Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

In memoriam

Заслужыў на вечную памяць беларусаў

«Вызначаны ёсць канец жыцця, ніхто яго не здолее ні прадоўжыць, ні скараціць на хвіліну»

(Каран, сура Эль-Араф, верш 32)

3 сьнежня не стала Мацея Канапацкага «ніўскага следапыта» – як назваў яго некалі Георгій Валкавыцкі. Памёр у Сопаце ў доме для састарэлых на 95 годзе жыцьця. Прабыў там так доўга, што губляецца ў памяці час. Аказваецца, з сакавіка 2014 г.

Яшчэ ў 2011 г. 85-ыя свае ўгодкі Мацей святкаваў у роднай Вільні ў кампаніі тамтэйшых беларусаў! А 90-ыя ўгодкі – 29 студзеня 2016 г. ужо мы святкавалі ў доме для састарэлых. З той пары штогод з’яўляліся ў яго дзень народзінаў з торцікам і літоўскім хлебным квасам. У гэтым годзе было нам вельмі сумна – Мацей перастаў гаварыць, хаця торцік з ахвотай з’еў і папіў яго літоўскім хлебным квасам. Бачылі, як цешыўся нашай памяццю аб ім. Аказалася, што ў гэты дзень былі мы адзінымі гасцьмі – я, Анна Мекіна і Міхась Куптэль з прывітаннямі ад нашай «Хаткі». Нават супрацоўнікі дома апекі не ведалі, што Мацей мае дзень народзінаў. Параспавядаўшы, што чуваць у свеце і ў нас, нават не падумалі, што бачымся з Мацеем апошні раз. Хутка паявіўся каранавірус і нельга было наведваць яго. А так заходзілі час ад часу, асабліва наш Алесь Юзэфовіч, які прывозіў яму ўсякія смакалыкі з хатняга агародчыка.

Мацей Канапацкі ў Доме культуры ў Саколцы. 1958 г.
Мацей Канапацкі ў Доме культуры ў Саколцы. 1958 г.

Інсульт, які сем гадоў таму назад дапаў энэргічнага Мацея, прыкаваў яго да ложка спярша на рэабілітацыйным аддзяленні Ваяводскага шпіталя ў Гданьску, пасля ў Zakładzie Opiekuńczo-Leczniczym (там мы святкавалі яго 88!), пакуль сын яго сястры Тамары не аформіў пабыўкі ў доме для састарэлых. Мацей, на жаль, не надаваўся да самастойнага жыцця, вымагаў кругласутачнай апекі. Можна сабе ўявіць, як гэта цяжка было перанесці непаседзе, які меў заўсёды поўна спраў на галаве, нічога не паспяваў зрабіць. Колькі я не прасіла, каб напісаў успаміны са свайго жыцця, так і не дапрасілася. Ён нават не меў калі сабраць сваіх артыкулаў у адну кнігу – усё быў заняты то татарскімі, то беларускімі, то экумэнічнымі справамі. Да 85-годдзя Мацея «Ніва» выдала яго артыкулы ў адной кнізе «Увесь свет Мацея Канапацкага» (Беласток 2011). Нават на беластоцкім панадворку не ўдалося зрабіць яе прэзентацыі. Яшчэ ў красавіку 2010 г. Мацей наведаў Беласток і сваіх даўніх знаёмых, 15 красавіка гасціў на беларускім чацвяргу Кафедры беларускай культуры з удзелам праф. Сяргея Кавалёва з Любліна. Тады мелі надзею на аўтарскую сустрэчу з самім Мацеем, калі толькі выйдзе яго кніга. Аднак сустрэча не атрымалася.

У Паўшэхнай школе ў Вільні – Мацей у першым радзе чацвёрты злева
У Паўшэхнай школе ў Вільні – Мацей у першым радзе чацвёрты злева

Назаўсёды Мацей застанецца ў памяці беларусаў Беласточчыны і Гданьскага ўзбярэжжа як даволі арыгінальная асоба. Па першае нарадзіўся ў Вільні ў інтэлігенцкай мусульманскай сям’і і да канца астаўся верны сваёй рэлігіі. Па другое быў выхаваны ў беларускай нацыянальнай стыхіі і ў духу талерантнасці да іншых нацый. Па трэцяе вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Па чацвёртае пасля Варшаўскага ўніверсітэта выбраў працу ў беларускай беластоцкай «Ніве». Па пятае сваімі артыкуламі павысіў інтэлектуальны узровень тыднёвіка. Я не магла чытаць «ніўскіх» артыкулаў Мацея на  пераломе 50-ых і 60-ых гг. ХХ стагоддзя. Знаёмілася з імі 50 гадоў пазьней рыхтуючы кнігу з іх. Сколькі ў іх свежасці ў параўнанні з тымі сярмяжнымі часамі!

З бацькам Гасанам Канапацкім у Вільні
З бацькам Гасанам Канапацкім у Вільні

Мне прыйшлося пазнаёміцца асабіста з Мацеем у Гданьскім аддзеле Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў канцы 80-ых гадоў.  Знаёміла нас Анна Іванюк. Пазнала я яго не як «ніўскага следапыта», а як сына палкоўніка Гасана Канапацкага – тады якраз працавала над кандыдацкай дысертацыяй і зачытвалася рознымі беларускімі часопісамі міжваеннага перыяду, з якіх даведалася, што быў такі беларускі дзеяч у міжваеннай Вільні, якога ў 1919 г. Язэп Пілсудскі паклікаў на камандзіра беларускіх аддзелаў у польскім войску. Сустрэча з Мацеем Канапацкім была для мяне нечаканай, таму і пры знаёмстве запытала, ці Гасан Канапацкі гэта яго сям’я. Якая была мая радасць, калі Мацей аказаўся яго сынам! Толькі потым я даведалася, што гэты сын шмат што адкрыў для Беларусі. Спярша Мацей быў для мяне сынам свайго бацькі!

Як радыёжурналіст у школе ў Мастаўлянах (1959 г.)
Як радыёжурналіст у школе ў Мастаўлянах (1959 г.)

Аказваецца, бацькам і яго дзейнасцю ў беларускім руху ніколі не хваліўся. З Мацеем мы паехалі ў 1993 г. – 40 гадоў пасля смерці Гасана на яго магілу ў Быдгашч. Тады паказаў дом па вуліцы Мазавецкай 11, дзе сям’я Канапацкіх знайшла прыстанішча пасля ІІ сусветнай вайны. Увесь час з Мацеем я размаўляла выключна па беларуску – за 30 гадоў мы ніколі на адазваліся да сябе па-польску! Яго беларуская мова была жывая, класічная, вынесена з дому і з Віленскай беларускай гімназіі. Гэтая супольная паездка ў Быдгашч натхніла мяне на напісанне першага ў гісторыі артыкула пра Гасана Канапацкага для «Нівы» (№ 27, ад 4.07.1993 г., с. 8 «Гасан Канапацкі – з Менска, праз Вільню, у Быдгашч»). Мацей, які як фенікс з попелу, нечакана аб’явіўся на І З’ездзе беларусаў свету ў ліпені 1993 г. прывёз з сабой гэтыя «Нівы» – быццам бы з бацькам вярнуўся ў Менск. Дзякуючы архіўным пошукам і дакументам з Мацеевага хатняга архіва першы навуковы біяграфічны артыкул пра Гасана Канапацкага я апублікавала ў першым нумары «Białoruskich Zeszytów Historycznych» (Беласток 1994, с. 162-168). Так Гасан Канапацкі быў уведзены ў беларускую гістарычную свядомасць – у 1997 г. яго біяграфія знайшлася ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 4, с. 82). Мацей у сваёй дзіцячай наіўнасці раздаваў усім мае артыкулы пра бацьку. Некаторыя нават яго перапісвалі і падпісвалі сваім прозвішчам. Калі я звяртала ўвагу на парушэнне аўтарскіх правоў, Мацей усё ж ганарыўся, што бацька вярнуўся ў гісторыю Беларусі, што знайшліся людзі ў Быдгашчы, якія здолелі 25 верасня 2006 г. адкрыць табліцу прысвечаную яму на доме па вуліцы Мазавецкай 11. Мацею было прыкра, што арганізатары не запрасілі на мерапрыемства ні мяне, ні Беларускага гістарычнага таварыства.

Ля Каменя Янкі Купалы ў Гданьску з імам Махмудам Тага Жукам з Варшавы (2007 г.)
Ля Каменя Янкі Купалы ў Гданьску з імам Махмудам Тага Жукам з Варшавы (2007 г.)

У пачатку 90-ых гг. я бывала частым госцем у кватэры Мацея і Тамары Канапацкіх у «ніжнім» Сопаце па вуліцы Гельскай. Там пасля заняткаў ва ўніверсітэце забягала да іх на смачныя супчыкі, якія варыла пані Тамара. Паміж братам і сястрой была асаблівая братэрская сувязь. Хаця па характары былі яны абсалютна розныя, умелі смяяцца над сваімі адмоўнымі прыкметамі. Калі ў палавіне 90-ых памянялі свае асобныя кватэры на адну трохпакаёвую ў Сопаце па вуліцы Сыракомлі 5, сталі запрашаць на 25 сакавіка адборных гасцей: Генеральнага консуля Рэспублікі Беларусь у Гданьску Анатоля Бутэвіча з жонкай, прафесароў Вітаўта Юрыя Стэповіча і Андрэя Хадубскага, рэдактар Ганну Сабэцкую і нас – беларусаў. Тамара на гэту нагоду рыхтавала 300 літоўскіх калдуноў з бараніны і булён да іх, а госці прыносілі алкагольныя напіткі. У такой сямейнай атмасферы падымалі тосты за Беларусь і размаўлялі пра яе будучыню і гісторыю. Разам з адыходам Тамары 25 сакавіка 2005 г. адышлі слаўныя святочныя вячэры ў Канапацкіх. Мацей жыў адзін у кватэры за вельмі малую пенсію. Аднойчы я адведала яго зімой. Сядзеў у куртцы, бо не стаць яго было на абаграванне кватэры. Я была ў шоку, што такі чалавек, які быў так актыўны на розных нівах, не заслужыў на годную пенсію. Дапамагаў яму Тамарын сын – Славік, які жыве ў Швайцарыі. Ён стаў яго апекуном на старасць. Аднак жыццё за мяжой не дазваляла яму зачаста бываць у Сопаце.

Аўтарка артыкула з Мацеем ля магілы Гасана Канапацкага ў Быдгашчы (травень 2003 г.)
Аўтарка артыкула з Мацеем ля магілы Гасана Канапацкага ў Быдгашчы (травень 2003 г.)

Калі ў 90-ыя гады Беларускае культурнае таварыства «Хатка» атрымала памяшканне ў Сопаце, Мацей заўсёды бываў на ўсіх «хаткавых» мерапрыемствах, часам нават з Тамарай. Быў ва ўладах нашага таварыства, пакуль не апынуўся ў доме для састарэлых. Так мы з ім святкавалі ўрачыста яго юбілеі – 75, 80, 85, 90. Мацей быў такі жыццярадасны, што здавалася, што ніколі ён не стамляецца і не старэе. Таму інфармацыя пра інсульт вясной 2013 г. была для нас як гром з яснага неба. Уяўляю сабе, як цяжка Мацею было пагадзіцца з прыкаваннем яго да ложка. Аднак ён смяяўся, жартаваў і жыў усе сем гадоў надзеяй на вяртанне дадому на вуліцу Сыракомлі. Відаць гэтая надзея давала яму сілы жыць далей. У доме для састарэлых наведвалі яго апрача беларусаў таксама татары – нават беластоцкі «Буньчук» зладзіў яму спецыяльны паказ пры нагодзе Гданьскіх біяграфіяў.

Пагоны з беларускага мундзіра з 1919 г.
Пагоны з беларускага мундзіра з 1919 г.

Хаця мы ўсе ведалі, што ў Мацея астаўся адзіны напрамак у жыцці, не хацелася верыць, што некалі прыйдзе той дзень, калі назаўсёды прыйдзецца з ім развітацца. А ў Мацея іншага развітання не магло і быць, як «Жыве Беларусь!» Шкада, што не маглі мы з ім бачыцца на працягу апошняга часу, каб сказаць яму, што чуваць у Беларусі, што яна сапраўды жыве. Але думаю, што рэха там у нябёсах будзе яму адказваць «Жыве вечна!» Беларускай «Хатцы» у 2014 г. у спадчыну дасталася шмат посуду , 48 беларускіх і 88 польскіх кніг з Мацеевай кватэры. На жаль, невядома, дзе трапіў багаты яго архіў, у якім захоўваліся дакументы звязаныя з беларускай гісторыяй – вось хаця бы арыгінальныя пагоны з беларускага вайсковага мундзіру ці значок з Пагоняй. Я атрымала ад сына Тамары папку з лістамі да Мацея між іншымі ад Янкі Шутовіча, Вінцэнта Станкевіча (швагра Янкі Купалы), Эміліі Кунавіч, Тытуса Карповіча, Георгія Валкавыцкага. Думаю, што Мацей як сымбіятычная натура, заслужыў на вечную памяць сярод беларусаў.

У сваёй кватэры ў Сопаце (25 сакавіка 2002 г.)
У сваёй кватэры ў Сопаце (25 сакавіка 2002 г.)

Хавалі яго 15 сьнежня на гданьскіх могілках Срэбжыско на мусульманскім квартале, побач сястры Тамары і маці Галены. На пахарон нягледзячы на пандэмію прыйшло каля 30 чалавек – татараў, беларусаў, сяброў палякаў. Гучалі цёплыя словы, бо інакш немагчыма яго памятаць. У апошняй прамове чуліся словы, што Мацей быў перад усім добрым чалавекам. Прагучалі словы Карана па беларуску і рэлігійны гімн «Магутны Божа» ў выкананьні Ірыны Гаданьчук-Гэрэлюк – пра што вельмі прасіў Мацей яшчэ пры жыцьці. Доктар Артур Канапацкі з Універсітэта ў Беластоку сказаў пра заслугі Мацея Канапацкага для Татараў Беласточчыны. Прывёз ён таксама на развітаньне з ім рытуальную садогу.

Лена Глагоўская

Фота з архіва Мацея Канапацкага

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis