Напачатку 1970-х гадоў усё складвалася, здаецца, як мае быць. Крытыкі ўжо не так кусаюцца, а то і ўвогуле хваляць.
Пра Якава Герцовіча забываюць.
З’яўляюцца прыхільнікі нават сярод партыйных дзеячаў.
У побытавым сэнсе ўсё таксама пачынае наладжвацца.
Уладзімір Караткевіч пераязджае ў цэнтр Менска на вуліцу Карла Маркса ў знакаміты пісьменніцкі дом, дзе ў розныя часы жылі такія класікі, як Пятро Глебка, Янка Маўр, Іван Навуменка, Уладзімір Някляеў.
У пятніцу, 19-га лютага 1971 года, наш герой ажаніўся з Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай, якая была ягонай прыхільніцай.
Валяніцна Браніславаўна даглядала за ім, узяла на сябе вырашэнне ўсіх побытавых пытанняў. Яна сачыла, каб крый Божа, ён не прапусціў у праграме перадач мультфільмы, якія Караткевіч вельмі любіў глядзець… „Аспід!”.. – так звярталася яна да яго, – Аспід! Ідзі глядзець свае мультфільмы”.
Нягледзячы на тое, што наш герой выдаваўся і цэнзура асабліва не чапала, але нагодаў для радасці, тым не меньш, было мала.
Тагачасны кіраўнік БССР Машэраў займаўся злачыннай меліярацыяй (Караткевіч адзін з нямногіх, хто адкрыта крытыкаваў гэта ў эсэ „Званы ў прадонні азёр” у 1969-м); зачыняў беларускія школы (да 1969 года каля 30% школьнікаў БССР не вывучалі беларускую мову, а ў Мінску гэты паказчык дасягаў 90%.), таму ў гарадах беларускае навучанне практычна знікла, якое захавалася пераважна ў вёсках і невялікіх населеных пунктах; разбураў Машэраў гістарычныя цэнтры Менска, Віцебска ды іншых беларускіх гарадоў і мястэчак; пры Машэраве адбываліся забойствы асобных нацыянальных дзеячаў (Лявон Баразна).
Караткевіч хаваўся ад „светлай” машэраўскай рэчаіснасці ў мульфільмах і казках.
У той перыяд ён ня толькі глядзеў мультфільмы, але і напісаў нямала казак, напрыклад класічную „Чортаў скарб”, у якой паказваў, што здараецца, калі тваю хату акупіруе дэман, які здзекуецца з цябе і жыцця нікому не дае.
У канцы лютага 1975 года выходзіць зборнік „Казкі” Уладзіміра Караткевіча. Акрамя згаданага „Чортава скарба”, там была надрукаваная цудоўная рэч „Верабей, сава і птушыны суд”, пра дзёрзкага хуліганістага вераб’я, які змагаецца супраць сістэмы.
У казках Караткевіча ўсё заканчвалася шчасліва… А ў жыцці, кажучы паэтычнай мовай, за вясною, поўнай надзеі, наступае няўтульнае лета другой паловы 70-х – першай паловы 80-х. гг.
- Дасягненні Караткевіча
Але, з іншага боку, чаму няўтульнае?
Здавалася, былі адныя толькі дасягненні.
У 1976-м Караткевіч становіцца вядучым тэлепраграмы «Спадчына».
У 1978-м паводле яго лібрэта ставяць оперу «Сівая легенда», у тым жа годзе ў Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа галоўным рэжысёрам Валерыем Мазынскім ажыццяўляецца пастаноўка п’есы Уладзіміра Сямёнавіча „Кастусь Каліноўскі”.
Караткевіч вандруе па Усходняй Еўропе (Польшча, Чэхія), Беларусі, Прыбалтыцы і Азіі.
Яго кнігамі працягваюць зачытвацца.
Шмат перакладаюць і ў тым ліку на рускую мову.
Сам Пятро Міронавіч Машэраў быў прыхільнікам Уладзіміра Сямёнавіча і хваліў, між іншым, „Дзікае паляванне…”! Нездарма ж па гэтым творы быў зняты ў канцы 1970-х аднайменны фільм Вячаслава Рубінчыка, які атрымаў проста акіян міжнародных узнагарод…

На 50-годдзе Уладзіміру Сямёнавічу быў уручаны Ордэн „Дружбы народаў” за яго „Плённую творчую дзейнасць на карысць беларускага савецкага народа”.
- І тым не меней…
І тым не меней, ня гледзячы на ўсе гэтыя вонкавыя поспехі насамрэч не ўсё было, як мае быць.
16 снежня 1977 года – памірае маці Надзея.
У канцы траўня 1978-га ён сам ледзь не загінуў, сарваўшыся з гары Карадаг.
У панядзелак, 28-га лютага, 1983-га памірае жонка Валянціна…
Караткевіч больш часу праводзіць у шпіталях і больніцах, а не ў рамантычных вандроўках і падарожжах.
Калі чытаеш медыцынскія дакументы, то дзівішся літаральна ад цэлага россыпу хваробаў ды іншых бядоццяў: „Закрытая чэрапна-мазгавая траўма і субарахнаідальнае кровазліццё; абвастрэнне хранічнага халецыстыту і гепатыту; атэрасклероз мазгавых артэрый з цэрабральнымі параксізмамі; цыроз печані і пячоначная кома”…
Пачатак 1980-х, асабліва 1983-84 гг. – час адзіноты, смутнаглядства, адчуванне таго, што ўсё зроблена дарма.
Праўда, былі сябры, якія стараліся не кідаць нашага героя.
Незадоўга перад смерцю, дзякуючы спрыянню фатографа Валянціна Ждановіча і графіка Пётры Драчова Караткевіч выпраўляецца ў сваё (як аказалася) фінальнае падарожжа па Прыпяці.
Не скончыўшы вандроўкі, пісьменнік памірае 25-га ліпеня 1984 года.
- Выснова
І тым не меней, нягледзячы на тое, што сам Караткевіч пад канец жыцця быў многім незадаволены, думаў, што амаль нічога не паспеў дасягнуць, ён зрабіў нямала.
Стварыўшы беларускі сучасны і гістарычны дэтэктыў прымусіў чытаць па-беларуску нават тых нашых суайчыннікаў, якія былі далёкія ад усяго нацыянальнага.
Прыдумаў навага беларускага героя: упэўненага, смелага, шляхетнага, які здольны перамагчы любога ворага.
Творы Караткевіча (раманы, аповесці, апавяданні, казкі, сцэнарыі, п’есы) – давалі надзею, што было вельмі важна і ў застойныя савецкія часы і ў сённяшняе наша ліхалецце.
Караткевіч варты таго, каб ягоныя творы пертвараліся ў кіно, спектаклі, каб нашыя блогеры прысвячалі яму падкасты, выдаваліся літаратуразнаўчыя працы.
Уладзімір Караткевіч стварыў новую Беларусь, якая калі-небудзь стане рэальнасцю.
Васіль Дранько-Майсюк











