Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

IN MEMORIAM

Закатаваны, але не пераможаны

Ліпень быў дастаткова трагічны: 11-га пры невысветленых абставінах памёр у зняволенні Алесь Пушкін.

Ён ці не першы з беларускіх мастакоў, хто на манер Пабла Пікаса, Сальватора Далі ці Эндзі Уорхала, тварыў яркае эпатажнае мастацтва не толькі ў сценах майстэрні, але і ва ўласным жыцці. Многія яго памятаюць менавіта па яркіх, часам скандальных перформансах. 

Алесь Пушкін у Беластоку (з Аляксеем Трубкіным) Фота Міры Лукшы
Алесь Пушкін у Беластоку (з Аляксеем Трубкіным)
Фота Міры Лукшы

Памятаю, як мяне, яшчэ 8-гадовага хлопчыка, уразіла яго карціна «З мінулага», напісаная ўласнай крывёю. Ніхто з беларускіх мастакоў да Алеся Пушкіна не выкарыстоўваў кроў для стварэння карцін. 

На адной з персанальных выставаў, якая праходзіла напачатку 1990-х у менскім Доме літаратара, Алесь Пушкін сустракаў наведнікаў разам з аголенай музай і многіх (беларусы, як вядома, дастаткова цнатлівыя) гэта шакіравала. Адзін толькі 80-ці гадовы аўтар «Васі Вясёлкіна, які ляціць на Месяц» Сяргей Грахоўскі задаволена прамовіў: «Адчуваеш сябе, як на праўдзівым Парнасе”.

Алесь Пушкін марыў, каб мы вырваліся ў нейкі больш шырокі эстэтычна свабодны прастор, каб не хадзілі ў метафарычных стаптаных чаравіках, а выглядалі ярка, артыстычна, шляхетна. І былі такімі ж шляхетнымі ў пачуццях, думках, учынках. Па-сутнасці, наш герой сябе паводзіў, як героі Уладзіміра Караткевіча – смелыя, эфектныя, прыгожыя і таленавітыя, якія ніколі не сумуюць і выходзяць пераможцамі з любых нягод.

Многія пісалі і казалі пра Алеся Пушкіна менавіта як пра творцу эпатажна-вулічнага акцыйнага мастацтва. 

Шмат хто яго і сёння ўспрымае перадусім аўтарам палітычных перформансаў, дзе галоўнае не мастацкія адкрыцці і тонкае спалучэнне колераў і фактур, а вілы, утыркнутыя ў тачку з гноем, якая адрасаваная ўсім вядомаму дэману, які ўжо амаль трыццаць год не выпускае Беларусь са сваіх атрутных абдымкаў. 

Часам і сам Алесь Пушкін звяртаў увагу менавіта на гэты палітычна-акцыйны бок сваёй дзейнасці. Ён шмат стварыў партрэтаў беларускіх герояў розных часоў і эпох, дзе галоўнае было ў максімальна простай, нават плакатнай манеры выявіць выбітных беларусаў. 

Але была б памылкай успрымаць нашага героя толькі такім. 

Алесь Пушкін, нягледзячы на сваю вонкавую зухаватасць, нягледзячы на вострыя заявы і ўчынкі быў, вельмі тонкім і лагодным жывапісцам. 

У яго шмалікіх станкавых працах амаль не знайсці такой жа экспрэсіўнасці і скандальнасці, якімі былі прасякнуты некаторыя яго перформансы. 

У мастацтве – ён тонкі паэт, цудоўны каларыст, які любіць эстэтыку Сандра Батычэлі і Яна Вермеера, а не Ераніма Босха ці Вінцэнта Ван Гога.

Алесь Пушкін, калі малюе дзяўчат, то ператвараецца ў праўдзівага рыцара, для якога важна паказаць, што беларуская дзяўчына – гэта цудоўная дама, мадонна, якой трэба пакланяцца. Таму яго мадэлі дастаткова часта прадстаюць сапраўднымі прынцэсамі, княгінямі, а то і ўвогуле маюць выразныя іканапісныя рысы. Вельмі часта фонам для яго партрэтаў з’яўляецца зіма. Тонкая, прыгожая аснежаная Беларусь, якая такая падобная да зімовай Фландрыі, чые пейзажы з такой дасканаласцю пісаў Брэйгель. 

Адна з карцін Алеся Пушкіна (1965-2023).
Адна з карцін Алеся Пушкіна (1965-2023).

Алесь Пушкін аўтар геніяльных канцэптуальных нацюрмортаў. І можна сказаць, што ён ці не першы сярод нашых мастакоў, хто і пачаў ствараць падобнага кшталту нацюрморты. Дарэчы, у нас не так і шмат сапраўдных майстроў нацюрморту, дастаткова часта мастакі проста малявалі розныя прадметы, якія былі фактычна нічым не аб’яднанымі. Выключэнне стваралі рэчавіды Івана Хруцкага, Міхася Сеўрука, Міколы Тарасікава, Уладзіміра Хадаровіча, Аляксандра Грышкевіча.  

У нацюрмортах Алеся Пушкіна можна захапляцца тонкасцю фактур, ліній і колераў, але таксама і прачытваецца філасофскі змест, які часам аздабляецца сацыяльна-палітычнымі ноткамі. 

Любіў Пушкін пісаць і краявіды (замкі, руіны, утульныя сонечныя мястэчкі). Тут адчуваецца трывалы ўплыў яго настаўніка, геніяльнага жывапісца Пётры Шарыпы. 

Графічная дасканальнасць і прамаляванасць яго жывапісу, прыглушаныя охры, тонкі перагук усіх адценняў жоўтага і белага – надаюць яго працам тую дзівосную сілу, якая не адпускае, якая натхняе і цябе самога зрабіць што-небудзь добрае, паэтычнае, нацыястваральнае.

Алесь Пушкін з аднолькавым поспехам спраўдзіўся як жывапісец, манументаліст (акурат скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут як манументаліст), майстар іканапісу і тэатральны мастак, застанецца назаўсёды ў гісторыі нашага мастацтва. 

У турме ён працягваў маляваць. 

Гэта была графіка. 

Лагоднасць сышла, на яе месцы з’явілася надламанасць, павышаная экспрэсіўнасць, боль. 

Адзін з пастаянных матываў – аўтапартрэты, дзе мастака атакуюць вароны і груганы, якія хочуць яго забіць.

На жаль, Алесь Пушкін з турмы не выйшаў.

Аўтапартрэт, дзе мастака атакуюць вароны і крумкачы, якія хочуць яго забіць Фота з Інтэрнэту
Аўтапартрэт, дзе мастака атакуюць вароны і крумкачы, якія хочуць яго забіць
Фота з Інтэрнэту

Незадоўга перад яго смерцю, Беларускі саюз мастакоў выкрасліў яго са сваіх сяброў.

Дараваць тое, што калегі адвярнуліся ад свайго таварыша, безумоўна, нельга. Іншая справа, што іх, гэтых паскуднікаў, ніхто не ўспомніць, а наш герой, хоць фізічна быў знішчаны, але застаўся неперможны і бессмяротны.

Алесь Пушкін на здымках перад пасольствам Рэспублікі Беларусь у Вільні, 11 ліпеня 2023 г. Svaboda.org
Алесь Пушкін на здымках перад пасольствам Рэспублікі Беларусь у Вільні, 11 ліпеня 2023 г.
Svaboda.org

Яго цікавы, востры, авантурны, свабодалюбівы жыццёвы шлях будзе інсцэнізаваны для тэатра, увасобіцца ў кіно.

Яго жывапіс, графіка, манументальныя роспісы будуць працягваць нас радаваць і натхняць.

Аўтапартрэт, дзе мастака атакуюць вароны і крумкачы, якія хочуць яго забіць Фота з Інтэрнэту

У Алеся Пушкіна – гэтага артыстычнага, нечаканага, разняволенага, запамінальнага, смелага ёсць чаму нам вучыцца.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (106) – 16.03.1919 г. у Гародні выйшаў з друку першы нумар газэты „Бацькаўшчына”.
  • (99) – 16.03.1926 г. у Вільні выйшаў з друку апошні нумар газэты зьвязанай зь Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой „Беларуская Ніва” (паяўлялася 3 разы ў тыдзень). Між іншым на яе старонках былі публікаваныя карэспандэнцыі зь Беласточчыны.
  • (36) – 16.03.1989 г. быў заснаваны акадэміцкі гурток Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў на Беластоцкай Палітэхніцы (старшыня – Міраслаў Пякарскі).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis