Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Вясковая адзінота

Моладзь: працоўная і не вельмі

Студэнтаў шмат едзе ў цягніку па выходных. Лепш казаць, маладых людзей шмат, бо некаторыя з іх сапраўды вучацца ва ўніверсітэтах ці атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, а іншую частку складаюць навучэнцы прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, што будуць пазней будаўнікамі, кухарамі або будуць працаваць у цырульнях і крамах. Па суботах едуць яны ў свае вёскі, а ў нядзелю вяртаюцца ў гарады, часцей за ўсё з поўнымі торбамі прадуктаў, атрыманымі ад бацькоў.

Ехаць з гэтымі маладзёнамі разам далёка не заўсёды прыемна, бо шмат шумяць і паводзяць сябе даволі нахабна. І хлопцы і дзяўчыны лаюцца апошнімі словамі, ўключаюць на усю гучнасць ролікі з ТікТоку, з якіх гэтак жа рагочуць, кураць паціху вейпы проста ў вагоне. Ці могуць яшчэ ў халодны вечар адчыніць вокны, хаця апранутыя едуць абы-як, у тонкіх куртках і блузах. Маладая кроў, вядома ж, кіпіць.

Стараўся быў паслухаць, пра што яны гавораць, але цяжка іх зразумець, быццам бы размаўляюць на нейкай іншай мове. Дзяўчаты найчасцей хваляцца адна перад другой нядаўна зробленымі ў салоне рознакаляровымі пазногцямі, хлопцаў цікавяць перад усім гульні ў мабільных тэлефонах.

Пад“язджаючы да горада, яны замаўляюць таксоўкі яшчэ седзячы ў цягніку, таму кіроўцы, бывае, чакаюць іх не на вакзале, а там, куды паказаў навігатар. Злуюцца, вядома, з-за гэтага, але нічога зрабіць не могуць, праца ёсць праца. І таксоўку ў нядзельны вечар з-за моладзі замовіць з вакзала амаль нерэальна.

Ёсць сярод нашых вясковых знаёмых некалькі чалавек, што маюць дзяцей-студэнтаў. Каб дзіцё іх не мела ў горадзе ніякай патрэбы, мусяць цяжка працаваць. Вось, напрыклад, Таццяна, адвучыла дачку ў прыватным каледжы на аператара электронна-вылічальных машын. Але працу тая знайсці не змагла, пайшла вучыцца далей на курсы дызайнераў, за якія зноў жа плацілі бацькі. Уладкавалася на нейкі час у фірму, але як з водпуску вярнуўся дырэктар, казаў яе адразу звольніць. Зараз дзяўчыне ўжо 21 год, дагэтуль яна „шукае сябе” і нідзе не працуе, але працягвае жыць у вялікім горадзе. Наймае там разам з сяброўкамі кватэру, на якую маці з татам кожны месяц даюць ёй 400 рублёў (каля 500 злотых). Вядома ж, усе іншыя выдаткі таксама ляжаць на іх. Бацькі, каб вытрымаць і мець дадатковыя грошы, апрача галоўнай працы, трымаюць у вёсцы вялікую гаспадарку, прадаюць сала, мяса і яйкі.

У іншай, Наталлі, дачка скончыла лінгвістычны ўніверсітэт у Мінску, адвучылася на настаўніка англійскай мовы. Але ў школе ніводнага дня не працавала. Адказала, што праца з дзецьмі ёй абсалютна не падыходзіць. Тая хаця б уладкавалася самастойна, у краме прадае парфумерыю. Але зноў жа бацькі мусяць рэгулярна дапамагаць грашыма, бо самастойна жыць у сталіцы на заробак прадаўца цяжка.

Дзіўным гэткае бесклапотнае жыццё выдаецца для людзей старшага пакалення, асабліва для тых, хто паходзіць з вёскі і прывык цяжка працаваць, адкладваючы кожны грош у клопаце пра будучыню дзяцей. Але самі ж пры гэтым і даюць, каб дзеці жылі лепш, каб выбраліся „у цывілізацыю”. І чакаюць іх прыезду цэлы тыдзень, гатуюць прысмакі і рыхтуюць, што даць з сабой у дарогу.

Пісаў быў неяк Эрнэст Брылль: „Моладзь жахлівая агідная, бессэнсоўная і не паважае традыцый. Гэта пакаленне, асуджанае на знішчэнне. Гэта я паўтараю меркаванні, выказаныя пра маё пакаленне. Менавіта так казалі пра нас”. Сапраўды, можа гэта мы па-старыкоўску на сённяшнюю моладзь бурчым, а потым яны вырастуць і зробяць свет вакол сябе лепшым і больш дасканалым, будуць далей вяртацца ў свае малыя айчыны і не забываць пра бацькоў? Хацелася б.

Сяргей Александровіч

Фота аўтара

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com