3 лістапада
На вечарыне памяці Віктара Шведа ў Падляшскай кніжніцы ў Беластоку. Сустрэча адбылася ў рамках „Літаратурных серадаў”. Сабралася шмат публікі, найбольш, вядома, з нашага беларускага асяроддзя.
Гэта ўжо год, як Віктара Мікітавіча няма з намі. Жыў доўга, памёр мінулай восенню на 96 годзе жыцця. Быў з пакалення маіх бацькоў, амаль равеснікам майго бацькі народжанага ў 1926 г. (у лютым будзе дзесяць гадоў, як спачыў у магілцы на востраўскіх могілках). Лёс Віктара склаўся аднак іншым, незвычайным. Адразу пасля вайны выехаў ён з роднай вёскі Мора, набыў вышэйшу адукацыю і доўга жыў у Варшаве, а пасля ў Беластоку.
Віктар Швед усё прафесійнае жыццё працаваў рэдактарам у варшаўскім выдавецтве „Кніга і веды”. Паралельна ўвесь час пісаў вершы, супрацоўнічаў з тыднёвікам „Ніва”, быў дзеячам Беларускага грамадска-культурнага таварыства і сузаснавальнікам у 1958 г. Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Плён яго творчасці гэта сямнаццаць зборнікаў вершаў па-беларуску і ў яго перакладзе на польскую мову. Пад канец жыцця выдаў яшчэ дзве тоўстыя кніжкі ўспамінаў. Быў сябрам Саюза польскіх літаратараў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Атрымаў шматлікія адзнакі і ўзнагароды, у тым ліку Ордэн Францыска Скарыны. Амаль у кожнай школе на Беласточчыне, большасць якіх ужо не існуе, меў аўтарскую сустрэчу. Свае кніжкі падпісваў таксама падчас беларускіх фэстаў, прысутнічаў на мерапрыемствах ладжаных БГКТ і іншымі беларускімі арганізацыямі ў Польшчы. Без яго не магло адбыцца ніводнае святкаванне Дня Волі. На словы вершаў Віктара Шведа яшчэ складзены шматлікія песні, якія пастаянна гучаць у беларускіх канцэртах пажаданняў у Польскім Радыё Беласток і Беларускім Радыё Рацыя.
Пра ўсё гэта распавядае знакаміты амаль паўгадзінны фільм бяльшчаніна Марка Владзімірава з 2013 г. Ад яго прэзентацыі менавіта пачалася лістападаўская вечарына ў Падляшскай кніжніцы. Пасля вядучы правёў размовы з дырэктарам Музея малой айчыны ў Студзводах Дарафеем Фіёнікам і журналістам беларускай рэдакцыі Польскага Радыё Беласток і стваральнікам інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраславам Іванюком. Падзяліліся яны сваймі цёплымі ўспамінамі пра Віктара Шведа. Пасля былі выказванні ад публікі, хаця няшматлікія. Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства праф. Алег Латышонак сказаў, што ў доўгім жыцці Віктара не ўсё было прыгожае і прыемнае. Намякнуў пра яго цяжкі досвед з міжваеннага сялянскага дзяцінства, трывожныя ваенныя гады ды палітычныя складанасці ў Народнай Польшчы. Сапраўды Віктар пры кожнай уладзе мусіў пераадольваць розныя праблемы ды чыніць кампрамісныя выбары, але няспынна заставаўся верным беларускай справе.
Некалькі слоў сказаў таксама дэпутат Сейма і галоўны рэдактар „Przeglądu Prawosławnego” Яўген Чыквін, які родам з Орлі, куды ў пачатковую школу хадзіў Віктар. Навязаў ён між іншым да сённяшняй драмы мігрантаў на мяжы. Выказаў спадзяванне, што з увагі на сваю любоў і ўражлівасць да дзяцей Віктар, калі б жыў, напэўна нейкі верш прысвяціў бы „дзеткам з Міхалова”.
На заканчэнне быў музычны акцэнт. Анатоль Баравік выканаў пад гітару сваю кампазіцыю на словы аднаго з вершаў Віктара Шведа, а затым праспяваў некалькі расійскіх песень Булата Акуджавы, таксама ў польскамоўнай версіі. Спантанна выступіў яшчэ радавіты курп, сябра беларусаў, нямоглы ўжо Збігнеў Насядка. Між іншым заспяваў ён славутую „Рэчаньку”. Перад тым верш прысвечаны Віктару зачытала Міра Лукша.
Мімавольна і ў мяне ажылі ўспаміны. Віктар ад пачатку быў таксама пастаянным чытачом Czasopisa ды зычлівым сябрам нашай рэдакцыі. Хаця нашмат ад нас старэйшы, заўсёды ўсміхаўся, трымаў з рэдакцыяй кантакт, карэспандаваў, падсылаў нам свае матэрыялы.
Памятаю, як недзе дзесяць гадоў таму ўдзельнічалі мы з Віктарам у фестывалі славянскай паэзіі ў Варшаве, які ладзіць Аляксандр Наўроцкі. Начавалі мы ў адным пакойчыку. Ідучы на начлег Віктар паказаў мне кватэру, у якой пражыў амаль сорак гадоў. Пасля да познай ночы мы гутарылі пра розныя справы. Віктар, помню, наракаў на БГКТ, якое – у клубе на Сенатарскай у Варшаве і Варшаўскай у Беластоку – было для яго такое блізкае і важнае, як родны дом. На жаль, потым дзеячы крыху ад яго адхіліліся. У адрозненні ад іх Віктар крыху інакш адносіўся да лукашэнкоўскай Беларусі і няспынна сэрцам і душою стаяў пад бел-чырвона-белым сцягам. Больш за іх перажываў таксама паступаючую асіміляцыю беларусаў на Падляшшы.
Згаварыліся мы тады яшчэ пра Сакрата Яновіча, з якім быў я ў надта блізкіх адносінах. Віктар меў жаль да „Краця” за даволі стрыманы і халодны падыход да яго „вершаванай творчасці”. Некалі, яшчэ ў 90-х гадах, апублікаваі мы ў „Часопісе” доўгае эсэ Яновіча „Віктар Швед – сведка эпохі”, напісанае ў такім стылі. Віктар тады патэлефанаваў у Крынкі, пытаючыся: „Крацю, чаму ты гэта робіш?”. Яновіч адказаў: „Для грошыкаў, Віктар, для грошыкаў…”.
Такую горыч Сакрата я крыху разумею. Вынікала яна з цяжкой яго матэрыяльнай сітуацыі. У адрозненні ад Віктара доўгі час не меў ён штатнай працы. Восенню 1970 г. з-за партыйна-ўбоўскай інтрыгі Яновіча звольнілі з „Нівы” і далі яму воўчы білет. Пасля жыў пераважна з часовай працы і заказаў ад польскіх рэдакцый і выдавецтваў. На канец, каб набыць правы да пенсіі, дзесяць гадоў вымушаны быў са сваёй кішэні поўнасцю аплачваць ЗУСоўскія складчыны.
Віктар, як аўтар, меў аднак над Сакратам тую перавагу, што лёгка навучыўся пісаць на камп’ютары, свабодна паслугоўваўся таксама электроннай поштай. У канцы 90-х гадоў я завёз у Крынкі камп’ютар. Але так і не здолеў навучыць Сакрата на ім пісаць. Да канца жыцця карыстаўся звычайнай машынкай альбо пісаў пяром.
Адну са сваіх апошніх аўтарскіх сустрэчаў Віктар меў у дому культуры ў Гарадку. Тады быў я там дырэктарам. Помню, разам з гміннай бібліятэкай зладзілі мы нават гарадоцкім вучням дэкламатарскі конкурс яго вершаў. Памятаю надта сімпатычны абразок, калі Віктар, акружаны школьнікамі, падпісваў ім свае кніжкі.
І яшчэ варта ўспомніць, што Віктар з сябрамі з беларускага асяроддзя, якія адыходзілі ў вечнасць, развітваўся таксама вершамі. Бадай апошні напісаў на пачатку 2019 г. Васілю Петручуку. Над магілай верш прачытаў Віктар Стахвюк. Хіба ўжо ніхто такой прыгожай традыці больш не працягне.
Пра ўсё гэта зразумела я таксама мог бы распавесці падчас лістападаўскай сустрэчы. Няёмка мне было аднак выступіць па-польску, бо так на жаль яна праходзіла. Сябры, з якімі я гаварыў, калі скончылася, таксама выказваліся, што вечарына павінна была адбыцца не на польскай, але беларускай мове. Пэўна варта было, каб хаця я выступіў па-беларуску. З увагі на пашану адданага беларускасці ўсім сэрцам Віктара, як і для яго жонкі Валі, якая, дзякуючы арганізатарам сказала, што надалей адчувае прысутнасць мужа ў яго вершах і ўспамінах, якія па сябе пакінуў.
17 лістапада
Сёння над Востравам праляцелі адзін за адным ажно сем самалётаў. Кіраваліся на Беларусь. На барту пэўна былі мігранты з Блізкага Усходу. Мабыць гэта пік жудаснай драмы на мяжы, якая аднак цалкам пэўна хутка не скончыцца.
Едучы па справах жвіроўкай у Крынкі на агароджы крыжа, які здаўна стаіць на „гранічцы” два кіламетры за Востравам, пабачыў я пакет з зялёным крыжам. На зямлі стаялі яшчэ бутэлькі з мінералкай. Такую дапамогу размясцілі валанцёры, спадзеючыся што скарыстаюць з гэтага мігранты, якім удаецца часам перасякчы мяжу за Крынкамі.
Мала хто ўжо ведае, што крыж таксама стаіць на мяжы, толькі што даўно неіснуючай. Вытычылі яе пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Тады Востраў апынуўся ў Прусах, а Крынкі засталіся ў Расійскай Імперыі. Захаваліся карты з тадышніх часоў, а нават дакумент з апісаннем месцаў, у якіх стаялі памежныя стаўбы, паўкопваныя ў зямлю кожнае паўкіламетра і панумараваныя. Недзе каля крыжа стаяў стоўб н-р 115. Мяжы тут сцераглі конныя патрулі царскіх казакаў і прускае войска. Дарожка захавалася да сёння. У востраве называюць яе „гранічкай”. Гэта след памяці не толькі пра даўнюю тут дзяржаўную мяжу, але таксама раздзяленне палёў крынскага і востраўскага маёнткаў.
Той пруска-расійскі кардон існаваў усяго дванаццаць гадоў, да мірнага пагаднення ў Тыльзіце ў 1807 г. Тады таксама нелегальна праходзілі сюдою людзі. Мужыкі ўцякалі на захад ад паншчыны, паколькі прускія ўлады яе ліквідавалі, даючы сялянам пэўную свабоду і грамадзянскія правы. З таго часу захаваліся дакументы судовых спраў, якія ўзбуджала пруская адміністрацыя па прычыне нелегалаў і кантрабанды на мяжы. Напрыклад судзілі тады аднаго мужыка з Вострава за пераправу валоў.
А праз сённяшню мяжу за Крынкамі, якая была ўстаноўлена пасля другой сусветнай вайны, на пачатку таксама нелегальна праходзілі людзі. Былі гэта ўцекачы з „савецкага раю”. Яшчэ са свайго дзяцінства помню, як у канцы шасцідзесятых і на пачатку сямідзесятых гадоў у Востраве паяўляліся патрулі памежнікаў у „газіках”. Гэта абазначала, што ізноў хтосьці нелегальна перайшоў мяжу.
Потым стала яна ўжо шчыльнай. Пасля 2004 г., калі ўзнікла тут мяжа не толькі Польшчы і Беларусі, але і Еўразвязу, яе ізноў узмацнілі. Мой аднавясковец, які быў тады трактарыстам у надлясніцтве, на прымежным пасе выкарчоўваў кусты і дрэвы, а пасля араў лінію шырынёй каля пятнаццаці метраў. З вакна трактара бачыў на беларускім баку ажно тры такія палоскі зааранай і пастаянна баранаванай зямлі. Дарожкай паміж імі некалькі разоў у дзень праязджалі беларускія памежнікі. Уздоўж быў яшчэ закапаны дрот. Хапіла на яго наступіць і адразу ўверх стралялі сігналізацыйныя ракеты. Потым яшчэ па абодвух баках паўтыкалі камеры для кругласутачнага маніторынгу.
І вось цяпер Беларусь усе гэтыя забеспячэнні адключыла і наогул перастала сцерагчы гэтую мяжу, каб свабодна маглі падысці сюды імігранты. Ці затрымае іх генерал „Мароз”, так як калісь напалеонскую армію пад Масквой ці гітлераўцаў у Сталінградзе?
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар