Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Успаміны

Успаміны эсбээмаўкі (ч. 2)

Герой!

Барыс Рагуля. Пра яго Алена Паўлаўна расказвае з вялікай павагаю.

Шмат пра яго ведала, чула, бачыла ў Наваградку неаднойчы. Згадвае такі выпадак. Фарсістыя хлопцы з семінарыі адпусцілі доўгія валасы. Загадалі настаўнікі пастрыгчыся. Узбунтаваліся неслухі, да гебітскамісара ісці сабраліся. Выклікаў іх спадар Барыс. Патлумачыў, што беларусы ўсе свае справы самі, між сабою вырашаць павінны, ніколі да чужынцаў ісці нельга. І такую фразу сказаў, што перадавалі яе як запавет:

– Як адзін не брат, другі не прыяцель!

Пра фашыстаў і камуністаў гаварыў. Аднолькавых да беларусаў „братоў-прыяцеляў”.

Сорамна тады маладзёнам стала. Добры ўрок атрымалі. Пастрыглі свае чупрыны, супакоіліся.

Калі ў 1944-ым годзе немцы адступалі, Барыс Рагуля выратаваў у Любчы шмат людзей ад смерці. Бязладдзе, то партызаны прыляцяць, то казакі. Людзі ў царкву схаваліся, цэлую ноч маліліся, пра ратунак Бога малілі. А ранкам казакі з’явіліся, акружылі царкву, вывелі людзей і пачалі: дзеці асобна, жанчыны асобна, мужчыны асобна. Людзі ўжо з жыццём развітвацца сталі. А тут якраз на машыне едзе Рагуля са сваёю цёткаю, якая тут жыла. Падышоў да атамана, нешта гаварыў. Той да сваіх:

– Адыходзім. Ідзіце пажар тушыць.

Партызаны падпалілі вёску з другога канца. Паляцелі казакі туды…

– Бог паслаў яго, каб людзей уратаваў, але ж ніхто пра гэта напісаць не хоча. І чаго баяцца? За адно гэта ён герой!

Пагодзімся з Аленай Паўлаўнай – герой.

  1. Калі ў студзені 2005-ага года замежныя радыёстанцыі перадалі вестку пра сыход Барыса Рагулі, хтосьці патэлефанаваў нявестцы, каб сказала Алене Паўлаўне. Якраз тады не стала былога галоўнага доктара Любчанскага шпіталю Моніча. На пахаванні падышла яна да Браткоўскага і ціха, каб ніхто не пачуў, сказала:

– Барыс памёр.

– Кіт?

– Рагуля…

Гэты лаканічны дыялог шмат гаворыць пра суразмоўцаў. І пра тое, што ім абыходзіла, што хвалявала, і пра тое, хто быў у абсягу іхніх зацікаўленняў. А гэта ж якія Асобы: Кіт, Рагуля! А для іх як блізкая радзіна, радзіна па духу беларускасці.

У cd служылі!..

У 1944-ым годзе, перад самым вызваленнем, пайшлі семінарысткі,  сяброўкі Алены Паўлаўны ў Наваградак, каб забраць свае рэчы. Вярталіся, трапілі ў рукі партызанаў. Допыт наладзілі: куды, адкуль, навошта? Рэчы ўсе ператрэслі. Да канспектаў дайшлі. Гартаюць. Геаметрыя. Скрозь cd. Крамолу знайшлі-такі! Накінуліся на дзяўчат:

– То вы ў немцаў, у cd служылі!

Адбіваліся бедныя як маглі. Тлумачылі, што cd у канспектах азначае. Датлумачылі, адпусцілі іх. Але страху набраліся.

Алена Паўлаўна так каментуе тое дазнанне:

– Яны ж там усе непісьменныя былі. Не тое, што ў геаметрыі, а нат і ў арыфметыцы не разбіраліся, – робіць выснову выпускніца настаўніцкай семінарыі.

 

Зброі няма!

Безуладдзе, неразбярыха, страх панавалі на ваенных дарогах летам 1944-га. Кожны, хто са зброяй, можа зарымаць падарожнікаў. Казацкія атрады, немцы, паліцэйскія, партызаны. Хто з лесу выскачыць, хто з мястэчка нясецца. Тым часам з Наваградка ў бок Сянежычаў рухаецца падвода, загружаная няхітрымі хатнімі пажыткамі. Гэта семінарысткі з Воўцы вяртаюцца дадому. Алена Грыцкевіч, Клаўдзя Шпакоўская, Ганна Скок і Люда  Гоцка з мамаю. Самі ідуць пешкі, бо воз і так перагружаны. Кіламетраў са тры адышліся ад Наваградка, як вылятаюць з лесу партызаны. Не каб абмінуць іх і па сваіх справах далей ехаць, дык давай дапытваць, сваю ўладу паказваць:

– Што везяце?

– Нічога.

– Зброя ёсць?

– Зброі няма! – сказана гэта было смела, упэўнена, бо якая зброя ў дзяўчатаў.

Але партызаны вырашылі праверыць. На самым версе падводы ляжаў вялікі чамадан. Яго і адкрылі. А там – пісталет!

Што тут усчалося!..

Як такое магло стацца, што ў такую ліхую пару дзяўчаты везлі зброю, нават не схаваўшы як след? Гэта ж такая рызыка! Смяротная. Чым яны дадумалі?

А было вось як. Яшчэ ў Наваградку зямлячак сустрэў Валянцін Сенька з Даўгінава. У час акупацыі ён спачатку вучыўся ў семінарыі, а пасля працаваў у газеце. Таксама дадому кіраваўся. Ехаў на ровары і папрасіў дзяўчатаў узяць чамадан на падводу. Нат паняцця яны не мелі, што там можа быць зброя. Таму і гаварылі так смела. Шчасце іхняе, што між партызанаў былі знаёмыя: Алёшка камісар з атрада Молатава, які неаднойчы прыпыняўся ў Грыцкевічавай хаце, Косця Данільчык. Бажыліся дзяўчаты, што не іхні чамадан, не іхні пісталет. Пакрычалі партызаны, забралі зброю і адпусцілі семінарыстак.

А праз колькі часу даганяе іх Сенька на ровары. Дасталося яму! Увесь свой гнеў і перажыты страх яму на галаву вылілі:

– Што ты нарабіў! Ты ж нас падставіў! А каб казакі ці сд наляцела? Што было б? Пазабівалі б усіх!

А ён і апраўдацца не мае чым. Ніяк не хацеў іх падставіць. Бо і сам мог быць пакараны. У той спешцы, страху скідваў рэчы, не думаючы, безразважна…

Адразу ў 1944-ым з’ехаў Валянцін Сенька ў Львоў і паступіў у палітэхнічны інстытут. Толькі давучыцца не здолеў. Летам прыязджаў на Радзіму. І ў 1948-ым годзе таксама прыязджаў. А па вяртанні быў арыштаваны. Відаць, данёс нехта. На суд у Львоў ездзіў Астап Максімавіч Расюкевіч з Малюшычаў, знакаміты партызанскі камандзір. Валянцін быў звязаны з ягоным атрадам. Але дапамагчы не змог, не прынялі суддзі сведчанняў партызанскага камандзіра. Засудзілі хлопца ажно на дваццаць гадоў. Во ўжо гора бацькам! Адзіны сынок, ды такі разумны, акуратны… Асабліва пакутавала мама Нюра. Была яна кабета набожная, у царкве ў Райцы спявала. Хварэла моцна. Хваробу паркінсона мела.

Вызвалілі Валянціна, як Сталін памёр. На Радзіму так і не вярнуўся. Спачатку жыў у Уфе, пасля ў Варонежы.

Васілеўскія ˙

Лёва, Люда і Аня. Аднавяскоўцы, сваякі Уладзіміра Калесніка. Героі яго кнігі „Доўг памяці”. Дзеці Феафана Кандратавіча і Марыі Якаўлеўны Васілеўскіх з Сіняўскае Слабады.

Лёва загіне ў пачатку вайны. З гэтым болем, з адчуваннем свае віны пісьменнік будзе жыць усё жыццё. Пра што і напіша ва ўспамінах.

Люда і Аня вучыліся ў Наваградку, у настаўніцкай семінарыі. Там з імі і пазнаёмілася Алена Паўлаўна. Зразумела, усе былі ў СБМ.

У хуткім часе пасля вызвалення Люда разам з іншымі шасцю дзяўчамі была арыштавана, сядзела ў турме ў Наваградку. Зняволенне доўжылася амаль два гады. Была між іх Рада Казела, дачка вайскоўца, героя, які дайшоў да Берліна. Не ведаў бацька, што з ягонаю дачкою. Жонка не магла з-за цэнзуры паведаміць пра няшчасце. А ён у кожным лісце пытаўся пра дачку. У адказ атрымоўваў лаканічнае: „Рада жывая”. Толькі ў 1946-ым годзе бацьку перавялі ў Маскву. Маці адразу выправілася да яго. І ў хуткім часе ўсю групу дзяўчат перавялі ў Баранавіцкую турму. Два месяцы прасядзелі яны там без ніводнага допыту. Суд так і не адбыўся. Дзяўчат вызвалілі.

Люда вярнулася ў Наваградак і праз год закончыла педвучылішча. Выпуснікам залічвалі вучобу ў настаўніцкай семінарыі. Працаваць трапіла ў Цырын. Дырэктарам школы быў партызан Мікалай Лопух, які стане яе мужам.

Геройскі чалавек гэты Лопух! Нічога не баяўся. Камуніст, атэіст. Аднак жа чалавечае ў ім заўсёды брала верх. Калі ў вайну партызаны здзекаваліся з цырынскага бацюшкі, збіраліся расстраляць ні ў чым не вінаватага чалавека, Мікалай заступіўся, запатрабаваў адпусціць святара. Зняможаны, той паабяцаў свайму збаўцу:

– Усё жыццё за цябе буду маліцца.

Смелым партызанам быў Мікалай Лопух, першым у атаку кідаўся, а ніколі куля не кранула.

Пасля вызвалення служыў у міліцыі ў Карэлічах. Праўда, нядоўга вытрымаў там. Давялося яму аднойчы канваіраваць жанчыну, якую асудзілі на вялікі тэрмін. Праходзілі яны паўз дома тае няшчаснае. А ў хаце яе маленькае дзіцятка, паўтара годзіка ўсяго, і мама. Папрасілася жанчына развітацца з роднымі, і Мікалай дазволіў. Зразумела, што парушыў закон, што не меў на тое права. Міліцыянер Лопух не меў права дазволіць маці развітацца з дзіцём, а чалавек Лопух не мог забараніць маці мо апошні раз убачыць сваё дзіця.

Дасталося яму за гэтую „мяккацеласць”. Гэта ж ворагу паспачуваў! Дакаралі, крычалі, пагражалі суворыя законнікі. А ён не надта спалохаўся. Рапарт на стол і – на фронт. Да самае перамогі ваяваў. Ізноў ні разу паранены не быў.

Пасля вайны, мы ўжо ведаем, трапіў у Цырын.

У Мікалая і Людмілы нарадзілася дачушка. Усё, падавалася, няблага было. Але данесла на маладую настаўніцу адна пільная каляжанка, усходніца. Была сябрам СБМ! Людміла засталася без працы. А на дырэктара школы пачаліся праўдзівыя ганенні. Выклікалі, патрабавалі:

– Або разводзішся, або кладзі партбілет!

– У нас жа дзіця! – імкнуўся ён запярэчыць. На што пачуў:

– Мы і яе, і дзіця так запакуем, што ніколі не даведаешся, дзе яны!

Ды не на такога, каго запалохаць можна, натрапілі. Нікому нічога не сказаў, сабраўся і паехаў у Маскву да Калініна праўды шукаць. Да каго ён там трапіў, невядома. Але праўду знайшоў. Пакінулі маладую сям’ю ў спакоі. Перавялі на працу ў Кудавічы. Людміла да пенсіі ў школе працавала.

Аня Васілеўская. Столькі чула пра гэтую незвычайную асобу! І што была яна не толькі самаю прыгожаю ў Сіняўцы, але і самаю разумнаю дзяўчынаю. Вельмі хацела сустрэцца з ёю. Ды ўсё неяк не выпадала. Хоць і жыла яна, як пазней даведалася,  на вуліцы Чэхава ў Наваградку, праз які ўвесь час праходзілі мае дарогі.

Зімою 1979-га года мая старэйшая каляжанка Марыя Іванаўна Дварэцкая з Трошчыцкае школы была на курсах у Гародні. Жылі настаўнікі на вуліцы Леніна. Аднойчы ў яе пакоі сустрэла жанчыну, на якую нельга было не звярнуць увагу. Спытала ў Марыі Іванаўны, хто яна. Памятаю той дыялог:

– Каб ты бачыла яе ў маладосці! Яна была вельмі прыгожаю.

– Яна і зараз вельмі прыгожая…

Мы кудысьці спяшаліся, і размова абарвалася. А праз некалькі гадоў Марыя Іванаўна расказвала мне пра сваю аднакурсніцу па Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце Аню Васілеўскую. Пра якую я ўжо ведала ад мае мамы. І не толькі. Расказвала пра выпускны экзамен, які студэнтка-выдатніца не павінна была здаць. Некалькі гадзінаў доўжылася тая экзекуцыя. Дзяўчына атрымала „выдатна”. Гэта было незвычайна! Яны, што мелі загад не дапусціць былую эсбээмаўку Васілеўскую да атрымання дыплома, нічога не змаглі зрабіць. Веды яе былі бездакорнымі. Калі голас стаміўся, яна папрасіла вады і сказала, што гатова адказваць далей. Марыя Іванаўна, камуністка, глыбока шанавала сваю аднакурсніцу-нацыяналістку. Яна найлепшы сведка пра той экамен, бо чакала свае чаргі, была ў аўдыторыі і спачатку рыхтавалася да адказу. А пасля ўжо толькі слухала і захаплялася.

Пра гэты экзамен Васілеўскай хадзілі праўдзівыя легенды. Як і пра многае іншае, часцей прыдуманае, чаго насамрэч не было. Быццам была дзяўчына ў складзе дэлегацыі СБМ на сустрэчы з Гітлерам і менавіта ёй выпала ўручаць кветкі фюрэру. Бо самая прыгожая. І пра тое, як выключылі яе з камсамала, і дзяўчына ездзіла ў Мінск, каб дабіцца аднаўлення. І быццам вызначальным у адмове стала тое, што бацька не ўступіў у калгас. Яна вярнулася дадому, а бацька ўжо не проста калгаснік, а старшыня калгаса…

Калі сказала Марыі Іванаўне, што вельмі хацела б сустрэцца з Ганнай Феафанаўнай, яна ўсміхнулася:

– Ты ж ужо бачылася з ёю.

І нагадала пра тую сустрэчу ў Гародні…

Прытулак партызанаў

Воўца – вёска невялікая, гарою атуленая. З двух бакоў лес абступае. У вайну не стаялі тут стала ні немцы, ні паліцаі. Наляцяць, напалохаюць людзей і зноў ціха. Таму і з’яўляліся сюды начныя госці, партызаны. Перадыхнуць, адпачыць. З розных атрадаў. Асабліва часта завітвалі з 2-га Камсамольскага і Молатава.

З павагай згадвае Алена Паўлаўна начальніка штаба „камсамольцаў” Уладзіміра Калесніка. Пазнавалі бацькі ягоны стук у акно. Далікатна пастукае, пачакае, каб гаспадары ўсталі, апрануліся.

Прыехаў аднойчы прамоклы ўвесь, стомлены страшэнна. І адразу спаць пайшоў. Боты мокрыя, анучы мокрыя. Паклала гаспадыня на печ прасушыць. Толькі заснуў, а тут вартавы ляціць:

– У вас Калеснік? Будзіце хутчэй!

Ускочыў і боты нацягваць стаў. А халявы ў іх гармонікам ды так прамоклі, што нацягнуць не можа… Праўда, трывога тая дарэмная была, бо не немцы наляцелі, а яшчэ адзін атрад. То вярнуўся начальнік штаба да Грыцкевічаў. А ранкам ізноў з ботамі бяда. Ніяк тыя гармонікі не нацягваюцца. Падала гаспадыня партызану свае сухія анучы. І ягоныя высушаныя…

Уяўляю, якім мілым быў яму гэты шчыры клопат сталае кабеты. Праўдзівая  мацярынская ласка. Яму, які маці ўжо не меў і моцна пакутаваў з-за гэтае страты, з-за жыцця яе нешчаслівага…

Цяжка было гаспадару Грыцкевічу без каня. Часам партызаны прывядуць якога. А пасля наляцяць і зноў забяруць. Аднойчы адпачываў у Грыцкевічаў Калеснік, а тут заляцелі ў хату з іншага атрада. І адразу да гаспадыні:

– Конь ёсць?

– Не, нямашака, – адказала тая.

Не паверылі. У хлеў пайшлі. Выводзяць каня і з такою злосцю да Грыцкевічыхі:

– Ах ты, старая, яшчэ абманваеш нас!

Паклікала гаспадыня Калесніка. Зразумелі тыя, што абмылачка выйшла і зноў на кабету накінуліся:

– Ах ты, старая! Хоць бы сказала, чый у цябе конь!

Летам 1951-га года, калі Алена Паўлаўна жыла ў бацькоўскай хаце, завіталі да іх нечаканыя госці. На роварах прыехалі. Былі гэта беларускія пісьменнікі Янка Брыль, Алесь Адамовіч і Уладзімір Калеснік. Папрасілі малака, спыталі пра бацьку. Пашкадавалі, што няма ўжо яго. Згадаў былы начальнік штаба Паўла Грыцкевіча добрым словам. Успомніў, як неаднойчы частаваў той партызанаў сваім моцным тытунём…

Мо ўжо тады збіралі пісьменнікі матэрыял для кнігі „Я з вогненнай вёскі” пра злачынствы фашыстаў на нашай зямлі. Але пра тое, як партызаны распраўляліся з людзьмі ў Воўцы, і не толькі ў гэтай вёсцы, як хаты людскія палілі, забівалі, у кнізе, што выйшла ў 1975-ым годзе, быць не магло.

Рукі цалавала

Паліцэйскі Нягода з Загора Дзялячыцкага пасля вайны апынуўся ў Амерыцы, у Чыкага. Цягнула яго на Радзіму. Не адчуваў за сабою віны перад людзьмі, перад родным краем. Таму і прыехаў, як толькі можна стала. На могілкі хадзіў, магілы бацькоўскія адведаў. Калі ішоў па вуліцы, перастрэла яго Люба Кукаловіч, кінулася на калені і давай рукі цалаваць…

Паліцэйскаму, здрадніку? Гэта савецкая праганда ўсё вымалявала двума колерамі: паліцэйскія – ворагі, здраднікі, а партызаны – героі, змагары. А ў той страшны час усё перакручана было. Часам здзіўляе людскасць ворагаў і бесчалавечнасць сваіх. Вось жа, трапіла Люба ў пастарунак у Любчу. Звязаная была з партызанамі. Чакала яе смерць. А вартавым якраз быў Нягода. Паклікаў дзяўчыну і прашаптаў:

– Я ноччу прыадкрыю дзверы, а ты ўцякай.

Выратаваў паліцэйскі Любу ад немінучае смерці. Таму і цалавала рукі. За жыццё ўратаванае дзякавала.

А вось яшчэ адзін выпадак. Цудам уцалеў бацька партызана. Толькі дзякуючы таму, што выратаваў яго камендант паліцыі. Заступіўся перад карнікам. Расказвае пра гэта сыну, а той думае сабе: „Бескарысна было даводзіць бацьку, што такія каменданты знарок ствараюць сабе рэпутацыю дабрадзеяў па дробязях, іх цікавяць злачынствы маштабныя”.

Жыццё бацькі – дробязь?..

Блакаднікі

Адзін час у Райцы ў шпіталі працавала доктар Жоландзь, якая перажыла блакаду ў Ленінградзе. Сястра яе Ганна Мікалаеўна была моцна хворая. На заводзе ў час блакады працавала. Ледзьве выжыла. Туберкулёз хрыбта мела. Не падымалася больш за год. Ляжала на цвёрдых дошках.

У шпіталі, у той час перапоўненым, былі і з венерычнымі хваробамі. Прыехаў з праверкаю доктар Левін з Баранавічаў з абласнога скурвендыспансера. Таксама з блакаднікаў. Ды не з тых…

Прывяла яго доктар да сястры, бо ж зямляк, каб пагаварылі, родны горад паўспаміналі. Не так часта можна было ў Райцы чалавека з Ленінграда сустрэць.

Згадвае Алена Паўлаўна:

„Прыходжу на змену, а мая Ганна Мікалаеўна ажно падскоквае на ложку. Знерваваная страшэнна.

– Што з вамі? – пытаюся. А яна супакоіцца, да сябе прыйсці не можа.

– Каб я хадзіла, я б яму вочы выдрала! Расказваю, як мы галадалі, як мае ўсе памерлі з голаду, двое дзетак, мама з бацькам. А ён ды кажа:

– А мы не галадалі, у нас рыс мяшкамі стаяў.

– Як жа так магло быць! Каб людзі з голаду паміралі, а ў іх рыс мяшкамі стаяў!”

Розныя былі блакаднікі…

Ала Петрушкевіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (422) – 19.04.1602 г. пам. Ян Абрамовіч, ваявода менскі і смаленскі. Адукаваны чалавек, праціўнік езуітаў. Выдаўца „Катэхізіса” (1598 г.) з 300 рэлігійнымі песьнямі.
  • (143) – 19.04.1881 г. у в. Такары на Беласточчыне (сучасным памежжы з Рэспублікай Беларусь) нар. Усевалад Ігнатоўскі – выдатны беларускі гісторык, грамадзкі дзеяч. Скончыў у 1911 г. Юр’еўскі Унівэрсытэт у Тарту. У 1912-1914 гг. быў выкладчыкам у Віленскай жаночай гімназіі М. Вінаградавай, у  1914-1919 гг. -- Менскага Настаўніцкага Інстытуту. У час вайны ўключыўся ў нацыянальную ды палітычную дзейнасьць, быў між іншым членам Цэнтральнага Камітэту Беларускай Партыі Сацыялістаў Рэвалюцыянераў. У 20-ыя гады займаў шэраг дзяржаўных пасад у БССР. Меў вялікі ўплыў на праведзеньне працэсу беларусізацыі. З 1926 г. быў старшынёй Інстытуту Беларускай Культуры, а з 1928 г. прэзідэнтам Беларускай Акадэміі Навук. Напісаў больш за 30 навуковых прац, адна з найбольш вядомых гэта „Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”. З 1930 г. прасьледаваны савецкімі ворганамі бяспекі. Пасьля аднаго з допытаў, 4.02.1931 г. пакончыў жыцьцё самагубствам. У 1937 г. жонка была асуджана на 8 гадоў лагераў, а двое сыноў расстраляных.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis