Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гадавіна

Францішак Аляхновіч – бацька беларускага тэатра, якога не любяць нашыя рэжысёры

Цікава, а колькі беларускіх тэатральных дзеячаў святкавалі ў гэтым месяцы 140-гадовы юбілей Францішка Аляхновіча, аднаго са стваральнікаў і гісторыкаў нацыянальнага тэатра, першага, хто пачаў рабіць на Беларусі сваё кабарэ, ставіць казкі з удзелам дзяцей і здзіўляць бескампраміснымі гарадскімі драмамі з жыцця інтэлігенцыі?

Чамусьці імя Аляхновіча ў нас мала папулярнае. Так, з’яўляліся час ад часу ў асобных тэатрах яго спектаклі. І толькі.

І гэта вельмі дзіўна.

Менавіта Францішак Аляхновіч увёў у нашу драматургію вобраз жанчыны-вампа.

Менавіта ён першы ў сваіх п’есах пачаў пазбягаць адраджэнскай дыдактыкі, а проста ствараў па-эстэцкі яркія, займальныя і зразумелыя самаму рознаму люду творы.

У адрозненні ад многіх з нас, ён ніколі не рабіў з сябе ахвяру, не насіў маскі «барацьбіта». Ува ўсіх сваіх творах заўсёды заставаўся надзвычай шчыры, унутрана-свабодны, і, што найважнейшае, самаіранічны!

Францішак Аляхновіч (1883-1944)
Францішак Аляхновіч (1883-1944)

Марыў, каб беларускі тэатр як найхутчэй пазбавіўся абручоў правінцыяльнасці ды ўвайшоў у агульнаеўрапейскі кантэкст. У адным са сваіх артыкулаў пісаў: «…рэпертуар наш яшчэ небагаты ў параўнанні з тым, што маюць народы са старэйшай культурай. Беларускі акцёр яшчэ чакае сваіх Ібсэнаў, Гаўптманаў, Андрэевых, Пшыбышэўскіх… Беларуская сцэна яшчэ чакае сваіх Какленаў, Дузэ, Варламавых… Ці дачакаюцца? Ці хутка?»

Аляхновіч быў жарсны, артыстычны і ў жыцці і ў творчасці.

Героі яго п’ес не любяць паўтонаў, яны з істэрычным азартам п’юць, падманваюць, кахаюцца, рагочуць, плачуць, здраджваюць, рабуюць, забіваюць і канчаюць жыццё самагубствам. У іх заўсёды ёсць нейкая высокая мэта, але яна недасяжная і часта мае падкрэслена карыкатурную афарбоўку. Аляхновіч не выкрывае «ўпадачнасць» і «амаральнасць» сваіх герояў, ён іх шкадуе.

Пра нашага героя казалі, што ён сам любіў багемна-рэстараннае жыццё, а нацыянальная дзяячка Зоська Верас з празмернай строгасцю ўспамінала: «Я Ф. Аляхновіча… асабіста ведала… Я да гэтага знаёмства… не імкнулася, бо Ф. Аляхновіч — піў… і з п’яніцамі сябраваў…»

Але каб Аляхновіч «адно толькі піў», то калі б яму хапала часу ў 1918-19 гг. ствараць беларускае кабарэ ў Вільні, і некалькі разоў на месяц цешыць публіку прэм’ерамі сваіх спектакляў, дзе ён нязменна і з вялікай папулярнасцю выконваў галоўныя ролі і быў адным з самых папулярных артыстаў і рэжысёраў таго часу? Калі б яму хапала часу арганізоўваць у першай палове 1920-х вандроўны тэатр у Заходняй Беларусі і цешыць месцічаў і сялян сваімі пастаноўкамі?

Аляхновіч працаваў здзіўляльна шмат, але ён не штампаваў спектаклі. Наш герой кожны раз вырашаў новую эстэтычную, мастацкую задачу. Напрыклад, рыхтуе пастаноўку сваёй першай п’есы «На Антокалі» і ператварае яе ў мюзікл. Першы айчынны гарадскі мюзікл. Або ставіць сялянкі абразок «На вёсцы», робіць яго ў забытым жанры «ідылія». Ці стварае драму «Цені», і перад намі першы ў беларускім тэатры прыклад інтэлектуальнага тэатральнага спектакля. Піша п’есу «Базылішак» – і гэта першая спроба айчыннага фэнтэзі.

У сваім тэатры ён быў рэжысёрам, акцёрам, мастаком, менеджарам. Праўдзівы беларускі Мальер!

І, безумоўна, па натуры з’яўляўся эгацэнтрыкам. Напрыклад, не змог у 1918-м годзе супольна працаваць з кіраўніком Беларускага Дзяржаўнага Тэатра Фларыянам Ждановічам, і ўжо праз месяц ультыматыўна звяртаўся да кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі: «Лічу патрэбным не адкладаючы распусціць трупу „Бел. Дзерж. Т.“, паручыць мне сарганізаваць трупу „Бел. Нар. Тэатру“ і апавясціць аб гэтым у мейсцовых газэтах». І ўлады задавальняюць яго просьбу.

Але падобны рэзкі характар не замінаў яму быць сапраўдным сябрам і ратаваць людзей ад небяспекі. Калі Вільню напачатку 1920-х раптоўна занялі польскія легіянеры, то Францішак Аляхновіч ратаваў Максіма Гарэцкага, які быў звязаны з камуністамі, сябраваў з Вільгельмам Кнорыным, супрацоўнічаў з шэрагам бальшавіцкіх газет і таму быў зусім незацікаўлены быць затрыманым.

Сам Гарэцкі пазней успамінаў: «…без асабліва настойлівай просьбы /…/, з безумоўна вялікай рызыкай для сябе, пад кулямі, Аляхновіч вёў мяне з гасцініцы „Брыстоль“ да сябе на кватэру на Маставой вуліцы…».

Калі ж у канцы кастрычніка 1926 года супрацоўнікі ГПУ падманам запросяць Францішка Аляхновіча жыць ва Ўсходнюю Беларусь, выпішуць яму савецкі пашпарт і ў першыя дні новага года арыштуюць, то менавіта Максім Гарэцкі будзе змагацца за яго вызваленне і арганізоўваць калектыўныя лісты ў падтрымку сябра.

Францішак Аляхновіч, які многае перажыў (падчас 1-й сусветнай ад голаду ў яго памірае дзіця, затым з 1927 па 1933 гг. адбывае зняволенне на Салаўках) заставаўся чалавекам са здзіўляльна моцным характарам. Але многія яго персанажы-мужчыны былі яму супрацьлегласцю.

Францішак Аляхновіч ці не адзіны наш драматург і празаік, які з нястомнасцю апісваў мужчынскую нікчэмнасць і слабасць. Мужчына ў яго творах не здольны ствараць. Адзінае, што яму ўдаецца, – гэта бурыць і руйнаваць усё вакол сябе.

Маленькі хлопчык з апавядання «Дзіцячыя слёзы» закахаўся ў сяброўку сваёй маці. Калі ён даведаўся, што аб’ект яго кахання выходзіць замуж, то ўчыняе скандал: імкнецца адцягнуць дзяўчыну ад жаніха, чапляецца за вясельную сукенку, хоча падраць яе на кавалкі.

Скрыпач Сцяпан (п’еса «Цені») кахаецца з кватаранткай, у выніку чаго давёў да самагубства сына і жонку.

У іншага бяздзейнага гаротніка (з п’есы «Страхі жыцця») жонка памірае ад голаду, дачка становіцца прастытуткай і пакутуе на венерычную хваробу. Герой вар’яцее. Адзінае, што можа прыдумаць, – гэта прынесці ахвяру: забіць малога сына.

Дарэчы, татачкі ў творах Аляхновіча толькі і мараць пра тое, каб пазбавіцца ад сваіх сыноў: яны іх б’юць, рэжуць, лаюцца, сваёй няўвагай  даводзяць да пятлі. Усімі сіламі робяць так, каб не мець працягу свайго роду. Чаму? Бо, па сутнасці, драматург у вобразе такіх несамавітых герояў выяўляе перад намі вобраз тагачаснага беларуса – палахлівага, нацыянальна-інертнага, які дзякуючы сваёй духоўнай глухаце сам сябе асуджае на нябыт. Ну, і як тут не згадаць тое, што бацька самога Аляхновіча – няўдалы тэатральны і рэстаранны скрыпач Караль толькі і рабіў, што сварыўся на свайго сына, забараняў яму займацца тэатрам, з-за чаго Францішак уцёк з дому ў 18-гадовым узросце і больш свайго бацьку ніколі не бачыў.

Цікава тое, што сам Аляхновіч заўсёды быў добрым бацькам сваім сынам. І нават пасля разводу заўсёды знаходзіў час, каб займацца дзецьмі: вадзіў іх у тэатр, ладзіў вандроўкі, узбагачаў іх інтэлектуальна, адзінае, што не запрашаў у кіно, бо не любіў гэтага віду мастацтва.

Цікава таксама і тое, Аляхновіч, які быў цудоўным сябрам, у сваіх п’есах паказвае мужчын, якія менавіта няздатныя на сапраўднае сяброўства. Слабыя, нягеглыя, хворыя розумам мужчыны з яго п’ес нагадваюць капрызлівых і злых дзяцей. Усе гэтыя скрыпачы, няздзейсненыя паэты, змагары за нацыянальнае шчасце кіруюцца выключна сваімі эгаістычнымі эмоцыямі. Любая жанчына, якая б ні была моцная і жыццярадасная, як бы ні хацела супрацьстаяць гэтым разбуральным памкненням, – гіне. Бо запознены мужчынскі інфантылізм, паводле Аляхновіча, смяротна небяспечны. Ён забівае.

Калі ў сусветным мастацтве, асабліва ў экспрэсіяністаў (успомнім таго ж Эдварда Мунка) вобраз смерці, метафару вампірскіх сіл вельмі часта ўвасаблялі жанчыны, то Аляхновіч сваёй рызыкоўна-бліскучай творчасцю паказвае адваротнае.

Тыя ж п’есы драматурга, дзе пануе шчасце і гармонія, а мужчына выглядае сапраўдным героем, абаронцам сваёй каханай («Базылішк», «Заручыны Паўлінкі»), носяць падкрэслена фантазійны і ад таго непрыхавана іранічны характар. Падобнае, паводле аўтара, здзяйсняецца толькі ў казках.

Выдуманы беларус можа перамагчы любую пачвару, аб’яднаць дзеля высокай ідэі народ, здзейсніць самы неверагодны подзвіг. Беларус рэальны, на думку Аляхновіча, з большым імпэтам уцячэ ў выратавальныя абдымкі алкаголю, згубіцца ў лабірынтах уласных страхаў, звар’яцее, але ніколі не здолее зрабіць так, каб яго каханая (як і Беларусь) паверыла яму, адчула, што пра яе будуць клапаціцца, абароняць, умацуюць сваёй любоўю, не кінуць на згубу.

Амаль усе п’есы Франца Карлавіча – пра тое, што, пакуль Беларус не вырвецца з палону запозненага інфантылізму, яго краіну чакае маруднае кананне.

Ці могуць згадзіцца з такой радыкальнай і вельмі непрыемнай думкай большасць сучасных мужчын-рэжысёраў? Ці захочуць знайсці ў сабе сілы і жаданне надаць новае жыццё рызыкоўным ідэям Аляхновіча?

Не думаю.

Таму нядзіўна, што ўвага да 140-гадовага юбілею Францішка Аляхновіча мінімальная, а большасць яго п’ес (і, дарэчы, з вялікім поспехам!) пастаўлены самім аўтарам яшчэ дзевяноста-сто гадоў таму назад.

Магіла Францішка Аляхновіча на могілках Росы ў Вільні
Магіла Францішка Аляхновіча на могілках Росы ў Вільні

Прыдумляць спектакль, з якога можна даведацца не самае лепшае пра сябе ж самога, – у каго на гэта хопіць моцы? Відаць, толькі ў якой-небудзь невядомай дагэтуль… дзяўчыны-рэжысёра.

Жанчыны ў нас заўсёды вызначаліся мужнасцю.

Васіль Дранько-Майсюк

1 каментар да “Францішак Аляхновіч – бацька беларускага тэатра, якога не любяць нашыя рэжысёры

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (210) – 18.04.1814 г. у Лагойску нар. Яўстафій Тышкевіч, археоляг, гісторык і краязнавец. Закончыў Менскую гімназію (1831), заснаваў Віленскі музэй старажытнасьцяў і Віленскую археалягічную камісію, вывучаў курганы, гарадзішчы і
  • (121) – 18.04.1903 г. у Пабокавічах каля Бабруйска нар. Платон Галавач, пісьменьнік. Друкаваўся з 1921 г., аўтар зборнікаў „Дробязі жыцьця” (1927), „Хочацца жыць” (1930), „Апавяданьні” (1934). Расстраляны 29.10.1937 г., праўдападобна ў Курапатах.
  • (103) – 18.04.1921 г. афіцыйнае адкрыцьцё ў Менску Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту.
  • (58) – 18.04.1966 г. памёр у Кліўлендзе (ЗША) беларускі нацыянальны дзеяч Станіслаў Грынкевіч (народжаны 23.02.1913 г. у Новым Двары на Дуброўшчыне).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis