Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Андрэё Мрый і наша пякельная рэальнасць

Пісьменніку А. Мрыю (Андрэю Шашалевічу), з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 130 гадоў, многія сённяшнія крытыкі, не змаўляючыся, вынеслі прысуд, што нічога лепшага за свой раман «Запіскі Самсона Самасуя» ён не стварыў, а яго апавяданні, артыкулы, допісы маюць збольшага гістарычнае значэнне і не вызначаюцца нейкай мастацкай адметнасцю.

Адзінае максімальна поўнае выданне яго твораў (укладзенае Яўгенам Лецкам) з’явілася толькі ў 1993 годзе.

Пасля дастаткова позняй (6.01.1961) рэабілітацыі А. Мрыя яго творы заставаліся пад забаронай ажно да канца 1980-х. Пры жыцці ў яго не выйшла ніводнай кнігі, а першае выданне (вядома ж, «Запіскі Самсона Самасуя») з’явілася ў Мюнхене ў тым жа годзе, калі памёр Сталін.

Андрэй Мрый (1893-1943) З сям’ёй
Андрэй Мрый (1893-1943)
З сям’ёй

Засмучаны такой няўвагай да гэтага пісьменніка, Міхась Мушынскі выказваў непакой: «Вядома, пра такую адметную творчую індывідуальнасць, як Андрэй Мрый, а тым болей, прымаючы пад увагу немалы час пасля рэабілітацыі пісьменніка і вяртання яго твораў у айчынную літаратуру, магло быць напісана болей даследчых прац, сабрана ўспамінаў. І яго апавяданні і раман маглі б часцей і большымі накладамі выдавацца /…/. І хоць бы „Кароткі летапіс жыцця і творчасці Андрэя Мрыя” мог бы ўжо стаяць на кніжных паліцах. І радыёперадачы хацелася б часцей чуць /…/. Праўда, ёсць фільм „Пратарачка жыцця, або Запіскі Самосна Самасуя”, створаны ў 1990 г., але фільм не набыў шырокай вядомасці, яго няма ў паўторных паказах. /…/ У „Гісторыі беларускай савецкай літаратуры. 1917-1941” (1964) аўтар /…/ ацаніў раман А. Мрыя прадузята, з неаб’ектыўных пазіцый, а ў змешчанай таксама „Хроніцы літаратурнага жыцця” імя пісьменніка ўвогуле не згадваецца» (Міхась Мушынскі. Андрэй Мрый: на шляху да творчага самасцвярджэння. Да 115-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка / Пра час «Узвышша». Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2008-2011) Выпуск 5, 2011).

Непакой Мушынскага цалкам справядлівы. Пасля 1993 года проза А. Мрыя ў сваім поўным аб’ёме (з пошукам новых, неапублікаваных, знойдзеных твораў, лістоў, дакументаў) не выдавалася.

Такое адчуванне, што гэты аўтар быў і застаецца нікому не патрэбны. Вядома, многіх адметных беларускіх пісьменнікаў за савецкім хрушчоўска-брэжнеўскім часам ратавала Масква.

Напрыклад, да таго ж Андрэя Макаёнка ці Васіля Быкава было зусім іншае, уважлівае стаўленне на радзіме пасля таго, як на іх звярнулі сваю ўвагу ў саюзнай сталіцы.

А. Мрый і сам з болем пісаў пра свае «Запіскі Самсона Самасуя»: «На жаль, раман астаўся невядомы рускаму чытачу. /…/ Нават цяпер, праз 10 гадоў, у мяне мільгае ерэтычная думка, што калі б выпадкова гэтая кніжка была прагледжана Вамі, яна выклікала б у Вас вясёлы смех і ніякага непрыязнага пачуцця да „рэакцыйнага пісакі”, што руйную асновы новага жыцця» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. // Полымя, 1988, No 1).

Але ў 1930-я гады такая спагадная ўвага да пісьменніка-сатырыка была, вядома, немагчымая.

Увогуле, дзіўна, што арыштавалі яго толькі ў 1934 годзе, а не, скажам, у 1930-м, калі пачалася першая хваля рэпрэсій.

Апавяданні А. Мрыя, якія змяшчаліся ў часопісе «Узвышша», уражвалі сваім страшным, з’едлівым гратэскам.

Ідэальнымі ілюстрацыямі да іх былі б страшныя ў сваёй экспрэсіяністычнай пачварнасці палотны Гоі.

Гэты іспанскі мастак жыў, як вядома, паводле адчування, што канец свету ўжо наступіў, людзі ператварыліся ў пачвараў і могуць у сваім дзікім, вакхічным карнавале нішчыць, гвалціць, забіваць, нявечыць, жэрці адзін аднаго. І гэта нармальна. Гэта норма, бо згаданы намі «канец свету» – гэта на самай справе заўсёдны, нармальны наш стан.

Падобныя думкі адлюстраваны і ў творчасці А. Мрыя.

Амаль кожнае апавяданне – гэта маналог самазадаволенай пачвары, прадстаўніка новай рэчаіснасці, які з садысцкай радасцю ды імпэтам расказвае пра свае «подзвігі».

У творы «Няпросты чалавек» (Узвышша, 1927, No 3) звычайны бедны селянін Піліп распальвае ў фінагенце Сапрону Цяліцу агонь зайздрасці, распавядаючы пікантныя эпізоды з уласнага былога гарадскога жыцця: «Перайшоў я ў „Савою”. Вось дзе жыцьцё пайшло, дык і ў сьне не бачыў. Днём і ноччу ўсё круціцца. Тут ужо распуста пачалася, ды шалёныя грошы. /…/ Прыедзе які-небудзь купчык з Масквы, тут яму, як мартыха, дагаджай /…/ скажа ўзяць фурмана ды прывязьці паненку. /…/ Ды яшчэ накажа, каб у капелюшы была, пад зонтай хадзіла, ды каб маладая, каб вочы гарэлі, каб было і тут і там. (Піліп рукой ілюстраваў свае словы). Ну, нацалуецца, намілуецца купчык, дзесятку якую суне ў зубы, ды кацісь каўбасой. Адводзіш яе да прыстані, дзе жыве, а перад гэтым яшчэ да сябе зацягнеш, ды каб ведала маё дабро, сам з ёю ўцешышся…»

У Мрыя няма станоўчых герояў. 

Яны жывуць выключна паводле поклічаў жарсці. Пытанне дабра і зла для іх не існуе. 

«Няпросты чалавек» Піліп са смакам распавядае пра свае оргіі, затурканы сям’ёй фінагент ціха зайздросціць і сам марыць хоць у снах ператварыцца ў такога сексуальна-разбэшчанага Калігулу.

Калі ў гэтым творы яшчэ распавядаецца пра страшны блуд і распусту дарэвалюцыйных часоў, то апавяданне «Камандзір», змешчанае ў наступным нумары «Узвышша» (1927, No 4), мае выразнае антысавецкае гучанне.

А. Мрый быў першым, па сутнасці, беларускім савецкім пісьменнікам, хто паказаў камандзіра Чырвонай Арміі з такога боку. 

Перад намі ізноў маналог. З гэтага героя, на якім цяпер «брудная сялянская кашуля, абмазаная каланіцай світка», які «смаркаецца саматужным спосабам…», смяюцца, не вераць, што ён кіраваў войскам, але ён са здзіўляльнай упартасцю хоча расказаць пра сябе. Яго самы яркі ўспамін – эпізод, калі ён згвалціў дачку генерала: «Я і падсунуўся да яе. Паненка ні божа мой, крычаць хоча, адбіваецца, як замахнецца белай ручкай — усё ў месяц мне пападае. Валтузіўся я, валтузіўся з ёю. Бачу – незмага па-добраму ўзяць. Падмануў яе ды нахрапам дабіўся свайго. Зусім знямог, аж запышку нагнаў. Нічога ня ведаю, дзе я і што са мной. Усё цела томнае, і жывот томны. Ляжу, як нежывы.. /…/ А паненка плача, раве, як ваўчыха. Раптам трах – разарвала на сабе сарочку, ды кідаецца на мяне, кусаецца, статуямі швыргае ў мяне. Я супакойваю: „…Хочаш з печы зваліцца і сядзелкі не пабіць”. /…/ На тое рэвалюцыя, кажу. Не толькі мы пакутуем, а і вы, паночкі, жыцьцю будзеце не рады…»

Савецкая рэчаіснасць у творах А. Мрыя – гэта і сапраўды свет, дзе напраўду «жыцьцю не будуць рады» тыя, што валодаюць кволай душой, маюць тонкую натуру, іншыя перакананні, хто чамусьці не хоча ўліцца ў экстаз усеагульнага згвалтавання. 

У гэтым «цудоўным, новым» свеце пануе сямейная здрада, каханкі дораць адно аднаму не кветкі, а венерычныя хваробы, сыны пішуць даносы на бацькоў. І, што самае цікавае, ніхто з герояў А. Мрыя не нясе ніякага пакарання, кожны са здзіўляльнай бессаромнасцю крычыць, якоча, пяе хваласпевы сваім злачынствам, якія ў рэальнасці ўспрымаюцца як норма.

Чытаеш апавяданні А. Мрыя і разумееш: па сутнасці, няма нічога дзіўнага, што пры жыцці не выйшла ніводнай яго кнігі, падчас допытаў у НКУС пісьменніку выбілі ўсе зубы, яго раман «Жывы дом» (дзе, па ўспамінах жонкі, згадваліся з яшчэ большай сілай розныя дзікія і страшныя анамаліі нашага ладу) быў знішчаны, а самога аўтара, выпусціўшы з лагера ў 1943-м, таемным чынам забілі ў цягніку…

Чаму ж цяпер такая няўвага да яго апавяданняў?

Мабыць, прычына ў тым, што і сёння дастаткова цяжка многім з нас успрымаць 1920-я гг. так, як гэта брутальна паказаў нам А. Мрый. 

Свет татальнага гвалту і монстраў у стылі Гоі цяжка стасуецца з нашымі ўва многім ружовымі ўяўленнямі пра гэты час, калі «шпаркімі крокамі развівалася беларусізацыя», выходзілі адзін за адным шэдэўры беларускай літаратуры, радаваў цудоўнымі спектаклямі Еўсцігней Міровіч, жывапіснымі палотнамі – Міхась Філіповіч, а ў той жа час… нейкія таемныя «камандзіры» і не толькі… катавалі сваю чарговую ахвяру.

Навошта пра такое ўспамінаць? Лепей радавацца. Нам не хапае радасці.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis