Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Нашы ў Сейме

Моладзь Гайнаўскага белліцэя ў Сейме Рэчы Паспалітай

18–19 кастрычніка 2026 года чацвёра вучняў нашай школы – Зузана Франкоўская, Вікторыя Масальская, Тамаш Мацяк і Эвеліна Святлоўская – разам з кіраўніцай групы спадарыняй Ганнай Хoмчук прынялі ўдзел у паездцы ў Варшаву ў сувязі з удзелам у XXXII сесіі Сейма дзяцей і моладзі. Гэта мерапрыемства арганізуецца Канцылярыяй Сейма і Міністэрствам нацыянальнай адукацыі. У ім мы ўдзельнічалі ў якасці спецыяльных гасцей Сейма дзяцей і моладзі – прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці. Разам з намі ў дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі іншых нацыянальных і этнічных меншасцей Падляшскага ваяводства – літоўцы, украінцы і татары. 

Белліцэісты ў парламенцкіх крэслах Kancelaria Sejmu RP
Белліцэісты ў парламенцкіх крэслах
Kancelaria Sejmu RP

У першы дзень знаходжання ў сталіцы мы наведалі шмат важных месцаў, звязаных з гісторыяй і культурай. Экскурсія ўключала паездку на аўтобусе, а таксама прагулкі па Каралеўскіх Лазенках і Старым горадзе, што дазволіла нам уважліва агледзець найбольш цікавыя помнікі і пазнаёміцца з іх гістарычнай каштоўнасцю. Гэты час быў таксама выдатнай нагодай для інтэграцыі і абмену досведам з іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства. 

Другі дзень нашага знаходжання стаў для нас жывым урокам парламенцкай дэмакратыі, бо ўвесь гэты дзень мы правялі ў Сейме Рэчы Паспалітай. Гэта была ўнікальная магчымасць зблізку ўбачыць сэрца польскай дэмакратыі і пазнаёміцца з працэсам прыняцця рашэнняў, якія фарміруюць будучыню нашай краіны. Візіт у Сейм мы пачалі з сустрэчы з чыноўнікамі, якія штодзённа займаюцца пытаннямі нацыянальных і этнічных меншасцей. У сустрэчы ўдзельнічалі: спадар Томаш Шыманскі – дзяржаўны сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, спадарыня Ксенія Альгаўг – намесніца дырэктара Дэпартамента рэлігійных канфесій ды нацыянальных і этнічных меншасцей Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, спадар Рышард Ежы Гала – дарадца Маршалка Сейма па пытаннях нацыянальных і этнічных меншасцей, спадар Аркадыюш Вашкевіч – першы віцэ-ваявода Падляшскага ваяводства, спадар Ігар Лукашук – дэпутат Сейміка Падляшскага ваяводства і член Сумеснай камісіі ўрада ды нацыянальных і этнічных меншасцей, а таксама спадарыня Дарота Зелінска-Казараў – кіраўніца Сакратарыята боку меншасцей Сумеснай камісіі ўрада ды нацыянальных і этнічных меншасцей. Сустрэча стала нагодай для размовы пра значэнне нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны для прадстаўнікоў маладога пакалення нацыянальных і этнічных меншасцей. 

Незвычайным досведам і вялікім гонарам для нашай моладзі стала магчымасць сустрэцца і коратка пагутарыць з Маршалкам Сейма спадаром Уладзімірам Чажастым. Затым вучні нашай школы прынялі ўдзел у сесіі Сейма дзяцей і моладзі, дэвізам якой было пытанне: «Якімі справамі жыве сёння моладзь?». Сесію адкрыў Маршалак Сейма, пасля чаго даў слова маладым парламентарыям. Маладыя дэпутаткі і дэпутаты выбралі са свайго складу Маршалка і віцэ-маршалкаў, а таксама прынялі ўдзел у дэбатах, падчас якіх падрыхтавалі выніковую пастанову. У дэбатах моладзі ўдзельнічалі, між іншым, міністры, прадстаўнікі ўстаноў, якія займаюцца справамі дзяцей і моладзі, а таксама спадарыня Мартына Вайцяхоўская ў якасці спецыяльнай госці. Асаблівым момантам для нашых прадстаўнікоў стала магчымасць выступіць перад удзельнікамі Сейма дзяцей і моладзі і коратка прадставіць характар і ўнікальную спецыфіку нашай школы. Ад імя нашай моладзі выступіла Зузана Франкоўская, вучаніца 4а класа. Віншуем яе з выдатным дэбютам на парламенцкай трыбуне! Варта адзначыць, што Зузана магла разлічваць на падтрымку сябра і сябровак, якія таксама ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве. 

Выступае Зузана Франкоўская з Гайнаўскага белліцэя Kancelaria Sejmu RP
Выступае Зузана Франкоўская з Гайнаўскага белліцэя
Kancelaria Sejmu RP

Удзел у сесіі Сейма дзяцей і моладзі даў нашым вучням магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з механізмамі функцыянавання парламента і працэсам стварэння законаў. Візіт стаў таксама ўнікальнай магчымасцю сустрэцца з людзьмі, якія адыгрываюць важную ролю ў грамадскім жыцці і ўдзельнічаюць у фарміраванні будучыні нашай краіны. Атрыманы досвед, безумоўна, натхніў нашых удзельнікаў на больш актыўны ўдзел у грамадскіх справах у будучыні.

Мы хацелі б сардэчна падзякаваць усім установам і людзям, дзякуючы якім мы змаглі прыняць удзел у такім незвычайным мерапрыемстве. Асаблівую падзяку выказваем спадарыні Дароце Зеліньскай-Казараў, кіраўніцы Сакратарыята боку меншасцей Сумеснай камісіі ўрада ды нацыянальных і этнічных меншасцей, а таксама Кураторыі асветы ў Беластоку за цудоўную арганізацыю нашага знаходжання і вялікую добразычлівасць. Мы таксама надзвычай удзячныя спадарy Рышарду Гале за тое, што ён паклапаціўся, каб час, праведзены ў сценах Сейма, стаў для нас незабыўнай падзеяй. Выказваем сардэчную падзяку Староству Гайнаўскага павета, Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку, Радзе бацькоў пры II Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, а таксама кіраўніцтву нашай школы, без дапамогі і падтрымкі якіх мы не змаглі б стаць удзельнікамі такой унікальнай падзеі.

Важнасць і незвычайны характар гэтага мерапрыемства ўдзельнікі падкрэсліваюць у сваіх выказваннях: 

«Гэтая паездка была поўная новых уражанняў і магчымасцей. Яна дазволіла нам завесці новыя знаёмствы. Мы наведалі шмат цікавых месцаў і адкрылі для сябе новыя перспектывы. Паездка ў Сейм таксама дала нам магчымасць распаўсюджваць інфармацыю пра культуру беларускай меншасці».

«Паездка ў Сейм стала для мяне новым досведам. Нягледзячы на тое, што я не планую звязваць сваю будучыню з правам, мне было вельмі прыемна мець гонар удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Асабліва я цаню тое, што змагла паўдзельнічаць у выбарах Маршалка і пачуць пра праблемы, з якімі сапраўды сутыкаецца сучасная моладзь. Я таксама лічу, што разнастайнасць Польшчы – гэта вялікая каштоўнасць, і дзякуючы ўдзелу ў працы Сейма мы змаглі папулярызаваць беларускую меншасць, якая з’яўляецца неад’емнай часткай Падляшша».

«Паездка на пасяджэнне Сейма дзяцей і моладзі ў 2026 годзе стала для мяне цудоўным досведам. Усё было выдатна арганізавана, мы адчувалі клопат і падтрымку, а час, праведзены разам з сябрамі, дазволіў нам яшчэ больш згуртавацца. Я рада, што мы змаглі пазнаёміцца з прадстаўнікамі іншых меншасцей і абмяняцца досведам. Надзвычай цікавым было таксама даведацца пра тонкасці працы Сейма і ўбачыць, як ён выглядае на самай справе».

Анна Хомчук

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com