28 сакавіка 2022 г.
Нечакана меў я сімпатычную сустрэчу з былым дыпламатам Маркам Зюлкоўскім. Сваю працу ў гэтай прафесіі пачынаў ён на пачатку дзевяностых гадоў у польскім консульстве ў Мінску, якое тады якраз адкрывалася ў выніку станаўлення міждзяржаўных адносін з Рэспублікай Беларусь пасля абвяшчэння ў 1990 г. яе суверэнітэту. Місію выконваў разам з праф. Альжбетай Смулковай – першым амбасадарам Польшчы ў Беларусі. У гэтым годзе мінае якраз трыццаць гадоў з моманту, калі заняла яна гэтую пасаду.
Марэк Зюлкоўскі пасля ў дыпламатыі зрабіў кар’еру. Быў амбасадарам ва Украіне перад аранжавай рэвалюцыяй, у 2012 г. стаў амбасадарам Кеніі і дзевяці іншых афрыканскіх краін, а наканец у 2017 – 2019 г.г. пры НАТА. Працу ў МЗС закончыў год таму, калі сышоў на пенсію.
З просьбай каб сустрэцца патэлефанаваў ён мне, калі якраз быў я на мітынгу на Рынку Касцюшкі ў Беластоку з нагоды свята 25 Сакавіка. Сустрэліся мы праз тры дні, прытым у даволі незвычыйным месцы. Марэк (мы адразу перайшлі з ім на „ты”) быў у той дзень па нейкіх справах у Беластоку і запрасіў мяне ў… „кафэ для хрысціян” па вуліцы св. Роха, дзе калісь быў кінатэатр Сірэна. Цяпер там нейкі цэнтр баптыстаў. Марэк зайшоў туды цалкам выпадкова. Чакаючага мяне спрабавалі яго там крыху нават эвангелізаваць…
Гутарылі мы доўга, амаль тры гадзіны. Марэк расказваў найбольш, вядома, пра сваю дыпламатычную працу, як сустракаўся з Лукашэнкам (пакуль той стаў прэзідэнтам) ці Пазьняком. Прызнаўся мне, што польскія ўлады, якія б не былі, яны ў безупынным клопаце, калі глядзець на адносіны з Беларуссю. Я пра гэта добра ведаю, таму для мяне больш цікава было, што мой суразмоўца думае наконт злачыннага ваеннага нападу Расіі на Украіну. Мы размаўлялі ледзь пару дзён пасля агрэсіі. Марэк, як былы польскі амбасадар у Кіеве, быў, вядома, вельмі ўстрывожаны тым, што цяпер у гэтай краіне адбываецца. Не хацеў, аднак, занадта выказаць на гэту тэму сваіх меркаванняў. Гэта не здзіўляе, бо яго як былога дыпламата абавязвае таямніца прафесіі і ўстрыманасць у выказваннях на палітычныя тэмы.
Больш свабодна пагутарылі мы на беларуска-праваслаўныя тэмы на Падляшшы. Нашай тут кльтурнай мазаікай Марэк зафасцынаваны здаўна. Яшчэ ў васьмідзесятых гадах як свежы выпускнік філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта адбыў шмат турыстычных вандровак па Беласточчыне. Найбольш шляхам нашых цэркваў, чаму прысвяціў нават сваю кніжку. З Падляшша таксама яго жонка. А дакладна з Мілейчыч, дзе некалькі гадоў таму перанялі яны і адрамантавалі былы сямейны дом. Марэк цяпер прабывае ў ім цэлымі тыднямі, жонка пакуль яшчэ працуе ў Варшаве.
У нашай гутарцы часта паклікаўся я на артыкулы ў Часопісе. Марэк сказаў, што наш штомесячнік пастаянна чытае і вельмі цэніць яго змест. Згадаў я між іншым пра славутага Іллю з Грыбоўшчыны, сапраўдную гісторыю якога спрабую цяпер складаць на старонках Часопіса. Мой суразмоўца неяк ажывіўся, кажучы, што сочыць за гэтым і для яго мой падыход да тэмы вельмі інтрыгуючы. Прыгадаў, што ў тыя паслястудэнцкія васьмідзесятыя гады быў ён ініцыятарам перавыдання – у фармаце рэпрынту – кніжкі пра „прарока”, напісанай Валодзькам Паўлючуком.
Наканец та і зразумеў я, што гэты мой цыкл артыкулаў пэўна стаў для Марка і галоўным штуршком, каб са мною сустрэцца. Часта пабываючы цяпер у Мілейчычах павярнуў ён да сваіх ранейшых зацікаўленняў ды рашыў больш наблізіцца да нашага асяроддзя. Разыходзячыся мы дамовіліся яшчэ на аўтарскае супрацоўніцтва і асабістыя кантакты ў будучыні.
1 красавіка
Сёння на могілках у Юшкавым Грудзе пад Міхаловам пахавалі Аляксандра Баршчэўскага (Алеся Барскага). Адышоў вось адзін з апошніх ужо яркіх прадстаўнікоў пасляваеннага беларускага руху ў Польшчы. Вядомы калісь дзеяч БГКТ, публіцыст Нівы, таленавіты паэт, шматгадовы загадчык кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Шчыры беларус.
Алесь Барскі спачыў на роднай зямлі – такое было яго жаданне. Большасць свайго доўгага жыцця (пражыў больш за 91 год) правёў спярша ў Лодзі, пасля ў Варшаве. Безупынна прысутны быў аднак – калі не фізічна, то ў думках – на роднай Беласточчыне. А найбольш у Бандарах, адкуль выйшаў і куды пастаянна прыязджаў, праводзячы часам па некалькі тыдняў у бацькоўскім, адрамантаваным ім доме. Так гэта тлумачыў у адным са сваіх вершаў:
Я толькі на роднай зямлі
Станаўлюся свабодным.
Выключна ў сваіх Бандарах
Да сонца й зямлі
Дастаю адначасна рукамі.
Я ведаў яго найбольш з Нівы і аповедаў тых, якія мелі з ім цесны кантакт, як Міхась Хмялеўскі ці Сакрат Яновіч. Асабіста сустрэў яго толькі пару разоў у БГКТ у Беластоку. Было гэта на пераломе васьмідзесятых і дзевяностых. Тады як старшыня арганізацыі прамаўляў ён, помню, і на Свяце беларускай культуры ў беластоцкім амфітэатры, які знаходзіўся на месцы цяперашняй Падляшскай оперы. Яго патрыятычных слоў слухаў я разам з амерыканскімі беларусамі з калектыву „Васілёк”, што якраз былі ў гасцях на Беласточчыне (пасля мы – БАСаўцы паехалі з імі ў Беларусь).
Яшчэ ў сярэдняй школе я вельмі любіў чытаць пастаянную рубрыку Алеся Барскага ў Ніве. Яго апошнія там разважанні з цыкла „Аб родным” прыйшлося мне на пачатку дзевяностых нават вярстаць на камп’ютары, калі ў выніку канфлікту дзеячаў БГКТ з рэдакцыяй коратка выконваў я там працу тэхнічнага рэдактара. Барскі дасылаў свае тэксты ў рукапісе, які поўнасцю адчытаць была ў змозе толькі машыністка Марыся Федарук.
Аляксандр Баршчэўкі як універсітэцкі прафесар найбольш даследваў беларускі фальклор Беласточчыны. З дапамогай сваіх студэнтаў выканаў гіганцкую працу, спісваючы нашы тут народныя звычаі і абрады. Зрабіў гэта ў апошні момант, пасьпеў, пакуль напрыканцы мінулага стагоддзя беспаваротна знікла традыцыйная вёска. Матэрыялы, якія раней збіраліся дзесяцігоддзямі, упарадкаваў і апрацаваў як сваю габілітацыйную дысертацыю, якая выйшла друкам – на польскай мове – у 1990 г. у Беластоку.
Хаця жыў у горадзе, сярмяжную вёску, з якой выйшаў, безупынна меў у сваёй памяці. Не сароміўся яе як іншыя, што нават скрывалі сваё сялянскае паходжанне. Тымчасам Алесь у сваёй варшаўскай кватэры меў нават бацькоўскі цэп і серп, якім маці жала збожжа на полі ў Бандарах.
Запамятаўся мне допіс з яго рубрыкі ў Ніве, у якім распавядаў, як у сямідзесятых гадах пазнаёміўся з польскім паэтам і песняром Эдуардам Стахурам. Той выслухаўшы аповедаў пра народную мудрасць і мужнасць простых сялян у Бандарах выказаў жаданне, каб Алесь знайшоў там гаспадара, у якога мог бы ён пару месяцаў папрацаваць на гаспадарцы. Без ніякіх грошай, толькі за начлег, міску стравы і часам kielicha. Барскі ўспрыняў гэта як нейкі капрыз паэта, якому надакучыла жыццё ў шумнай сталіцы. Але Стахура сапраўды хацеў кудысьці ўцячы, часта быў разгублены. Нарадзіўся ў Францыі, пасля вайны яго бацькі вярнуліся ў Польшчу, але ён тут не знаходзіў для сябе месца. Шмат падарожнічаў па свеце, з’ездзіў таксама амаль усю Польшчу. У яго паэзіі надта відавочныя безупынныя пошукі сэнсу жыцця і спробы спазнання філасофіі свету.
Калі я быў студэнтам, у акадэміку-інтэрнаце на imprezach песні пад гітару на словы Стахуры былі вельмі папулярныя і мне па сёння яны неяк па душы. Словы адной вядуць…
…Do wsi Zagubin na Kujawy białe
Gdzie ziemia licha piachy niebywałe (…)
W polu robilim z boru drwa nosilim
Jak stara matka i dwóch synów żylim.
Стахура цалкам сур’ёзна выказаў тое жаданне, каб і ў Бандарах…
…Mgła zaś wieczorem zjawa białowłosa
Przyszłego losu mąciła nam postać.
Паэзія Алеся Барскага іншая, больш лірычная. Шмат вершаў напісаў ён і пра каханне. Нягледзячы на сялянскае паходжанне паводзіў сябе надта элегантна, па-джэнтльменску. Падчас аўтарскіх сустрэчаў некаторыя бачылі ў ім фільмовага аманта.
Апошнія трыццаць гадоў Алесь Барскі заставаўся на Беласточчыне крыху прызабытым, у тым ліку ў роднай гміне Міхалова. Калі бываў я летам на „Бандароўскай гасцёўні”, дарэмна выглядаў яго сярод публікі. Ніхто яго нават не ўспамінаў. А ён жа як дзеяч БГКТ быў ініцыятарам беларускіх фэстаў, як у 1970 г. у недалёкіх ад Бандароў Рыбаках.
Хтосьці з нашых музыкаў калісь сказаў мне, што Барскі хацеў, каб на яго пахаванні ў Юшкавым Грудзе прагучала песня „Малінавы звон”. Ён пераклаў яе рускія словы на беларускую мову. У змененым варыянце можна яе пачуць у „Падляшскім канцэрце пажаданняў” на Радыё Рацыя ў прыгожым выкананні Генадзя Шэмета. Ёсць там такія словы:
Таксама мяне правядзе
У родным Юшкавым Грудзе
У вечную ціш, вечны сон –
Мой любімы малінавы звон.
На жаль, гэта не збылося. Песня над магілай не прагучала. Царкоўны звон у Юшкавым Грудзе таксама маўчаў, паколькі адпяванне прайшло два дні раней у Варшаве.
Алесь Барскі ў сваім жыцці дасягнуў шмат – у навуцы, культуры, літаратуры. Кар’еру зрабіў пры Народнай Польшчы, часта ў кіпцюрох тадышняга кумуністычнага апарату ўлады. Яго жыццё ёсць прыкладам таксама заблытанасці ў той рэчаіснасці, з якой немагчыма было выйсці да канца чыстым. Ёсць на тое доказы у архівах Інстытута нацыянальнай памяці. Але гэтым няхай зоймуцца ўжо гісторыкі.
2 красавіка
У Беластоку прайшла сёння цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Веслава Казанэцкага. На гэты раз сярод намінантаў не было нікога з беларускага асяроддзя. У мінулым з нашых гэтую прэмію атрымалі Уладзімір Паўлючук, Міхал Андрасюк, Ігнат Карповіч (некалькі разоў), Юры Плютовіч і Міра Лукша.
Сёлета адным з двух лаўрэатаў стаў вядомы польскі пісьменнік Анджэй Стасюк. Яго ўзнагародзілі за кнігу „Przewóz”, якая распавядае пра напружанае жыццё ў вёсках над Бугам на Падляшшы ў другой палове чэрвеня 1941 г. Апісаныя ў ёй гісторыі – прыдуманыя. Але ўсё іншае сапраўднае – краявіды, прозвішчы, драматызм часу.
Свой раман Стасюк стварыў у рэальнасці краіны, адкуль быў яго бацька. Ён таксама часта ў жыцці тут пабываў і ў апошніх гадах сюды неяк павярнуў. Пісьменнік жыве ў вёсцы ў Бэскідах на поўдні Польшчы. Яго ранейшая літаратурная творчасць была крыху іншая, напісаная пад уплывам падарожжаў па Еўропе.
Апошнюю кнігу Стасюк мабыць задумаў напісаць пасля таго, як раней прыехаў у Крынкі на Трыялог прысвечаны Сакрату Яновічу, зладжаны нядоўга пасля яго смерці. Тады пэўна моцна задумаўся над сваёй далёка неадназначнай, кволай тоеснасцю і ўсвядоміў сабе духоўнае багацце Падляшша і свае тут часткова карані ад Драгічына. Але не ў нацыянальных катэгорыях, ці хаця б у адносінах да культурнага польска-беларускага тут памежжа. Толькі як штосьці проста арыгінальнае.
Тады ў Крынках Стасюк, помню, выказаўся пра Сакрата Яновіча не надта справядліва. Прызнаўся, што нічога з яго творчасці ніколі не прачытаў. Абяцаў, аднак, што калі вернецца з Крынак, возьме ў рукі нейкі пераклад на польскую мову яго творчасці.
Наўрад ці гэта зрабіў. Пасля ўручэння яму ўзнагароды імя Казанэцкага журналіст Радыё Рацыя запытаў яго, якіх ён ведае беларускіх пісьменнікаў. Пра Сакрата Яновіча нават не ўспомніў. І наогул назваў толькі Янку Купалу.
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар