710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам.
625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла.
510 – чарговая вайна Вялікага Княства Літоўскага з Масквой. У ліпені 1514 г. наступіў захоп маскоўскімі войскамі горада Смаленска.
455 – 1 ліпеня 1569 г. была падпісана ў Любліне вунія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Паводле рашэньня сойму была абвешчаная на аснове роўнасьці фэдэратыўная дзяржава – Рэч Паспалітая. Вялікае Княства Літоўскае мела захаваць сувэрэнітэт, асобную дзяржаўную адміністрацыю, войскі, скарб, судовы апарат, свае законы ды сваю мытную сістэму.
455 – у 1569 г. была распаўсюджвана выдадзеная ў сакавіку г.г. у Заблудаве першая друкаваная кніжка Беласточчыны „Евангельле вучыцельнае”.
375 – у ліпені 1649 г. Багдан Хмяльніцкі накіраваў на беларускія землі 15-тысячнае казацкае войска на чале з Міхайлам Крычэўскім, каб перашкодзіць войскам Вялікага Княства Літоўскага на чале з Янушам Радзівілам уступіць на абнятую паўстаньнем Украіну. 31 ліпеня казацкія войскі былі разбітыя пад Лоевам, а сам М. Крычэўскі загінуў.
315 – 8 ліпеня 1709 г. расійкія войскі ўзначаляныя царом Пятром Ι разграмілі швэдскую армію непадалёк Палтавы на Украіне. Была гэта адна з найбольшых перамог расійскай арміі. Расія ставалася магутнай эўрапейскай дзяржавай.
160 – 7.07.1864 г. у Маладэчне адкрыта настаўніцкая сэмінарыя.
155 – 7(19) ліпеня 1869 г. у в. Дубейкава Мсьціслаўскага павету нар. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, дзеяч нацыянальнага руху, інжынер будаўнік, паэт. Праектаваў м. ін. царкву ў Відзах і касьцёл у Дрысьвятах. Памёр 6 лістапада 1940 г. у Вільні, пахаваны на могілках Роса.
150 – 16.08.1874 г. у Вілейцы нар. Аляксандр Уласаў, рэдактар-выдавец „Нашай Нівы” (1906-1914) і беларускі грамадзкі дзеяч, сэнатар у ІІ Рэчыпаспалітай ад Беларусаў (1922-1928). Гаспадарыў у маёнтку Мігаўка каля Радашковіч. Восеньню 1939 г. арыштаваны саветамі. Закатаваны саветамі 11.03.1941 г.
145 – 3 ліпеня 1879 г. у в. Ачукевічы на Наваградчыне нар. Васіль Рагуля, грамадзка-палітычны дзеяч. Між іншым быў беларускім паслом ды сэнатарам у міжваеннай Польшчы. Пасьля вайны на эміграцыі. Памёр 16.06.1955 г. у Нью-Ёрку.
145 – 7 жніўня 1879 г. у в. Дубна каля Мастоў нар. Пётр Крачэўскі, выдатны беларускі палітычны дзеяч, гісторык ды драматург. Перад першай сусьветнай вайной працаваў настаўнікам на Беласточчыне, у Ялоўцы. У 1923-1928 гг. (жывучы на эміграцыі ў Празе) быў Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі. Памёр 8.03.1928 г., пахаваны на альшанскіх могілках у Празе.
140 – 25.07.1884 г. у Вільні нар. а. Аляксандр Вернікоўскі, праваслаўны сьвятар, протаіерэй. Пэўны час служыў на Беласточчыне ў Нараўскай царкве і ў Беластоку. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў Менску ў 1945 г. і высланы ў лагеры Сібіры і Казахстану. У 1950 г. вярнуўся ў Беларусь, служыў у Дварэцкай (каля Дзятлава) і Ленінскай (каля Слуцка) цэрквах. Памёр 6.07.1984 г. у Оршы.
130– 31.08.1894 г. у Грыгор’еўцы (цяпер: Бажэнава) Белебееўскага пав., Уфімскай вобл. (цяпер: Башкірыя) нар. Аляксандр Грубэ, скульптар. У 1918-1941 гг. працаваў у Беларусі. Аўтар партрэтных скульптур м. ін. Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага. Памёр 4.10.1980 г. у Маскве.
120 – 15.07.1904 г. у Старасельцах на Беласточчыне нар. Вера Гаўрылюк, майстар саломапляценьня. Пасьля ІІ сусьветнай вайны жыла ў БССР. Памерла 5.12.1986 г.
110 – 28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Вугоршчына пачала вайну з Сэрбіяй, што запачаткавала наступныя ваенныя дзеяньні. 29 ліпеня Расія пачала мабілізацыю. 1 жніўня Нямеччына пачала вайну з Расіяй, а 3 жніўня з Францыяй. Пачалася вайна, часта называная Вялікай Вайной. Амаль год потым беларускае насельніцтва Беласточчыны падалося ў бежанства ў далёкую Расію.
105 – 2 жніўня 1919 г. у Вільні Цэнтральнай Беларускай Радай Віленшчыны і Гарадзеншчыны была ўтворана Беларуская Вайсковая Камісія – орган па фарміраваньні беларускіх часьцей у польскім войску.
105 – 20.08.1919 г. у Закапаным памёр Іван Луцкевіч (нар. 9.06.1881 г. у Шаўлях), беларускі археоляг, публіцыст, удзельнік беларускага руху перад І сусьветнай вайной. Яго калекцыя стала пачаткам Беларускага музэя ў Вільні. У 1991 г. яго магіла была сімвалічна перанесена на могілкі Роса ў Вільні.
100 – 5.08.1924 г. у Янаве каля Талочына нар. Аркадзь Жураўскі, беларускі мовазнавец, аўтар прац „Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (1967), „Мова нашых продкаў” (1983), адзін са складальнікаў „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (1982-1993). Памёр 9.01.2009 г. у Менску.
85 – 23 жніўня 1939 г. ў Маскве быў падпісаны дагавор аб ўзаемнай неагрэсіі між Нямеччынай і СССР, у якога тайным пратаколе гаварылася пра новы палітычны падзел усходняй часткі Эўропы.
80 – 3 ліпеня 1944 г. Савецкая Армія пасьля цяжкіх баёў вымусіла нямецкія войскі пакінуць Мінск. Беларуская сталіца ў выніку баёў была ўшчэнт зьнішчана, а пасьля вайны ўвесь горад быў пабудаваны аднова, у зьмененым соцрэалістычным выглядзе. 3 ліпеня штогод сьвяткуецца як „Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, а з сярэдзіны 90-х гадоў Аляксандр Лукашэнка пачаў гэты дзень адзначаць як найбольшае нацыянальнае сьвята ў краіне – Дзень Рэспублікі, заадно ліквідуючы дзяржаўнае сьвята 27 ліпеня.
75 – 8.07.1949 г. у Жданаве Вінніцкай вобласьці нар. а. Уладзісаў Завальнюк, каталіцкі сьвятар і рэлігійна-культурны дзеяч, прыхільнік беларусізацыі каталіцкага касьцёла на Беларусі. Віншуем!
70 – 7.08.1954 г. у Мсьціславе нар. Алег Трусаў, археоляг, гісторык, грамадзкі і палітычны беларускі дзеяч, старшыня Таварыства Беларускай Мовы. Віншуем з юбілеем!
65 – 14 жніўня 1959 г. памёр у Чыкага (ЗША) выдатны беларускі грамадзкі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік Эдуард (Эдзюк) Будзька. Нарадзіўся 22.03.1882 г. у Будславе Вілейскага павету. Вышэйшую эдукацыю пачаў у Рыжскім палітэхнічным інстытуце, спыніў навуку з-за беднасьці. Арганізаваў беларускі рух у Рызе. З 1906 г. пастаянна друкаваўся ў „Нашай Ніве”, былі публікаваныя ягоныя вершы, пераклады, публіцыстычныя тэксты. У 1918 г. быў адным з арганізатараў у родным Будславе беларускай гімназіі (хутка зліквідаванай польскімі ўладамі). Актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху жывучы ў Каўнасе і Рызе. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Менску і ў Баранавічах. Будучы ў эміграцыі таксама актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці, публікаваў між іншым свае ўспаміны ў месячніку „Бацькаўшчына”.
50 – 11.08.1974 г. у Полацку адкрыты помнік Францыску Скарыне.
40 – 25.07.1984 г. у Менску памёр Уладзімір Караткевіч (нар. 26.11.1930 г. у Оршы), выдатны беларускі пісьменнік, стваральнік беларускага гістарычнага рамана. Пахаваны на Усходніх могілках.
35 – у ліпені 1989 г. у Лондане пачаў выдавацца царкоўна-грамадзкі часопіс праваслаўных беларусаў «Голас Часу». Рэдагаваў Юры Весялкоўскі. Друкаваўся да 1996 г.
30 – 26.08.1994 г. у Менску памёр Сяргей Новік-Пяюн, беларускі паэт (нар. 27.08.1906 г. у Лявонавічах каля Несьвіжа). У міжваенны час сасланы польскімі ўладамі на Памор’е, у час ІІ сусьветнай вайны перажыў лагер сьмерці ў Калдычаве, пасьля вайны сасланы савецкімі ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў 1956 г. Аўтар зборнікаў вершаў „Заўсёды з песьняй” (1984) і „Песьні з-за кратаў” (1993). Яго песьні „Зорачкі”, „Над Шчарай” сталі вельмі папулярнымі. Пахаваны ў родных Лявонавічах.
Апрацавалі
Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская