі аб хуткім закрыцці Беларуссю сваіх межаў, таму мусіць як найхутчэй уцякаць. А калі не паспее, прыме гэта спакойна як накаваны лёс і зыйдзе ў падполле.

Прачытаўшы такія трывожныя словы я хуценька ад імя рэдакцыі напісаў просьбу да польскага консула ў Мінску, каб нашаму супрацоўніку далі гуманную візу. Паслаў яе па электроннай пошце. Спярша хацеў яшчэ патэлефанаваць у консульства, але ўспомніў, што тэлефоны там на падслуху лукашэнкоўскіх спецслужбаў.

Выявілася гэта на пачатку года, калі консул у Бярэсці неразважна давала па тэлефоне інструкцыі польскаму кіроўцу фуры, каб вяртаўся дадому нягледзячы на забарону з увагі на яго ўдзел у дарожна-транспартным здарэнні, у выніку якога загінулі былі дзве беларускія жанчыны. Я аглядаў на тэлеканале з Мінска матэрыял пра гэта з зарэгістраванай тэлефоннай размовай пані консул.

Просьбу, якую паслаў я ў консульства ў Мінск, пера даў таксама яму, каб з адбіткай хутка пайшоў туды і асабіста звярнуўся па дапамогу. Папрасіў, каб павядоміў, што атрымаецца.

Тады кантакт між намі сарваўся. Вечарам я прачытаў у Фейсбуку заяву калегі:

„Я, грамадзянiн краіны, якая нядаўна ўсё яшчэ была Рэспублiкай Беларусь, выступаю супраць удзела Беларусі ў ваенным нападзе Расіі на Украіну.

Тыя людзі, якія адказныя за ўварванне ў дом вялікага украінскага народа з боку Беларусі павінны разумець, што гэтым учынкам яны адменяць беларускую дзяржаўнасць і заканчваюць яе гісторыю.

Я патрабую вывада расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Я хачу, каб мая краiна стала тэрыторыяй бяспекi i не прымала ўдзелу ў агрэсii. (#беларусы_супраць)”.

Амаль тыдзень не было ніякага кантакту.

Пазваніла мне толькі яго сяброўка, якая цяпер жыве ў Познані. Перадала мне яна інфармацыю, што ён уцякае праз Расію ў Грузію. І яшчэ папярэдзіла, каб нічога не слаць на яго адрас электроннай пошты, бо ён узламаны.

І вось 8 сакавіка калега урэшце азваўся. З новага адрасу прыслаў мне імэйл, што ён у Батумі. Значыць, яму ўдалося. Я адчуў вялікую палёгку.

 

8 сакавіка

Хотят ли русские войны? Ёсць такая антываенная савецкая песня яшчэ з пачатку шасцідзесятых гадоў. Адразу ўспомнілася яна мне як толькі пачалася вайна ў Украіне. Бо ўсё ж такі не магу паверыць у дазвол звычайных расіян на цяперашняе варварства іхняга прэзідэнта Пуціна, які пад прыдуманым пратэкстам загадаў сваім вайскам бамбіць „брацкую” дзяржаву.

Гусеў (Калінінградская вобласць), май 2018 г. Здымак з архіва аўтара
Гусеў (Калінінградская вобласць), май 2018 г.
Здымак з архіва аўтара

Нягледзячы на палітычны таталітарызм у Расіі, асабліва ў савецкі час, яна заўсёды была для мяне неяк блізкая. Добра ведаю рускую мову, толькі пісаць і размаўляць мне на ёй ужо нялёгка, бо няма такой нагоды і патрэбы. У сваёй хатняй бібліятэцы маю шмат рускай літаратуры, якую часам чытаю. Гэта перадусім класіка – Талстой, Дастаеўскі ці Лермантаў. Маю таксама поўнае выданне ў арыгінале „Архіпелагу Гулаг” Салжаніцына. Люблю, вядома, і рускія песні, але толькі даўнія або народныя.

У Расіі прыйшлося мне пабываць толькі два разы. У 80-ыя гады быў Маскве і Пецярбургу (тады Ленінградзе) як удзельнік студэнцкай экскурсіі, якую зладзіла нам беластоцкая палітэхніка. Другі раз быў нядаўна. У 2018 г. пабываў у Гусеве ў Калінінградскай вобласці з дэлегацыяй гарадской управы ў Міхалове, дзе я тады працаваў. Мы паехалі, каб абмеркаваць інвестыцыйны праект з думкай пра грошы з Еўрапейскага Саюза ў рамках трансгранічнай праграмы Польшча – Расія.

Падчас абедзвюх паездак меў я нагоду бліжэй пазнаёміцца з расіянамі не як навукоўцамі ці чыноўнікамі, але проста людзьмі. Сардэчнымі і адназначна мірнымі. У Гусеве, названым так у гонар камандзіра батальёна, які загінул у 1945 г. падчас бою ў гэтым горадзе (раней – Гумбінен), быў я якраз у гадавіну выгнанання адтуль нямецка-фашысцкай арміі. У цэнтральным парку разам з гусеўцамі, у тым ліку дзеткамі і моладдзю, размалёўвалі мы антываенныя мірныя лозунгі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis