
www.racyja.com
Гэта быў цудоўны, чароўны вечар. На прэм’еру маёй доўга чаканай кніжкі „Wierszalin 2.0” у Падляшскай кніжніцы ў Беластоку прыйшло надта шмат народу, чаго я i спадзяваўся. Людзей прыцягнула незвычайная і нават неверагодная гісторыя, якую рашыў я нанова апісаць, паколькі дзесяцігоддзямі кружыла яна – у свеце нават – абросшы легендамі, міфамі і выдумкамі. Удалося мне дакапацца да праўды пра славутага „прарока” Ілью і яго Вершалін.
Яшчэ ў 2022-2023 гг. у „Часопісе” апублікаваў я скарочаную версію будучай кніжкі, што выклікала вялікае зацікаўленне чытачоў. І менавіта яны заахвоцілі працягваць тэму. Увесь 2024 г. пісаў я сваю кнігу ў рамках стыпендыі маршалка Падляшскага ваяводства. Гэта добрая справа, бо дамова забавязвае і мабілізуе да працы. Ну і грошы таксама дапамагаюць у гэтым, бо крыху рэкампенсуюць прысвечаны час і неабходныя выдаткі. Тым больш, што прыйшлося мне сутыкнуцца з надта цяжкой і складанай тэмай. Дагэтуль зусім не распрацаванай, хаця здаўна пра гэта пішуць кніжкі ці артыкулы, здымаюць фільмы, ставяць спектаклі.
Калі ў канцы 2024 г. кнігу амаль скончыў пісаць, доўга думаў ці ў такім кшталце магу яе выдаваць. Што праўда атрымалася саліднае, даволі тоўстае выданне, больш за 200 старонак, але тады ўсяго яшчэ не ўстанавіў. Засталіся важныя пытанні без адказу. Хаця б, дзе ёсць месца ў Старой Грыбоўшчыне, на якім стаяла хата Ільяша Клімовіча, як ён памёр і ці жывуць яго нашчадкі. Але дзе шукаць такіх звестак?
Нягледзячы на ўсё, не маючы ніякай пэўнасці ці знайду адказы, даў сабе яшчэ год часу. Аказалася не дарма, хаця зноў каштавала мне гэта шмат намаганняў, частых паездак для наведвання архіваў і няспынных размоў з людзьмі.
Наогул тыя даследванні і пошукі былі для мяне цікавым жыццёвым досведам. А пішучы гадамі гэтую кніжку я шмат што зразумеў з жыцця. Пачаў нават інакш глядзець на свет і ўнутры стаў багацейшым. Усё гэта дзякуючы людзям, якіх сустракаў на шляху пошукаў праўды пра „прарока” Ілью і Вершалін.
Яшчэ ў 2019 г. наведаў я далёкага сваяка родам з майго Вострава, Ёзіка Хмялеўскага, якому было ўжо пад сто гадоў. У яго беластоцкай кватэры пагутарылі мы добрую гадзіну часу. Я распытваў пра мінулае, збіраючы інфармацыі для будучай кніжкі. Дзядзька Ёзік, мяне ведаў. Раней найчасцей сустракаліся мы на могілках у Востраве, на Провады і летам на Уладзімера. І калі мы сардэчна гутарылі за гарбатай, у пэўны момант дзядзька цалкам звёў мяне з панталыку. – А вы то з якой вёскі? – ні стуль, ні ссюль запытаў мяне. Але быў гэта толькі момант, бо адразу памяць яму вярнулася. Тады распавёў мне, як на пачатку трыццатых гадоў хадзіў у царкву ў Грыбоўшчыне. Бачыў тыя натоўпы паломнікаў і самога Ілью, які раз і другі праціскаўся праз людзей падчас абедні з вядром, каб згортваць у яго горбу грашакоў, ускладзеных пасярэдзіне ля іконы.
Іншы раз наведаў я дзядулю ў Гуранях. Разам з маім татам у шасцідзесятых гадах былі лістаношамі. Я хацеў распытаць яго пра „бабаў”, якія засталіся па вайне ў Вершаліне і насіў ім ён рэнту. Але пакуль стаў мне крыху пра гэта расказваць, пажаліўся на самотнасць. Жыў у сваёй хаце адзін. Жонка ляжала ўжо на шпітальным апякуньчым аддзяленні ў Крынках. Часта яе там наведваў, але ўжо не пазнавала яго, толькі яшчэ дачку. Ён таксама хварэе, нядаўна ляжаў у шпіталі ў Саколцы. – Ты ведаеш, халера, як там смачна кормяць… – хваліў сваю там пабыўку.
Запамяталася мне таксама, як пад канец мінулага года наведаў я амаль 90-гадовага Пятра Мінюка ў Крынках. Нават здымак пазволіў сабе зрабіць перад шыкоўным домам, яшчэ даваенным. Ад наследніка памешчыка Курлова набыў яго бацька Міхал, які дапамагаў Ільі пры пабудове Вершаліна. Памёр ён у канцы 1990-х. Але ў якім годзе, яго сын не помніць. У размове са мною ганарыўся, што той памешчык перадаў зямлю па суседску пад школу. Меў прэтэнзіі, чаму прысвоілі ёй ім Элізы Ажэшка, а не Курлова.
Такія вось між іншым размовы меў я падчас пісання кніжкі. А ў верасні мінулага года ўдалося мне ўрэшце адшукаць жывучых нашчадкаў „прарока”. Было гэта на могілках ля царквы ў Грыбоўшчыне. Там пазнаёміўся я з прапраўнукам Ільяша Клімовіча. Вядома, запрасіў я яго таксама на прэзентацыю кніжкі. Узяў ён чатыры паасобнікі, яшчэ для сястры і сваякоў.
На прэм’еру прыйшло шмат маіх землякоў, сяброў. Іх і ўсіх іншых пацікавіла тэма і што новае ўдалося мне ўстанавіць. Большасць здаўна падазравала, што не да канца было так, як гэта дагэтуль усюды апісвалі. Маёй кніжкі асабліва чакалі нашчадкі людзей, якія хадзілі да Грыбава. З прычыны міфу з кніжкі Уладзіміра Паўлючука з 1974 г. сорам было прызнавацца да гэтага. Тымчасам тыя людзі, хаця не ўсе, не былі атуманены неверагоднай перайначанай гісторыяй, якая галоўным чынам разыйгралася ў маім родным старонні. У той няпросты міжваенны час штосьці такое сапраўды было патрэбнае. У Грыбоўшчыне і Вершаліне многія знаходзілі суцяшэнне, палёгку, надзею на лепшую будучыню, таксама ісцаленне – выздараўленне. А тое шаленства з быццам новымі апосталамі і набліжаючымся канцом свету, – быў гэта толькі маргінэс. Недарэчнасці прыдумалі (і нават у іх паверылі) нейкія дзіўныя паасобныя людзі, якіх папракаў за гэта сам іхні „прарок”.

Жадаючым прыйшлося падпісваць кніжку больш чым паўгадзіны
racyja.com
Не я першы зразумеў, што гэта проста абсурд, з якім павязалі Ільяша і ўсіх, што тысячамі да яго хадзілі ці то супольна маліцца, ці ўспамагаючы пабудову пасёлка Вершалін. Але ранейшыя спробы перакрэсліць той няшчасны міф, былі безвыніковымі. Таму і мусіў я напісаць „Wierszalin 2.0”. Думаю, што ўрэшце з новым – сапраўдным – аповедам гэтай вельмі важнай, цікавай і павучальнай гісторыі ўдасца мне перабіцца да шырокай грамадскай думкі, каб зацерці папярэдні крыўдны і ў многіх месцах хлуслівы вобраз. Надзею дае цёплы прыём кніжкі чытачамі. Ужо цяпер на старце ёсць шмат водгукаў і агульна яны пазітыўныя. Чую, што людзі маю кніжку чытаюць і ў ёй зачытваюцца. Для мяне гэта найлепшы доказ, што яна патрэбная. Я рады таксама, што чытачы заўважылі, хаця цяжка гэтага не заўважыць, што ў ёй надта шмат новых інфармацый. Ну, але я збіраў іх доўга, шукаючы часам распыленых звестак у тоўстых кнігах, розных дакументах і ў публіцыстыцы. А найбольш у Інтэрнэце, седзячы ля камп’ютара часта ўвесь дзень. Але было варта.
У маёй кніжцы, як у кожнай, вядома, ёсць і нейкія хібы. Але іх не так зноў шмат. Бо я сапраўды прыклаў да гэтага шмат намаганняў. І кніжку выдаў самастойна, за прыватныя грошы, не маючы апірышча ў прафесійным выдавецтве. Таму ёсць крыху рэдактарскіх недапрацовак, хаця Аня Шэршуновіч старалася як магла, каб іх пазбегчы. Аднак на мерытарычную вартасць кніжкі гэта не ўплывае. Бо ці ж для чытача мяшае, што, скажам, зноскі дзе-нідзе непрэцэзійныя? Гэта ж не навуковая кніжка.
Памылкі ў змесце таксама здараюцца, чаго пішучы быў я свядомы. Я ж недасканалы, а тэма надта складаная. Ад чытачоў, асабліва падчас аўтарскіх сустрэчаў, чакаю заўвагаў і новых звестак, бо яны абавязкова будуць. Магчыма, калісь выдам яшчэ дапоўненую і папраўленую версію кніжкі, а напэўна ў электронным фармаце.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар











