Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Лісты Юры Туронка

Працяг артыкула “Ён быў маім старэйшым сябрам і дарадцам”

Юры Туронак. Фота "Наша Ніва"
Юры Туронак. Фота “Наша Ніва”

Варшава, 11 красавіка 2006 года

Шаноўны спадар Сяргей!

Непакоіць мяне вестка Віталя Лубы1. Ваш ліст са здымкам Ядзі Сарачынскай я атрымаў 2 сакавіка і праз некалькі дзён адпісаў з падзякай за дапамогу. Калі мой ліст не дайшоў да Вас, то гэта першы такі выпадак у шматгадовым ліставанні з беларускім сябрамі. А можа ўсё-ткі ён дайшоў да Вас? Калі будзеце ў Беластоку, пастарайцеся знайсці гадзінку часу для мяне. Тэлефоны ведае Віталь Луба. 28 красавіка едзем у Трыпуці пад Беластокам, будзем да канца жніўня. Адначасова шлю Вам найлепшыя Велікодныя пажаданні здароўя і новых творчых здзяйсненняў.

Юры Туронак.

 

1. Віталь Луба – беларускі журналіст з Беласточчыны, супрацоўнік тыднёвіка „Ніва”.

Варшава, 23 студзеня 2007 года

Шаноўны спадар Сяргей!

Дзякую за ліст ад 9 снежня, які, дзякуючы непаладкам польскай пошце, ішоў да мяне 10 дзён. Дзякую таксама за добрыя (магчыма, занадта добрыя) словы пра мае кнігі, з якіх толькі „Людзі СБМ” лічу новым здабыткам.

Здымкі Гальяша Леўчыка1 і ксяндза Астрамовіча2 ў „Мадэрнай гісторыі” змясціў выдавец Валер Булгакаў3 без майго ведама. Гэтых здымкаў я не меў і ніколі не бачыў, таму не магу адказаць на Вашы запытанні.

Пра нашу кастрычніцкую сустрэчу я не забываюся. Аднак не ўсё атрымліваецца згодна з пажаданнямі. Часопісы „Да злучэння”4 і „Злучэнне”5 (лацінкай) захоўваюцца ў Варшаўскай Нацыянальнай бібліятэцы, аднак з увагі на старасць і тэхнічны стан іх не дазволяць ксераваць. Па гэтай прычыне, згодна з нашай размовай у Беластоку, усё прызначанае Вам „альбярцінскае” складаю ў канверт для перадачы Віталю Лубу, якога пабачу вясной, а ён Вам усё перадасць. На адпраўку чакаюць:

  1. Арыгінальныя нумары „Да злучэння” і „Злучэнне” – тры асобнікі.
  2. Пяць ксераграфічных адбіткаў здымкаў з альбярцінскага езуіцкага „Беларускага календара” за 1932 год.
  3. Копія паэмы а. Язэпа Германовіча6 „Унія на Палессі”, Альбяртын, 1932.
  4. Перадапошні асобнік маёй кнігі „Беларуская кніга пад нямецкім кантролем”, Мінск, 2002.

Калі пажадаеце атрымаць нешта крыху раней, пішыце, а я пастараюся выслаць поштай, хаця яна робіць часам розныя сюрпрызы. Гэта па-першае. Па-другое, прапаную звярнуцца да Аляксандра Ільіна з Пінска, супрацоўніка „Гістарычнай брамы” з запытаннем, ці ёсць гэтыя часопісы ў бібліятэках і архівах Пінска і Брэста. На мой нюх, то яны павінны там быць. Па-трэцяе, шукайце ў Беларусі аналагічнага рускамоўнага часопіса „К соединению”, які выдаваўся езуітамі ў альбярціне, а таксама выдаваны езуітамі бадай у Варшаве часопіс „Oriens”, у якім знойдзеце шмат звестак пра Альбярцінскую місію. У параўнанні з гэтым часопісам „Да злучэння” і яго рускамоўная мутацыя выглядаюць як нядаўнія піянерскія агіткі. Акрамя гэтага чытайце ў маёй „Мадэрнай гісторыі” артыкул „Спроба адраджэння Уніяцкай царквы…” (с.430-440) і кнігі а. Надсана7, якія выйшлі летась ў бібліятэцы „Беларускага гістарычнага агляду”.

З прывітаннем і пажаданнем творчых поспехаў Юры Туронак.

 

1. Гальяш Леўчык (1880-1944) – беларускі паэт, калекцыянер, музыкант, мастак, загінуў у Варшаве.

2. Аляксандр Астрамовіч (1878-1921) – беларускі каталіцкі святар, паэт.

3. Валерый Булгакаў – выдавец, галоўны рэдактар часопіса „Arche”.

4. „Да злучэння” – беларускі рэлігійны часопіс грэка-католікаў, які выдаваўся ў Вільні ў 1932-1937 гадах.

5. „Злучэнне” — беларускі рэлігійны часопіс грэка-католікаў, які выдаваўся ў 1938-1939 гадах у Варшаве.

6. Язэп Германовіч (1890-1978) – беларускі каталіцкі святар, пісьменнік.

7. Аляксандр Надсан (1926-2015) – беларускі каталіцкі святар.

Варшава, 20 красавіка 2007 года

Шаноўны спадар Сяргей!

На Вашы запытанні магу паведаміць наступнае:

  1. Езуіцкі „Беларускі каляндар” на колькі мне вядома, быў выдадзены толькі раз у 1932 годзе.
  2. Езуіцкі асяродак у Альбярціне каля Слоніма выдаваў паралельныя часопісы: беларускамоўны „Да злучэньня” і рускамоўны – „К соединению”. Вокладка (малюнак, колер) былі ідэнтычныя. Рэдактарам „Да злучэньня” быў айцец Антон Неманцэвіч1, а „К соединению” – айцец Павел Мацэвіч2, які працаваў у Вільні. Абодва часопісы друкаваліся ў Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні. Расійскі часопіс выдаваўся ў Вільні ў 1932-1936 гадах. Выйшла 54 нумары.
  3. Пра паштоўкі альбярцінскія мне нічога невядома.
  4. Пра Пуслоўскіх3 нічога няма пад рукой, а на бібліятэчныя пошукі не хапае сіл.

Напрыканцы красавіка едзем у Трыпуці. Тады перадам Віталю Лубу канверт з альбярцінскімі ксеракопіямі. Акрамя таго рэкамендую кніжачку а. Надсана пра Друю, у якой правільна адлюстравана ватыканская новаунійная палітыка. Стратэгічны напрамак – Расія, не Беларусь, асабліва Заходняя.

З прывітаннем Юры Туронак.

 

1. Антон Неманцэвіч (1893-1943) – беларускі каталіцкі святар усходняга абраду, культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, публіцыст, педагог.

2. Павел Мацэвіч –каталіцкі святар усходняга абраду, у 1927 годзе прыехаў у Альбярцін з Варшавы.

3. Пуслоўскія – шляхецкі род герба „Шэлега” у ВКЛ, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1918-1939).

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis