Адамаўна адышла ў лепшы свет ужо амаль год таму. З яе адыходам хата, хаця не засталася пустой, але быццам бы страціла частку сваёй утульнасці. Асабліва адчуваецца гэта доўгімі восеньскімі вечарамі. Нават каты, якіх раней не выгнаць было на ноч на двор, пачалі выходзіць самастойна і брадзіць недзе па вёсцы.
Пра сябе Адамаўна казала, што з дзяцінства была прывучана да цяжкай фізічнай працы. Казала, што доўгі час жылося цяжка і ў нястачы, а сякі-такі дабрабыт з’явіўся толькі калі вывучылася ў горадзе на бухгалтара. Па жанчыне засталося шмат рэчаў, якія яна даставала ўсё свядомае жыццё. Менавіта даставала, бо даўней, у часы дэфіцыту, проста пайсці ў краму і набыць тую самую мэблю, посуд ці бытавую тэхніку часта было немагчыма. На некаторыя рэчы людзі чакалі месяцамі ў чэргах і толькі потым можна было ўрэшце аддаць за іх грошы. Адамаўне, што прарабіла у сістэме гандлю, было з гэтым лягчэй, бо ўдавалася замаўляць праз знаёмствы.

Такім чынам з гадоў мо трыццаць (ці больш) таму ў хаце з’явілася масіўная мэблевая сценка, што адразу заняла палову пакою. Такія каштавалі некалькі месячных заробкаў, таму набыццё грамадзіны было сур’ёзным выпрабаваннем для сямейных бюджэтаў. На сценку польскай ці югаслаўскай вытворчасці трэба было ўвогуле не адзін год адкладаць. Нягледзячы на выдаткі, Адамаўна сценку прыдбала, бо яе быў абавязаны мець кожны паважаючы сябе чалавек. Менавіта па мэблевай сценцы госці бачылі, наколькі заможным з’яўляецца гаспадар дому. Разам са сценкай былі набытыя крэслы, такія ж вялікія і цяжкія, якія занялі рэшту вольнай прасторы ў гасцінай.
Функцыянальнае прызначэнне сценкі было, перад усім, у захоўванні розных рэчаў. У шафах і шматлікіх паліцах трымалі вопратку, бялізну і кнігі. А ў вітрыне расстаўляўся посуд ці парцалянавыя фігуркі. У Адамаўны статуэтка з парцаляны была толькі адна – у кшталце дзяўчыны з рамонкам. Затое шкла яна набыла шмат, і пры гэтым з фабрыкі „Нёман”, што вельмі цанілася. Шматлікія графіны, фужэры, кілішкі, келіхі празрыстыя і каляровыя – усім гэтым багаццем за жыцця жанчыны ніхто амаль не карыстаўся, хіба толькі па вялікіх святах. Купляліся яны не для таго, каб з іх есці і піць, а для ўпрыгожвання і дэманстравання статусу сям’і. Таму іх старанна аберагалі, як малых дзяцей, а з вітрыны даставалі, каб працерці ад пылу і зноў паставіць не месца. Нягледзячы, аднак, на ўсе меры перасцярогі, некалькі кілішкаў паспелі разбіць. А ў парцалянавай дзяўчыны з невядомай прычыны адкалоўся палец на назе.
У апошнія гады на шкло ўжо не звярталі ўвагі, нават сама Адамаўна. Але каб пазбыцца старой мэблі і „Нёману”, таксама не было мовы.
Раптам чалавека не стала, а рэчы засталіся. Што з імі зараз рабіць – тая яшчэ дылема. З аднаго боку відавочна, што мэбля невыгодная і маральна састарэла, да таго ж займае шмат месца. Вядома, ніхто ўжо тую сценку з крэсламі не купіць, хіба толькі на сметнік іх вывезці. Са шклом прасцей, бо ёсць людзі, якія падобныя прадметы збіраюць, можна неяк прадаць. Разам з тым разумееш, што гэтыя рэчы з’яўляюцца плёнам цэлага жыцця, былі заробленыя цяжкай працай, да таго ж іх набыццё патрабавала ад вясковага чалавека спрыту і кемлівасці. Таму неяк рука не дакранаецца вынесці з хаты фужэры з кілішкамі.
І вось, задаешся думкай, а што станецца з нашымі рэчамі па нас. Кожны амаль чалавек імкнецца аколіць сябе прадметамі, разам з якімі адчувае сабе ўтульна, дзеля гэта працуе, выдае час і грошы. Але ці будуць гэтыя прадметы мець нейкую вартасць для нашчадкаў, ці таксама выйдуць з моды і акажуцца непатрэбнымі? Такое вось вясковае memento mori.
Сяргей Александровіч
Эпоха дэфіцыту прыпала ў Беларусі на 1980-1990-я гг., калі ў крамах не хапала тавараў, нават першай неабходнасці. У выніку нават наяўнасць грошай не гарантавала магчымасці набыцця. Таму часта трэба было мець адпаведных знаёмых і сувязі, каб здабыць патрэбную рэч.











