Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Яшчэ пра суд у 1931 г. у Вільні          і Паўліка з Вулькі

У папярэднім нумары Часопіса Сяргей Чыгрын, наш надта плённы супрацоўнік са Слоніма, апублікаваў копію судовага прыгавору заходнебеларускім актывістам з 1931 г. Гэта настолькі важны гістарычны дакумент, што нельга каб астаўся ён без рэха. Для нас на Беласточчыне з увагі найперш на Васіля Лукашыка, аднаго з абвінавачаных, якога судзілі ў Вільні як усяго 19-гадовага тады хлапчука. У 1930-х пражываў ён у Беластоку. Захаваўся тайны рапарт з тых часоў, у якім ён названы „najczynniejszym działaczem białoruskim [w Białymstoku] w kierunku skrajnie lewicowym”. Васіль Лукашык гэта аднак даволі таямнічая постаць. Яго біяграфія да канца невядомая, асабліва адкуль у Беластоку раптам з’явіўся такі беларускі актывіст, у дадатку з рэдкім тут нетутэйшым прозвішчам. Я ім пацікавіўся таму, што „за савета” нейкі час быў ён настаўнікам у вясковай школе ў маім Паўднёвым Востраве. Шокам было для мяне, калі я даведаўся, што крыху пазней, на пачатку нямецкай акупацыі гітлераўцы зрабілі яго ажно бургамістрам Беластока. Я сабраў звесткі і напаміны пра яго з друку і інтэрнэту. Некаторыя інфармацыі, на жаль, ёсць супярэчлівыя, пра шмат чаго з яго жыцця наогул нічога невядома. Хаця гэтым павінны заняцца гісторыкі, вырашыў я па-журналісцку спісаць біяграфію гэтага незвычайнага і даволі таямнічага мне чалавека. Тое, што атрымаецца, пастараюся апублікаваць у адным з бліжэйшых нумароў. Чытачам напэўна будзе гэта цікава, паколькі пра жыццё і дзейнасць Васіля Лукашыка можна было б напісаць сенсацыйную кніжку, а то і зняць трылер.

Будынак Акруговага суда ў Вільні, у якім судзілі беларускіх актывістаў (архіўнае фота)
Будынак Акруговага суда ў Вільні, у якім судзілі беларускіх актывістаў
(архіўнае фота)

У тым жа прыгаворы суда ў Вільні з 1931 г. я звярнуў увагу, што з пасярод дзевяцёх асуджаных большасць былі гэта яшчэ надта маладыя людзі. Наймалодшаму споўнілася, падумаць, усяго толькі 13 гадоў. Усе былі абвінавачаныя ў вельмі жорсткім злачынстве – падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супраць Польшчы з мэтай далучэння паўночна-ўсходніх зямель да СССР. Тадышніх беларускіх грамадскіх дзеячаў судзілі накшталт сённяшніх тэрарыстаў. Кожнага з іх суд засудзіў пасадзіць у цяжкую турму. Каго на два, каго на чатыры, а каго і на восем гадоў.

Гэты судовы працэс паказвае, што даваенныя польскія суды ў адносінах да беларусаў былі яўна несправядлівымі. Асуджалі па загадзе ўладаў, якія ў тэрыторыю на ўсход ад Беластока эканамічна амаль не інвеставалі, а ў дачыненні да беларускіх масаў праводзілі палі­тыку дыскрымінацыі. Каб надта не бунтаваліся супраць прыгнёту, трымалі іх як на пастронку, загадваючы судам жорстка караць, калі дамагаліся паляпшэння ўмоў жыцця і большых нацыянальных правоў. Найменшы зрух у грамадстве адразу душылі пры дапамозе паліцыі і менавіта судоў.

Тыя дзевяцёх актывістаў, якіх у 1931 г. судзілі ў Вільні, не былі тэрарыстамі. Дамагаліся толькі адмену палі­тыкі Варшавы ў дачыненні да беларускіх і праваслаўных грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай. Змест прыгавору паказвае, што дзейнічалі яны і пад уплывам камуністычнай прапаганды з усходу. Няма што, аднак, таму здзіўляцца. Тая прапаганда трапляла на падатлівы грунт, асабліва лозунгі тыпу „палі, лугі – всё это будет ваше!”. Насланыя Масквою камуністычныя агітатары доўга не мусілі пераконваць несвядомых на самой справе мужыкоў, пражываючых у прымітыўных саламяных бедных хатках, дзе на кучы пражывала пад дзесяць і больш асоб усяго на 30-40 квадратных метрах „жылля”. Дзе часта быў холад і голад…

Пра амаль рабскі вобраз жыцця сялян і рабочых у даваеннай Польшчы цяпер мала хто і ўспамінае. У польскіх школах вучні спазнаюць гэты перыяд з цалкам іншага боку. Фільмы пра той час таксама прадстаўляюць надта ідэалізаваны і несапраўдны вобраз. Таму, што паказваць праўду было б сорамам для цяперашняй Польшчы, яе еўрапейскага і дэмакратычнага аблічча, бо ж з’яўляецца спадкаемніцай славутай Другой Рэчы Паспалітай.

Памалу вымірае пакаленне беларусаў, якія помняць яшчэ жыццё ў даваеннай Польшчы. Іх жудасныя часта аповеды пра той час гаснуць таксама ў памяці дзяцей і ўнукаў. Добра, што прынамсі былі яны спісаны шматлікімі пісьменнікамі ды журналістамі і выйшлі друкам. На нашых старонках найбольш ярка сваё пакутніцкае жыццё на Гайнаўшчыне „за польскім часам” апісаў памерлы нядаўна Васіль Петручук, аўтар славутых „Крышынак”. Журналісты і карэспандэнты „Нівы” паспелі яшчэ спісаць успаміны пра штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд, якія ў 2001 г. былі апублікаваныя ў тоўстай кніжцы. Але гэтая, часта горкая праўда пра той час да польскага чытача і так не дойдзе, тым больш не праб’ецца да польскіх гісторыкаў. На шчасце маладое пакаленне – так палякі як і мы беларусы – на ўсё гэта глядзяць больш спакойна, жывуць перадусім сённяшнім днём і сваёй будучыняй.

Каб тыя дваццаць міжваенных гадоў не засталіся ў нашай памяці і гісторыі выключна ў чорных колерах, нельга забываць, што той час быў – асабліва для беларускай моладзі –даволі рамантычны. Так як у выпадку Паўліка з Вулькі на Бельшчыне, героя артыкулаў з „Ч”. Іх аўтар – Яўген Семянюк, архітэктар, які вядзе ў фейсбуку старонку пра мінулае родных Рыгораўцаў, пацікавіўся незвычайным жыхаром суседняй вёскі, калі трапіў на ягоны дзённік, пасланы на нейкі конкурс у Варшаву. Запісы Паўліка паказваюць, як шукаў ён для сябе спосабу на жыццё ў рэаліях даваеннай Польшчы, не аглядаючыся на суседзяў, якія з дзеда-прадзеда абраблялі гаспадарку не ўводзячы ніякіх інавацый. Не далучыўся і да такіх, як тыя суджаныя ў Вільні, хаця гэты рух шумеў і вакол яго.

Далейшым лёсам Паўліка з Вулькі пацікавілася Анэта Прымака-Онішк, вядомая даследчыца бежанства 1915 г. і аўтарка кнігі пад такім жа загалоўкам. У Мінску адшукала яна старэйшую дачку Паўліка, якая шмат чаго яшчэ расказала пра свайго надзвычай энергічнага бацьку. У выніку атрымаўся надта цікавы артыкул, які публікуем вось у гэтым нумары.

Юрка Хмялеўскі

Галоўны рэдактар

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у чэрвені

    – у 1519 г. Францыск Скарына выдае ў Празе Кнігу Руф, Кнігу Эсфір, Кнігу Плач Іяэміі. – 28.06.1660 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і польскія разбілі каля вёскі Палонка Слонімскага павету войскі расейскага агрэсара (камандуючы Іван Хаванскі). – 7.06.1825 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (100) – 25.06.1925 г. быў заснаваны ў польскім Сойме новы пасольскі клюб пад назовам Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада.. Клюб даў пачатак партыі ды аграмаднаму грамадзкаму руху.
  • (33) – 25.06.1992 г. Ваяводзкі суд у Беластоку зарэгістраваў Праграмную Раду тыднёвіка „Ніва” (выдаўца тыднёвіка Беларусаў у Польшчы „Ніва”), у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў, Беларускага Літаратурнага Аб’яднаньня „Белавежа”, Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня, Асацыяцыі Беларускіх Журналістаў і Зьвязу Беларускай Моладзі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com