Восенню 1944 года, па ўспамінах Уладзіміра Караткевіча «пасля вызвалення роднага горада пераехаў у Оршу і паступіў у сёмы клас сярэдняй школы, якую скончыў у 1949 годзе».
Вучыўся наш герой добра, аднакласнікі яго любілі за кампанейскасць, уменне дапамагчы (асабліва пад час кантрольных работ ды іспытаў). У юнага Караткевіча фенаманальная памяць. Яму было дастаткова адзін раз паслухаць настаўніка і прачытаць падручнік, як сутнасць урока адразу ж засвойвалася.
Школьны таварыш Леанід Крыгман пакінуў цікавыя ўспаміны пра гэты перыяд: «Я пабачыў яго ўпершыню ў вялікай фуражцы, якая падала яму на вочы. Калі ён падымаў яе, можна было пабачыць яго вялікія, вельмі выразныя вочы, якія былі рознага колеру: адно шэрае, другое карае. Мне сказалі: „Гэта Валодзя Караткевіч”. Сказана гэта было з нейкім асобым зместам. Праз некалькі дзён я зразумеў, што нягледзячы на кпіны з поваду добрага спалучэння яго прозвішча і росту, аднакласнікі вельмі паважаюць гэтага хлопчыка і гатовы заўсёды абараніць яго. Валодзя ў свае 14 гадоў меў літаральна энцыклапедычныя веды па літаратуры і гісторыі. У гэты час, калі бібліятэкі былі амаль што пустыя, вы маглі атрымаць усе неабходныя даведкі ў Валодзі. Іх не трэба было правяраць, бо ўсё было дакладна».
У гэты час наш герой прымаў актыўны ўдзел у школьнай тэатральнай самадзейнасці (асабліва з вялікім натхненнем іграў Добчынскага з камедыі «Рэвізор» Мікаля Гогаля), змяшчаў свае допісы (зазвычай прыгодніцкага кшталту) у рукапісным часопісе «Званочак», па-ранейшаму складаў вершы, спяваў, маляваў і марыў… вырвацца з Оршы, паехаць у Кіеў, які адкрыў для сябе яшчэ летам 1944-га, калі некалькі месяцаў жыў там з сям’ёй у чаканні вызвалення Беларусі.
4. Вучоба ў Кіеве
Ягоная мара здзейснілася ў 1949-м годзе.
Караткевіч паступае на філалагічны факультэт рускага аддзела Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім Тараса Шаўчэнкі.
Як успамінаў наш герой: «Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў».
Акрамя таго Кіеў, з яго багатымі гістарычнымі архівамі, звязанымі ў тым ліку і з беларускай мінуўшчынай (нагадаю, што ў сярэднявеччы мы з Украінай мелі адну дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае); Кіеў з яго бібліятэкамі, музеямі, цудоўнымі выкладчыкамі, якія часта расказвалі сваім студэнтам некананічныя рэчы – многае даў пісьменніку.
Пра свой кіеўскі перыяд Караткевіч напіша амаль аўтабіяграфічную аповесць «У снягах драмае вясна», дзе апісаў сябе: «…чалавекам легкадумным і, па маладосці год, трошкі самаўпэўненым, якому здавалася, што свет і жыццё існуюць толькі для яго… Ніколі яшчэ не кахаў па-сапраўднаму, быў моцны, глытаў кнігі, жыў амаль толькі на адну стыпендыю і лічыў, што пераважная большасць дзяўчат глядзіць на яго з прыхільнасцю».

Менавіта ў Кіеве ён канчаткова вызначыўся, што мусіць пісаць толькі па-беларуску (хаця яшчэ на пачатку сваёй універсітэцкай вучобы казаў, што будзе складаць вершы, друкаваць апавяданні, аповесці, артыкулы і па-руску, і па-ўкраінску, і па-беларуску).
Менавіта ў Кіеве пачаў разумець, што яго цікавіць перадусім беларуская гісторыя. Асабліва фанатычна збірае матэрыялы, звязаныя з паўстаннем 1863-64 гг. Адзінае, ня ведае яшчэ як прымяніць свае гістарычныя веды – як настаўнік, вучоны, драматург, пісьменнік ці публіцыст?
Крыху пазней вырашыў, што хоча стаць літаратуразнаўцам.
Вось як пра гэта пазней згадваў: «Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра „Саборныя дзеянні». (Дарога, якую прайшоў.)
Кіеў познесталінскіх часоў натхняе свабодай. Студэнты (якія прыехалі ці не з усіx куткоў СССР, а таксама з Польшчы, Манголіі, Чэхіі і нават Кітая) спрачаюцца пра культ асобы, крытычна выказваюцца між сабой пра рэпрэсіі, з большым захапленнем чытаюць заходніх аўтараў чым класікаў сацыялістычнага рэалізму.
Менавіта пад час вучобы ў Кіеве Уладзімір Караткевіч дэбютуе ў друку, як паэт.
У нядзелю, 1951 года, 29-га ліпеня, у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» надрукаваны ягоныя два вершы «Здесь будет канал» і «Якубу Коласу».
Гэта яшчэ быў для нашага героя час моўнай нявызначанасці, таму адзін з гэтых вершаў быў на рускай мове, другі – на беларускай.
Нічога адметнага тут пакуль няма.
У рыфмаванцы пра канал паэт радуецца, што, пасярод нейкай пусткі з’явіцца канал, і «…вот теперь по Сталинскому плану пришел народ, чтоб степи оживить».
А ў вершы «Якубу Коласу» пакуль яшчэ не вельмі спрытна складае хваласпеў аўтару «Новай зямлі»: «Пясняр наш, пісьменнік вялікі/ У змрочныя, злыя гады, / Ты быў нашым шчырым музыкай, / Ты нас пазбаўляў ад нуды». Не Якуб Колас, а нейкая зорка эстрады ці кабарэ, якая цешыць публіку ў часы розных ліхалеццяў!
Праўда, да апошняга верша трэба паставіцца з большай увагай.
Нагадаю, што менавіта выданне 1936 года «Савось-распуснік» было першай кнігай, якую прачытаў малы Караткевіч на беларускай мове.
І гэтая вершаваная казка Якуба Коласа, у якой коцік здолеў перамагчы хуліганаў Савося, Антося ды іх сабаку Рудзьку вельмі моцна паўздзейнічала ў ідэйным сэнсе на нашага героя.
Прыгадайце, колькі разоў у далейшым («Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы», «Чорны замак Альшанскі») Караткевічаў смелы адзіночка будзе перамагаць ворагаў, якія пераўзыходзяць яго па сіле і ліку?
Гэта ўплыў у першую чаргу Якуба Коласа.
Праз год пасля Аршанскай публікацыі Уладзімір Караткевіч адважваецца напісаць ліст свайму куміру.
5. Ліст Якубу Коласу
У пачатку ліпеня 1952 года года Якуб Колас атрымлівае пісьмо ад незнаёмага яму студэнта, які настойліва просіць азнаёміцца з дасланымі казкамі, вершамі, апавяданнямі: «Канстанцін Міхайлавіч! Выбачайце за тое, што аднімаю ў Вас каштоўны час. Магчыма, што з гэтай жа справаю я павінны быў звярнуцца ў кабінет маладога аўтара, але тут справа ў тым, што мне трэба не тое, каб заўважылі асобныя недахопы, а каб ацанілі наогул усё. З маленства я звык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся да Вас і ні да каго больш. Калі знойдзеце магчымым напішыце мне, ці варта мне прадоўжваць. /…/ Адны лаюць, іншыя хваляць, але мне ўсё здаецца, што гэта не тое. Вучуся я зараз у Кіеве ва ўніверсітэце, а жыву ў Оршы. Летам шмат часу хаджу па Беларусі. /…/ Казкі, якія ў сшытку стаяць першымі, не выдуманыя. /…/ Першыя дзве казкі чуў я ад свайго дзеда яшчэ да вайны, не памятаў нічога, акрамя сюжэту і асобных выразаў, «Надзвычайную котку», «Мужыка і дзіва» і «Аўтуха-дамоўніка» пашырыў з двух-трох сказаў «Пятра-разбойніка» пачуў у Рагачове ад рыбака Ганцоўскага, які мне сказаў яе «па случаю». /…/ Вершы кепскія /…/. Прыклаў нават два вершы па-руску… Апавяданняў шлю два. Калі ласка, прышліце свой вырак. Яшчэ раз прашу прабачэння».
Мы пакуль не ведаем, як адрэагаваў Якуб Колас на гэты ліст (прынамсі, адпаведныя дакументы пакуль ня выяўлены), але ведаючы добразычлівы характар класіка і тое, як ён спрыяў моладзі, як падтрымліваў у канцы 1920-х Заіра Азгура, Петруса Броўку, Пятра Глебку, хочацца спадзявацца, што і Караткевіч атрымаў станоўчы адказ, бо сапраўды з надасланага ім матэрыялу тут трапляліся і сапраўдныя цуды.
Можна адзначыць, напрыклад тую ж казку «Мужык і дзіва аднавокае», дзе вясёлы п’янаваты герой сустракае ў лесе цыклопападобную пачвару, што хоча яго знішчыць. Вынаходлівы мужык падманам заваблівае гэтае Дзіва ў бутэльку ад самагону, закаркоўвае і такім чынам ратуецца.
Тут, як мы бачым, прысутнічае, што надалей стане маральнай асновай твораў Караткевіча: не бойся, будзь вынаходлівым, не губляй развагі і тады пераможаш любога монстра.
Думаю, гэтая казка павінна была спадабацца і Якубу Коласу.
Любоў да казак у Караткевіча была настолькі вялікай, што ў чэрвені 1954 года ён абараняе дыпломную работу на тэму «Казка. Легенда. Паданне», пасля чаго едзе настаўнічаць у вёску Лесавічы (Тарашчанскага раёна, Кіеўскай вобласці).
Менавіта ў Лесавічах Уладзімір Караткевіч пачне складаць свае першыя класічныя вершаваныя творы «Машэка», «Заяц варыць піва», якія прынясуць яму вядомасць.
Але пра гэта ў наступных серыях.
Васіль Дранько-Майсюк











