У новай серыі гістарычна-дэтэктыўных расследаванняў пра Браніслава Тарашкевіча паглядзім, што чакала нашага героя на свабодзе. І ці сапраўды выхад з турмы даваў яму сапраўдную волю.
СЕРЫЯ ТРЭЦЯЯ: НЕЖАДАНАЯ СВАБОДА
Як вядома, пакаранне Браніслаў Тарашкевіч адбываў у турме, якая знаходзілася на поўначы Польшчы ў горадзе Грудзёндз.
Гэтая ўстанова лічылася адной з самых суровых і ізаляваных турмаў строгага рэжыму для палітычных вязняў у міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай. Яна дзейнічае і сёння, афіцыйна называецца Zakład Karny Nr 1 w Grudziądzu і знаходзіцца па адрасе ul. Józefa Wybickiego 10/22, 86-300 Grudziądz.
Першапачаткова гэта быў каталіцкі кляштар, пабудаваны ў 1750–1751 гг., і толькі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ліквідацыі манастыра прускімі ўладамі будынак у 1801 годзе быў афіцыйна ператвораны ў турму.
Пра апошнія дні Тарашкевіча ў Грудзёндзы пакінуў вельмі цікавыя ўспаміны тагачасны начальнік турмы Станіслаў Наслаўскі. У 1966-м ён пісаў: „Зусім нечакана, 26-га красавіка 1930-га, прыйшло датэрміновае вызваленне. Тарашкевіч не ведаў, як да гэтага паставіцца, тым больш, што гэты акт датычыўся толькі яго. Ён проста не хацеў пакідаць турму. Тарашкевіча я ведаў як чалавека вясёлага, адукаванага. Сядзеў у адной камеры з Мятлой. Штодзень рабіў гімнастыку. Працаваў над перакладам, наколькі памятаю, на беларускую мову „Іліяды”. Сябраваў з камуністамі. Атрымаўшы тэлефанаграму з пракурорскага нагляду аб вызваленні Тарашкевіча і ўпэўніўшыся, што яна з кампетэнтных крыніц, я выклікаў вязня ў канцылярыю і паведаміў пра загад. І тут Тарашкевіч раптам узняў скандал! Ён патрабаваў звязаць яго па тэлефоне з міністэрствам, але гэтага патрабавання я, натуральна, не задаволіў. Вязень хацеў тлумачэнняў, бо не прасіў ні ў кога такой ласкі. Затым, вярнуўся ў камеру і раіўся з таварышамі. У выніку Тарашкевіч пакінуў турму з грукатам і трэскам толькі 28-га красавіка 1930 года. Таварышы развіталіся з ім сумесным выкананнем „Інтэрнацыянала”.
Тарашкевіч быў вызвалены, але канчатковае памілаванне ад прэзідэнта Ігнація Масціцкага ён атрымае пазней: „24-га ліпеня 1930 года пан прэзідэнт пастанавіў у парадку гуманасці памілаваць 1) Браніслава Тарашкевіча 2) Сымона Рак-Міхайлоўскага 3) Пётру Мятлу 4) Максіма Бурсевіча 5) Фабіяна Акінчыца і дараваць рэшту неадбытай кары”. Рэскрыпт прэзідэнта быў падпісаны праз тры месяцы пасля фактычнага вызвалення Тарашкевіча.
Наш герой прабыў у Грудзёндзу два гады. У дзень вызвалення, 28-га красавіка, а 8-й раніцы накіраваўся да чыгуначнага вакзала, каб а 8.30 паехаць у Варшаву.
Дарога ў сталіцу займала каля 5 гадзін, і, дзесьці на пачатку другой гадзіны дня, Браніслаў Тарашкевіч прыбывае на варшаўскі Галоўны вакзал. Сустрэўшыся ў прывакзальным рэстаранчыку з агентам КПЗБ паведамляе, што не мае да гэтага нечаканага вызвалення аніякага дачынення.
Пасля сустрэчы спяшаецца на Віленскі вакзал, каб паспець а 15.30 паехаць у Вільню і ўжо а 22.00 быў дома.
Віленская газета „Słowo”, якая пільна сачыла за нашым героем, пісала ў сераду, 30-га красавіка 1930-га: „У панядзелак у Вільню прыехаў вызвалены з турмы былы дэпутат Тарашкевіч, арганізатар бальшавіцкай «Грамады». Тарашкевіч пасяліўся ў сваякоў па вуліцы Свянцянскай”.
Рэпарцёры мелі рацыю. У самой Вільні ў яго не было свайго кутка — сямейны дом знаходзіўся ў Радашковічах. Таму проста з перона вакзала ён накіраваўся ў раён Зарэчча, на гэтую самую ціхую Свянцянскую вуліцу, у кватэру сваякоў сваёй жонкі Веры Андрэеўны.
Вера разам з іх малым сынам Радаславам ведала пра вызваленне і з нецярпеннем чакала мужа, праўда, на наступны дзень радасць сустрэчы нечакана азмрочылася. Усюдыісныя рэпарцёры газеты „Słowo” паведамлялі, што: „У аўторак раптоўна занемагала жонка Тарашкевіча. Прычына пагаршэння здароўя пакуль не вызначана. Хворую па распараджэнні лекара змясцілі ў літоўскую клініку”.

Гэтa не было выпадковасцю. Усе гэтыя тры гады, пакуль Браніслаў сядзеў у турме, Вера жыла пад велізарным псіхалагічным ціскам: яна адна гадавала сына, цярпела вобшукі, вяла фінансавыя і кінавыдавецкія справы мужа. Калі 28 красавіка доўгачаканая сустрэча нарэшце адбылася, у яе ад перажытага здарыўся нервовы і фізічны зрыў.
Праўда, крызіс не быў зацяжным.
Ужо ў траўні-чэрвені 1930 года яна разам з мужам і сынам пакінулі Вільню і пераехалі ў свой маёнтак у Радашковічы.
Увесь цёплы сезон – з траўня па пачатак кастрычніка – Тарашкевіч праводзіць там, часам выязджаючы ў Вільню. Аднак ужо ў кастрычніку 1930-га года яго лёс крута змяняецца: ён апынецца ў Гданьску. Прычым ягоная сям’я афіцыйна паселіцца побач – у курортным Сопаце.

Праўда, здавалася, што па выхадзе з турмы Браніслаў Тарашкевіч зусім не думаў кудысьці ехаць і тым больш працягваць радыкальную палітычную дзейнасць.
І гэта не проста здагадкі.
Яшчэ будучы за кратамі ён казаў свайму сукамерніку Фабіяну Акінчыцу, што па вызваленні марыць адысці ад палітычнага тлуму і хоча працаваць выключна ў Таварыстве беларускай школы – на той час самай масавай і ўплывовай легальнай беларускай асветніцкай пляцоўцы ў Заходняй Беларусі. У Радашковічах ён піша не палітычныя артыкулы, а дапрацоўвае пераклады з Гамера і Міцкевіча, тое-сёе з іх друкуе, марыць ізноў заняцца мовазнаўствам.
Тым не меньш сваю будучыню Тарашкевіч выбіраў не сам.
Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, з якой наш герой быў моцна звязаны з сярэдзіны 1920-х гг., у меньшай ступені была зацікаўлена ў яго культурніцкай дзейнасці.
Ёй быў патрэбен Браніслаў Тарашкевіч – радыкальны змагар супраць дзяржавы белага арла, і партыя хацела яго выкарыстоўваць менавіта ў гэтым палітычным сэнсе на поўніцу.
Браніславу Тарашкевічу было загадана пераязджаць у Гданьск і гэтага загаду ён аслухацца не мог.
Камуністычны рух тады будаваўся на прынцыпе жорсткай вайсковай дысцыпліны. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, як вядома, была аўтаномнай часткай Камуністычнай рабочай партыі Польшчы, якая падпарадкоўвалася наўпрост Маскве. Адмова ад выканання загаду ЦК расцэньвалася не проста як нязгода, а як здрада і дэзерцірства. Калі б Тарашкевіч адмовіўся ад супрацоўніцтва або абвясціў партыі байкот, то яго імгненна абвясцілі б «правакатарам» ці «агентам дэфензівы», а лёс не толькі яго, але і сям’і быў бы пад пагрозай. Камуністычнае падполле мела ўласныя спецслужбы і баявыя групы. У выпадку непадпарадкавання буйной палітычнай фігуры, якая валодала партыйнымі сакрэтамі і карысталася велізарным аўтарытэтам сярод беларусаў, партыя не пакінула б Тарашкевіча ў спакоі. Чалавека, які «выйшаў з-пад кантролю», чакала фізічнае знішчэнне, або поўная грамадзянская і палітычная смерць праз ілжывыя абвінавачванні.
Як вы памятаеце, Гданьск, альбо вольны горад Данцыг – гэта была тэрыторыя па-за законам. Знаходзіўся пад пратэктаратам Лігі Нацый і меў уласную паліцыю, польскія спецслужбы не маглі арыштоўваць тут людзей наўпрост. З-за гэтага восенню 1930 года Гданьск ператварыўся ў галоўны транзітны пункт для нелегалаў. Акрамя таго менавіта ў гэты перыяд Камінтэрн актыўна выкарыстоўваў Гданьск для сувязі паміж Масквой, Берлінам і Варшавай. Тут на канспіратыўных кватэрах хаваліся дзеячы Камуністычнай партыі Польшчы і Заходняй Беларусі, друкаваліся нелегальныя газеты і праходзілі закрытыя нарады падпольшчыкаў.
Акрамя камуністаў імкліва набіралі моц і нацысты. 16 лістапада 1930 года ў Вольным горадзе прайшлі важнейшыя выбары ў мясцовы парламент, дзе Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя здзейсніла свой першы буйны поспех у Гданьску. Нацысты павялічылі колькасць мандатаў з 1 да 12, стаўшы сур’ёзнай палітычнай сілай. Выбары прывялі да таго, што шматгадовы прэзідэнт Сената Гданьска Генрых Зам, які спрабаваў трымаць нейтралітэт, страціў падтрымку і ў студзені 1931 года сышоў у адстаўку. Новым кіраўніком Сената стаў Эрнст Цым, пры якім уплыў праварадыкалаў пачаў імкліва расці.
Акурат у гэты самы час сюды прыязджае Браніслаў Тарашкевіч.
Чым наш герой тут быў вымушаны займацца?
Якія рызыкоўныя заданні выконваць?
Чым ахвяраваць?
Пра гэтыя ды іншыя прыгоды Тарашкевіча чытайце ў наступым нумары.
Васіль Дранько-Майсюк
(Працяг будзе)
Васіль Дранько-Майсюк











