Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Уладзімір Караткевіч: чалавек, які даў надзею

Змаганне за раман. Дапамога сяброў. Перамога

Артыкул-серыял, прысвечаны 95-годдзю са дня нараджэння пісьменніка (ч.6)

12. Змаганне за раман

У чацвер, 9-га верасня 1965 года, у галоўнай газеце БССР „Советская Белоруссия” друкуецца артыкул Якава Герцовіча „Судьбы человеческие и судьбы народные”, прысвечаны двум знакавым творам Уладзіміра Караткевіча – аповесці „Дзікае паляванне караля Стаха” і раману „Каласы пад сярпом тваім”.

Перад гэтым, як памятаем, у 1963-м, чыноўнікі ад цэнзуры рассыпаюць у наборы кнігу Караткевіча „Леаніды не вернуцца да Зямлі” (куды, акрамя аднайменнага рамана, уваходзіла і „Дзікае паляванне…”). 

„Каласы пад сярпом тваім” Караткевіч здае ў выдавецтва „Беларусь” у 1965-м, але Максім Лужанін піша не вельмі спрыяльную закрытую рэцэнзію і таму невядома быць кнізе альбо не быць. 

Уладзіміра Сямёнавіча падтрымліваюць галоўны рэдактар часопіса „Маладосць” Пімен Панчанка (які публікуе ў верасні-снежні 1964-га дэтэктыўную аповесць пра Стаха) і галоўны рэдактар „Полымя” Максім Танк („Каласы…” у скарочаным варыянце будуць друкавацца на старонках гэтага часопіса ў лютым-чэрвені 1965 года). 

Гэтыя публікацыі карыстаюцца шалёнай папулярнасцю. Аматары дэтэктываў і гістарычных раманаў раскупліваюць кожны новы нумар „Маладосці” і „Полымя”, часопісы (па ўспамінах Уладзіміра Някляева) крадуць з бібліятэк і паштовых скрыняў. Караткевіч становіцца адным з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў, але афіцыйна працягвае знаходзіцца ў спісе нядобрадзейных аўтараў. 

Ужо чатыры гады ў яго не выходзіць ніводнай новай кнігі. Караткевіча ў часопісах і газетах працягваюць лаяць за адрыў ад сучаснасці. 

І вось, 9-га верасня, выходзіць вялікая рэцэнзія Герцовіча, у якой, аналізуючы „Каласы…”, крытык пісаў: „«Верхи», как видим, показаны в романе достаточно полно, они все время находятся на авансцэне. Для «низов» же не оказалось места и на втором плане. Кем представлено крестьянство в романе? Пожалуй, никем… Автор вновь продемонстрировал ограниченность своего исторического видения… Автор поспешил с публикацией в журнале… Писателю стоит еще немало поработать над своим произведением…”

Нагадаю, гэта было напісана ў галоўнай газеце рэспублікі. Словамі Герцовіча прамаўляла партыйнае кіраўніцтва.

Паводле ўспамінаў Адама Мальдзіса: „У выдавецтве ад Караткевіча патрабавалі, каб ён улічыў прадузятыя заўвагі Якава Герцовіча… На артыкул Герцовіча рэагавалі па-рознаму. Адны абураліся ім, слалі пратэсты ў рэдакцыю, званілі аўтару артыкула, на што ён не раз публічна скардзіўся з трыбуны… Мы з Барадуліным суцяшалі Валодзю, што ў кожнага Моцарта павінен быць свой Сальеры. Іншыя ж паціралі рукі ад задавальнення. Кіраўнікі выдавецтва ўспрынялі артыкул як прамое ўказанне афіцыйнага органа і паставілі перад раманістам нерэальную задачу – замест палымянскай публікацыі прынесці ім нешта дыяметральна супрацьлеглае. Усё часцей раздаваліся галасы, што ў канфліктную сітуацыю павінен умяшацца Саюз пісьменнікаў БССР”. 

У сераду, 22-га лютага 1967 года, па ініцыятыве Караткевіча адбылося сумеснае пасяджэнне сакратарыята СП БССР і секцый прозы і крытыкі. Менавіта тут павінен быў вырашыцца лёс рамана.

Як жа выказаліся сябры і калегі? 

Хто падтрымаў, а хто, наадварот, выказаўся супраць?

Аўтар адмоўнай выдавецкай закрытай рэцэнзіі Максім Лужанін выказаўся так: „Дом Загорскіх, бацька, маці, іх багацце, выхаванне Алеся апісаны… на дастойным літаратурным узроўні. Аднак ёсць ва ўсім гэтым пэўная доля замілавання, многія апісанні з’яўляюцца як бы самамэтай, а не сродкам паставіць сацыяльныя акцэнты”.

З ім згодны быў старшыня гэтага пасяджэння Іван Мележ: „…усе лепшыя жанчыны, якія ёсць у рамане, усе да адной закаханы ў Загорскага. /пісьменнік/ увесь час падкрэслівае, што ён – Алесь Загорскі – самы лепшы, што ён самы разумны. Тут зусім рэальная небяспека, калі герой перастае быць чалавекам і становіцца іконай”.

Але падобная іконнасць, такое арыстакратычнае хараство рамана нечакана падабаецца Івану Навуменку, добраму, але здавалася б, цалкам савецкаму пісьменніку: „Раман Караткевіча не ўкладаецца ў тыя рамкі…, да якіх мы прызвычаіліся. …Караткевіч нагадвае Сянкевіча, Дзюма… тое, што ў рамане дзеючыя асобы князі і шляхта, дык тут прастору больш, бо жыццё сялян ніякай выключнасці не мае, яго лупцуюць і прыгнятаюць, а ў жыцці князёў былі і балі, і паляванні…”

Нашага героя падтрымлівае і Алесь Адамовіч: „Караткевіч робіць тую ж справу, якую ўсе мы… не можам зрабіць… з’явіўся ў Беларусі чалавек, які сур’ёзна заняўся тым, што зрабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі Лажэчнікаў і Загоскін”.

Паэт і вядомы эксперт па балгарскай літаратуры Ніл Гілевіч дадае: „У Балгарыі кожны год з’яўляецца… 10-12 раманаў і аповесцей на гістарычныя тэмы. А мы так нясмела бярэмся за гістарычную тэму, а калі Караткевіч ўзяўся, дык замест таго, каб дапамагчы яму, праяўляем незразумелую насцярожанасць”.

Большасць Уладзіміра Сямёнавіча падтрымала, але выдавецтва ўсё яшчэ не спяшалася друкаваць кнігу. 

Ад пісьменніка па-ранейшаму патрабаваліся праўкі, скарачэнні, перапісванні. 

Караткевіч не вытрымліваў, нерваваўся, крычаў, што і радка не зменіць, ідзе на канфлікт.

  1. Дапамога сяброў

І тут ізноў дапамаглі сябры. 

Згаданы ўжо Адам Мальдзіс прапанаваў сваю рэдактарскую дапамогу. 

Пазней успамінаў пра гэта так: „І ў маі 1967 года мы разам заселі за стол. Скарачалі другарадныя фразы. Падкрэсленае рэдактарам слова замянялі другім. Валодзя спачатку быў змрачнаваты і спрабаваў ваяваць нават са мной, ды потым увайшоў у смак і ахвотна прыдумваў адэкватны ці нават больш трапны, але не такі «лабавы» варыянт. У многіх мясцінах работа пайшла раману яўна на карысць.

– Ты глядзі, Адасевіч, – цешыўся ён. – Можа, усё абыдзецца малой крывёю.

А каб у выдавецтве і наогул у грамадскасці склалася ўражанне, што раман сур’ёзна перарабляецца, Рыгор Барадулін прапанаваў «падкінуць» такую «мыслю» ў друк. Я ўзяўся рабіць адпаведнае інтэрв’ю з аўтарам, здаецца, першае ў яго жыцці інтэрв’ю ўвогуле. Неўзабаве, 10 ліпеня 1967 года, яно было надрукавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» пад назвай «Каласы з цаліны».

Адам Мальдзіс зрабіў проста бліскучы газетны матэрыял, мэта якога была ў першую чаргу задурыць галаву выдавецкім начальнікам і дзе неаднаразова выказвался думка, што: „аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя”. Уладзімір Сямёнавіч запэўнівае тут, што: „унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі”. 

Праўда, Караткевіч не хоча выглядаць такой ужо памяркоўнай авечкай і адначасова зазначае, што: „Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна, накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе, бо рухаючай сілай паўстання ў Беларусі была якраз шляхта”.

  1. Перамога

Інтэрв’ю дзе трэба спадабалася. 

Дзякуючы вынаходлівасці, хітрасці і творчай дыпламатыі Адама Мальдзіса адбыўся цуд: у канцы кастрычніка, пачатку лістапада 1968 года ў выдавецтве „Беларусь” „Каласы пад сярпом тваім” выходзяць асобным выданнем у дзвюх кнігах накладам 10.000 асобнікаў.

На гэты раз рэцэнзіі былі станоўчыя.

Серафім Андраюк піша, што Караткевіч „робіць у нашай літаратуры тое, што ў свой час у англійскай літаратуры зрабіў Вальтэр Скот, у польскай – Ю. Крашэўскі, у чэшскай – А. Ірасек, – даследуе гістарычнае мінулае, выхоўвае любоў і павагу да нацыянальных традыцый” („Трагедыя і слава”/ „Маладосць”, 1969, №11). Генадзь Кісялёў дадае, што: „Гэта праца арыгінальная, шмат у чым наватарская” („Шматпланавы гістарычны раман”/ „Полымя”, 1969 г., №12).

Уладзімір Караткевіч і Вацлаў Жыдліцкі – вядомы чэшскі літаратуразнаўца, перакладчык беларускай, украінскай, рускай і польскай літаратур (на чэшскую мову пераклаў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі»У. Караткевіча).
Уладзімір Караткевіч і Вацлаў Жыдліцкі – вядомы чэшскі літаратуразнаўца, перакладчык беларускай, украінскай, рускай і польскай літаратур (на чэшскую мову пераклаў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі»У. Караткевіча).

А што Якаў Герцовіч? 

Ён маўчыць. Больш ён не напіша ні радка пра гэты раман. Праўда, напачатку 1970-х яшчэ будзе прадпрымаць спробы укусіць нашага героя, але Караткевічу гэта ўжо не будзе страшна. 

Сітуацыя мяняецца. 

У пісьменніка літаральна штогод выходзяць кнігі: „Мая Іліяда”, 1969 г.; „\Чазенія”, 1970 г.; „Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, 1972 г.; „Белавежская пушча”, 1973 г.; „Вока тайфуна”, 1974 г.; „Казкі”, 1975 г.; „Зямля пад белымі крыламі”, 1977 г….

Герцовіча забываюць, пра што ён не стамляецца скардзіцца крытыку Гніламёдаву, а Караткевіч цяпер любімы пісьменнік не толькі сярод нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, але ім зачытваюцца і партыйныя чыноўнікі. 

Пачынаецца новы перыяд у жыцці нашага героя, але ці шчаслівы, пабачым у фінальнай серыі.

Васіль Дранько-Майсюк

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com