Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Асоба

„У абдымках яго душы…”

У Беларусі ёсць некалькі вёсак з назвай Аляксандрыя. Больш вядома сёння шклоўская Аляксандрыя, дзе штогод гучаць песні і скокі, куды прыязджае шмат турыстаў, гасцей, чыноўнікаў розных рангаў… А вось пра зэльвенскую Аляксандрыю, якая знаходзіцца побач з мястэчкам Дзярэчын, ведаюць нямногія, найбольш пра яе чуў тутэйшы зэльвенскі люд.

Зэльвенская Аляксандрыя – неперспектыўная і забытая вёсачка. Гэта ў XVIII стагоддзі фальварак Аляксандрыя ўваходзіў у маёнтак Дзярэчын і быў уласнасцю князёў Сапегаў. Сапегі любілі Аляксандрыю і Дзярэчын. Пра іх добра распавёў пісьменнік Міхась Скобла ў сваёй кнізе „Дзярэчынскі дыярыюш” (Мінск. 1999). Але лепш за ўсё пра Сапегаў напісаў Валянцін Дубатоўка ў кнізе „Архіпелаг Сапегаў” (Мінск, 2002). 

Род Сапегаў упісаў не адну слаўную старонку ў гісторыю Беларусі. А Валянцін Дубатоўка мае асабістыя сімпатыя да Сапегаў, як сказаў у прадмове да кнігі „Архіпелаг Сапегаў” доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. І гэта, сапраўды, так. Аляксандрыю і Дзярэчын любілі не толькі Сапегі, але іх вельмі моцна сёння любіць і Валянцін Дубатоўка. Плюс да гэтага, ён нарадзіўся ў Аляксандрыі 60 гадоў таму – 20 ліпеня 1963 года, а ў Дзярэчынскай сярэдняй школе – вучыўся. Потым скончыў электратэхнічнае вучылішча ў Гродне, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у пажарнай ахове на гродзенскім прадпрыемстве „Азот”…

Валянцін Дубатоўка і Міхась Зізюк, 2019 г.
Валянцін Дубатоўка і Міхась Зізюк, 2019 г.

Бліжэй з Валянцінам Дубатоўкам я пазнаёміўся ў 1995 годзе. А магчыма і раней, ужо не памятаю. У 1995 годзе пісьменнік-зямляк Міхась Скобла прапанаваў мне выдаць у Слоніме факсімільнае выданне зборніка вершаў Ларысы Геніюш „Ад родных ніў”, які быў надрукаваны ў Празе ў 1942 годзе. Фундатарам выдання пагадзілася быць Гродзенскае ТАА „Альгерд” у асобе Валянціна Дубатоўкі, Міхася Чапрасава і Віктара Каладзкага. Я пайшоў да дырэктара Слонімскай узбуйненай друкарні Філіпава Уладзіслава Пятровіча са сваім заказам-прапановай. Уладзіслаў Пятровіч быў вопытным друкаром і кіраўніком адной з лепшых рэгіянальных друкарняў Беларусі. Ён паслухаў мяне, узяў у рукі арыгінал „Ад родных ніў” і сказаў: „Раней такога заказу наша друкарня не мела. Але гэта цікавы заказ і даволі фінансавы для друкарні”. Ён пагадзіўся прыняць заказ і 10 кастрычніка 1995 года ён быў падпісаны да друку. Хутка зборнік надрукавалі накладам у тры тысячы. Валянцін Дубатоўка і яго сябры прафінансавалі выданне своечасова і зборнік „Ад родных ніў” Ларысы Геніюш пайшоў да чытачоў. 

Пасля гэтай добрай справы мы пазнаёміліся бліжэй. Літаратурных сустрэч і мерапрыемстваў было шмат, многа што цікавага мы разам рэалізавалі, ажыццявілі, правялі. І безліч задумак і планаў засталіся пакуль толькі на паперы з надзеяй на іх рэалізацыю.

У 1987 годзе Валянцін заснаваў першы ў Гродзенскай вобласцi музычны кааператыў „Актава”. А з 1992 года займаецца вытворча-камерцыйнай дзейнасцю. Арганізаваў некалі і кіраваў прадпрыемствамі „Вiтаўт”, „Губерт”, „Фрадо”, „Тэх-Еўра-мэбля”, „Рагнеда”. Працягвае займацца гэтым і сёння. Цяпер праблем, праўда, у прадпрымальніцкай дзейнасці хапае, але неяк яшчэ выжывае, працуе. Дзякуючы гэтаму Валянцін Дубатоўка з’яўляўся шчырым фундатарам шматлікіх карысных спраў на Гродзеншчыне. Асабліва ён не шкадаваў фінансаў на выданне кніг землякоў. З яго добрай ласкі свет пабачылі кнігі Пятра Марціноўскага „Наша Лорка”, Юркі Голуба „Поруч з дажджом”, „Багра”, Міхася Скоблы „Розгі ў розніцу”, „Дзярэчынскі дыярыюш” і выданні іншых аўтараў.

Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб, Леанарда Юргілевіч, Аляксей Пяткевіч
Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб, Леанарда Юргілевіч, Аляксей Пяткевіч

Валянцін Дубатоўка – веруючы чалавек. Ён сябруе са святарамі розных канфесій. Асабліва ў шчырых адносінах Валянцін заўсёды быў з архіепіскапам Арцеміем (Кішчанкам, 1952-2023), які сёлета пакінуў гэты свет. У Дзярэчынскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі намаганнямі Валянціна Дубатоўкі ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар ўдзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегі. А ў Зэльвенскай Свята-Троіцкай праваслаўнай царкве, дзякуючы Валянціну, з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар памяці Ларысы Геніюш. Ён быў фундатарам і царквы Усіх Беларускіх Святых у Гродне.

Валянцін Дубатоўка вельмі дасціпны чалавек, уважлівы, шчыры. Але па характару ён розны, мне ў ім падабаецца тое, што яго душа і памяць багаты на гумар. З ім ніколі сумаваць не прыходзіцца. Ён, дарэчы, добра разбіраецца ў музыцы, іграе на розных інструментах, піша тэксты песень і хораша сам спявае. Яшчэ ў маладосці разам з сябрамі іграў на вяселлях, весяліў маладых і гасцей. Разам з тым Валянцін умее сябраваць, мае шмат сяброў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Сяброў Валянцін Дубатоўка ніколі не кіне ў бядзе, заўсёды дапаможа, падкажа, параіць, з ім прыемна гутарыць і разважаць пра наша няпростае жыццё. У характары Валянціна таксама гняздзіцца і нейкі маленькі чыноўнік, нават начальнік. Падобная іскарка не патухла ў ім да сённяшніх дзён. І гэта добра. Не выпадкова літаратары Гродзеншчыны абралі яго кіраўніком абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, які Валянцін узначальваў некалькі гадоў. І, дзякуючы яму, актывізавалася творчая дзейнасць гродзенскіх літаратараў. Былі арганізавана дзясяткі розных сустрэч з чытачамі, конкурсаў, прэзентацый і выступленняў, з’явілася абласное свята паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне, пачаў штогод рэгулярна выдавацца гадавік „Новы замак”, кнігі пісьменнікаў і г.д. Усё гэта адбывалася не без вялікай дапамогі Валянціна Дубатоўкі і яго калег па пяру. На вялікі жаль, цяпер Саюз беларускіх пісьменнікаў ліквідаваны, таму сёння кожны літаратар выжывае па-свойму і кожнаму свая болька баліць. Але, калі патрэбна дапамога, Валянцін Яўгенавіч тут як тут. 

Валянцін Дубатоўка падчас адкрыцця шыльды паэту Нікіфару Жальбе на Дзятлаўшчыне, 2016 г.
Валянцін Дубатоўка падчас адкрыцця шыльды паэту Нікіфару Жальбе на Дзятлаўшчыне, 2016 г.

Валянцін Дубатоўка – творчы чалавек. Бог надзяліў яго талентам пісаць вершы, апавяданні, аповесці, займацца гісторыка-краязнаўчымі пошукамі. У адным са сваіх інтэрв’ю ён сказаў: «Мы, нарэшце, павінны зразумець, што вяртання ў мінулае не будзе. Таму, калi вы вырашылi ўсё ж такi займацца лiтаратурай, рыхтуйцеся змагацца за cвае погляды, за свайго чытача i свае кнiгi. I, самае галоўнае, трэба цiкава i таленавiта пiсаць, каб чытачы вашы кнігі самі пыталі ў крамах». З Валянцінам можна пагадзіцца. 

Пісаць Валянцін Дубатоўка пачаў у школьныя гады, друкаваўся ў зэльвенскай раённай газеце „Праца”, дзе штомесячна выдавалася літаратурная старонка „Зоры на Зальвянкай”, якую рыхтаваў дзярэчынскі настаўнік Пётр Мікалаевіч Марціноўскі. „Колькі маладым талентам вымасціў Пётр Мікалаевіч сваімі рэкамендацыямі і павучальнымі размовамі дарогу ў літаратуру! Настаўнік рабіў усё магчымае, каб яго вучні, якія прайшлі праз літаратурную старонку зэльвенскай раённай газеты „Праца”, упэўнена сталі на літаратурнае крыло…”, — прыгадвае Валянцін Дубатоўка ў кнізе ўспамінаў пра Пятра Марціноўскага „Каб не пагаслі зоры”. Вучань Пятра Марціноўскага пасля „Працы” друкаваў свае вершы і прозу ў „Гродзенскай праўдзе”, „Родным слове”, „Дзеяслове”, „Дзелавой газеце”, „Новым замку”, калектыўных зборніках і іншых выданнях. А ў 2002 годзе ў Мінску ў выдавецтве „Кнігазбор” выходзіць першая кніга Валянціна Дубатоўкі „Архіпелаг Сапегаў”, куды ўвайшлі гістарычныя нарысы пра Сапегаў і падборка вершаў „Знічкамі заплакаў небасхіл…”. У вершах таксама скразной лініяй праходзіць гістарычная тэматыка, прысвечаная Адаму Міцкевічу, Шчорсам, Айчыне, Давыду Гарадзенскаму, Каложы, Бярозаўскаму кляштару… 

Толькі праз 11 гадоў у Гродне з друку выходзіць другая кніга прозы Валянціна Дуботоўкі „Чорная воля”. Падзеі ў гэтай кнізе адбываюцца пераважна напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі, а дакладней на Зэльвеншчыне. Амаль усе творы маюць трагічныя сюжэты. Героі Валянціна Дубатоўкі сяляне, якія ў гэты драматычны перыяд для Бацькаўшчыны трапляюць у складаныя сітуацыі –  калі лёс не пакідае ім выбару, калі цёмныя сілы з двух бакоў – бальшавіцкага і фашыстоўскага – знішчаюць апошні шанец на ратунак. Зборнік пачынаецца невялікай аповесцю „Боты”, у якой апавядаецца пра лёс хутараніна Міколы Шпака. У маладосці ён ездзіў у Амерыку на заробкі. Вярнуўся ў родныя мясціны, купіў зямлю, стварыў сям’ю, пабудаваў цагляную хату. Але не доўга цешыўся шчаслівым жыццём. Спачатку на Слонімшчыну прыйшла чырвоная армія і хутаранін вымушаны, каб уратаваць сям’ю, запісацца ў калгаснікі. А затым пачынаецца вайна, і Шпак увогуле трапляе паміж молата і кавадла – паміж паліцаяў і немцаў з аднаго боку і партызанамі з другога. Усе рабуюць і прымушаюць працаваць на сябе. Яшчэ за Польшчай Шпак пашыў сабе шыкоўныя боты, якія хочуць здабыць для сябе і паліцай Альбін Клімашэўскі, і партызанскі камандзір Сцяпан Кулак. І гэтыя злашчасныя боты прынеслі Шпаку няшчасце. Каб спыніць зачараванае кола цкавання яго і сям’і, Мікола, ужо пасля заканчэння вайны, забівае і аднаго, і другога… 

Наогул, тэма Другой сусветнай вайны, тэма савецкіх партызанаў, пасляваеннае жыццё беларусаў даўно хвалююць пісьменніка, каб праўдзіва паказаць тое, што адбывалася ў Заходняй Беларусі падчас вайны і пасля яе.

У 2017 годзе ў Мінску выдаецца новая кніга Валянціна Дубатоўкі „Чужы”, куды ўвайшлі аповесць „Чужы” і два апавяданні „Брат” і „Іосіф”.

У цэнтры вострасюжэтнай эпічнай аповесці Валянціна Дубатоўкі „Чужы” – жыццё заходнебеларускага хлопца Кастуся Саўчыка, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаванні, але не зламалі яго – у фінале ён даруе жыццё свайму крэўнаму ворагу і тым самым застаецца чалавекам. Дэтэктыўнасць, псіхалагізм, трапнасць мастацкіх дэталяў уласцівыя апавяданням „Брат” і „Іосіф”…

Пабачыла свет кніга апавяданняў і аповесці Валянціна Дубатоўкі „Сімвал веры” (Мінск, 2018) з прадмовай протаіерэя Георгія Роя, які адзначыў, што „новая кніга Валянціна Дубатоўкі, без сумніву, глыбока псіхалагічная, і ў нечым нават правакацыйная. Сэнсавым стрыжнем усіх апавяданняў, сабраных у гэтай кнізе пад адной вокладкай, ёсць тэма веры і чалавечага сумлення”.

Станіслаў Суднік і Валянцін Дубатоўка, 2018 г.
Станіслаў Суднік і Валянцін Дубатоўка, 2018 г.

Ёсць у Валянціна Дубатоўкі яшчэ адна цудоўная кніга „Пажарка – прытулак для самотнага музыкі”. Яе склалі лірычна-хуліганскія нататкі ў прозе. Кніга вельмі арыгінальная, чытаецца з усмешкай, лёгка і проста. Гэта ўспаміны-імгненні пра тыя прыгоды, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе падчас гарбачоўскай перабудовы, а, канкрэтней, у пажарнай часці, дзе некалі працаваў сам аўтар. 

Пра кнігі, якія напісаў і выдаў Валянцін Дубатоўка, можна разважаць доўга. Аўтар, бясспрэчна, вельмі таленавіты, піша разнастайныя творы, натхнёна працуе над новымі. Магчыма не вельмі шмат зроблена за 60 гадоў, але тое, што выйшла з-пад пяра пісьменніка, заслугоўвае ўвагі, пашаны і падзякі. І, вядома ж, яго грамадска-культурная дзейнасць на карысць Бацькаўшчына, таксама заслугоўвае шчырай ўвагі. Дарэчы, Валянцін Дубатоўка быў узнагароджаны медалём „100 гадоў з дня народзінаў Ларысы Геніюш”, а ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам міжнароднай літаратурнай прэміі памяці Міхася Жызнеўскага „Воін Святла”.

Падчас уручэння прэміі "Воін Святла", Кіеў, 2018 г.
Падчас уручэння прэміі “Воін Святла”, Кіеў, 2018 г.

У адным са сваіх вершаў Валянцін Дубатоўка напісаў:

У абуджаным памяццю парку,

Дзе юнацтва не ўваскрасіць,

Я ізноў уздымаў чарку,

Хоць і прыкра мне з паркам піць.

А мы давайце ўздымем чаркі за гэтага таленавітага чалавека і вып’ем за яго здароўе, дабрабыт і натхненне. Чакаем тваіх новых кніг і спраў на карысць нашай Бацькаўшчыны, паважаны Валянцін Яўгенавіч!

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (818) – у 1206 г. пачаўся захоп інфлянцкімі (лівонскімі) крыжакамі Кукенойскага княства (населенага Крывічамі і балцкімі плямёнамі), у якім панаваў полацкі князь Вячка (Вячаслаў), які загінуў у бітве з крыжакамі ў 1224 г.
  • (719) – напады крыжакоў у 1305 г. на Гарадзенскую замлю ды аблога імі Гарадзенскага замка.
  • (450) – у 1574 г. заснаваньне ў Нясьвіжы езуіцкага калегіума. Пазьней падобныя калегіумы былі заснаваны ў Бярэсьці, Бабруйску, Віцебску, Гародні, Драгічыне (на Палесьсі), Магілёве, Менску, Наваградку, Оршы, Слуцку і іншых гарадах.
  • (233) – 3.05.1791 г. польскі сойм прыняў канстытуцыю (Ustawa Rządowa), паводле якой была зьнесена аўтаномія Вялікага Княства Літоўскага.
  • (179) – 3 (15).05.1845 г. у фальварку Свольна каля Дрысы (зараз Верхнедзьвінск) на Віцебшчыне нар. Іван Чэрскі, геоляг і географ. За ўдзел у студзеньскім паўстаньні сасланы ў Омск, дзе праводзіў гэалягічныя дасьледаваньні ваколіц. Памёр 25.06.(7.07)1892 г. падчас экспэдыцыі ў пасёлку Калымскім каля вусьця ракі Амалон.
  • (147) – 3.05.1877 г.  у фальварку Іваноўшчына Лепельскага пав. нар. Антон Грыневіч (арыштаваны ў 1933 г., памёр у савецкім лагеры 8.12.1937 г.), фальклярыст, кампазытар, пэдагог, выдавец. Удзельнік суполкі „Загляне сонца і ў наша ваконца”. У 1910-1912 гг. выдаў два тамы кніжкі „Беларускія песьні з нотамі”.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis