Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

«Не мой прэзідэнт»

Сёлета ў беларускім інтэрнэце, яшчэ да выбараў, стаў вельмі папулярным флеш-моб – «Не мой прэзідэнт». У ім людзі апісвалі, чаму Лукашэнка не можа быць прэзідэнтам іхняй краіны, Беларусі. Прычыны самыя розныя: ад асабістых (у кагосьці сям’я пацярпела праз рэжым) да эканамічных.

Дазвольце і мне выказацца на гэтую тэму. Мне зусім нядаўна споўнілася 24 гады. Калі я нарадзілася, то Лукашэнка ўжо два гады як быў пры ўладзе. Зазначу, тады яшчэ нават легітымна. Гады ішлі, а мне ўсё працягвала непакоіць: чаму ўся мая генерацыя мусіць жыць паводле парадку, які гэты нязменны чалавек усталяваў? І чаму гэты парадак аніяк не адпавядае маім жаданням і памкненням?

Беларусь – вельмі аўтарытарная краіна. У нас усё завязанае па волі і жаданні аднаго чалавека. Ён лічыць, што краіне патрэбна развіваць сельскую гаспадарку – мы развіваем сельскую гаспадарку. Ён лічыць, што беларуская мова непрыгожая і бедная – на ёй ледзь не забараняюць размаўляць. Ён любіць хакей – усе мусяць гуляць у хакей.

Але ці нехта пытае, чаго хочам мы? Тыя, хто нарадзіліся ў гарадах, а не ў вёсцы Магілёўскай вобласці. Тыя, хто выраслі не з плафонамі, а айфонамі ў руках. Тыя, ад каго не схаваеш праўду, затрымаўшы журналістаў, бо мы ўмеем карыстацца Google. Тыя, хто размаўляюць па-ангельску, слухаюць амерыканскую папсу і ездзяць за мяжу мінімум раз на год. Тыя, хто ніколі не быў у камсамоле, і ніколі не спяваў песню пра «Костры рабочих». Тыя, хто аніколі не жыў у «вялікай савецкай краіне».

Вы заўсёды так ганарыліся тым, што вы «чалавек з народу». Просты хлопец з вёскі, з калгасу. Які ведае, што такое цяжкая фізічная праца і галеча. Але вы так і засталіся на тым месцы, а мы моцна змяніліся. І самае прыкрае, што нібыта ўсе змены адбываліся дзякуючы вам. Але гэта не так.

Мы сталі свабоднымі, разумнымі, эмпатычнымі, дапытлівымі не дзякуючы вам. А наадварот. Насуперак вашым жаданням і прагам. Мы зробленыя з рознага цеста. Таму вам аніколі мяне не зразумець. Банальна, але вы выраслі з паталагічным прагненнем да ўлады і прымусу. А я вырасла з агідаю да такіх рэчаў.

А хочам мы свабоды. І не такой, дзе ўсе людзі свабодныя, але некаторыя больш свабодныя за іншых. Мы хочам самага галоўнага, самага каштоўнага, пяшчотнага, важнага, – свабоды выбару.

Выходзіць на вуліцы – не злачынства. Злачынства – адмыслова даваць злачынныя загады страляць у бяззбройных людзей. Адмаўляць катаванні і забойствы. Не казаць людзям, дзе ўтрымліваюцца іхныя блізкія. Ды ўвогуле незаконна арыштоўваць. Хацець выбраць кіраўніка краіны – не злачынства.

Мне вельмі падабаецца метафара, дзе Лукашэнка параўноўваецца з хатнім аб’юзерам. Беларусь у гэтым выпадку – жонка, якая цярпела некалькі дзесяцігоддзяў прымус. І зараз яна зразумела, што болей так не можа працягвацца. Яна набралася смеласці і гатовая сысці ад свайго мужа. Але той, як і падабаецца гвалтаўніку, не адпускае яе. Ён не можа нават думкі дапусціць, што жонка ўжо наелася ягоных выхадак.

Яна дарослая і самастойная жанчына, якая сама можа вырашаць, што ёй ужо трэба рабіць. І сапраўды, яна дасягнула шмат чаго! Але, хутчэй, насуперак ягоным рашэнням. Але вось толькі шкодны муж гэтага ці не памятае, ці нават увогуле забыў. Ягоным хворым розумам пануе ідэя-фікс: без мяне яна загіне, без мяне яна не здолее пражыць ані секунды.

Але гэта хлусня. Без яго ёй будзе толькі лепей. І яна ўжо знайшла яму замену. Таму хутчэй пытанне ў тым, што ён сам без яе не здолее.

Спадар Лукашэнка, я ўсё сваё жыццё жыву ў надзвычай гвалтоўных стасунках. Вы – не мой прэзідэнт. Я вас не абірала. Вы не маеце права размяркоўваць мой лёс. Надышоў нам час разысціся. Але вы згубілі час разысціся па-добраму.

У вас была магчымасць сысці не трымаючыся пасінелымі пальцамі за крэсла. Вы, дарэчы, абяцалі, што не будзеце так рабіць. Хлусня, як аказалася, нахабная хлусня. Вы маглі годна сысці не ў 2010, не ў 2015, нават 10 жніўня 2020 года. Але вы вырашылі зрабіць іначай. Вы вырашылі пусціць кроў першым, і ад гэтага ўжо аніколі не адмыцца.

І цяпер вы не мой прэзідэнт. Вы прэзідэнт жменькі залежных наўпрост ад вас людзей: сілавікоў, чыноўнікаў, супрацоўнікаў вашай Адміністрацыі. Прывыкайце да новай ролі. А яшчэ лепей – сыходзьце.

Ксенія Тарасевіч

Фота Давіда Маеўскага

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (87) – 22.10.1937 г. расстраляны Лукаш Калюга (Канстанцін Вашына), нар. 27.09.1909 г. у Скварцах каля Койданава, пісьменьнік.
  • (87) – 22.10.1937 г. расстраляны Флярыян Ждановіч, беларускі акцёр і рэжысёр (нар. 28.10.1884 г. у Менску). Закончыў драматычную школу ў Варшаве (1902), арганізаваў беларускія спектаклі і Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў 1917 г. У 20-ыя гг. быў першым мастацкім кіраўніком і акцёрам Беларускага Дзяржаўнага Тэатру (БДТ-1) у Менску. У 1930 г. арыштаваны і сасланы на прымусовую працу на Беламорканал.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis