Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Успаміны

Успаміны эсбээмаўкі (ч. 1)

Алена Паўлаўна Новік, дзявочае прозвішча Грыцкевіч, з вёскі Воўца, што недалёка ад майго Шчонава. Жыве ў Любчы, куды пераехала з сям’ёю ў 1963-ім годзе. Сямнаццаць гадоў адпрацавала медсястрою ў Райцаўскім шпіталі. То і Шчонава маё і шчонаўцаў таксама ведала, памятае.

З гэтай незвычайнай асобай пазнаёмілася, калі яна ўжо мела дзевяноста чатыры гады. Светлая, жыццярадасная, разумная, памяць захавала незвычайную. Многія едуць да яе, каб паслухаць яе ўспаміны запісаныя для вуснай гісторыі. Вось жа, падаю тут некаторыя згадкі дарагой мне эсбээмаўкі.

Усё жыццё вучылася!

Калі ўпершыню пачула Алену Паўлаўну, была здзіўлена прыгожаю, літаратурнаю беларускаю гаворкаю. Расказала яна, дзе вучылася, адкуль яе дасканалая мова.

Пры Польшчы Алена Грыцкевічанка, адзіная дачка ў бацькоў, паспела скончыць шэсць класаў. У 39-ым, пры Саветах, назад у пяты адсадзілі. Дайшла да сёмага – ізноў пераварот, вайна. Ізноў у сёмы адсадзілі. Спачатку вучылася ў Карэлічах, закончыла сем класаў. А тут у Наваградку адчыняецца семінарыя, прагімназія і шасцімесячныя настаўніцкія курсы. У 1942-ім годзе пайшлі дзяўчаты, што вучыцца хацелі, у семінарыю. Каля тысячы чалавек навучэнцаў было ў Наваградку. На першы курс сем групаў набралі, на другі многа, на трэці меней, чалавек дзесяць. Іна Рытар выкладала нямецкую мову. Спазнілася аднойчы дзяўчына на заняткі, паставіла яе настаўніца ля дзвярэй, увесь урок прастаяць мусіла. Праўда, пазней добра ставілася, ацаніла веды, бо дзяўчына яшчэ з польскае школы выдатна нямецкую мову ведала. Усё навучанне было па-беларуску. З тых часоў памятае беларускія вершы, песні.

Усе яны былі сябрамі СБМ. Вось ужо дзе патрыятычнае ўзгадаванне атрымалі! Усе марылі пра Беларусь. Марылі, каб хоць калі пажыць у вольнай Беларусі!

Спаліла свой дыплом за семінарыю, бо каб знайшлі, то не ўратавалася б ад турмы. Многія адседзелі. У 1944-ым годзе ў медыцынскае вучылішча паступіла. Быццам і не заканчвала семінарыі. Падводзіць вынік:

– То я ўсё жыццё вучылася!

Калі сустракала каго з тых навучэнцаў, каго ў Наваградку ў вайну бачыла, ціха пыталася:

– Вучыліся?

– Вучыліся…

Гэта было як пароль. Вучыліся – значыць нашы, у СБМ былі. Цудам трымаюцца тут, на волі, даносу хапіла б, каб у турму трапіць…

А яшчэ вялікую навуку працоўную прайшла. Жаночыя справы – зразумела. Гэта ўсе рабілі. А наша медсястра ўмее касіць, стагі класці, каня запрагаць, араць, баранаваць, спрынжынаваць, цэпам малаціць, дрэвы ў лесе спускаць…

Ганаруся!

Не разумею тых, ад каго чую:

– А чаго туды ехаць? Нічога там для мяне цікавага.

Так пра родныя мясціны. Зрэшты, і яны ж мяне не разумеюць: чаго еду, што шукаю… А вось Алена Паўлаўна і ў гэтым мне блізкая. Яшчэ ў першую сустрэчу зімою дамовіліся, што паедзем у яе Воўцу. З такою любоўю расказвала яна пра сваю вёску! Ніхто пра тое, што было там раней, не ведае. А хто зараз трапіць, то і ўявіць не зможа, якая багатая, прыгожая была колісь Воўца.

Заможныя гаспадары жылі тут. На той бок Нёўды, што працякае ўздоўж сённяшняе вуліцы, была мельніца. Гаспадарыў Рафаіл Нохім-Гордзін. А ў пачатку вёскі была крама, якую трымаў Іцка Брук. Але самая вялікая гаспадарка была ў колішнім маёнтку пана Гнаінскага, які перакупіў бурмістр Шчорс, калі вярнуўся з вялікімі грашыма з Амерыкі. Трыццаць кароў, дзесяць коней, вялізны свінарнік – не жартачкі! Жняярку сваю мелі. А птаства! Нат паўліны былі…

Усё прахам пайшло, усё партызаны спалілі. Ні знаку не засталося ад заможных сядзібаў ля рэчкі.

Расказвае пра гэта Алена Паўлаўна, паказвае, дзе тыя сядзібы былі. Быццам учора ўсё было. Усё памяць яе захавала. Узнёсла, з гонарам гаворыць:

– Во якая мая вёска была! Ганаруся ёю!

Мастачка

Калі сустракаю згадкі пра Алену Кіш, думаю: і ў нашых краёх мусіла быць свая мастачка. Бо памятаюцца мне на сценах у даўнейшых хатах маляваныя старыя дываны. Нехта ж іх маляваў. Усё марыла на след тае мастачкі натрапіць. Што гэта жанчына, не сумнявалася. Толькі жаночая рука, жаночае сэрца маглі стварыць тыя кветкавыя матывы, вобразы, што так міла аздаблялі збяднелыя пасля вайны вясковыя хаціны.

І яна была! Мастачка з вёскі Воўца, якую памятае Алена Паўлаўна. Мурзіч Вольга Аляксееўна, у дзявоцтве Гоцка. След яе згубіўся, бо яшчэ за Польшчаю з’ехала з мужам і дзецьмі ў Парагвай. І ніколі на Радзіму не вярталася. І добра, што паехала, бо багата жылі, муж у гміне працаваў. Выслалі б саветы ў той страшны Сібір, адкуль мала хто вярнуўся.

А дываны Мурзічыхі віселі амаль ва ўсіх хатах. Звычайна чорная аснова, кветкавая акаймоўка, пасярэдзіне возера, над ім дрэвы апусцілі галіны. На возеры лодка. А ў ёй дзяўчына і хлопец. Смутныя-смутныя. „Перад развітаннем”, – прыдумвае назву тая, што слухае.

– Што папросяць, тое і малявала. Але кветкі заўсёды былі. Вельмі ж прыгожыя, яркія, чырвоныя, ружовыя…

Сустракалі, віталі…

17-га верасня 1939-га года, калі прыйшлі Саветы, людзі радасна віталі іх. Верылі: новае жыццё настане. Браму зрабілі, упрыгожылі. Настаўніца Алена Гоцка, што працавала ў Воўцы яшчэ з царскіх часоў, так хораша выступала. Столькі радасці было! Але чым тая радасць вылілася! Слязьмі, нястачаю, страхам. А як вывозіць людзей пачалі…

Спачатку ўсё прападаць стала. Як карова языком злізала. Бо крамы ж у яўрэяў былі. Што раскупілі, а што схавалі, а браць больш і не было дзе.

У бурмістра Шчорса ўсё забралі. Раскулачылі, сям’ю вывезлі. Дваццатага чэрвеня 1941-га года вывезлі, а дваццаць другога вайна пачалася…

Адступленне

Адступаюць саветы ў 1941-ым.

Шмат людзей ішло па нашых дарогах з-пад Беластока. Зняможаныя, здарожаныя, галодныя. У Воўцу трапіла некалькі сем’яў вайскоўцаў. Да Грыцкевічаў прыстала сям’я шафёра. Кабета, трое дзяцей, ды яшчэ чацвёртае чакала. Месяцаў восем жылі. Запомнілася Алене Паўлаўне тое, што здзівіла яе тады, і чаму да сёння надзівіцца не можа. Расказвае, хвалюючыся, са смуткам у голасе:

„З іншых хатаў ужо назаўтра кабеты па вёсках пайшлі.

– Нам тут есці даюць. А што на ўсходзе будзе?

Ведалі, што там, дзе калгасы былі, голад, людзям самім есці не было чаго. А не тое, каб іх карміць. Ведалі, бо ж самі туды голад прынеслі сваёю ўладаю савецкаю.

Наша села і плача.

– Чаго ж ты плачаш? – пытаецца гаспадыня.

– Яны жабраваць пайшлі, назбіраюць хлеба, сухароў насушаць, а што мае дзеці есці будуць?

– Ціхо, не плач…

Мы таксама на вываз падрыхтаваныя былі. Бо ў нас жа і хата харошая, і ўсё ў гаспадарцы было. Таму і жылі ў страху, чакалі… Мяшок чорных сухароў, мяшок белых на печы ляжалі.

Прыходзіць аднойчы да іх хаты жонка аднаго капітана. З ёю дзяўчынка гадоў пяці. Прыселі на лаўцы. Малая просіць піць. Мама да мяне:

– Пайдзі, налі ёй малака.

Узяла тую маленькую за ручку і вяду ў хату. А  тут схватваецца цяжарная, бяжыць у сені следам, накідваецца на нас, крычыць:

– Не давай ёй малака: яе бацька капітан, яны прадалі Савецкі Саюз!

Падумайце, якое выхаванне! У чым жа малая гэта вінавата? І яе ж муж шафёр, і той капітан невядома дзе, а яна да гэтае малое кідаецца.

Уся армія адступала, хто ж іх карміў, у хаты пускаў? Сем’і іхнія. Мы! Чаму яны нас пасля вайны другім гатункам лічылі? А мо і трэцім? Мы ж ім дапамагалі, ад голаду ратавалі…”

Не сустракалі!

А вось як немцы прыйшлі, ніхто іх не сустракаў. Прыляцелі на матацыклах, тады пешыя прайшлі. Адразу сямнаццаць коней з пяцідзесяці хатаў забралі. А гэта ж самы час працоўны, бяда без коней.

Едзе бацька з поля, з хутара, а суседка крычыць яму:

– Грыцкевіч, куды ж ты едзеш, коней забяруць!

Ды не дапамагло яе папярэджанне. Схаваў ён коней у хлеў, а яны заржалі. Пачулі немцы і адразу забралі кармільцаў.

А ў Грыцкевічаў у хаце акружэнец быў. Сядзіць за сталом, а на галаве шапка. І відаць, што зорачка была. А тут немцы заходзяць. Гаспадыня вельмі дрэнна адчувала сябе, на ложку ляжала, саслабела зусім.

– Матка, кранк?

– Я, я, паночку.

– Дас іст зон?

Ведала яна нямецкую мову яшчэ з мінулае вайны. Ведала, што нельга абманваць, што не даруюць. То і кажа:

– Ніхт фэрштэйн.

Не дык не. Пакінулі ў спакоі і пайшлі з хаты. Алена Паўлаўна абураецца:

– І нашто ён, у хаце, за сталом седзячы, тую шапку на галаве трымаў?! Але што хацець – „культура”. Добра, што абышлося.

(працяг будзе)

Ала Петрушкевіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis