Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Лёсы

Яшчэ адна забытая беларуская настаўніца з Беласточчыны

У студзеньскім «Czasopisie» пісала я пра здымак з Крынскай беларускай школы з 1918 г., які захоўваўся ў калекцыі с.п. Сьцяпана Пекуна з Брэста. Тады ўспомніла я таксама пра іншы здымак Лукаша Дзекуць-Малея, падпісаны ім Маланьні Алюшыкавай. Чаму ён аказаўся ў гэтай калекцыі, ці канчаткова Лукаш Дзекуць-Малей яго не падараваў невядомай «сястры» (так яе назваў па баптысцкім звычаі), ці ён неяк інакш трапіў у калекцыю, застанецца пэўна неразгаданай тайнай, так як да нядаўна была ёй асоба Маланьні Алюшыкавай.

На публікацыю адгукнуўся краязнавец з Бярэсьця Ігар Бараноўскі, з якім я знаёмая з 1994 г. – ад І З’езду берасьцейцаў сьвету. Пісаў ён: „Цікавыя знаходкі і адкрыцьці, дзякуючы фота з Берасьця, пра беларускую дзейнасьць Лукаша Дзекуць-Малея як камісара БНР на Беласточчыне. Аўтарка гэтага матэрыялу Helena Glogowska яшчэ ня ведае, што тут яшчэ адно невялікае цікавае адкрыцьцё!? Узгаданая ў сувязі з Дзекуць-Малеем Маланьня Алюшык – маладая настаўніца з беларускай прытулковай школы ў Горадні (…) – гэта… будучая жонка іншага беларускага дзеяча з Горадні і Вільні Адама Трыпуса, зьвязанага з антыпольскай партызанкай БНР! Адам і Маланьня Трыпусы, як і Лукаш Дзекуць-Малей з жонкай Серафімай Кішка – беларускай актывісткай і настаўніцай з Горадні, пазьней жылі ў Берасьці. Магіла Адама Трыпуса была аднойдзена на Трышынскіх могілках. А пра дачыненьне яго жонкі Маланьні да беларускага руху раней было нічога невядома. У мяне былі толькі ўскосныя здагадкі, што яна таксама магла мець нейкае дачыненьне. Да ўвагі гісторыкаў: пэўная частка з вялікага збору сямейных фота Трыпусаў была перададзена дачкой Ірынай Трыпус у краязнаўчы музей у Берасьці. Сярод тых фота могуць быць цікавыя знаходкі, калі ўдасца ідэнтыфікаваць асобы на фота. Вядома, напрыклад, што Адам Трыпус і яго жонка Маланьня былі знаёмыя з кс. Адамам Станкевічам».

Здымак Лукаша Дзекуць-Малея, падпісаны ім на адвароце Маланьні Алюшыкавай З калекцыі с.п. Сьцяпана Пекуна з Брэста
Здымак Лукаша Дзекуць-Малея, падпісаны ім на адвароце Маланьні Алюшыкавай
З калекцыі с.п. Сьцяпана Пекуна з Брэста

Столькі каментар Ігара Бараноўскага. Пакуль цяжка па розных прычынах даехаць у Берасьцейскі краязнаўчы музей. Застаецца надзея, што калекцыя там захоўваецца і сапраўды могуць у ёй быць цікавыя знаходкі.

Дзякуючы сябрам-баптыстам з Менска атрымала я копію здымка Лукаша Дзекуць-Малея з дарчым надпісам: «На памятку шчыра-паважанай с. Маланьні Сьцяпанаўне Алюшыкавай ад Л. Дзекуць-Малея 28/ХІ 20 м. Горадня».

Як вынікае з адгалоскі Ігара Бараноўскага, які шмат прычыніўся да вяртаньня з забыцьця Адама Трыпуса, пра якога можна прачытаць нават у «Вікіпедыі», пра яго жонку Маланьню дасюль амаль нічога невядома. Разгарнула я свае архіўныя занатоўкі і там знайшла некаторыя звесткі пра яе. У фондзе 883 (вопісь 1, адзінка захаваньня 123) Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у Менску захоўваецца спісак курсантаў Беларускіх Вучыцельскіх Курсаў у Вільні з 1919(?) года. Сярод іх шмат настаўнікаў з Беласточчыны і Гарадзеншчыны. Там падаюцца прозвішча і імя, узрост, якой рэлігіі, якой нацыі, якой адукацыі, дзе радзіліся, якія дакументы прадставілі. Выпісваючы іх прозвішчы недзе 20 гадоў таму, я звярнула ўвагу на іх многалікасьць з нашых старон, а пры тым амаль нікому невядомых не толькі на той час, але і зараз. Сярод іх была і 22-гадовая Маланьня Алюшыкава (№ 14 на лісьце 4), якая закончыла Краснастоцкую Вучыцельскую Школу, а нарадзілася ў Сідэрцы Сакольскага павету. Там таксама вучылася Сэрафіма Кішка з сястрой Вольгай, ды яшчэ шмат якія дзяўчыны з Беласточчыны.

Адам Трыпус з жонкай Меланьяй (Алюшыкавай) і дзеткамі з беларускага прытулку ў Вільні. Зьлева кс. Адам Станкевіч mybrest.by
Адам Трыпус з жонкай Меланьяй (Алюшыкавай) і дзеткамі з беларускага прытулку ў Вільні. Зьлева кс. Адам Станкевіч
mybrest.by

На настаўніцкіх курсах у Вільні быў таксама Адам Трыпуза (ён-жа Трыпус ці Трыпуз), гадоў 22, абсальвент Сьвіслацкай настаўніцкай семінарыі, народжаны ў вёсцы Горнастаевічы Ваўкавыскага пав. (зараз Сьвіслацкі раён). Відаць там яны і пазнаёміліся. Калі ўзялі шлюб і дзе, пакуль невядома. Паводле захаваных у Берасьцейскім абласным дзяржаўным архіве адрасных картаў (zgłoszenie zamieszkania), аднойдзеных Ірынай Лаўроўскай, Адам Трыпус нарадзіўся 14 сьнежня 1896 г. у Вялікай Бераставіцы. У Вікіпедыі прадстаўлены ён як беларускі афіцэр і настаўнік, дзеяч Беларускае Народнае Рэспублікі. Дзякуючы Ігару Бараноўскаму і Ірыне Лаўроўскай з Берасьця зараз крыху больш вядома пра Адама Трыпуса (Трыпуза). Яны водзяць экскурсіі яго сьлядамі, успамінаюць пры нагодзе ўгодкаў БНР, на яго магіле намаганьнямі берасьцейскіх грамадзкіх дзеячаў у 2008 г. устаноўлены помнік.

А калі памерла і дзе пахаваная яго жонка Маланьня? Нажаль у сям’і Трыпусаў не гаварылася зашмат пра беларускую нацыянальную дзейнасць. Тое, што Ігар Бараноўскі запісаў са слоў іхняй дачкі Ірыны, народжанай 11 сакавіка 1925 г., паказвае, што хаця была яна інтэлігентнай жанчынай – выкладчыцай нямецкай, ангельскай і польскай моваў, «нічога не ведала пра дзейнасьць бацькі на пачатку 1920-ых гг.». Няшмат змагла яму расказаць і пра сваю маці. Таму часам больш можна знайсьці звестак у архівах, чым у сямейнай памяці, у якой не перадавалася тое, што было палітычна невыгадна, за што пакутавалі бацькі. Ведала яна, што за штосьці бацькоў саслалі з Гародні на Берасьцейшчыну, але «за што – ня ведала». Паводле адрасных карткаў з Берасьцейскага архіва, знойдзеных Ірынай Лаўроўскай, вынікае, што Маланьня Алюшык нарадзілася 17 кастрычніка 1897 г. у Сідэрцы Сакольскага павету ў праваслаўнай сям’і Сьцяпана і Анастасіі з Матысаў.

Адам Трыпус Фота з Вікіпедыі
Адам Трыпус
Фота з Вікіпедыі

Прагледзеўшы публікацыі Ігара Бараноўскага пра Адама Трыпуса, я чарговы раз вярнулася да стэнаграмы першага палітычнага працэсу 45 беларусаў у Акруговым судзе ў Беластоку, які адбываўся ў днях 14-22 мая 1923 г. «Працэс 45-ці беларусаў у Беластоку (паводле српаваздачы спэцыяльнага карэспандэнта» быў выдадзены друкам у 1923 г. у Вільні стараньнем Беларускага Пасольскага Клюбу. Адным з абвінавачаных у ім быў Адам Трыпуз. Ужо тады была ў яго гадавая дачушка Ніна, якая нарадзілася 25 лютага 1922 г. Як пісалася ў стэнаграме «большасьць падсудных маладыя людзі, здаровага энэргічнага віду, шмат у каго, нягледзячы на доўгае прабываньне ў вастрозе, досыць добры выгляд. Толькі ў некаторых відаць моцная зморанасьць. Большасьць трымаецца бадзёра і спакойна. Па сацыяльнаму палажэньню і прaфэсіі абвінавачаныя: народныя вучыцелі, двох быўшых афіцэраў, адзін землямер, адзін фэльшар, рэшта – земляробы, работнікі і дробныя гандляры» (с. 10). Галоўнай абвінавачанай была Вера Маслоўская ды паслы: Сяргей Баранаў і Сымон Якавюк. У пракурорскім акце абвінавачаньня закідалася маладым беларусам дзейнасьць ў «шырока раскінутай беларускай арганізацыі, маючай на мэце адарваньне ад Польскай Рэспублікі часткі яе дзяржаўнай тэрыторыі і ўтварэньне з адорваных зямель пры дапамозе аружнага паўстаньня проціў Польшчы, Беларускай Незалежнай Народнай Рэспублікі» (с. 14). Звязвалася яе дзейнасьць са з’ездам беларусаў у Празе ў верасьні 1921 г., у якім удзельнічалі Вера Маслоўская, Сьцяпан Жабінскі і Сяргей Баранаў. У гэтую арганізацыю ўвайшоў жыхар Саколкі Эдуард Лянкевіч, якога мэтай было раскрыцьцё яе дзейнасьці перад польскімі ўладамі. Сярод загаворшчыкаў назваў ён таксама настаўніка беларускай школы ў Горадні Адама Трыпуза, як начальніка Горадзенскага павету. Дапытвалі яго другога дня працэсу. Адказваў, што «займаўся толькі вучыцельскім абавязкам, палітыкай не займаўся, ні да якіх партый ні арганізацый не належаў. Як папаў у загад Хмары зусім ня ведае. З Лянкевічам ня меў нічога супольнага» (с. 70).

Кіраўнік ІІІ Палітычнага Аддзелу Дзяржаўнай Паліцыі ў Беластоку Людвік Сьлюсарчык, пакліканы на сьведку ў суд, атрымаў канкрэтныя пытаньні ад абвінавачаных. Адам Трыпуз пытаў яго: «Скуль сьведка ведае, што я належаў да арганізацыі, і ў чым я выявіў свае «дзеяльнае учасьце»? (с. 200). Сьведка адказаў: «Абвін. Трыпуз прыймаў гарачы ўдзел у беларускім нацыянальным жыцьці Горадзеншчыны. У адным загадзе Хмары фігуруе, як начальнік павета (штаба?). Усё гэта ёсьць у дакумантах, (…) якія знайходзяцца ў справе, – знойдзеных у «канцэлярыі Скамароха» і інш» (с. 200-201). На далейшыя пытаньні Трыпуза сьведка адказваў «агульна, нявыразна, альбо адмоўна: «Ня памятаю», «здаецца», ня ведаю» (с. 201). Захопліваючыся Адам Трыпуз казаў: «Няхай сьведка скажа, на падставе якіх канкрэтных фактаў складзены абвінаваўчы акт?» (с. 201). Абаронца Славінскі пытаў сьведку, што значыць яго выказваньне аб Трыпузу: «прыймаў учасьце ў беларускім нацыянальным жыцьці?» Ці-ж гэта з погляду сьведкі, зьяўляецца праступленьнем?» (с. 202).

Магіла Адама Трыпуза на Трышынскіх могілках у Берасці, з выявай „Пагоні” на надмагільным помніку, які пастаўлены ў 2008 г. з ініцыятывы грамадзянскай супольнасці горада Фота з Вікіпедыі
Магіла Адама Трыпуза на Трышынскіх могілках у Берасці, з выявай „Пагоні” на надмагільным помніку, які пастаўлены ў 2008 г. з ініцыятывы грамадзянскай супольнасці горада
Фота з Вікіпедыі

У абароне Адама Трыпуза выступаў як сьведка дырэктар беларускай школы Уладзімір Федарук, даказваючы, што ён «нікуды не адлучаўся ад школы з другой паловы 1921 г. аж да вясны 1922 г.» (с. 209) і быў выстаўлены у Беластоцкай акрузе па спіску № 16 Блоку нацыянальных меншасьцяў як беларускі культурны дзеяч у выбарах у Сойм. Аб яго прыватным жыцьці даў надта добрую апінію: «Быў вясёлым чалавекам, які любіў кампанію, не займаўся палітыкай. У той час быў жаніхом» (с. 210). Казаў таксама, што пра Трыпуза распытвалі ў яго палякі, якія прыходзілі ў школу. Як вынікае са сьведчаньняў Федарука, яго маці была полькай і шмат хто з яго сваякоў служыў у польскім войску. Да студзеня 1921 г. Трыпуз быў сябрам Горадзенскага Беларускага Нацыянальнага Камітэту (да яго распушчэньня).

Пракурор Камінскі залічыў А. Трыпуза да чацьвёртай групы 20-ці абвінавачаных, закідаючы яму віну ў прыналежнасьці да канспірацыйнай грамады. Паводле яго згодна з расейскай юрысдыкцыяй (абавязваў кадэкс Таганцова з царскіх часоў) ужо толькі адна прыналежнасьць без здзяйсьненьня якіх-колечы ўчынкаў з’яўлялася праступнай і павінна быць пакарана. Для ўсяе гэтае групы пракурор дамагаўся 4 гадоў катаржнай турмы.

Адвакат Славінскі, абаронца А. Трыпуза, прасіў яго апраўдаць: «Адносна да гэтага абвінавачанага ў абвінавачуючым матар’яле не абярэшся пярэчаньняў. У «вельмі сэкрэтным» загадзе Трыпуз фігуруе, як «начальнік штабу» Горадзенскага павету, а Лянкевія паказаў, што Трыпуз, – «начальнік Горадзенск. Павету». Хто-ж тады Трыпуз, – начальнік павету ці штабу. У вайсковай арганізацыі такая блытаніна немагчыма. Далей, у тым-жы «вельмі сэкрэтным» загадзе Хмары Трыпуз называецца «Трыбузам…» У такіх важных конспірацыйных ваенных загадах падобныя памылкі ў прозвішчы такой важнай фігуры, – не дазваляюцца. Беспасрэдны начальнік Трыпуза даў аб ім найлепшую атэстацыю. – Гэта вучыцель-работнік. Апрача таго, у той час, аб якім ідзе мова, Трыпуз быў жаніхом… А ў часе жаніхоўства, як ведама, мала хто думае аб палітычных выступленьнях, або аб аружным паўстаньні… А тут як на злосьць, яго назначаюць» Хмара – «начальнікам штабу», а Лянкевіч – «начальнікам павету…» Ды яшчэ тут, заместа Трыпуз – Трыбуз… Ясна, што гэта чысты абгавор зусім нявіннага чалавека дзеля нейкай незразумелай мэты. Да арышту ў школу прыходзілі нейкія людзі, пыталіся аб прозвішчах вучыцялёў… І вось – вынік – узвышэньне скромнага вучыцеля горадзенскай школы – спачатку ў «начальнікі штабу», потым – павету… Я прашу суд па справядлівасьці ацаніць увесь матар’ял абвінавачаньня, датычны абв. Трыпуза, і апраўдаць яго» (с. 307-308).

Здымак Лукаша Дзекуць-Малея, падпісаны ім на адвароце Маланьні Алюшыкавай З калекцыі с.п. Сьцяпана Пекуна з Брэста
Здымак Лукаша Дзекуць-Малея, падпісаны ім на адвароце Маланьні Алюшыкавай
З калекцыі с.п. Сьцяпана Пекуна з Брэста

У сваім апошнім слове абвінавачаны А. Трыпуз сказаў між іншым: «Я хачу растлумачыць, як мог папасьці на гэту лаўку лёяльны беларускі інтэлігэнт. Мэта правакатараў, якім плацілі, зразумела: скампраметаваць у вачах улады кволыя расткі беларускіх арганізацый – культурных, прасьветных, эканамічных, дабрачынных. (…) Я сядзеў 15 месяцаў, думаў над усім гэтым – думаў, як і за што я папаў ўва ўсю гэтую гісторыю… І я хачу, каб усё гэта выслухалі і зразумелі тыя, хто будзе мяне судзіць… Я хачу, каб ведалі, як можа зусім нявінны папасьці ў гэткую гісторыю беларускі інтэлігэнт. Я прашу суд вынясьці нада мной такі прыгавор, які ён знойдзе справядлівым» (с. 378-379).

Прыгаварам суда Адам Трыпуз быў апраўданы і выпушчаны на волю пасьля 15 месяцаў арышту. Яго дачушцы Ніне мінуў годзік і тры месяцы. Пасьля працэсу не мог далей працаваць настаўнікам у Гародні. На аснове загаду ўладаў быў пераведзены з сям’ёй на Палесьсе – там настаўнічаў у вёсцы Ратайчыцы. Там 11 сакавіка 1925 г. нарадзілася дачка Ірына. Быў вымушаны перайсьці ў каталіцтва. Паводле Ірыны Лаўроўскай, як вынікае з архіўных адрасных карткаў, у сьнежні 1934 г. Маланьня і Адам Трыпузы пераехалі ў Берасьце. Спярша жылі па вуліцы Вейскай 3 кв. 1, пасьля з верасьня 1937 г. па вуліцы Сянкевіча 54 (зараз Маякоўскага). Жывучы там Адам Трыпус быў пад наглядам паліцыі і адпаведных службаў. Паводле дакументаў, знойдзеных Ірынай Лаўроўскай у Берасьцейскім абласным архіве, «як асоба ёсьць падазроным і няпэўным палітычна. Паводле вышэй згаданага, прызначэньне яго на дзяржаўную пасаду настаўнікам з’яўляецца з кожнага пункту гледжаньня непажаданым і намі не вітаецца». Ці мелі яны кантакты з даўнімі сябрамі, Сэрафімай і Лукашам Дзекуць-Малеямі, якія былі пераселеныя ў Берасьце ўжо ў восень 1921 г.? Ці настаўнічала ўрэшце Маланьня Алюшык, якая працу беларускай настаўніцы пачала з 1 верасьна 1919 г. у беларускай прытулковай школе ў Гародні разам з Сэрафімай Кішка. Тады Адам Трыпус працаваў у сірацінцы ў Вільні, а з 1921 г. працаваў настаўнікам IV беларускай школы ў Гародні і быў таксама адным з кіраўнікоў беларускага прытулку для дзяцей. Паводле Андрэя Чарнякевіча ў 1922 г. пражываў ён у Гародні па вуліцы Падольная 52 – ужо напэўна са сваёй жонкай Маланьняй. У пачатку сакавіка 1922 г. быў арыштаваны, калі яна толькі што нарадзіла дачушку Ніну. На працягу 15 месяцаў арышту адведвала мужа ў турме.

Пасьля ІІ сусьветнай выйны Адам Трыпус працаваў у Берасьцейскім раённым аддзеле адукацыі і выкладаў біялогію ў Пэдагагічным інстытуце. Жыў у драўляным доме на Граеўцы ў Берасьці па вуліцы Лінейнай 34. Нечакана 16 верасьня 1965 г. быў знойдзены мёртвым, з разбітай галавой, недалёка свайго дому. У ім жыла тады яшчэ яго жонка Маланьня і дачка Ірына, але калі яны памерлі і дзе пахаваныя пакуль нямаведама. Хіба, што ведае пра месца спачынку беларускай настаўніцы з Беласточчыны радня, якая атрымала ў спадчыну дом у Берасьці. Таксама трэба было б знайсьці магілу Маланьі Алюшык і ўвесьці яе ў спіс беларускіх сьлядоў у Берасьці.  Зараз ёсьць надзея, што берасьцейскія апантаныя краязнаўцы Ірына Лаўроўская і Ігар Бараноўскі знойдуць гэтую магілу, як раней знайшлі магілу Адама Трыпуса на Трышынскіх могілках.

А я маю надзею, што знойдуцца на Беласточчыне іншыя сябры Маланьні і Адама Трыпусаў з Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні, якіх відаць лёс таксама быў няпросты, калі мы дасюль пра іх нічога не ведаем, вось хаця бы пра сёстраў Марыю і Вольгу Ярашэвічанак, родам з Кнышэвіч на Сакольшчыне, ці Веру Мультан з Беластока, якая жыла ў Саколцы і там спачывае на могілках…

Лена Глагоўская

Дзякую Ірыне Лаўроўскай і Ігару Бараноўскаму з Берасьця за дапамогу матарыяламі пры пісаньні артыкула.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (437) – атрыманьне ў 1587 г. горадам Лідай самакіраваньня паводле магдэбурскага права.
  • (125) – 14.10.1899 г. у Слабадзе-Кучынцы Слуцкага пав. нар. Адам Бабарэка, беларускі пісьменьнік і крытык. Закончыў Мінскую духоўную сэмінарыю, настаўнічаў на Случчыне, у 1922–1927 гг. вучыўся на этноляга-лінгвістычным аддзяленьні Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэта і працаваў у рэдакцыі газэты „Савецкая Беларусь”.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis