
Фота арганізатараў
Упершыню прыйшлося мне быць на літаратурным фестывалі „Гледзячы на Усход” у Будзе-Рускай на Сувальшчыне. Ад дванаццаці гадоў кожнае лета на панадворку агратурыстычнай сядзібы спадарства Мальчэўскіх збіраюцца там людзі, якіх яднае любоў да нашага шматкультурнага рэгіёну ды зацікаўленасць шырэйшым светам – менавіта на ўсход адсюль, аж па Сібір і Азію. Падчас фестывалю праходзяць сустрэчы з пісьменнікамі і рэпарцёрамі, адбываюцца размовы пра кнігі і блізкія ды далёкія падарожжы. Галоўным арганізатарам з’яўляецца Пётр Мальчэўскі – вядомы фатограф і падарожнік, які ў Будзе-Рускай жыве з сям’ёй каля трыццаці гадоў, а пераехаў сюды з недалёкага Аўгустова.
На сёлетні фестываль быў я запрошаны на аўтарскую сустрэчу вакол маёй кнігі „Wierszalin 2.0”. Пры нагодзе цікава мне было таксама наведаць чароўную краіну над ракою Чорная Ганьча, паколькі якраз там таксама быў упершыню. Пра Буду-Рускую, вядома, чуў даўно. Бо тут жа сваю летнюю „рэзідэнцыю” мае былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Адсюль таксама зусім недалёка да Мацьковай Руды, дзе жыў сябра беларусаў – мастак прафесар Анджэй Струміла.
Буда-Руская – гэта вёска, якую амаль трыста гадоў таму заснавалі стараверцы з Расіі, што ўцяклі сюды ад ганенняў. Адтуль і назва. А Буда, бо так называлі паселішчы ўцекачоў, якія спярша выкарчоўвалі лес і займаліся выпальваннем драўлянага вугалю, вытворчасцю дзёгцю і смалы, а таксама паташу (драўлянага попелу для вырабу мыла і шкла). Спакой знайшлі яны на памежжы Прусіі і адносна талерантнага тады Вялікага Княства Літоўскага, куды прыбылі з царскай Расіі сотні, калі не тысячы, праваслаўных, што не падпарадкоўваліся рэформе Царквы, якую ў палове сямнаццатага стагоддзя ўвёў патрыярх Нікан. У Расіі доўга трымаліся сваёй старой веры, хрысціліся двума, а не трыма пальцамі. Урэшце не стрымалі, калі цар і афіцыйная царква абвясцілі іх раскольнікамі і ерэтыкамі. За гэта іх катавалі, кідалі ў турмы, ссылалі ў Сібір і нават спальвалі на кастрах.
Яшчэ да другой сусветнай вайны ў Будзе-Рускай пражывалі амаль адны стараверцы, агулам недзе дзвесце пяцьдзясят асоб. Цяпер засталося іх некалькі чалавек. Пра ранейшую прысутнасць тут стараверцаў сведчыць перад усім гістарычная архітэктура будаўніцтва, у тым ліку найстарэйшы вясковы дом, які належыць Пятру Мальчэўскаму. Паблізу засталіся яшчэ парэшткі стараверскіх могілак.
Сувальшчына гэта наогул не менш шматкультурная краіна чымсьці наша Беласточчына і Падляшша. Тут стагоддзямі побач сябе жылі палякі, літоўцы, беларусы, расіяне, а ў мінулым таксама яўрэі і татары. А гэта ж яшчэ і гістарычная зямля яцвягаў, якія ў сярэднявеччы засялялі аграмадную тэрыторыю адсюль аж за Гродна і да Белавежскай пушчы.
Менш-больш каля Буды-Рускай канчаецца мяжа, да якой дасягала калісь наша простая мова, значыць першабытная беларуская. Сляды па ёй засталіся там перад усім у характэрным мяккім вымаўленні цяпер польскіх слоў. Таксама ў выглядзе беларусізмаў. Некалькі гадоў таму я выпадкова слухаў радыёрэпартаж, у якім дзядуля недзе адтуль распавядаў, як pies brzechał…
Пры нагодзе крыху паездзіў я на аўтамабілі па ваколіцы. Стаяла гарачае летняе надвор’е. Амаль не відна было жывога чалавека, нешматлікія жыхары як і прыезджыя турысты пахаваліся ад спёкі па дамах. Нейкі рух быў толькі ля некаторых крам, якія ў гэтыя святочныя дні працавалі.
Тамашні краявід крыху такі як паблізу майго Вострава каля Крынак. Ехаў я аўто дарогамі пасярод падобных палёў, пагоркаў і лясоў. Толькі такіх вёсак як у нас там амаль няма. Пераважаюць паасобныя сялібы ў полі. Але сялян ужо таксама там надта мала. І наогул краіна бязлюдная не менш як і нашы вёскі. Зямля тут, відаць, слабейшая, хаця і ў нас не найлепшая. Але там я нават не заўважыў, каб дзесьці расла бульба.
Літаратурны фестываль, на які быў я запрошаны – незвычайны. Аўтарскія сустрэчы, прэзентацыі фільмаў і фатаграфій ды размовы на важныя тэмы адбываюцца ў свабоднай атмасферы і вясковай цішыні. Мастацкае мерапрыемства напамінае крыху летні пікнік з кірмашом. Прадаюцца шашлыкі, жараныя кілбаскі, а побач рукадзелле, сувеніры ды – вядома – кнігі. Панадворак мяжуе з невялікім возерам, дзе можна крыху астудзіцца – як ад спёкі, так і часам ад гарачых фестывальных дыскусій. Людзі прыязджаюць сюды з розных куткоў Польшчы і нават свету. Таксама сем’i з малымі дзеткамі, для якіх арганізатары ладзяць гульні і майстар-класы.
Перад сустрэчай са мною адбылася размова з Енджэем Маравецкім вакол яго кніжкі „Рыхтуй сані летам” (поўны загаловак:„Szykuj sanie latem. Syberyjski mesjasz i podróż do kresu rosyjskiego snu o zbawieniu”). Так як мой „Wierszalin 2.0” яна таксама распавядае пра буйны рэлігійны рух, толькі значна далей – у Сібіры, і больш як паўвеку пазней. Тым не менш арганізатары фестывалю невыпадкова нас двух запрасілі і разам паставілі ў праграму ў той жа час. Я хутка аднак сарыентаваўся, што ўсё-такі апісаныя намі падзеі ў многім не супадаюць, хаця пэўныя паралелі можна заўважыць.
Енджэй Маравецкі пятнаццаць гадоў за мяне малодшы. Яшчэ як школьнік на пачатку 1990-х гадоў дабраўся ён аўтаспынам у Маскву, а пасля дзесяці гадоў з сябрам-фатографам атрымаў навуковы грант на паездку ў Сібір. Як аспірант Вроцлаўскага ўніверсітэта стаў даследаваць новыя рэлігійныя супольнасці ў Расіі пасля развалу Савецкага Саюза. Асабліва пацікавіўся неверагоднай сектай вісарыёнаўцаў, якую стварыў у сібірскай тайзе былы міліцыянер.
Так як наш Валодзя Паўлючук доктарскую дысертацыю напісаў у асноўным пра „прарока” Ільлю з Грыбоўшчыны, так Маравецкі зрабіў гэта па тэме грамадска-рэлігійнага феномену новага „месія” з Сібіры.
Паколькі Ілья Клімовіч не прыдумаў новай рэлігіі, тая абшчына ўвесь час аставалася праваслаўнай, то вісарыёнаўцы – гэта фактычна секта. У 1991 годзе заснаваў яе 30-гадовы былы радавы супрацоўнік дарожнай міліцыі, які абвясціў сябе „Жывым Хрыстом”, абраўшы псеўданім Вісарыён. У пасёлку каля возера Тыберкуль у Сібіры пачаў прапаведаваць новую рэлігію, якая змяшчае ў сабе элементы праваслаўя, будызму, акультызму і экалогіі. Хутка знайшоў ён шматлікіх „вернікаў” з усяго былога СССР і нават з Заходняй Еўропы. Не былі гэта простыя сяляне як прыхільнікі Клімовіча. Да Вісарыёна далучыліся пераважна адукаваныя людзі, інтэлігенцыя і творчая эліта, таксама былыя афіцэры вайскоўцы. Пасля распаду Савецкага Саюза людзі з вышэйшай адукацыяй і тонкай псіхікай часта адчувалі сябе непатрэбнымі, шукалі новы сэнс жыцця, духоўны паратунак і экалагічна чыстае асяроддзе, далей ад „цынічнага і бруднага” свету гарадоў. Вісарыён прапанаваў ім гатовую прыгожую ўтопію.
У 2025 годзе суд урэшце ліквідаваў тую абшчыну. Вісарыён і яго блізкія супрацоўнікі атрымалі вялікія турэмныя тэрміны за псіхалагічнае насілле і махлярства.
Аўтарскую сустрэчу са мною ў Будзе-Рускай вёў Анджэй Байгуз з Радыё Беласток. Пытаў ён мяне, вядома, пра пэўныя паралелі ў маёй кніжцы да секты вісарыёнаўцаў, але размова пайшла у іншым кірунку. Я гаварыў пра розніцы, але перш за ўсё тлумачыў, чаму трэба было мне апісаць гэтую гісторыю нанова. Каб адкінуць хлусню і міфы. Паколькі большасць прысутных маёй кнігі яшчэ не чыталі, удалося мне разбудзіць у іх цікавасць. Раскупілі ўсе трыццаць паасобнікаў, якія я прывёз на фестываль. Пасля сустрэчы шмат хто папрасіў аўтограф.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар











