Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Byli heto zwyczajnyja bandyty, ale prykidwalisa, szto jany – „Wojsko Polskie”

    U Pałudniowym Wostrawie zaraz na paczatku wioski staić charoszy dom z gankam, u jakim kaliś żyła siamja Ściapana Chmialeŭskaho. Heto byŭ moj daloki swajak. Dom staić pusty jak paru let tamu pamiarła niawiestka Żenia, a trochi raniej jaje mużyk Tolik. Dziciej u ich nie było….ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Уладзімір Клішэвіч і яго адчай

Яго і сапраўды вельмі шкада. Як і многія пісьменнікі-эмігранты – ахвяра сталінскіх рэпрэсій, але разам з тым і ахвяра таго «сытага» буржуазнага амерыканскага свету, куды выехаў, ратуючыся ад арыштаў на радзіме.

У сакавіку аднаму з самых арыгінальных беларускіх паэтаў-эмігрантаў Уладзіміру Клішэвічу (1914-1978) – 110 гадоў.

Ён не мог заставацца ў Беларусі, адначасова адчуваў сябе моташна ў ЗША. І справа тут не толькі ў вечнай тузе па васільковых палях і ціхамірных дубровах.

Дастаткова хутка Уладзімір Клішэвіч зразумеў, што задыхаецца ў гэтым правільна-бяздушным (як яму здавалася) свеце, дзе няма месца для сапраўднай паэзіі, а ёсць толькі, як ён казаў, бясконца самазнішчальная пагоня за доларам.

У канцы саракавых гадоў Клішэвіч склаў вельмі балючую, вострую паэму, дзе першым сярод паэтаў-эмігрантаў параўноўваў дзве сістэмы: амерыканскую і савецкую, меў дзёрзкую смеласць рабіць знак роўнасці паміж імі, мала таго, лірычны герой у ЗША адчуваў сябе не меншым пакутнікам, чымся ў сутарэннях НКУС.

Паэму не надрукавалі, калегі палічылі яе «ідэалагічна шкоднай»: як так, рабіць наезд на краіну, што дала табе паратунак ад «камуністычнага раю», забяспечыла працай, дала шанц забяспечыць сабе новае шчаслівае жыццё?..

Уладзімір Клішэвіч пакрыўдзіўся.

Ён адчуваў сябе ў тупіку.

Яго ніхто не мог зразумець. Настрой паэта выдатна перадаюць ягоныя ж радкі:

Ты не пытай аб лёсе

І дзе што не збылося,

Чытай па твару рысах,

Як я душою высах.

І гэта не просты пафас. Нашаму герою было вельмі няўтульна на радзіме Эліёта і Апдайка.

Яму ўвогуле нідзе не было месца.

Прынамсі, так ён пачуваўся. Нездарма любімым паэтам Уладзіміра Клішэвіча быў Максім Багдановіч.

У аўтара «Вянка» не было сяброў.

Ён усюды чужы.

Родзічы і бацька смяюцца з яго дзівацкага захаплення беларускай мовай, культурай і гісторыяй.

«Нашаніўцы» не разумеюць занадта складаных для іх «дэкадэнцкіх» твораў Багдановіча.

Нідзе няма гэтак чаканага ўтулу.

Няма куды схавацца.

Для Багдановіча паратункам была выключна яго паэзія. Ён ствараў, канструяваў іранічна-дакладны ў дэталях і метафарычна-нечаканы свет, поўны парадаксальных гістарычных алюзій і вобразаў.

Клішэвіч не верыў, што паэзія можа выратаваць. Не пісаць ён не мог, але радасці гэта не прыносіла, хутчэй яшчэ большы ўнутраны разлад.

Наш герой не мог на манер Максіма Багдановіча з нейкай нават вострай насмешлівасцю паглядзець на сваю адзіноту, асуджанасць на неразуменне, не ўмеў прыўзняцца, бо

ўрос я па самую шыю,

Адарвацца з зямлі не магу.

Таму песняй сабачаю выю,

Калі ноччу свой край сцерагу…

Сабака, які нават не паказвае іклы, не імкнецца напалохаць ворага, а проста, ні на што не спадзеючыся, вые – вось якім сябе бачыць наш трагічны герой.

Адзінае, на што спадзяецца Уладзімір Клішэвіч, гэта на… смерць.

Не, у яго няма самагубчых думак, але як любы слабы, надламаны чалавек ён марыць, каб тое, што прыносіць яму пакуты, сышло, загінула, памерла само. Ён верыць у смерць імперый і самазабыццёва прамаўляе:

Магутны рым у прошлым вялічава

Ішоў за Грэцыяй далёка ззаду.

Стварыў нашчадкам ён класічнасць права,

Класічна сам прыйшоў да заняпаду.

Хай лепей хутчэй настане нябыт, заняпад, загіне тое, што прыгнятае, знікнуць, здаецца, такія вечныя імперыі Савецкага Саюза ды Злучаных Штатаў, і тады, хто ведае, мо і настане доўгачаканая ілюзія шчасця.

Уладзімір Клішэвіч як любы творца, што вызначаецца ўнутранай надламанасцю, дастаткова безабаронны.

А таму і даверлівы.

Ушчэнт стаміўшыся ад невясёлай рэчаіснасці сытага Захаду, паверыў (ці вельмі захацеў паверыць), што яго творчасць патрэбна Савецкай Беларусі, дазволіў друкаваць свае вершы, пачаў наведваць у пачатку 1970-х БССР і нават выдаў там кнігу.

Страх перад самазабойчай эміграцыяй (якая прыводзіла, як здавалася Клішэвічу, беларусаў да няўмольнага духоўнага канання) аказаўся мацнейшы за нянавісць да таталітарнай сістэмы Савецкага Саюза.

Калегі-эмігранты асудзілі нашага героя, назвалі здраднікам.

Савецкія пісьменнікі паставіліся абыякава, а сам аўтар, не вытрымаўшы цкаванняў, маральна раздушаны сваім самападманам, сканаў у ЗША праз пяць гадоў пасля таго, як выйшла яго першая савецкая кніга.

Лёс Клішэвіча ўнікальны.

Яго паэзія, дзе хапае русізмаў, не заўсёды вытрыманага рытму і арыгінальных метафар, кранае сваёй самотнай асуджанасцю, дзе адчуваецца фатальнае чаканне няўдачы, уласнага страшнага фіналу, калі ніхто і нішто не выратуе.

Можна ўцячы са сталінскіх лагераў, застацца жывым падчас нямецкай акупацыі, але немагчыма жыць, калі ўнутры цябе ракавай пухлінай разрастаецца адчай, які ніхто і нішто не можа суняць і прыбраць: ні сытая Амерыка, ні паэзія Багдановіча, ні прывідная радасць друкавання кнігі на радзіме.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (921) – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на Менск. Дружына менскага князя Глеба Усяславіча адбіла напад і аблогу горада.
  • (694) – у 1331 г. войскі старабеларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага разграмілі крыжакоў на рацэ Акмені.
  • (193) – 2.04.1832 г. у маёнтку Вака каля Вільні нар. Павал Баброўскі (пам. 16.02.1905 г.), гісторык і этнограф. Пачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі Міхаіла Баброўскага, выдатнага беларускага вучонага (нар. у 1784 г. у Вульцы-Выганоўскай Бельскага павету). Рэдактар выдатнай працы

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis