Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    19.Szalony kamandant z Sannikoŭ

    Pośle taho, jak letam 1944 r. Krasnaja Armia prahnała ad nas hitleraŭcaŭ, z zaniatych viosak na front brali maładych mużczyn. Tak mabilizavali miż inszym Kola K. z Sannikoŭ – apuściełaj cipier vioski pad Krynkami, pamiż Kruszynianami i Szaciłami. Jon naradziŭso ŭ 1916 r. Za polskim…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

6 траўня 2023 г.

Царква ў Кажанах Фота Юркі Хмялеўскага
Царква ў Кажанах
Фота Юркі Хмялеўскага

На Юрыя ў Кажанах над Нарваю. Прыхадское свята там у канцы верасня – на Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга, бо так высвенчана была цяперашняя царква, якую пабудавалі ў 1886 г. Паводле гістарычных звестак ранейшая была Георгіеўская і таму па сёння ўрачыста адзначаеца тут і гэтае свята. Кажанскі прыход старадаўні, дакументы згадваюць пра яго ўжо на пачатку ХVII ст. Магчыма ўжо раней стаяла там царква, паколькі праваслаўе ў гэтым кутку замацавалася яшчэ ў ХVI ст., бо так датаваны храм у суседнім Суражы. 

Тут на моцна праваслаўных некалі землях цяпер пераважаюць католікі. Аднак на Юрыя ў царкве ў Кажанах вернікаў было нямала. Шмат, праўда, прыезджых, але і тутэйшыя яшчэ трымаюцца, і пачуць можна нават мясцовую гаворку. 

Настаяцелем там цяпер айцец Ян Койла, які калісь быў дырэктарам Радыё Артадоксія. Разам з некалькімі бацюшкамі дастойна адслужыў ён літургію. Сама царква прыгожа адноўленая і задбаная. Але так як ва ўсіх прыходах безупынна трэба штосьці там рамантаваць. Айцец Ян сказаў, што ў бліжэйшых планах ёсць аднаўленне царкоўнага бруку, паколькі каменная агарожа ў многіх месцах ўжо проста развалілася. Спецыялісты выцанілі кошт інвестыцыі на амаль мільён злотых. Такіх грошай прыхаджане самі сабраць не ў змозе. Але настаяцель не падае духам, разлічваючы на ўспамажэнне звонку ад улад, устаноў і прыватных спонсараў. Прысутныя ў храме не пашкадавалі на гэта грошай, хто колькі мог паклаў у каробачку, з якою святар прайшоўся.

Набажэнства завяршылася традыцыйным Крэстным ходам вакол царквы. Тады вернікі былі сведкамі чагосьці незвычайнага. Я таксама ўслед за многімі глянуў уверх і на небе, цэнтральна над храмам, пабачыў рэгулярны круг светлыні – вянок ні то воблачны, ні то штучны нейкі, дыяметрам 20-30 метраў. Нешта таямнічае, цудоўнае. На прысутных выклікала гэта аграмаднае ўражанне. Такі знак многія ўспрынялі як асаблівае благаслаўленне.

Пры ўваходзе на царкоўны пляц былі таксама два страганы-лаўкі з ледзянцамі, „мачкамі”, ветрачкамі і іншымі цацкамі. Гэта здаўна неад’емны вобраз нашых царкоўных фэстаў. Звычай яшчэ трымаецца, хаця не ў такім маштабе як калісь. Памятаю даўнія фэсты са свайго дзяцінства паўвеку ўжо таму. Было шматлюдна і вельмі калярова. 

На Юрыя ездзілі мы з бацькамі фурманкай у Юраўляны. Ад таго і пайшла назва гэтай вёскі, – ад Юр’еўскай царквы менавіта. Само свята безумоўна мае яшчэ язычніцкі радавод. Гэта адаптаваны хрысціянамі культ Ярылы, бога вясны і ўрадлівасці. 

Назва Юраўляны распаўсюдзілася толькі ў XVII ст. Раней былі гэта Паплаўцы або хутчэй за ўсё Паплавічы. У маім падкрынскім і сакольскім старонні можна заўважыць пэўную рэгулярнасць калі гаворка пра назвы мясцовасцей. Ёсць тут цэлы рад вёсак з канцоўкай -чы – Малявічы, Шчасновічы, Кнышэвічы, Сукавічы, Гаркавічы (непадалёк Юраўлян), а за Крынкамі Лапічы і Жылічы. Усе яны надта старадаўнія. Далей уздоўж ракі Свіслачы пераважаюць назвы з канцоўкай -аны – Азяраны, Ласіняны, Крушыняны, Лужаны. Гэтыя вёскі крыху ўжо малодшыя. Таму як у люстэрку відаць, што гэтыя словы, якія пераважна нам незразумелыя, адпавядаюць рознаму паходжанню людзей, якія тут перад вякамі пасяліліся. У дадзеным выпадку гэта два народы, дзве культуры. А былі таксама іншыя. 

У маім наваколлі коратка існавала яшчэ адна Юр’еўская царква – у Шудзялаве. Пабудавалі яе ў 1900-1907 г.г., а галоўнымі фундатарамі былі ўладальнік маёнтку Слойка Аляксандр Анненкаў і яго жонка папечыцельніца Вольга. У жніўні 1915 г. храм узарвалі расійскія войскі, а ў трыццатых гадах католікі раскідалі муры, а з цэглы, з якой былі пастаўлены, пабудавалі сённяшні касцёл.

Калі гэты храм існаваў, быў ён тут вялікім праваслаўным цэнтрам. Можна толькі ўявіць сабе як выглядала тады прыхадское свята. У „Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях” з 1904 г. ёсць справаздача з гэтай падзеі. У ёй напісана, што на Юрыя ў Шудзялаве былі натоўпы народу пад тры тысячы вернікаў. Самае цікавае гэта тое, што людзі з суседніх прыходаў у Востраве і Самагрудзе прыбылі на свята Крэстным ходам. З харугвамі наперадзе ішлі пяць вёрст. Выглядала гэта самавіта і – як адзначыў аўтар справаздачы – благотворно действовало на толпу. Падчас літургіі братчыкі стаялі ў царкве з запаленымі свечкамі.

Ажно не верыцца, што так было ў нас на Юр’я. Калі? Сто і крышку гадоў таму.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    1040 – У 983 г. вялікі князь Уладзімір на чале дружын, аснову якіх складалі дрыгавіцкія і крывіцкія воі, рушыў супраць яцьвягаў. Армія перайшла па землях сёньняшняй Беласточчыны і паводле „Повести временных лет” як напісана „Въ лето 6491 иде Володимир на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (258) – 25 верасьня 1765 г. у Гузаве (зараз Мазавецкае ваяв.) нарадзіўся Міхал Клеофаc Агінскі – дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар (памёр 15.10.1833 г. у Флярэнцыі (Італія), дзе пахаваны ў пантэоне Санта Кручэ).
  • (175) – 25.09.1848 г. у Магілёве нар. Вацлаў Федаровіч, краязнавец, калекцыянер, юрыст, член-карэспандэнт Кракаўскай АУ. З 1884 г. жыў у Віцебску, працаваў намесьнікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісыі. Пісаў артыкулы па гісторыі краю ў „Витебские губернские ведомости”. Памёр 11.01.1911 г. у Рызе, пахаваны ў Віцебску на могілках касьцёла сьв. Варвары.
  • (148) – 25 верасьня 1875 г. у в. Асаўцы Кобрыньскага павету нарадзіўся Сяргей Паўловіч, настаўнік, нацыянальны дзеяч. У 1925-1928 гг. быў дырэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі. Адзін з кіраўнікоў Таварыства Беларускай Школы. За беларускую, патрыятычную дзейнасьць пазбаўлены правоў навучаньня. Актыўна выступаў супраць палянізацыі беларускага насельніцтва. Між іншым быў рэдактарам дзіцячага царкоўна-культурнага часопіса „Снапок” (у 1937-1939 гадах), аўтарам школьных падручнікаў ды дапаможнікаў на беларускай мове. Памёр 16.09.1940 г. у Вільні, пахаваны на праваслаўных Свята Ефрасіньнеўскіх могілках.
  • (110) – 25.09.1913 г. у в. Нобель Пінскага павета нар. Сяргей Грахоўскі, беларускі пісьменьнік. У 1936 г. закончыў літаратурны факультэт Мінскага пэдагагічнага Інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. У 1936 г. рэпрэсаваны, 10 гадоў быў у лагеры. У  1946 – 1949 гг. выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе на Случчыне. Пасьля паўторна арыштаваны і сасланы на вечнае пасяленьне ў Новасібірскую вобласьць. Пасьля рэабілітацыі ў 1955 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў на радыё, у часопісах „Бярозка”, „Вясёлка”. Першы верш надрукаваў у 1926 г. У 1973 і 1983 гг. выдаваліся яго „Выбраныя творы” ў 2 тамах. Памёр 11.12.2002 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
  • (109) – 25.09.1914 г. у Зэльве Гродзенскага пав. нар. Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар, старшыня Саюза Беларусаў у Бэльгіі. Рукапаложаны ў сан сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г., быў адным з ініцыятараў і арганізатараў БАПЦ у Бэльгіі. Памёр 25.09.1984 г. у Грэверы каля Лювэну ў Бэльгіі.
  • (102) – 25-28.09.1921 г. у Празе адбылася Першая Усебеларуская Канфэрэнцыя – сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў з Заходняй Беларусі, Латвіі, Летувы, Нямеччыны, Чэха-Славакіі. Прысутныя падтрымалі прынцып поўнай незалежнасьці ды непадзельнасьці Беларусі. Між іншым удзельнікі сходу сьцьвердзілі, што лічаць ворагамі беларускага народу кожнага хто прызнае Рыжскі мірны трактат, які падзяліў беларускія землі між Расею і Польшчу. Прысутная на канфэрэнцыя была беларуская дзеячка родам з падбеластоцкіх Агароднічак Вера Маслоўская (Матэйчук).
  • (85) – 25.09.1938 г. у Краснасельскім каля Ваўкавыска нар. Вячаслаў Целеш, мастак і беларускі дзеяч у Латвіі. Жыве ў Рызе. Віншуем!
  • (58) – 25.09.1965 г. у Гільдэсгайм у Нямеччыне памёр Міхась Маскалік (нар. 18.03.1903 г. у Гарадзеі), каталіцкі сьвятар усходняга абраду, беларускі хадэцкі дзеяч.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis