Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

У маім бацькоўскім доме…

14 кастрычніка 2023 г.

Заўтра ў Польшчы парламенцкія выбары. У бацькоўскім доме ў Востраве гляджу беларускае тэлебачанне. Кажуць у ім, што Польшча – на парозе грамадзянскай вайны, бо выбарчыя вынікі будуць сфальсікаваныя і палякі выйдуць на вуліцу пратэставаць. Ідыёты – лукашэнкаўскія прапагандысты нешта цалкам паблыталі. Не хапала толькі, каб пасля фрагментаў выступаў польскіх палітыкаў (дзе арыгінальны гук быў адключаны, а дыктар перадаваў цалкам іншыя словы) паказалі яшчэ масавыя пратэсты тры гады таму ў Мінску і сказалі, што заўтра так будзе ў Варшаве. Што за прымітыўная маніпуляцыя…

Каб не чуць такіх недарэчнасцяў, хутка выключыў я тэлевізар. Падумалася, што для псіхічнай гігіены трэба нечым заняцца. Таксама, каб адпачыць ад палітычных эмоцый у Польшчы, якія хочаш – не хочаш, набрынялі за час кампаніі. Роздумам пра іншае спрыяла і выбарчая цішыня ў польскім тэлебачанні, радыё і Інтэрнэце.

Гэта быў дасканалы момант пачаць урэшце парадкаваць гарышча майго вясковага дому. Стаяць там ажно тры куфры. Яны засталіся мне ад бацькоў, дзядоў, а можа нават і прадзедаў. У цэлым яны па-ранейшаму ў добрым стане, але трэба будзе іх крыху абнавіць – адрамантаваць іржавую фурнітуру, а скрыні і вечкі перафарбаваць. Мамін куфар, з якім пасля вяселля з пасагам прыйшла замуж са Слоі, у лепшым стане. Прывезены быў на санях, бо бацькі вяселле згулялі ў лютым.

Вось такія скарбы маю ў Востраве... Фота Юркі Хмялеўскага
Вось такія скарбы маю ў Востраве…
Фота Юркі Хмялеўскага

На гарышчы ў мяне дагэтуль захаваўся яшчэ драўляны чамадан, з якім дзед Мікалай на пачатку 1920-х вярнуўся з бежанства. Яго бацька Клеменс, мой прадзед, памёр у 1910 годзе (камень з яго магілы да сёння захаваўся на востраўскіх могілках). Прабабуля Галена памерла дванаццаць гадоў раней.

Дзед Мікалай за некалькі гадоў да эвакуацыі паспеў ажаніцца, у Востраве ў яго нарадзіліся дзве дачкі. Падчас І-й сусветнай вайны, разлучаны з сям’ёй, служыў у царскай арміі. Пасля дэмабілізацыі бадзяўся па Расіі, шукаў жонку. Даведаўся толькі, што яна памерла ад тыфу, а дачушкі трапілі ў дзіцячы дом. Ужо іх не знайшоў, у 1925 г. ажаніўся другі раз.

З дзяцінства памятаю, як я гуляў чырвонымі царскімі купюрамі-банкнотамі, якія знайшоў у дзедавым чамадане. Такія паперкі – яны не мелі ўжо ніякай каштоўнасці – валяліся ў многіх хатах у нашай вёсцы. Бежанцы перад вяртаннем на радзіму пераважна абменьвалі залатыя рублі на банкноты. Таму што папяровыя грошы лягчэй было схаваць – мець іх пры сабе, зашытыя ў адзенні. Манеты, хоць з каштоўнага металу, проста надта абцяжарвалі. Людзі былі перакананыя, што банкноты змогуць абмяніць пасля ізноў на золата, як гэта было раней. На жаль, яны вярнуліся ўжо ў іншую краіну, дзе была свая валюта.

У новай айчыне – адроджанай Польшчы золата, вядома, надалей мела вялікую цану і то велізарную. Не ўсе бежанцы з нашай вёскі вярнуліся з нічога не вартымі „чырвонцамі”. Некаторыя прывезлі з сабою жмені рублёў з чыстага золата. Абмяняўшы іх на польскія грошы, хутчэй за іншых маглі ўладкаваць сабе жыццё на разбураных паселішчах. Дзякуючы гэтаму адзін мужык пабудаваў нават цагляны дом. Яго бацька памёр у бежанстве недзе ў далёкай Сібіры. Пакінуў жонку і трое непаўналетніх дзяцей. Мясцовыя жыхары, пашкадаваўшы сям’ю, сабралі жанчыне поўную шапку залатых манетаў.

Пабудаваць мураваны дом планаваў тады яшчэ адзін селянін у нашай вёсцы. Аднак паспеў купіць толькі вапну, бо неўзабавае цяжка захварэў і памёр. Потым людзі расказвалі, як перад самай смерцю сабраліся ў хаце сям’я і суседзі. Наканец папрасіў ён усіх разысціся, бо хацеў сказаць ў сакрэце жонцы нешта важнае. Цікаўная суседка з насупраць засталася ў сенях. „Падыдзі бліжэй, Верка, я табе на вуха скажу, дзе схаваны нашы залатыя рублі” – толькі і пачула яна.

Неўзабаве памерла і жонка, да таго так раптоўна, што не паспела нічога расказаць дзецям пра скарб.

Так пагаворвалі людзі. Але вось нядаўна нашчадак гэтага роду з Беластока пасля выхаду на пенсію пераняў і адрамантаваў у Востраве дом па памерлых сваяках недалёка заросшага цяпер таго панадворка, дзе ў закапанай яме дагэтуль ляжаць яшчэ рэшткі даваеннай вапны. Купіў ён металашукальнік і пачаў шукаць там золата. Вясковаму сябру пахваліўся, што ў сцяне склепу – падвалу за выстаючым каменем знайшоў гаршчок. Ці былі ў ім манеты, гэтага ўжо не сказаў.

У маім бацькоўскім доме адразу каля ўваходных дзвярэй вісіць за шклом нядаўна мною апрацаванае радаслоўнае дрэва продкаў Хмялеўскіх Фота Юркі Хмялеўскага
У маім бацькоўскім доме адразу каля ўваходных дзвярэй вісіць за шклом нядаўна мною апрацаванае радаслоўнае дрэва продкаў Хмялеўскіх
Фота Юркі Хмялеўскага

У іншым доме – расказвалі людзі – некалькі залатых рублёў з бежанства было схованых у сцяне пад бэлькай. Яны ляжалі там на чорны дзень шмат гадоў. Мужчына, які іх там хаваў, пасля вайны з’ехаў за мяжу падчас рэпатрыяцыі. Калі ўдалося яму ў шасцідзесятыя гады прыехаць з Беларусі, каб наведаць сям’ю, золата ў сцяне ўжо не было.

Пра такія гісторыі я ўспомніў, калі вечарам напярэдадні выбараў прыбіраў гарышча. Стаў я праглядаць куфры, у якія надта даўно ўжо не зазіраў. У адным з іх захоўваю кнігі, падручнікі і часопісы, сабраныя яшчэ ў школьныя і студэнцкія гады. Ёсць там таксама сшыткі з пачатковай школы, тэхнікума і акадэмічныя, лісты і сямейныя фатаграфіі і дакументы ды экспанаты, якія маюць ужо гістарычную вартасць. 

Нарэшце прыйшоў час зрабіць выбар і пакінуць толькі самае важнае. Аднак аказалася, што гэта не таколе прастое, бо шмат чаго шкада выкідаць у макулатуру (у сінія мяшочкі на паперу), хоць я добра ведаю, што ні мне, ні маім нашчадкам яно абсалютна да нічога не спатрэбіцца. Вырашыў пакінуць толькі некаторыя рэчы, перадусім вартасныя кнігі, для якіх зраблю невялікую бібліятэчку ў адным з пакояў. Калісь Сакрат Яновіч сказаў мне, што гэта сведчыць пра ўласніка, бо дом без кніжак – толькі жыллё. Сёння, праўда, у многіх дамах ролю бібліятэкі замяніў Інтэрнэт.

Гартаючы кнігі і сшыткі, якія даставаў з куфра, я звярнуў увагу на адну хатнюю задачу з прадмету польскай мовы ў другім класе сярэдняй школы. Было гэта восенню 1979 г. Настаўніца задала нам напісаць сачыненне пра „Балады і рамансы” Адама Міцкевічы. Помню, што гэтая паэзія была мне па душы. Натхняла язычніцкімі вераваннямі і фальклорам беларускага народа Вялікага Княства Літоўскага, сярод якога вырас польскі нацыянальны паэт. Такія кліматы аказаліся мне блізкімі, таму што – чаго тады я яшчэ не ведаў і гэтаму не вучылі ў школе – я паходзіў з акраін тых жа гістарычных зямель з той жа мовай і традыцыяй, што і на Наваградчыне – радзіме паэта.

Міцкевіч у сваіх баладах выкарыстаў магічныя элементы звышнатуральнага свету – прывіды, свіцязянкі, русалкі. Іх задачай было аднавіць парушаны парадак на зямлі.

Нешта падобнае я напісаў у сачыненні – што Міцкевіча турбавала няшчасная доля простых людзей, якія моцна верылі ў незямныя сілы і ў тое, што яны навядуць парадак на зямлі. Я сфармуляваў выснову, што такі пераказ – пра неабходнасць зменаў, якіх патрабуюць людзі на ўсякі спосаб – з’яўляецца надалей актуальным, бо „цяперашні дзяржаўны лад у Польшчы таксама трэба паляпшаць”.

Мая настаўніца польскай мовы, калі гэта прачытала, вельмі абурылася. У сшытку пад сачыненнем чырвоным колерам напісала: „Twoje spostrzeżenia są nietrafione, a niektóre pozbawione sensu” і паставіла двойку, якая тады была найгоршай ацэнкай.

Я спусціўся ўніз і пачаў чытаць у Інтэрнэце тыя творы Міцкевіча і разважанні пра іх даследчыкаў літаратуры. На гэтай падставе я пераканаўся, што мае высновы ў сачынні, хаця даволі спрошчаныя, аднак не былі пазбаўлены логікі. Тыя творы польскага класіка ўвайшлі ў гісторыю як маніхвест рамантызму. А рамантыкі, як вядома, выказваліся за пераменамі. І не толькі ў літаратуры.

Дык у чым жа прычына абурэння настаўніцы? Магчыма так жорстка адрэагавала таму, што яна інакш глядзела на ролю мастацкай літаратуры, якая была для яе – і так навучала моладзь – найперш крыніцай эстэтычных адчуванняў, захаплення мовай, ведамі і здольнасцямі аўтараў. Шукаць у літаратуры глыбейшае значэнне, асабліва ў спасылцы да сучаснасці, у рэаліях камуністычнай Польшчы было небеспечна, хоць неўзабаве – пасля жнівеньскіх падзей 1980 г. – гэта крыху змянілася.

Да сёння мне незразумела, чаму тая настаўніца хацела выбіць з маёй галавы разуменне зместу паэзіі Міцкевіча як штуршка да неабходнасці „ўводзіць на зямлі лад і справядлівасць, бо калі людзі гэтага не зробяць, прымусяць іх да такога дзеяння незямныя сілы”. Яна пэўна заўважыла ў мяне пэўную долю скептыцызму да хваленай партыяй сацыялістычнай рэчаіснасці. Сапраўды, нягледзячы на свой малады яшчэ ўзрост я добра бачыў ужо хібы сістэмы. Я ўнутры не пагаджаўся з яўнай несправедлівасцю, калі мне – хлопчыку з вёскі – жылося значна цяжэй, чымсьці маім равеснікам ў беластоцкіх „блёках”. Мне не падабалася паўсюднае хабарства і тое, што без знаёмстваў нельга было аформіць любую справу ва ўстановах. Але я быў далёкі ад таго, каб ушчэнт крытыкаваць дзяржаву, у якой прыйшлося мне жыць. Доўгі час я верыў у Польскую Народную Рэспубліку – як і пераважная большасць грамадства – згодна з пазнейшым лозунгам „Socjalizm – tak, wypaczenia – nie!”.

Але настаўніца магла быць i „схаваным” ворагам сацыялізму, адкідаючы любыя думкі пра магчымае яго „паляпшэнне”. Неўзабаве перанеслі яе ў іншую школу. Магчыма, што за палітычную нелаяльнасць.

Ва ўсякім разе я тады стаў апазіцыянерам, хаця пра гэта нават і не ведаў.

А ў маім сачыненні настаўніца закінула яшчэ стылістычныя памылкі і амаль кожны сказ падкрэсліла чырвоным вужыкам як няправільны. Цяпер як вопытны рэдактар я ўважліва да гэтага прыгледзеўся. Сапраўды, мой стыль не быў самага высокага ўзроўню. Я фармуляваў занадта доўгія сказы і не заўсёды прымяняў адпаведныя словы, каб ясна перадаць свае думкі, якія часам трэба было адгадваць. Але двойку за гэта не паставіў бы, максімум тройку з мінусам ці „на рэйках”. Тым больш, што я не дапусціў ніводнай арфаграфічнай памылкі. Інакш чымсьці мае аднакласнікі, якія рабілі „byki” і ўсё роўна атрымалі добрую ацэнку.

Мой стыль, няхай сабе і не зусім карэктны, але не надта адрозніваўся ад манеры фразаў у многіх артыкулах, якія я потым атрымліваў ад аўтараў нават з навуковымі званнямі і перад друкам вымушаны быў іх грунтоўна перарэдагоўваць. Маё тое школьнае сачыненне, якім бы яно не было, безумоўна лепш было напісанае чымсьці многія сённяшнія запісы ў Інтэрнэце. Хаця б ад каментароў пэўнага дэпутата з маёй Сакольшчыны, які нядаўна ў сваёй бясплатнай выбарчай газеце адкрыта прызнаўся: „Я не люблю гаварыць, бо і не ўмею. Я працую, дзейнічаю”.

Новая настаўніца прадмету польскай мовы, якая прыйшла да нас у клас, ужо мяне ніколі не крытыкавала. Яна вучыла, што трэба так пісаць, каб сказы былі простыя і кароткія. Я паслухмяна прытрымліваўся такога правіла. Чытаючы абавязковую літаратуру, я звяртаў увагу не толькі на змест, але і на мову. Памятаю, мне падабаўся стыль Стэфана Жэромскага. З прыемнасцю прачытаў не толькі „Ludzi bezdomnych” i „Przedwiośnie”, але таксама неабавязковыя яго „Dzienniki”. Дзякуючы новай настаўніцы я палюбіў гэты прадмет і выпускны экзамен па польскай мове здаў на чацвёрку.

Сёння крыху шкадую, што паступіў не на паланістыку, толькі на палітэхніку. Тэхнічная адукацыя накінула мне занадта канкрэтны часам і правільны нават стыль пісання тэкстаў. Калі ў свой час на працягу дваццаці гадоў рэдагаваў я „Гарадоцкія навіны”, у штомесячніку захоўваў даволі высокія моўныя стандарты. Але некаторыя мне часам закідалі, што мае тэксты былі занадта правільныя. Чытачам больш падабаецца, калі аўтар піша больш свабодна і без штучных слоў.

У адрозненні ад многіх публіцыстаў і пісьменнікаў я не маю лёгкага пяра. Гэта мой боль, што на адну старонку тэксту мушу часам прысвяціць некалькі гадзін. І ўсё гэта, толькі падумаць, з-за маіх настаўніц у сярэдняй школе. Адна абмяжоўвала мой свабодны стыль таму, што ёй не падабаліся погляды, якія я праявіў. А другая накінула мне вузкія рамкі. Яшчэ толькі калі пішу па-беларуску, магу дазволіць сабе на больш смелую і смакавітую мову. Але гэта ўжо дзякуючы іншаму Настаўніку – Сакрату Яновічу, які прывіў мне такое імкненне. Праўда, лёгкага пяра ў яго таксама не было, бо свае тэксты пісаў доўга. Часта выкідваў нават першую версію ў сметніцу і ствараў новыя. Пісаў на машынцы, камп’ютарам не карыстаўся. Я атрымоўваў ад яго машынапісы, поўныя рукапісных запісаў, выдаленняў і выпраўленняў. Асабіста перапісваў іх на камп’ютары, пры чым рабіў гэта з прыемнасцю. Калі Сакрат дасылаў мне назад старонкі, ён звычайна мяняў яшчэ і дапаўняў некаторыя сказы. Мала хто ведае, што ён ажно столькі ўкладаў высілку ў пісанне. Не так як сённяшнія журналісты і пісьменнікі, якія пішуць абы хутчэй і як найбольш. Пераважна пра банальныя ці мала істотныя рэчы. Асабліва ў Інтэрнэце.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (144) – 13.03.1881 г. беларускі рэвалюцыянер, народаволец Ігнат Грынявіцкі кінутай ім бомбай забіў расійскага цара Аляксандра ІІ, а сам сьмяротна параніў сябе.
  • (102) – 13.03.1923 г. у Белавежы нар. Георгій Валкавыцкі, журналіст, пісьменьнік. Закончыў літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. З 1954 г. журналіст у Беластоку. Заснавальнік тыднёвіка „Ніва”, узначаліваў яе 33 гады. Актыўны дзеяч беларускага літаратурнага, культурнага і грамадзкага жыцьця на Беласточчыне. Заснавальнік Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа". Аўтар некалькіх кніг паэзіі, эсэ, гумару, успамінаў. Памёр 7.04.2013 г. у Беластоку, пахаваны на праваслаўных могілках у Белавежы.
  • (36) – 13.03.1989 г. памёр ў Рывэр-Форэст (ЗША) Іван Касяк (нар. 1.11.1909 г. у Гірах Вілейскага пав.), сябра Беларускай Цэнральнай Рады, ініцыятар і адзін са стваральнікаў Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis