27 чэрвеня у Кабылянцы, дзе 29 мая 1931 г. нарадзіўся Мікола Гайдук, адбылася несамавітая ўрачыстасьць – наданьне яго імя скверу. Ідэя ўшанаваньня гэтага настаўніка, аўтара падручнікаў да беларускай мовы, паэта і пісьменьніка, этногафа, публіцыста „Нівы” і беларускага грамадзкага дзеяча нарадзілася яшчэ ў 2013 г. Тады ўрачыста сьвяткавалі яго афіцыйнае 80-годзьдзе – у Беластоку, Бельску-Падляшскім і ў Міхалове. 2 верасьня тады мінула 15 гадоў ад яго сьмерці. Арганізатарамі тых урачыстасьцяў былі Кафедра Беларускай Культуры Беластоцкага ўніверсітэта (там нарадзілася ідэя), рэдакцыi тыднёвіка „Ніва” і „Przeglądu Prawosławnego”, Беларускае Гістарычнае Таварыства, Агульнаадукацыйны Ліцэй з Беларускай Мовай Навучаньня імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім. Спярша ў Бельскім ліцэі адбылася канферэнцыя прысьвечаная Міколу Гайдуку, у Міхалове а. Ян Ярашук адслужыў малебен у яго гонар, а ў Майстэрні Фільму, Гуку і Фатаграфіі „Нязбудка” адбылася мастацкая частка ўрачыстасьцяў з песьнямі, запісанымі ў Міхалоўскай гміне Міколам Гайдуком. Наведалі тады таксама Кабылянку і яго магілу ў Белaстоку.
Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы імя Ежы Гедройца я з Гражынай Харытанюк-Міхей падрыхтавалі выстаўку „Мікола Гайдук – асоба і справа”. Усьлед за гэтымі падзеямі дзякуючы тадышняму беластоцкаму раднаму Славаміру Назаруку ў Беластоку 25 лістапада 2013 г. з’явілася вуліца Міколы Гайдука. Хацелася, каб такая вуліца была і ў Міхалове. Аднак просьба розных беларускіх арганізацый скіраваная да ўлад Міхалова засталася няздзейсьненай. У міжчасе Гражына Харытанюк-Міхей апрацавала біяграм Міколы Гайдука ў слоўнік „Polscy etnografowie i ludoznawcy” i падрыхтавала бібліяграфію яго творчасьці, якая ўсё яшчэ чакае выданьня. У 2013 г. рэдакцыяй тыднёвіка „Ніва” была выдадзеная кніга „У беларускасьці наш паратунак”, прысьвечаная Міколу Гайдуку з артыкуламі, успамінамі, дакументамі і фатаграфіямі.

Фота Міры Лукшы
Новыя ўлады ў Міхалове таксама не паднялі ініцыятывы наданьня імя вуліцы ў Міхалове. Толькі ў мінулым годзе 31 мая з ініцыятывы Эдыты Росяк з Майстэрні Фільма, Гуку і Фатаграфіі „Нязбудка” ў Міхалове адбылася сустрэча прысьвечаная Міколу Гайдуку – от, так, без нагоды, хаця 29 мая быў дзень ягоных народзін. Уразіў лік прысутных, якія прыбылі на сустрэчу. Сярод сабраных была сяброўка Міколы Гайдука з пачатковай школы Яніна Граблеўская – мама прафесар Эльжбеты Кононьчук з Беластоцкага ўнівэрсытэта і Зінаіда Грыка з Кабылянкі, якія ўспомнілі свайго сябра маладосьці. Успаміналі яго таксама Яўген Чыквін, Міра Лукша з „Нівы”, Дарафей Фіёнік і шмат хто з прысутных. „Жэмэрва” са Студзіводаў прасьпявала беларускія народныя песьні. Аднак вынікам гэтай сустрэчы быў ліст да ўлад Міхалова, каб надаць імя Міколы Гайдука скверу ў Кабылянцы, пад якім падпісаліся прысутныя і ўручылі старшыні Гарадзкой Рады Марыі Анціпюк. Подпісы пад лістом збіраліся па ўсёй Беласточчыне. Доўга не трэба было чакаць – 18 верасьня 2025 г. Гарадзкая Рада прыняла аднагалосна адпаведную пастанову. Трэба было чакаць ажно да чэрвеня гэтага года, каб сарганізаваць урачыстае адкрыцьцё назвы сквера і табліцы з інфармацыяй пра Міколу Гайдука, з ягонымі здымкамі і публікацыямі. Нягледзячы на гарачае надвор’е, 27 чэрвеня на скверы сабралася шмат людзей. Прысутныя былі бургамістр Міхалова Марк Назарка, старшыня Гарадзкой Рады Марыя Анціпюк, солтыс Кабылянкі Агнешка Вашкевіч, дачка Міколы Гайдука Марыя Сушчынская, якія адкрылі табліцу, завешаную народнымі вышыванымі ручнікамі. Пад табліцай паявілася прыгожая лаўка з прымаўкай з „Мерак майго дзяцінства” Міколы Гайлука: „Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць”. Анна Фіёнік і Таіса Фіёнік прасьпявалі некалькі песень з Міхалоўскай гміны.
27 чэрвеня сталася там сапраўдным народным сьвятам. Пасьля ўрачыстага адкрыцьця табліцы на свой панадворак запрасіла Веслава-Малгажата Трусевіч, дзе Гурт Вясковых Гаспадынь „Між пакаленьнямі” (Koło Gospodyń Wiejskich „Między Pokoleniami”) з Кабылянкі падрыхтаваў багаты пачастунак. Сьпявала Яанна Чабан з Крынак, ігралі на гітары і акардэоне Рышард Мінкевіч і Адам Грынявіцкі, дзеці рысавалі малюнкі ад белавежскай аповесьці Міколы Гацдука, Магдалена Вуйцік вучыла вязаць традыцыйныя хусткі. Пры тым можна было паглядзець стогадовую хату гаспадароў з этнаграфічнымі экспанатамі, якія таксама прэзентаваліся на панадворку – тканыя посьцілкі, ходнікі і каляровыя самаробныя куркі. Было вельмі прыгожа і гасьцінна. Вясковыя гаспадыні і гаспадары з Кабылянкі абяцалі штогод спраўляць дзень народзінаў свайго земляка. І так Мікола Гайдук усё-ж-такі вярнуўся да сябе. Можа недзе супольна з намі яго дух там быў і магчыма перамяшчаўся мэлексам „Міхась”, якім Яцак Шумусюк абвозіў усіх ахвотных па ваколіцы.
Асаблівая падзяка належыцца Эдыце Росяк з Майстэрні Фільма, Гуку і Фатаграфіі „Нязбудка”, якая змагла даўнюю ідэю давесьці да рэалізацыі. Цешыць, што ўлады Міхалова сапраўды дацанілі і ўшанавалі асобу Міколы Гайдука і шкада толькі, што яго ўлюбёная сястра Зіна на дачакала ўшанаваньня брата на бацькоўшчыне. Застаецца мець надзею, што прыехаўшы на сквер – пры пункце Green Velo, не толькі мясцовыя, але і турысты даведаюцца чаго-небудзь пра ўраджэнца Кабылянкі, які жыцьцё прысьвяціў навучаньню беларускай мовы, творчасьці ў ёй, збіраньню беларускіх песень і легендаў. Як аказваецца – не дарма!
Лена Глагоўская











