Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Артыкул-серыял, прысвечаны 95-годдзю са дня нараджэння пісьменніка

Уладзімір Караткевіч: чалавек, які даў надзею

7. Пакуль усё складваецца добра

У канцы 1950-х гг. для маладога, таленавітага, свабодалюбівага паэта Уладзіміра Караткевіча здавалася ўсё як мае быць. Карыстаючыся хрушчоўскай адлігай, ён ствараў падкрэслена несавецкія вершы пра паўстанца ваўкалаку, брутальнага Машэку, князя Вячку і, як быццам, не заўважаў той рэальнасці, якая яго акружала. 

Караткевіч, як і некаторыя іншыя ягоныя калегі, думаў, што цяпер можна не прытрымлівацца дакучлівых правілаў сацыялістычнага рэалізму, можна забыць пра страх і нарэшце быць самім сабой.

Менавіта ў гэты час свае першыя празаічныя шэдэўры пішуць Міхась Стральцоў і Васіль Быкаў, пачынае здзіўляць нечакана-вострай паэзіяй Аляксей Пысін, вельмі цікава праяўляюць сябе Барыс Сачанка, Алесь Наўроцкі ды Іван Пташнікаў.

Уладзімір Караткевіч на прыродзе
Уладзімір Караткевіч на прыродзе

Асмялелая беларуская нацыянальна арыентаваная моладзь пачынае ў друку выказваць незадаволенасць русіфікатарскай палітыкай Крамля. 

Напрыклад, у калектыўным артыкуле „Шанаваць родную мову” (ЛіМ, 1958 г., № 3, 8-га студзеня) студэнт Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума В. Голуб піша: „Не да гонару студыі „Беларусьфільм”, што фільмы яе гучаць не па-беларуску, а Акадэміі Навук БССР тое, што такія кнігі, як „Гісторыя БССР”, „Гісторыя Мінска”, „Беларускае мастацтва”, выпушчаны ў свет у першую чаргу на рускай мове…”. Настаўнік Валейкаўскай школы Смаргонскага раёна М. Прашковіч адзначае: „Я ў мінулым годзе скончыў беларускае аддзяленне нашага ўніверсітэта. Лекцыі на роднай мове слухаў толькі на беларускай мове і літаратуры. І я цяпер вельмі радаваўся б за тых, хто там вучыцца, калі б яны слухалі і іншыя дысцыпліны на роднай мове”.

Уладзімір Караткевіч у гэты час пачынае пісаць першы беларускі гістарычны дэтэктыў „Дзікае паляванне караля Стаха”, дзе ў алегарычнай форме (дзеянне фармальна адбываецца ў сярэдзіне 1880-х гг.) паказвае ўсю тую духоўную дэградацыю, якую займеў наш народ, запалоханы інфернальнымі „дзікімі паляваннямі” (правобраз сталінскіх спецслужбаў). 

Акрамя таго ён плануе напісаць шматтомную гісторыю Беларусі, якая б складалася з рыцарскіх раманаў, прыгодніцкіх апавяданняў і аповесцяў, казак і апрацовак легенд, вершаў і паэм. Дэбютуе, як драматург. Яго п’еса на тэму акупацыі Оршы „Млын на Сініх вірах” атрымлівае заахвочвальную прэмію, па ёй здымаюць тэлеспектакль.

Здаецца, усё складваецца добра, але ў пачатку 1958 года пачынаюцца першыя крытычныя нападкі.

 

8. Крытыкі пачынаюць кусацца

Атаку на творчасць нашага героя пачалі не сталічныя журналісты, а родныя, аршанскія. 

У газеце „Ленінскі прызыў” (той самай, дзе Караткевіч у свой час дэбютаваў, як паэт) яго вінавацяць у няўвазе да сучаснасці і ў захапленні перад нашай мінуўшчынай. 

Маладога пісьменніка нечакана падтрымлівае Пятрусь Броўка.

Народны паэт выступае на Чацвёртым пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (люты, 1958 г.) і з абурэннем кажа: „Ёсць выпадак, калі адна раённая газета проста не зразумела свайго абавязку па выхаванню літаратурнай моладзі. Малады, здольны беларускі паэт Уладзімір Караткевіч змясціў у часопісе „Полымя” цыкл вершаў. Былі ў гэтых вершах і некаторыя хібы і фармалістычныя памылкі. Аршанская раённая газета (Ул. Караткевіч працуе ў Оршы настаўнікам) замест таго, каб па-дзелавому разабрацца ў творчасці маладога паэта, пакрытыкаваць і дапамагчы яму, абвясціла ледзь не ўсе яго вершы заганнымі, стварыўшы маладому паэту немагчымую абстаноўку для работы”.

Пятрусь Броўка меў рацыю, вакол Караткевіча пачынае складвацца цяжкая атмасфера. 

Скарыстаўшыся шанцам паехаць павучыцца на літаратурных курсах пры інстытуце імя Максіма Горкага, наш герой у канцы жніўня 1958 года з’язджае ў Маскву. 

У гэты самы час у яго выходзіць першая кніга. 

Першапачатковая назва „Белая вясёлка” была заменена на „Матчыну душу” па парадзе рэцэнзента Анатоля Вялюгіна, які вельмі спагадна выказаўся пра рукапіс: „Да гэтай кніжкі нельга ставіцца так, як звычайна ў нас разглядаюць першы зборнік маладога аўтара. Зборнік Уладзіміра Караткевіча сведчыць аб спеласці і арыгінальным таленце паэта. Таму скажу адразу: кніжку абавязкова трэба выдаць”.

Але не ўсе выказваліся так жа добразычліва.

Выдадзены ў Мінску ў 1958 г. першы зборнік паэзіі Уладзіміра Караткевіча
Выдадзены ў Мінску ў 1958 г. першы зборнік паэзіі Уладзіміра Караткевіча

Рыгор Бярозкін у закрытай рэцэнзіі абураўся, што ў кнізе шмат вершаў на „звярыныя тэмы” („Заяц варыць піва”, „Як размаўляюць звяры і птушкі”) і вельмі мала твораў пра нашую гераічную сучаснасць.

Алесь Яскевіч у быццам бы станоўчым артыкуле „Асаблівасці паэтычнага голасу” (ЛіМ. № 90, 12.11.1958 г.) напачатку піша, што Караткевіч „вельмі дакладна… адчувае характар, чалавечае, жыццёвае”, што яго творы „асветлены глыбокай народнай мудрасцю”, але ўжо праз некалькі абзацаў папярэджвае, што: „Караткевічу трэба баяцца захаплення тэхнікай, якая, ператвараючыся ў самамэту, можа загубіць паэзію”, а таксама, што ў аўтара „Матчынай душы” „…былі і ёсць памылкі фармалістычнага характару, якія яму трэба пераадольваць”.

Іван Кудраўцаў у артыкуле „Маладыя галасы” („Полымя”. 1959, №1) лае Караткевіча не за адрыў ад сучаснасці, не за кніжнасць (за якую ўпікаў Бярозкін) ці якія іншыя грахі, а за „слабое мастацкае вырашэнне тэмы” (вершы „Спадарожнік” і „Орша”). Кудраўцаў піша: „На падзею сусветна-гістарычнай важнасці – запуск нашай краінай штучнага спадарожніка Зямлі – паэт адгукнуўся вершам бясколерным, прымітыўным, які ні ў якой меры не перадае значнасці таго, што здзейснілі савецкія людзі…. Прымітыўны, мастацка бездапаможны верш „Орша”. Для паказу сваёй любові да роднага горада аўтар не знайшоў прачулых слоў, свежых паэтычных вобразаў, а задаволіўся першымі, што трапілі пад руку…”

Найбольш жа куслівым быў паэт, сатырык, былы сталінскі вязень Мікола Хведаровіч, які не толькі напісаў некалькі адмоўных артыкулаў, але стварыў шэраг нясмешных пародый на вершы Уладзіміра Сямёнавіча.

Караткевіча абаранялі літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік, дзіцячы пісьменнік Алесь Якімовіч, але іх галасы танулі ў незадаволеным гуле крытычнай большасці.

А што Уладзімір Сямёнавіч? 

Мо прыслухаўся да прэтэнзій? 

Стаў менш „кніжным” і „фармалістычным”? 

Больш пачаў звяртаць увагу да сучаснасці?

У гэты час, жывучы ў Маскве, ён адкрывае для сябе жывапіс Героніма Босха і Пітэра Брэйгеля-старэйшага і складае два вершаваныя шэдэўры, прысвечаныя гэтым майстрам Паўночнага Адраджэння. 

Піша аповесць „Сівая легенда”. 

Дашліфоўвае „Дзікае паляванне караля Стаха”. 

Пачынае працу над „Каласамі пад сярпом тваім”. 

Рыхтуе да друку новую кнігу вершаў „Вячэрнія ветразі”, пра якую абураны Іван Кудраўцаў у далейшым скажа, што ў вершах, прысвечаных бацькаўшчыне зноў няма ніякіх адзнак сучаснасці.

Словам, не гледзячы на высілкі сваіх „добразычліўцаў”, чхаць хацеў Караткевіч на ўсё тое, што яму раілі, за што ганілі, папярэджвалі, павучалі і нават пагражалі.

Хрушчоўская адліга працягвалася і было ўражанне, што ніякія Кудраўцавы і Хведаровічы не перашкодзяць.

Але ў канцы 1950-х крытыкі толькі пачалі пакусваць нашага героя.

Сапраўднае паляванне адбудзецца ў першай палове 1960-х. З’явяцца новыя і вельмі небяспечныя „паляўнічыя” (напрыклад, Якаў Герцовіч). 

І вось тады пытанне быць ці не быць Уладзіміру Караткевічу ў беларускай літаратуры будзе стаяць надзвычай востра. 

Але пра гэта ў наступнай серыі. 

Васіль Дранько-Майсюк

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com