Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нарыс

Балючае пытанне, на якое няма адказу (ч. 3)

Новы імпульс атрымаў польскі і беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, які ў студзені 1863 года перарос ва ўзброенае паўстанне. У сярэдзіне траўня 1863 года на пасаду віленскага генерал-губернатара прыбыў граф Мураўёў, які штодня праводзіў арышты, расстрэлы, павешанні.

Каміла Марцінкевіч і яе бацька не маглі быць абыякавымі да таго, што адбывалася ў краіне. Гісторык Генадзь Кісялёў у кнізе «Сейбіты вечнага» пісаў: „Дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Каміла, была добра вядома сярод інтэлігенцыі Мінска ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў 19 ст. З самага пачатку ўзнікнення тут рэвалюцыйнай арганізацыі яна прымала ў яе рабоце актыўны ўдзел”. Кватэра Камілы Марцінкевіч (а жыла яна асобна ад бацькі) была сапраўднай канспіратыўнай кватэрай. Там праводзілі свае сходы будучыя ўдзельнікі паўстання. Па паперах следчых Каміла, яе сястра Цэзарына і другая жонка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Марыя абвінавачваліся ў тым, што насілі жалобу, клапаціліся пра арыштантаў і спявалі забароненыя гімны. 

Мінскі цывільны губернатар граф Эдуард Фёдаравіч Келер, пасля прызнання Камілы пад час першага арышту ў чэрвені ў 1861 года, што яна спявала гімны і насіла жалобу, прыйшоў да нечаканых высноў: „Асаблівая страсць яе да спявання, якая даходзіць аж да таго, што яна дазваляе сабе спяваць у касцёле песні, не ўстаноўленыя царкоўнымі правіламі і без дазволу духавенства, і асабліва неадольная агіда да светлых колераў прымушае сумнявацца ў стане яе здароўя». Дзяўчыну змяшчаюць у вар’ятню. Адкуль такая жорсткасць у графа Келера? Незадоўга перад гэтым дачка Марцінкевіча выліла з вакна сваёй кватэры на галаву Келеру змесціва начнога гаршчка. Келер вядома ж пакрыўдзіўся і вырашыў такім элегантным чынам адпомсціць. 

Невядома, колькі Каміла прасядзела б у вар’ятні, але яе вялікая папулярнасць сярод менскага люду дапамагла ёй. Сотні жыхароў Менска штодня прыходзілі да сценаў вар’ятні і патрабавалі, каб дзяўчыну выпусцілі. Келер быў вымушаны падпарадкавацца.  

Другі раз яе арыштавалі ў аўторак, 3-га лютага 1863 г. У доме Дуніна-Марцінкевіча ў Люцынцы адбыўся ператрус. Губернатар вывучаючы справу Камілы прыйшоў да высновы: „Одно достоверно и не подлежит малейшему сомнению, что доколе девица Марцинкевичева останется на свободе, дотоле она не перестанет разжигать всеми усилиями пламень самой жестокой и непримиримой вражды и действовать всеми средствами к увлечению простодушных к самым преступным направлениям и с неограниченным ожесточением. С давнего времени она известна этими наклонностями и своим изуверским фанатизмом. С начала появления в крае политических волнений она постоянно замечалась во всех демонстрациях самою отъявленною социалисткою, и прежнее начальство находило необходимым удалить ее отсюда и тем оградить многих от ее настойчивых и вредных преследований. Убеждаясь более и более в невозможности оставлять ее здесь далее… удалить ее из местожительства вместе с отцом”

А пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча губернатар напісаў, што ён: „Обладает бойким пером и иезутским настроением, которым искусно действует на народ». Акрамя таго не толькі прастадушны народ, паводле губернатара,  трапіў пад кепскі ўплыў сям’і Марцінкевічаў, але нават і «безрассудная шляхта им верит и следит за ними с полным увлечением”.   

У выніку, як мы ведаем Каміла Марцінкевіч, правёўшы ў Менскай турме паўгода, была выслана ў Пермскую губерню. На радзіму змагла вярнуцца толькі на пачатку 1880-х гадоў. 

А што яе бацька? Быў аддадзены загад затрымаць і ўтрымліваць пад арыштам і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але ці быў аўтар „Сялянкі” і „Пінскай шляхты” ў турме? Ці адбываў ён вядомае 8-мі месячнае зняволенне ў Менскім турэмным замку? Паводле Змітра Дразда прозвішча нашага героя сярод вязняў турмы не знойдзена, таму хутчэй за ўсё ён знаходзіўся пад хатнім арыштам: „Улічваючы ўзрост Вікенція Іванавіча, тое, што яго не ўзялі са зброяй у руках, а таксама яго сувязі ў Менску, варыянт хатняга арышту больш верагодны, чым 8 месяцаў у замку”.

Старонка першага выдання оперы „Сялянка”, 1846 г.
Старонка першага выдання оперы „Сялянка”, 1846 г.

У высылцы Каміла Марцінкевіч знаходзіць сваё сямейнае шчасце, калі выходзіць замуж за лекара Казіміра Асіповіча і нараджае яму шасцёра дзяцей. А яе тата знаходзіцца ў Люцынцы, і не маючы магчымасць выехаць, піша „Его превосходительству господину минскому губернатору” ў суботу, 15-га студзеня 1870-га года: „Прошение. Проказы дочери моей, отделившейся впрочем от меня, пренебрегши отцовскою опекою, довели меня до полицейского надзора в 1865 году и тем самым отняли у меня возможность отлучиться из своего хутора. Именице мое так малое, что я, единственно занимаясь разными делами по доверенностям, был в состоянии, хотя и скудно, содержать свое семейство, но по назначении надо мною полицейского надзора я, не смея отлучаться из мест жительства, лишился доверенностей, а вместе не только жизненных средств, но даже возможности уплачивать казенные повинности”. Ліст застаўся без увагі і 16-га лютага, таго ж, 1870-га года Марцінкевіч піша больш эмацыйна, накіроўвае сваё прашэнне „Его превосходительству господину главному начальнику Северо-Западного края”,  дзе называе сябе „дряхлым 63-летним старцем” ды ізноў жаліцца на дачку: „По причине дерзости моей дочери, жившей не при мне, и пронырства моих врагов, успевших оклеветать меня в 1863 году перед правительством, надо мной назначен полицейский надзор, который не снят и поныне…” Далей, Марцінкевіч ізноў просіць „его превосходительство главного нач. Сев.-Зап. Края” дазволіць зарабіць на кавалак хлеба і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Зарабіць наш герой імкнуўся не толькі тым, каб выбіваць для розных асобаў спадчыну па даверанасці (а дзеля гэтага трэба было шмат дзе ездзіць па Беларусі), але яшчэ і літаратурнай працай. Тры гады да гэтага, 6-га лютага 1867 года ён прапануе „Віленскаму вестніку” творчую супрацу: Марцінкевіч хоча дасылаць ім свае творы, а часопіс плаціў бы за кожную публікацыю 75 рублёў срэбрам. З гэтага, на жаль, таксама нічога не атрымалася.

Наш герой круціўся як мог. Але як жа ён насамрэч ставіўся да сваёй дачкі Камілы? Няўжо і сапраўды лічыў яе вінаватай у сваіх злыбедах? Не трэба забываць, што пісаў ён гэтыя лісты ў афіцыйныя інстанцыі і таму пра шчырасць пачуццяў тут казаць не выпадае. Таксама ня варта забываць, што Дунін-Марцінкевіч гэтаксама ўсёй душой падтрымліваў паўстанне. Паводле Змітра Дразда: „Ёсць як паказанні сведак, так і інфармацыя, якая патрапіла ў мемуары паўстанцаў, што маёнтак Дуніна-Марцінкевіча Люцынка быў своеасаблівай базай паўстанцаў, дзе яны заўсёды маглі разлічваць на прытулак і дапамогу. І дзе яны не толькі спявалі гімны, але адкуль ішлі ў лясы для ўзброенай барацьбы з расійскімі войскамі. Вядома, на допытах Вінцэнт усё гэта адмаўляў. Маўляў, былі госці, але яны прыязджалі да маіх дачок — справа маладая, кавалеры, а мяне ўвогуле не было ў маёнтку, я быў у Свянцянскім павеце”. Бацька і дачка ў справах паўстання былі аднадумцамі, адзінае, што, на маё меркаванне, не мог прыняць Дунін-Марцінкевіч – гэта няўменне Камілы маніць ворагу, нежадання быць асцярожнай. Памятаеце, менавіта гэтае ўменне напусціць туману калі трэба, ратавала нашага героя ва ўсе небяспечныя для яго часы і зберагло яго ад турмы. Дачка, таксама магла сябе зберагчы, бо ніякіх сур’ёзных правін, акрамя таго, што спявала гімны, насіла жалобу і адкрыла некалькі польскіх школ, не было. Але яе дзёрзкасць зрабілі сваю справу. У выніку чаго яна займела высылку, а яе бацька быў палонным ва ўласным доме. Прыняць гэта Дунін-Марцінкевіч не мог. Як гэта так, дабраахвотна несці сваю галаву на згубу? Такога Дунін-Марцінкевіч не разумеў. 

Старонка першага выдання „Гапона”, 1846 г.
Старонка першага выдання „Гапона”, 1846 г.

Але яму ўсё ж, пашанцавала. Незадоўга перад яго смерцю ён змог ўбачыць дачку і ўнукаў. Спадзяюся, што сям’я, уз’яднаўшыся, была шчаслівай і наш герой правёў свае апошнія гады ў радасным атачэнні родных людзей.

Было б памылкова лічыць, што мураўёўскія рэпрэсіі маральна зламалі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Так, ён пісаў розныя лісты і прашэнні на імя высокіх імперсіх асобаў, так, быццам бы прыніжаўся, калі маліў вызваліць яго з-пад хатняга арышту. Але ўсё гэта было не больш чым тэатр. Дунін-Марцінкевіч ненавідзеў Імперыю і разам са сваёй дачкой марыў, каб яна, як спявалася ў песні гурта „Уліс”: „знікла як дым”. У гэтыя надзвычай цяжкія для сябе часы ён піша два сцэнічныя шэдэўры: „Пінскую шляхту” (1866 г.) і „Залёты” (1870 г.).

Вядомая са школьных часоў „Пінская шляхта” (была апублікаваная толькі ў 1918 г.) уражвае не столькі сваёй вонкавай камічнасцю, колькі прыхаванай трагедыйнасцю. Як і ў „Сялянцы” дамінантная эмоцыя тут страх, нават жах перад „найяснейшай каронай”, перад Расійскай Імперыяй. Шляхціцы з мястэчка Ольпень, забыўшыся на свой праўдзівы гонар, прыніжаюцца перад прадстаўніком „найяснейшай кароны” Кручковым, які прыехаў сюды чыніць суд, а дакладней абдзіраць гэтую шляхту да апошняй капейкі. Гэтаму чыноўніку ніхто не можа супрацьстаяць, страх паралізаваў усіх. Карона перамагае, а некалі моцныя шляхціцы ператварыліся ў запалоханых зайцоў, якія занятыя толькі дробязнымі спрэчкамі і звадамі (што акурат выкарыстоўвае на сваю карысць Кручкоў).

У гэтай п’есе Дунін-Марцінкевіч бліскуча паказаў дэмаралізаваны стан нашага грамадзтва пасля паразы паўстання 1863 года, і пісьменнік не дае адказу, калі гэты страх мы пераадолеем і ці зможам даць адпор Імперыі. Дунін-Марцінкевіч выявіў страшную трансфармацыю: былыя паўстанцы, былыя рыцары ператварыліся ў паслухмяных марыянетак, якія зробіць усё, што ім загадае Кручкоў. Вядома, у п’есе ёсць і тэма кахання, і вобраз юнака і дзяўчыны, якія хочуць быць разам, нягледзячы на тое, што іх бацькі супраць, але галоўнае тут не гэта. Страх уеўся ў косці, а мы гэтага не заўважылі, страх кіруе намі і робіць нас бязвольнымі рабамі, а мы яшчэ думаем, што нешта можам, нешта значым. Дунін-Марцінкевіч цвяроза глядзіць на тую пякельную рэальнасць у якой жыў і выявіў яе амаль з дакументальнай дакладнасцю.

Была ў яго і яркая п’еса „Залёты”, дзе драматург паказаў яшчэ адну пачвару: мужыка, які, дзякуючы падману, і розным махінацыям выбіўся ў багацеі і цяпер хоча ажаніцца з дачкой аднаго бязвольнага ўплывовага пана. Калі чытаеш гэтую п’есу, міжволі ўспамінаеш Брэхтаўскі „Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць”.

Дуніну-Марцінкевічу балела тое, што адбывалася ў яго краіне. Ён адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, хто паказаў, у што можа ператварыць чалавека страх, хцівасць, жаданне нажывы, у што можа ператварыць дабравольны пераход са стану свабоднага чалавека ў стан раба. Ментальна, эмацыянальна яго п’есы вельмі блізкія нам, вельмі блізкія нашаму часу. 

У 1863—70-ыя гг. ён не ведаў, ці зможа ён вырвацца з палону Люцынкі, ці наступіць калі-небудзь для яго самога, для Камілы, яго ўнукаў і ўсяго народу свабода.

Прайшло больш, чым сто гадоў з таго часу, але і мы і сёння не маем адказу на гэтае пытанне.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis