Георгій Валкавыцкі ў 1956 годзе шукаў супрацоўнікаў новай „Ніве”. Меў ён… слабасць да паэтаў. Мікола Матэйчук намякнуў: „У Міхалове жыве здольны паэт, але, кажуць, гэта… «Шэршань»”. Пад такім псеўданімам выступаў быў у беларускамоўнай „Новай дарозе”, якую з сакавіка 1942 г. немцы выдавалі ў Беластоку, вельмі востры і папулярны сатырык. Ягоныя тэксты падабаліся былі чытачам.
Рэдактар Валкавыцкі прыдаваў вялікае значэнне гумару і сатыры ды яе прыцягальнасць таксама для чытачоў новага беларускага тыднёвіка. Але ў рэдакцыю Мікола прывёў маладога, каля трыццаці гадоў, хлопца ў тэлескапічных акулярах. Захапіў ён з сабою шмат вершаў, былі сярод іх і гумарыстычныя. З „Шэршнем”, казаў рэдактару незнаёмы, але ў ягоныя Тапаляны заглядаў быў на радзіму жонкі галоўны рэдактар „Новай дарогі” Хведар Ільяшэвіч, і ў пастушка Ваціка выманіў вершык ды апублікаваў пасля апрацоўкі ў сваёй газеце. З-за таго няшчаснага твора пасля вызвалення тапалянскі хлопец – „Малы „Шэршань” – трапіў у рукі беластоцкай бяспекі яна і выбіла яму з галавы праз вочы пісанне ваенных вершыкаў. Але ж Андрэй Сошка (Вацлаў-Уладыслаў Асіповіч) стаў на пасаду паэта ў „Ніве”. Без іншых абавязкаў. У красавіку 1956 г. стартаваў ён з першай падборкай тэкстаў, „Агафонам Аброткай”, вершаванай рубрыкай для дзяцей з малюнкамі Юзафа Мазалеўскага ды сатырычнымі вершамі, якія падпісваў „Корань”. А з Краснаярскага краю прыйшлі вершы „Сібірака” (1957), з’явіўся і ён сам, пажылы чалавек, у доўгай скуранай куртцы, і прадставіўся: «Шэршань». Не ведаў, дзе спыніцца. Абяцаў Георгію Валкавыцкаму пісаць у „Ніву”, але выйшаўшы з рэдакцыі знік назаўсёды. А Вацлаў Асіповіч, напалоханы кастрамі ў Міхалове ў час „кастрычніка”, калі запалалі на іх разам з кнігамі класікаў марксізму-ленінізму таксама кнігі Купалы ды Коласа, вырашыў пакінуць рэдакцыйны штат, а нават і пісанне пад псеўданімам, зачапіўся на працу вахцёрам у вайсковай клініцы.
– Ён жа, Вацік, і „Шэршань” быў, і „Малы”, да вайны верш апублікаваў яму Хведар Ільяшэвіч. Жонка Ільяшэвіча нас вучыла ў Тапалянах, я з іхнім Юркам вучыўся, ён быў у класе вышэй, хоць я крыху старэйшы, – казаў Мікла Краўчук, паэт з Патокі родам. Шкада, што ты не да мяне звярнулася ў справе Асіповіча, – яшчэ да яго смерці з ім сустрэлася б, пакуль ён цалкам не аслеп. Добры быў з яго паэт. Цяпер людзі кажуць, што сусед ягоную спадчыну прысабечыў, вершамі як сваімі хваліцца, тымі, што Вацік „Краўчукоў” па-польску напісаў.
Як Вацлаў кінуў „Ніву”, так больш і не адазваўся, казаў рэдактар, хаця ведаем, што тэксты яго яшчэ друкаваліся, аж да абняслаўляючага Хведара Ільяшэвіча ў 1965 годзе допісу Аляксандра Амільяновіча. Хоць „Ніву” чытаў да канца, пакуль не страціў зроку. Бо сляпым быўшы, усё хацеў слухаць і гаварыць „па-праваслаўнаму”. Ці то „Толё”, што ў царкве ў Беластоку чытае Евангелле, прыязджаў да яго на гавэнды, ці Тадзік Расінскі прыбываў, каб зноў камусьці напісаць якое прашэнне ў суд ці самому пазмагацца за міхалоўскую ачышчальню… У новы дом, пабудаваны па вуліцы Фабрычнай у Міхалове, сабраны з трох тапалянскіх стадолаў, перанёс быў сваю вялікую бібліятэку, якую складалі ў пераважнай большасці беларускія і рускія кніжкі. У новы шыкоўны дом, які застаўся цяпер жончыным сваякам. Рысек Філіпчук, па прафесіі шафёр, разам з маці і бацькам Алёйзым, католікі, дагледзелі вуйка пасля смерці цёткі Ванды. Не цікавіліся занадта ягонымі літаратурнымі справамі. Калі страціў зрок, не мог ужо пісаць, прыносілі ўсё новыя плёнкі да шпулечнага магнітафона – запісваў на ім свае роздумы. Меў яшчэ надзею вярнуць сабе зрок – лекары давалі яму гарантыю, што будзе прынамсі перад сабою ліст паперы бачыць ці талерку. На жаль, і гэта не ўдалося. Надта ўражлівы чалавек яшчэ раз падаўся ва ўнутраную эміграцыю, як тады, пасля „Нівы” і кранючай сэрца расправы над кнігамі… І ягоныя пісьмёны на канец амаль усе паглынуў агонь – чатыры мехі вершаў, лістоў і запісаў, пасля рамонту новай хаты, ужо пасля ягонай смерці. „Калі б мы ведалі, што ягоныя паперы пані прыдадуцца, – кажа мне жончын пляменнік, – то захавалі б больш. Адно засталіся «зборнічкі», якія ён склаў у 1946, 1962 і дзённік „Чорныя календары” ад 1974 года”.
Шукала я слядоў Вацлава Асіповіча не так і доўга, бо пару месяцаў, крыху кругаля. Ведаючы пра ягоны кантакт з Ільяшэвічамі, трапіла ў Шчэцін. Знайшла чалавека падобнага лёсу, з такім самым імем і прозвішчам, дарэчы, таксама 1927 года нараджэння. А Вацлаў Асіповіч пісаў быў у Шчэцін, але туды ніколі не даехаў. У беластоцкім загсе сказалі, што ў 1962 годзе выпісаўся ён з Беластока ў Міхалова і што быў прадаўцом. А працаваў ён быў у краме з мундзірамі для войска і міліцыі, а пасля вахцёрам у клініцы па вуліцы Цёплай у Беластоку. „Калі Вацік быў на вахце, дык усе нашы людзі прыходзілі ў бальніцу да сваіх хворых у госці ў любы час, – успамінае Ніна Вазнеўская, жыхарка Міхалова, таксама ўраджэнка Тапалян. – Увогуле добры быў чалавек, спакойны, разважлівы, чалавечны. Абое добрыя людзі, і ён, і Ванда, яна працавала ў дзіцячым садку. Меў дзве сястры, але гэта Вандзін брат з жонкаю ды іх дзеці апекаваліся імі. Спачатку занемагла Ванда, упала, пасля хварэла, памерла два гады да Ваціка. Аж міла было глядзець, як Філіпчукі вялі дзядзьку ў касцёл, шчыра яму ва ўсім памагалі. Вельмі добрыя людзі. Простыя…”
Сапраўды, адкуль было ім ведаць, што камусьці спатрэбяцца сотні запісаных лісточкаў-кавалачкаў душы загубленага ў жыцці чалавека з вялікім пачуццём гумару і ранімай душою, іхняга сваяка, добра вядомага звычайнага дзядзькі, да якога ішлі людзі за дапамогай – юрыдычнай і іншай? Казаў сваячцы: „Вы яшчэ на гэтым заробіце шмат грошай!” Засталіся адно „польскія” кніжачкі-нататнікі, нават са зместам, як у сапраўднай кнізе – роздумы „Кроплі”, „Зялёныя думкі”, „Гарызонты”, трагічныя дзённікі „Чорныя календары” – па-польску напісаныя, бо адно іх расчытаць мог пляменнік-кіроўца; калі што, кажа, то і іх здасць у макулатуру ці спаліць, бо нашто мае хто чужы іх чытаць?! А я трымаю ўсё тое ў руках, як найбольшы скарб – не дарма Георгій Валкавыцкі знайшоў быў яго пры пачатку „Нівы”, не дарма пасля загадаў мне: „Ідзі, знайдзі Андрэя Сошку!” І знайшла ягоныя „кроплі”, і яны зноў у „Ніве”. Перадам іх як памятку ў Майстэрню фільму і фатаграфіі, што таксама па вуліцы Фабрычнай у Міхалове, два дамы ад яго новай хаты са старых дылёў, у якой цяпер жывуць чужыя.
Міра Лукша
1 каментар да “Вацік Асіповіч на пасадзе паэта”