Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нарыс

Балючае пытанне Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, на якое няма адказу

Не так даўно, у жніўні гэтага года, верш „Гутаркі старога дзеда”, складзены ажно ў 1861 годзе і накіраваны супраць улады Расійскай імперыі, быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Некаторыя даследчыкі літаратуры (Генадзь Кісялёў, Язэп Янушкевіч) лічаць, што аўтарам з’яўляецца Віцэнт Дунін-Марцінкевіч. Многія журналісты так і пісалі, што згаданы аўтар аб’яўлены экстрэмістам.

У сувязі з гэтым цікавасць да Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пачала павялічвацца.

Чым больш вывучаеш яго жыццё і творчасць, тым больш разумееш, наколькі Дунін-Марцігкевіч быў спрэчнай і загадкавай асобай. Многае з яго біяграфіі патанае ў архіўным тумане няведання. 

Нават калі ўзяць тыя ж „Гутаркі старога дзеда”, то і па сёння існуюць спрэчкі хто ж склаў гэты крамольны верш. 

Адам Мальдзіс і Вячаслаў Рагойша лічаць, што аўтарам з’яўляецца Вінцэсь Каратынскі. 

Мікола Хаўстовіч нязгодны з шаноўнымі даследчыкамі і прапануе засяродзіцца на асобе Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. 

Аднагалосся няма (а калі яно ў нас было?). 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808-1884)
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808-1884)

Таксама няма пэўнай згоды і ў іншых пытаннях, звязаных з біяграфіяй Дуніна-Марцінкевіча: нарадзіўся ён ў беднай сям’і арандатара ці яго бацька быў заможным чалавекам? Вучыўся ў Вільні ці ў Пецярбурзе? Сядзеў восем месяцаў у Менскай турме пад час паўстання 1863 года ці абыйшоўся хатнім арыштам? З’яўляўся польскім пісьменнікам, які ствараў свае беларускія тэксты дзеля забавы альбо яго можна лічыць па-сапраўднаму першым беларускім аўтарам? І такіх пытанняў вельмі-вельмі шмат.

Хто такі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч? 

Адразу хочацца зазначыць, што нашаму герою не пашанцавала. 

Яму „не пашанцавала” нарадзіцца шляхціцам, мець у сваёй уладзе сялян, заклікаць паноў да згоды з прыгоннымі, прапаведваць у п’есах і вершаваных апавяданнях не вайну, а мір. Таму ў часы, калі ў нас былі модныя народніцтва і левыя сацыялістычныя ідэі (канец 19-га першая чвэрць 20-га стагоддзя) крытыкаваўся многімі нашымі класікамі. 

Францішак Багушэвіч з’едліва пісаў у прадмове да свайго другога паэтычнага зборніка „Смык беларускі” (1894 г.): „Здарывалася і мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старыя, друкаваныя навет, якогась пана Марцінкевіча, але ўсе як бы смеючыся з нашага брата пісаны”.

Янка Купала ў 1915-м годзе, аналізуючы п’есу гэтага „якогась пана”, адзначаў: „ Аўтар аперэткі В. Марцінкевіч, сам шляхціц, шчыра стаяў на стражы інтарэсаў гербоўнай шляхты-паноў, і хаця бачыў усе іх недастаткі, усё ж такі ў сваіх творах выказваў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты…” 

Максім Багдановіч у расейскамоўным артыкуле таго ж 1915-га года „Белорусское возрождение” (для часопіса „Украинская жизнь”) быў яшчэ больш неміласэрным: „Писатель грузный и тяжеловесный /…/ писал стихом неизящным и неповоротливым /…/ Можно сомневаться, был ли он вообще поэтом… Впрочем, ему нельзя отказать в некотором изобразительном таланте, а изредка и в бойкости письма”.

Максім Гарэцкі ў сваёй фундаментальнай працы „Гісторыя беларускай літаратуры” дабівае нашага героя: „Панскасьць замінала Дунін-Марцінкевічу глянуць глыбей, са ўсей шчырасьцю, на панска-мужыцкія адносіны і паважна закрануць соцыяльныя проблемы. /…/ ён радзіўся і памёр з нічога нявартай соцыяльнай ідэолёгіяй”.

Пасля падобных словаў, відаць, трэба схаваць куды падалей у архіў творы Дуніна-Марцінкевіча і нават не ўспамінаць гэтага аўтара, як нявартага ўвагі і павагі. 

Але, дзякуй Богу, у нас быў і Францішак Аляхновіч. 

Гэты бліскучы тэатральны рэжысёр, драматург і акцёр, стваральнік айчыннага кабарэ і гарадской беларускай драматургіі, а таксама адзін з першых даследчыкаў беларускага тэатра, па-сапраўднаму шчыра любіў Дуніна-Марцінкевіча і з лёгкасцю, уласцівай толькі яго таленту, адкінуў  камень, ускладзены Багушэвічам, Купалам, Багдановічам і Гарэцкім на магілу Дуніну-Марцінкевічу. 

У сваёй працы „Гісторыя беларускага тэатра” Францішак Аляхновіч вельмі прыязна пісаў пра аўтара „Сялянкі”, называючы яго „бацькам беларускай камэдыі”. 

Аляхновіч заўсёды быў дакладны ў фармулёўках. 

І сапраўды, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў перадусім стваральнікам беларускага камедыйна-музычнага тэатра. 

У самыя палітычна-неспрыяльныя часы, калі, здавалася, было зусім не да смеху, ён пісаў і ставіў фарсы, вадэвілі, камічныя оперы і аперэткі і падымаў настрой прыгнечаным сучаснікам. 

Аляхновіч бачыў у нашым героі блізкага сабе па духу творцу, бо і сам праславіўся пад час нямецкай, польскай, савецкай акупацый вясёлымі, лёгкімі п’есамі (такімі як „На Антокалі”, „На вёсцы”, „Птушка шчасця”, „Чорт і баба”, „Пан міністар”, „Шчаслівы муж”), якія з мальераўскай віртуознасцю ставіў на віленскай і менскай сцэне, а таксама на правінцыі.

У адрозненні ад Францішка Аляхновіча, які дастаткова рана зразумеў, што хоча звязаць сваё жыццё з тэатрам, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч не адразу аддаўся ў палон Мельпамены. 

Напачатку была нецікавая яму вучоба на лекара ў Пецярбурзе. Пасля двух галоў пакутаў, ён разыграў, што самлеў пры выглядзе разрэзанага мерцвяка ў анатамічным класе і шчасліва кінуў нудную медыцыну. 

З 1828 па 1840 гады працаваў дробным чыноўнікам у Менску. 

Чым ён толькі не займаўся: быў каморнікам у Менскім павятовым судзе, працаваў у Менскай каталіцкай кансісторыі перакладчыкам дакументаў з польскай мовы на рускую, служыў у Менскай крымінальнай палаце, па даверанасцях займаўся рознымі адвакацка-натарыяльнымі справамі.  

Як вядома, пасля паражэння лістападаўскага паўстання 1830 года расійскія ўлады пачалі праводзіць гэтак званы «разбор шляхты», паводле якога шляхта мусіла была прадставіць дакументальна аформленыя доказы свайго паходжання. У выніку ня ўсе мелі адпаведныя паперы і пэўная частка шляхты пазбавілася сваіх правоў і была пераведзена ў падатковыя саслоўі. Сам тэрмін «шляхта» быў забаронены для ўжывання ў рускай мове, замест яго пачалі выкарыстоўваць рускі тэрмін «дворянство». У гэты вельмі няпросты час стварэнне падробленых радаводаў стала вельмі прыбытковым бізнесам. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прымаў у гэтай справе вельмі актыўны ўдзел. Ён умеў падробліваць многія почыркі, меў багатую фантазію і надзвычайны спрыт. У хуткім часе ён стаў адным з лепшых майстроў у Менску па падробцы радаводаў. За падобныя рэчы Дунін-Марцінкевіч быў пасаджаны ў 1835 годзе ў Менскую гарадскую турму, але, дзякуючы свайму здзіўляльнаму ўменню выблытвацца з самых цяжкіх момантаў, праседзеў там толькі каля чатырох месяцаў, пасля чаго выйшаў на волю, каб працягнуць сваю няпростую справу складання фіктыўных радаводаў. 

За тры гады да гэтага турэмнага эпізоду Дунін-Марцінкевіч у 1832 г. падае прашэнне на высвятленне сямейнага шляхецкага радаводу і піша ў заяве:  «З дзяцінства асірацелы і маючы нядбайную радню, я зусім не меў нікога, хто б заняўся радаводнымі справамі нашага роду. Цяпер, аднак, дажыўшы да сталых гадоў, я ледзьве змог здабыць ад сваякоў нашы паперы…» Паводле гэтых папераў Марцінкевіч меў цяпер двайное прозвішча: Дунін-Марцінкевіч. 

Даследчык яго творчасці Зміцер Дрозд так тлумачыць гэты момант: „Мець падвойнае прозвішча было прэстыжна, гэта паказвала старажытнасць роду, і гэта магло нават прынесці нейкую практычную карысць. Вядома, што прадстаўнікі не такой заможнай шляхты, і тым больш, багатыя прадстаўнікі новай буржуазіі або мяшчанства заўсёды імкнуліся выдаць сваіх дачок або сыноў за прадстаўнікоў «шляхетнага роду». Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у жыцці Вінцэнта, калі па сутнасці нічога, акрамя гэтага «шляхетнага» паходжання ў яго не было”.

Зміцер Дрозд лічыць, што свой радавод Дунін-Марцінкевіч амаль цалкам сфальсіфікаваў і ўвогуле ў гэты час ён сабе дазваляў дастаткова рызыкоўныя рэчы. Напрыклад, яго гісторыя жаніцьбы – гэта асобны сюжэт для авантурна-меладраматычнага рамана.

Працуючы, у 1831 года сакратаром у прыватнай канторы Бараноўскага наш герой закахаўся ў яго дачку Юзэфу. Праходзіць не так шмат часу і будучая цешча Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча скардзіцца Мінскаму часоваму ваеннаму Губернатару  Генерал-маёру і Кавалеру графу Строганаву: „Учорашняга дня 26 лістапада а 3-й гадзіне апоўдні Мінскага губернскага межавага суда канцылярыст Вінцэнт Марцінкевіч, нягледзячы на бяспеку ўсякага з жыхароў, якія знаходзяцца пад покрывам законаў і ўрадавых; маю дачку, якая ішла ў вучылішча для ўрокаў, Юзэфу Бараноўскую, якая мае ад роду 14 гадоў, гэтую сілком на вуліцы схапіў і ў сваёй кватэры на Траецкай гары ў доме жыхара Гаеўскага схаваў. Аб якім выкраданні, калі я, просьбітка, з маім мужам даведаліся і сказаную дачку нашу ледзь у 2-й гадзіне папоўначы ў кватэры гэтага ж Марцінкевіча адшукаўшы, патрабавалі вяртання яе ў дом наш. Тады выкрадальнік Марцінкевіч не толькі яе не выдаў, але яшчэ з брытваю ў руцэ да мяне як маці кінуўся: пагражаючы тым, што «хто-небудзь асмеліцца да маёй дачкі наблізіцца, усякага зарэжу да смерці».

Затым, стала вядома, што Юзэфа Бараноўская цалкам дабравольна выйшла за Дуніна-Марцінкевіча, ніякага брытвы не было, ніхто нікому не пагражаў, а самой Юзэфе было не 14, а 16. Словам, не ва ўсім трэба верыць будучым цешчам.  

Нашы героі тайна абвянчаліся ў Менску, у суботу, 12 лістапада 1831 года. Паводле дакументаў: „Павянчаў каморніка менскага павета Марцінкевіча і дачку рэгента Юзэфу святар уніяцкай царквы, якая знаходзілася ў Сеніцы, Амяльян Людвіг Беліновіч”. Прытым, рабіў гэта Беліновіч неахвотна, прадчуваючы скандал, але Дунін-Марцінкевіч здолеў расчуліць сэрца святара. Будучы аўтар „Сялянкі” ўжо тады быў добрым акцёрам. 

Бацькі нявесты абвінавацілі Дуніна-Марцінкевіча ў выкраданні іх дачкі, падалі на яго ў суд і хацелі даказаць, што каханы іх дачкі – крымінальнік і злодзей. 

Пачадося следства, пад час якога было вырашана аддаць Юзэфу ў Бернардынскі жаночы манастыр (цяпер гэта праваслаўны Кафедральны сабор Святога Духа на Нямізе) пад найстражэйшы нагляд. 

Наш герой не апускае рукі. Ён змагаецца за сваё шчасце. У лісце на імя біскупа Ліпскага піша: „Шматгадовае знаёмства зарадзіла ў нашых сэрцах каханне на ўсё жыццё, пад дзеяннем якога мы далі адно аднаму слова ўступіць у шлюб. З гэтай мэтай паўсталі перад бацькамі Юзэфы, паведаміўшы свой намер, і перажылі страшныя пакуты, калі тыя без важкіх прычын забаранілі нам ажаніцца. Пасля гэтага наша жыццё напоўнілася тугой і адчаем, і адзінае, што асвятляла нашыя дні, была надзея на шчасце. Не маючы больш сіл трываць гэтыя пакуты, мы вырашылі заключыць шлюб — хоць і не ў сваім парафіяльным каталіцкім саборы, але, усё ж такі, перад абліччам Божым, і пакляліся Творцу не адпускаць адно другога. І сёння, калі сярод нашага шчасця мы разлучаныя з-за пераследу бацькоў, якія хочуць разбурыць нашу клятву перад Богам, мы асмельваемся прасіць, каб наш шлюб з чыстым сумленнем і сэрцам перад Творцам быў зацверджаны». Дунін-Марцінкевіч піша безліч прашэнняў, у якіх скардзіцца, што яго жонка, замкнёная ў кляштары, пачынае сябе кепска пачуваць, здароўе яе пагаршаецца. 

Юзэфа і сама не сядзела, склаўшы рукі. У нядзелю, 11-га снежня, таго ж 1831-га года яна пісала новую скаргу: „У зняволенні ў мяне пагоршылася здароўе. Ласкава прашу вызваліць мяне, ратыфікаваць наш шлюб і аддаць мяне пад апеку мужа, каб ля алтара паўторна паклясціся яму ў шлюбнай вернасці”. 

15-га  снежня Юзэфу наведаў менскі дэкан Людвік Лыжыкевіч. Ён у прысутнасці ігуменні патрабаваў, каб нявеста Дуніна-Марцінкевіча дала тлумачэнні на абвінавачванні яе бацькоў і ў тым ліку адносна выкрадання Марцінкевічам брыльянтавага пярсцёнка. Юзэфа дала чарговае пісьмовае тлумачэнне, у якім дастаткова рашуча зазначыла, што яе муж не злодзей. Пярсцёнак, пра які вядзецца гаворка, уласнасць самой Юзэфы і яна вольная рабіць з гэтай дарагой цацкай, што заўгодна. Дзяўчына патрабавала, каб яе выпусцілі пад апеку каханага мужа. 

І здарыўся цуд! Нашыя героі перамаглі! 

18-га снежня, 1831 года маладыя былі паўторна павянчаныя. Калі б не вялікае каханне 16-гадовай дзяўчыны, калі б не яе вялікая маральная і духоўная сіла, то наўрад ці б гэтая гісторыя скончылася шчасліва. Упэўнены, што Дунін-Марцінкевіч быў уражаны гэтым. Таму нядзіва, што многія гераіні яго будучых класічных п’ес гэтаксама здзіўлялі сваёй духоўнай моццу і ўпэўненасцю ў тым, што калі праўдзіва кахаеш, то абавязкова пераможаш.  

На вялікі жаль, Юзэфа не пражыла доўга. За месяц да свайго 40-годдзя ў траўні 1854 года яна памірае. У дакументах чытаем пра гэты трагічны эпізод: „1854 года Мая 3 дня в городе Минске скончалась помещица Юзефа Марцинкевичева от истощения тела /…/ Тело ее похоронено ксендзом Станиславом Знамеровским на Кальварийском кладбище 5 сего месяца и года”. 

У адрозненні, скажам, ад Францішка Багушэвіча, сямейнае жыццё Дуніна-Марцінкевіча было шчаслівым. 

У Вінцэнта і Юзэфы нарадзілася не меньш за дзевяць дзяцей! Але да дарослага ўзросту дажылі толькі пяцёра: Каміла-Амалія, Міраслаў-Эдвард, Яўгенія-Эмілія, Цэзарына і Марыя-Элодзія. 

Калі аўтар „Дудкі беларускай” у сваіх літаратурных пачынаннях быў не зразуметы жонкай і дзецьмі, якія лічылі, што Багушэвіч звар’яцеў у сваім невытлумачальным „хлопаманстве”, калі яго сын пасля смерці таты знішчаў творы нашага класіка, то Дуніну-Марцінкевічу пашанцавала мець сям’ю, члены якой былі яго адзінадумцамі, што разам з ім, пачынаючы з 1840-х гг. пачалі ствараць уласны тэатр.

Як памятаем, 1830-ыя гады. былі не самымі спрыяльнымі для творчасці. паводле Язэпа Янушкевіча: „Трэцяе дзесяцігоддзе XIX ст. пачалося для Беларусі Лістападаўскім паўстаннем 1830 г. і яго крывавым разгромам. Неадкладна праводзіўся ў жыццё цэлы шэраг урадавых рэпрэсій: быў зачынены краёвы цэнтр нацыянальнай асветніцкай дзейнасці — Віленскі ўніверсітэт, забаронены шматлікія польскамоўныя газеты і часопісы. Чарговая хваля русіфікацыі сцерла з карты Еўропы назву «Беларусь», замяніўшы яе нейтральнай геаграфічна-прасторавай назвай «Паўночна-Заходні край». Жорсткасць, антыгуманнасць пералічаных мер адмоўна адбіліся на станаўленні новай беларускай літаратуры”. Акрамя таго, у 1837 г. цар патрабаваў каб усе ахвочыя паступіць у расейскія ўніверсітэты мелі пасведчанне аб недачыненні да паўстанцкага руху. У 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы была скасавана Берасцейская унія з аўтаматычным пераводам усіх уніятаў у праваслаўе. А ў 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі было скасавана дзеянне Статута 1588 г.

У  тым жа годзе Дунін-Марцінкевіч хоча з’ехаць ад гэтых злыбедаў, як быццам, дзеля папраўкі здароўя, у Карлсбад і Эмс. Але ён не атрымоўвае замежнага пашпарта. Наш герой тады вырашае 8-га красавіка, папярэдне зрабіўшы буйныя грашовыя пазыкі, купіць у межавага суддзі Алойзія Сялявы невялікі фальварак Люцінка. У гэтым фальварку ён пражыве да канца свайго жыцця. Там у яго ствараецца сваё асяроддзе. Сярод яго сяброў былі мясцовыя паэты, мастакі і кампазітары. У гэты час ён актыўна сябруе са Станіславам Манюшкам, будучым кампазітарам оперы „Сялянка”. У сваёй бібліятэцы наш герой меў уласнаручна ім перапісаныя рукапісы „Энеіды навыварат” і „Тараса на Парнасе”. 

Заканчэнне будзе

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis