Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Зімовыя драмы

9 студзеня 2022 г.

Патэлефанаваў мужчына са Згуртавання польскіх журналістаў у Варшаве. Сказаў, што прыйшлі да яго дзве грамадзянкі Беларусі, якія нядаўна з’ехалі ў Польшчу. У сябе працавалі журналісткамі і хочуць рабіць гэта надалей, таму патрабуюць міжнароднай акрэдытацыі. Мужчына патлумачыў ім, што яго арганізацыя такіх пасведчанняў грамадзянам іншых краін выдаваць не ў змозе. Запытаў мяне, ці такая магчымасць ёсць у нашай Асацыяцыі беларускіх журналістаў, якая з’яўляецца выдаўцом Часопіса.

Для мяне была гэта цалкам новая сітуацыя. Зразумела, надта хацелася б дапамагчы сяброўкам з Беларусі, але каб мець магчымасць выдаваць такія акрэдытацыі, трэба падключыцца да нейкай еўрапейскай структуры ды ўносіць там складчыны. У нас дагэтуль не было такой патрэбы.

Я папрасіў, каб тыя эмігранткі са мною скантактаваліся, магчыма штосьці разам прыдумаем. Адна з іх неўзабаве патэлефанавала. Спачатку распавяла мне, што раней працавала з сяброўкай для нейкага апазіційнага парталу. Абедзве вымушаныя былі ўцякаць з Беларусі пабойваючыся арышту.

Варшава, вуль Фоксаль 3. У гэтым будынку знаходзіцца офіс Згуртавання польскіх журналістаў Фота з Вікіпедыі (Wistula – praca własna, CC BY-SA 3.0)
Варшава, вуль Фоксаль 3. У гэтым будынку знаходзіцца офіс Згуртавання польскіх журналістаў
Фота з Вікіпедыі (Wistula – praca własna, CC BY-SA 3.0)

Параіў, каб звязаліся з дыяспарай у Варшаве ці Беластоку і падключыліся да інфармацыйных праектаў, якія рэалізуюцца за польскія ды замежныя гранты. Заахвочваў таксама пазнаёміцца з нашым Часопісам. Мабыць знойдуць тэмы, якія нам падыдуць і дашлюць штосьці цікавае для чытачоў на Падляшшы. На жаль не вельмі мне ў гэта верыцца, паколькі паміж намі і грамадзянамі Беларусі вялікая прорва. Тым не менш я запрапанаваў, што калі ім спатрэбіцца, можам выставіць для іх легітымацыю ад нашай рэдакцыі. Наш супрацоўнік Матфей Стырчуля свайго часу з’ездзіў з ёю ажно ў Данбас. На яе падставе без праблем атрымаў там акрэдытацыю як замежны журналіст.

13 студзеня 2022 г.

Паводле юльянскага каляндара сёння апошні дзень 2021 г. Помніцца, як у Востраве было гэта вялікае свята. Не царкоўнае, а народнае, фальклорнае. Пачыналася адразу пасля змяркання. Тады ўсе ў хаце сядалі да святочнай вячэры – Багатай каляды, так як два тыдні раней была можа не бедная, але ж усё-такі посная каляда. Цяпер уся сям’я аб’ядалася ўжо кілбасамі, сальцісонамі і іншымі мяснымі стравамі, нарыхтаванымі яшчэ перад Калядамі. З гэтай нагоды кожная гаспадыня пякла яшчэ нешта спецыяльнае. У нашай хаце найчасцей была гэта печаная гуска з мясным свіным фаршам.

Адну такую смакавітую вячэру помню па сёння. Мой бацька ў пачатку сямідзесятых гадоў працаваў лістонашам на пошце ў Гуранях. Да нас на Багату каляду запрасіў ён у госці свайго начальніка Карповіча. Ён быў гарбаты і так яго ўсе называлі. Бацька саньмі прывёз Гарбатага, яго сімпатычную жонку Ядзю і сына Янушка, майго равесніка.

Госці селі за стол, на якім была, вядома, гарэлка, якую выпівалі мужчыны, а жанчыны толькі каштавалі. На вялікай хаце ад свята стаяла яшчэ ёлка, на якой свяціліся каляровыя бомбкі, ланцужкі з паперы да выцінанак і сярэбраны анёльскі волас. Віселі таксама яблыкі і цукеркі. На свечніках прышпіленых да галінак гарэлі свечачкі.

З хлебнай печы мама ўрэшце выняла гарачую тлустую гуску, парэзала на кускі і на вялікай талерцы паставіла на стол. Але ж яна ўсім смакавала!

З Янушкам брыкалі сабе мы па ўсёй хаце. На бакоўцы (у спальным пакоі) дзыгалі з ім пад самую столь на жалезным ложку з пружынамі, на якіх ляжаў напханы саломай сяннік. Урэшце пачалі слухаць майсаў бацькоў пры стале. Асабліва цікава расказвала мама. Успамінала яна, як Новы год сустракалі ў яе Слоі, што восем кіламетраў ад Вострава. А быў гэта чароўны вечар з варожбамі. Тады ўсе дзяўчаты з вёскі сустракаліся ў чыёйсьці хаце. Спярша лілі воск і на аснове застылых на вадзе фігураў адгадвалі, які іх чакае лёс. Пасля дзяўчаты здымалі боцікі і ставілі іх у радочку, пачынаючы ад сцяны насупраць дзвярэй. Па чарзе кожная перастаўляла свой боцік з пачатку на канец. Чый дайшоў да парога, тая першая мела выйсці замуж.

Потым паненкі беглы з хаты і вярталіся з бярэмем дроў на руках. Дакладна пералічвалі палены. Калі было іх да пары, абазначала, што яшчэ ў гэтым годзе дзеўка выйдзе замуж. Калі не – пазней, або ніколі.

Спецыяльна на гэты вечар смажылі яны яшчэ аладкі з мукі. Не толькі для сябе. Кожная клала перад сабою адну аладку і тады ў хату ўпускалі галоднага сабаку. Чыю аладку з’еў першую, тая і першая мела выйсці замуж. Было надта весела.

Матуля расказвала, як аднаго разу такому сабаку не давалі раней есці два а нават тры дні. Сташэнна галоднага ўпускалі праз дзверы і ён, збянтэжаны, не ведаў што адбываецца. Кідаўся на аладкі, глытаючы першую з берагу.

Хлопцы чамусьці не варажылі, прыглядаючыся толькі як жартуюць сабе дзяўчаты. Часам наймалі музыканта і спраўлялі танцы.

У той вечар, калі дарослыя ўжо палягалі спаць, хлопцы пачыналі свае жарты. Здымалі вароты з завесаў і заносілі іх далёка, каб гаспадар не мог потым знайсці. Камусьці заткалі комін або сажай папэцкалі шыбы ў вокнах. У Востраве перад вайною жулікі зрабілі такі фокус, што ўлезлі на страху і на комін паклалі шыбу. Раніцай, калі гаспадыня распаліла ў печы, дым пайшоў па ўсёй хаце. Комін лёгка было праверыць, бо хапіла заглянуць пад акап. Але відаць было неба… Гаспадар доўга даходзіў прычыны, аж улез на страху і тады зняў шыбу.

Я з равеснікамі хіба былі апошнімі, што ў Востраве на Новы год хадзілі па вёсцы і здымалі брамачкі, высыпалі попелам сцежачкі да „нарачоных” або выносілі з чыйгосьці падворка сані, спускаліся на іх з горачкі і так пакідалі.

У суседняй Новай Вёсцы аднаго разу жулікі занеслі брамачку ў рэчку. На другі дзень гаспадар не мог яе знайсці, але добра ведаў, хто гэта зрабіў. Паставіў хлопцам паўлітра (дарэчы, разам з імі выпіў), каб сказалі яму, дзе тая брамачка. Але калі зайшоў над рэчку, вада так замерзла, што не мог яе выняць. Удалося гэта яму толькі падвесну. Але тады ад радасці хлопцам зноў паставіў паўлітра. Што ж, была нагода…

Ужо паўвеку ніхто ў нас такіх навагодніх фокусаў не робіць. Але Багату каляду некаторыя яшчэ спраўляюць. На Новы год запрашаюць сваякоў або суседзяў і выпіваючы слухаюць „нашых” песняў з радыё падчас шматгадзінных канцэртаў пажаданняў. Так было і цяпер.

На жаль, назва Багата каляда або Багаты вечар адыходзіць ужо ў забыццё. Так як і Гагатуха ці Маланка. Утрымаўся толькі Шчодры вечар – дзякуючы перадачам з такою назвай у Радыё Беласток і Радыё Рацыя.

13/14 студзеня амаль нідзе не было навагодніх баляў. Баюся, што нават калі міне пандэмія, такая традыцыя можа ў нас звясціся. А гэта фінансавая страта нашым гуртам, якія яшчэ нядаўна кожны год з такіх баляў мелі немалы заробак.

Такі ж успамін пра Багату каляду апублікаваў я таксама – па-польску – на сваім сайце Vostravo.pl. Там накапілася ўжо шмат матэрыялаў, а будзе іх штораз больш. Гэта такая рэгіянальна-краязнаўчая інтэрнэт-бібліятэка як помнік мінуўшчыны майго роднага староння.

18 студзеня 2022 г.

Познім вечарам пад мой дом у Востраве падыйшло чатырох жаўнераў. Гэта быў пешы патруль, які абыходзіў тутэйшы рэвір у сувязі з напружанай сітуацыяй на польска-беларускай мяжы. Спярша я крыху спалохаўся. Якраз тады быў на панадворку, але выйшаў на вуліцу і з хлапчукамі ў мундзірах крыху пагутарыў. Былі даволі ветлівыя. Аказалася, што яны ажно ад Бяшчадаў. Былі здзіўлены, што вёскі ў нас такія апусцелыя. Дагэтуль думалі, што Бяшчады гэта koniec świata, а тут, аказваецца, яшчэ большае бязлюддзе.

Жаўнеры цікавіліся незвычайнай для іх вёскай, у якой вечарам рэдка дзе гарыць святло ў акне. Пыталіся ў мяне, хто і з чаго тут жыве. Асабліва іх цікавіла, што людзі тут думаюць пра імігрантаў і як іх успрымаюць. Магчыма, мелі загад, каб пра гэта распытываць.

Я нічога не скрываў. Распавёў, што гэтых чужынцаў спачатку людзі ў нас крыху пабойваліся, паколькі распаўсюджваліся тады звесткі пра тэрарыстаў, баявікоў і экстрэмістаў, якія вырашылі сюдыма дабрацца ў Еўропу. Хутка аднак тыя плёткі пазнікалі, таксама ў тэлебачанні і інтэрнэце, бо аказалася, што тыя людзі часта адукаваныя і спакойныя, а ўцякаюць са сваіх краін ад смерці і голаду, хаця найчасцей шукаюць сабе проста лепшага жыцця ў багатай Нямеччыне.

– Уся бяда праз Лукашэнку, – сказаў я жаўнерам, чаго, вядома, былі яны свядомыя, намякаючы мне пра гібрыдную вайну і ваенную напружанасць у Беларусі, таксама Расіі і Украіне. Хаця пэўна ёсць і прычыны, пра якія адкрыта не гаворыцца.

Я не скрываў, што я беларус, але для Лукашэнкі не маю ніякага апраўдання. Пры нагодзе расказаў жаўнерам пра беларускае аблічча мясціны, у якой апынуліся на службе. Яны гэтага дадумваліся, бо пабачылі тут цэрквы.

На канец пажадаў я хлапчуком трываласці і моцнага здароўя, а перадусім спакойнай службы. Яны падзякавалі і неўзабаве зніклі з маіх вачэй у вулічнай цемры.

Калі летам успыхнуў імігранцкі крызіс на мяжы, я быў цвёрда перакананы, што скончыцца ён, калі прыйдзе зіма. Аказваецца, памыліўся. Надалей кожны дзень групы імігрантаў – не такія шматлікія, праўда, як раней – прабуюць перасячы мяжу ў халодныя ночы, гадзінамі ці нават днямі мерзнуць у лясах і багнах, пераплываюць цераз ледзяныя рэчкі. Не магу зразумець, што такое іх папіхае, каб рызыкаваць сваё жыццё. І як яны, прывыкшыя да жыцця без снегу і марозу, у змозе вытрываць такое халоднае пекла.

Гэтага вечара пачытаў я яшчэ ў інтэрнэце, што пішуць там пра імігрантаў і сітуацыю на мяжы. Аказваецца, у гандлёва-лагістычным цэнтры „Брузгі” надалей ёсць надта шмат, бо больш за сямсот асоб. Як павядамляе Беларускі Чырвоны Крыж, штодзень даюць ім паўтары-дзве тоны прадуктаў, адзенне і абутак. Фінансуе гэта Еўропа, пра што рэжым маўчыць. Вялікая частка ўцекачоў адправілася эвакуацыйнымі рэйсамі ў Ірак, але тыя, што засталіся, чакаюць пэўна вясны, каб ізноў рушыць на мяжу.

Пацікавіўся я весткамі з Міхалова. Дзейнічае там цэнтр гуманнай дапамогі, у які сплываюць фінансавыя і рэчавыя дары патрабуючым. Развозяць іх згэтуль у пляцоўкі памежнай стражы, шпіталі ў Бельску і Гайнаўцы ды перадаюць актывістам, што трымаюць кантакт з імігрантамі. Жыхары Міхалова пераважна глядзяць на ўсё гэта з недаразуменнем, паколькі мэты і рэзультаты такой дзейнасці даволі цьмяныя. А ўвесь гэты шум узнік таму, што тэму імігрантаў кан’юнктуральна падхапіў мясцовы самаўрад, на чале з бурмістрам.

Цяпер найбольш ангажуецца ў гэта старшыня гарадской рады Марыя Анціпюк, якую ў Міхалове клічуць Марыляй. Дзейнічае яня ад імя Фонду „Малая айчына”, які пераняў ад гміны нагляд над бібліятэкай, размяркоўвае таксама харчавыя дары бедным жыхарам гміны. Марыля ад некалькіх гадоў ужо на пенсіі, мае шмат часу. Кажа, што ад чатырох месяцаў як толькі можа дапамагае імігрантам. Яна каталічка, недзе з Пазнаншчыны. У Міхолова прыехала за мужам, праваслаўным. 6 студзеня на вілею перад калядамі ў свой дом запрасіла некалькіх імігрантаў. З яе ініцыятывы Фонд „Малая айчына” наняў дзве кватэры на „аседлі” ў Бандарах для імігрантаў, якія дасталіся праз Беларусь у Польшчу і чакаюць прызнання статусу бежанцаў. У адной пасялілілася чатырох мужчын з Сірыі, якія 27 снежня пераплылі праз Свіслач. Яны былі абавязаны кожны тыдзень мельдавацца ў пляцоўцы памежнай стражы ў Міхалове. Зрабілі гэта толькі адзін раз. 11 студзеня выйшлі з кватэры нібыта купіць кебаб і не вярнуліся. Пыльнулі ў Нямеччыну.

Юрка Хмялеўскі

Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis