Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Грамадства

Беларусы, якія з’ехалі ў Польшчу

Колькі беларусаў з Беларусі жыве ў Польшчы? Падлічыць даволі складана, але можна смела меркаваць, што яны – другая па колькасці група мігрантаў пасля ўкраінцаў. На пачатак 2020 году ў краіне налічвалася 25 тысяч беларусаў з картамі побыту. Яшчэ дакладна некалькі дзясяткаў тысяч жывуць на падставе нацыянальных віз. «Часопіс» пагаварыў з трыма беларусамі, якія пераехалі ў Польшчу з розных прычынаў і ў розныя часы. Але ўсіх іх яднае прага лепшага жыцця.

 

Максім Ц., палітычны ўцякач. У Польшчы ад верасня 2020 года:

Я з’яўляюся грамадска-палітычным актывістам, у 2016 годзе быў кандыдатам у Палату прадстаўнікоў па Вялейскай акрузе ад дэмакратычных сіл, таксама прымаў удзел у выбарах 2019 года як давераная асоба кандыдата ў Палату прадстаўнікоў. Удзельнічаў у абаронах Курапатаў, і яшчэ шмат чаго іншага.

З-за сваёй дзейнасці, і праз іншыя палітычна матываваныя прычыны я не мог працяглы час знайсці працу. Актыўна ўдзельнічаў у выбарах гэтага года, з іншымі актывістамі ладзілі пікеты ў Вялейцы, а потым прымаў актыўны ўдзел у пратэставым руху, цудам пазбягаў затрымання. Але яшчэ нават да асноўнага дня галасавання да мяне ўжо прыходзілі міліцыянты. Не ведаю чаго менавіта яны хацелі, бо я не жыву па адрасе рэгістрацыі, але ўлічваючы, што было шмат прэвентыўных затрыманняў, думаю, і мяне хацелі арыштаваць.

Мы бачылі, як людзей збівалі на Акрэсціна і падчас затрыманняў, а зараз сітуацыя пачала зноў пагаршацца, і хвалюючыся за сваё жыццё і здароўе я быў вымушаны зʼехаць з радзімы.

Чаму менавіта Польшча? Мне здаецца, гэта самая блізкая для Беларусаў краіна, нас аб’ядноўвае адзінае мінулае. Тут жывуць вельмі светлыя, добрыя, ветлівыя людзі. Таксама падобныя працэсы, што адбываліся ў Польшчы ў пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, зараз адбываюцца ў Беларусі. Палякі гэта добра бачаць і я вельмі ўдзячны за іх стаўленне і дапамогу беларусам!

Ды яшчэ магчыма палякі мне бліжэй, з-за маіх продкаў. Я вывучаў гісторыю сваёй сямʼі і ведаю, што на пачатку 19-га стагоддзя мае шляхетныя продкі прыехалі з тэрыторыі Польшчы.

Пераезд быў нескладаны. У мяне была віза, таму я мог патрапіць у Польшчу. Праўда, прышлося адбыць 10-дзённы каранцін. Зараз актыўна вучу польскую мову і шукаю працу.

 

Зміцер Крапіўніцкі, праектны менеджэр, у Познані ад 2018 года.

«Я жыву ўжо ў Польшчы трэці год, пераехаў улетку 2018 году, таму што ў прынцыпе чакаў такой сітуацыі ў краіне. Мяне палохала паўзучая інтэграцыя і аншлюс з Расеяй, не хацелася мне мець пашпарт з двухгаловым арлом. Таму і перабраўся.

У Беларусі я скончыў гістарычны факультэт, але працаваць у школах настаўнікам не здолеў праз палітычныя погляды. Таму пачаў працаваць у IT.

Іншая прычына маёй міграцыі – пасіўнасць і змучанасць людзей. Хоць зараз я і памяняў сваё меркаванне, аднак вярнуцца на Радзіму не здолею. Першапачаткова хацеў патрапіць у Штаты на палітычны прытулак, актыўна шукаў варыянты. Аднак мне не хапала дакументаў, каб даказаць пераслед. Хоць я актыўна ўдзельнічаў у розных акцыях у Беларусі, пару разоў мне пралятала дубінка па твары.

Год рыхтаваўся да пераезду, вучыў мову, прабіваў варыянты з працай і вучобаю. Польшча была лёгкім варыянтам. Я працаваў на ўдалёнцы, таму мог дазволіць сабе не шукаць працу тут на месцы. Але месяц таму мяне скарацілі. Добра што паспеў атрымаць карту побыту і магу зараз працаваць без дазволаў. Зараз актыўна шукаю працу ў Польшчы. Магчыма, прыйдзецца працаваць фізічна, паглядзім.

Польшча не зусім мая краіна. Калі глядзець на іхную палітыку, то мне гэта нагадвае нашы 90-ыя. Але з іншага боку тут меней фармальныя стасункі паміж людзьмі. Я, напрыклад, часам п’ю піва з паслом у Сейм! У Беларусі такое немагчыма.

Мне падабаецца вялікая колькасць бясплатных або за сімвалічную аплату рэчаў: моўныя курсы, гурткі па інтарэсах. Добра працуе бартар.

Розніцы ў менталітэце я не заўважыў, толькі палякі больш усміхаюцца. А так тое самае, усе ныюць на кухнях.

 

Раман Трацюк, мастак. У Польшчы ад 1999 года.

Я вельмі даўно займаюся мастацтвам. Яшчэ ў 1998 годзе мы з Вольгай Маслоўскай у Берасці арганізоўвалі беларуска-польскую выставу «4+B-O», на якой упершыню ў Берасці паказалі перформанс, пазней у 1999 былі куратарамі Першага беларуска-польскага фестывалю сучаснага мастацтва, на якім свае работы паказалі важныя мастачкі і мастакі з Польшчы і Беларусі, а таксама адбыўся легендарны спектакль «Bільгаць» Sceny plastycznej KUL Лешэка Мандзіка.

Фестываль прыцягнуў вялікую ўвагу ў сродках масавай інфармацыі, а нашы арганізатары былі вымушаныя сустракацца з гарадскімі ўладамі і КДБ.

Менавіта з-за адсутнасці свабоды і прасторы для сучаснага мастацтва ў Беларусі я вырашыў паехаць вучыцца ў Польшчу. Я ўжо займаўся фатаграфіяй, перформансам, інсталяцыяй. А беларуская Акадэмія Мастацтваў і тады, і цяпер была вельмі кансерватыўная. А Познань абраў таму, што Akademia Sztuk Pięknych (зараз UAP) была вельмі прагрэсіўным месцам.

Я жыву ў Польшчы больш за 20 гадоў, і, канешне, краіна вельмі змянілася за гэты час. Польшча ўвайшла ў Еўразвяз, для краіны адкрыліся межы… Гэта быў вельмі рамантычны момант. Прафесійныя кантакты сталі значна больш простымі. Я бачу вельмі вялікі прагрэс у розных сферах жыцця! Асабліва калі параўноўваць з Беларуссю, дзе ўсё нязменна і «стабільна».

Перформанс Рамана Трацюка у Берасці
Перформанс Рамана Трацюка у Берасці

Я заўсёды вельмі паважаў польскі тэмперамент і адкрытасць. У Польшчы іншы стандарт кантактаў і камунікацыі паміж незнаёмымі людзьмі. Я ніколі не сутыкаўся з нейкай дыскрымінацыяй, магчыма таму, што я добра размаўляю па-польску, без акцэнту. Але апошнім часам чуў, што да некаторых замежнікаў ставяцца не так прыязна.

Сваю будучыню я звязваю з Польшчай і Познанем. Пасля сканчэння вучэльні я застаўся там працаваць як выкладчык, абараніў доктарскую ступень і рыхтуюся да габілітацыі. Таксама раблю шмат выстаў, незалежных мастацкіх праектаў, распрацоўваю візуальныя ідэнтыфікацыі для фестываляў, супрацоўнічаю з музеямі.

Я мару, каб у Беларусі таксама была інфраструктура для такога функцыянавання сучаснага мастацтва. У мяне вялікі досвед арганізацыі такіх рэчаў, маю тэарэтычную падрыхтоўку. Калі рэвалюцыя пераможа, то я з вялікім задавальненнем увайду ў будаванне структур сучаснага мастацтва і культуры ў Беларусі.

Ксенія Тарасевіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (208) – 23.10.1816 г. у Кублічах Лепельскага пав. нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі, пісьменьнік і дасьледчык беларускага фальклёру. У 1858 – 1863 гг. вёў рукапісны „Альбом”, у якім свае запісы пакінулі м. інш.: У. Сыракомля, В. Каратынскі, А. Кіркор, В. Дунін-Марцінкевіч. Пераклаў на беларускую мову „Конрада Валенрода” А. Міцкевіча. Памёр у Сібіры ў 1884 г.
  • (201) – 23.10.1823 г. у Замосьці Слуцкага пав. нар. Адам Плуг (сапраўднае Антоні Пяткевіч), пісьменнік і журналіст. З 1831 г. жыў з бацькамі ў Жукавым Барку над Нёманам, у гг. 1835-1842 вучыўся ў Слуцкай гімназыі. Сябраваў з Уладыславам Сыракомляй, які тады жыў у Залучы. Працаваў настаўнікам на Падольлі. У 1874 г. пераехаў у Варшаву, дзе працаваў рэдактарам у часопісе „Kłosy”, дзе друкаваў шмат матар’ялаў пра Беларусь. Пазьней працаваў у рэдакцыях „Wielkiej Powszechnej Encyklopedii Ilustrowanej”, часопіса „Wędrowiec”, газэты „Kurier Warszawski”. Памёр 2.11.1903 г. у Варшаве. У беларускую літаратуру ўпісаліся яго апавяданьні на беларускай мове. 
  • (87) – 23.10.1937 г. расстраляны Уладзімір Крыловіч (нар. 1.11.1895 г. у Крыловічах каля Койданава), акцёр.
  • (83) – 23.10.1941 г. у Унжлагу на лесапавале загінуў Васіль Шашалевіч (нар. 9.01.1897 г. у Мхінічах на Магілёўшчыне, брат Андрэя Мрыя), драматург (п’есы „Апраметная”, „Змрок”, „Воўчыя вочы”, „Рой”, „Сімфонія гневу”) і празаік.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis