Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Так было ў Новым Ляўкове

Новае Ляўкова – даволі вялікая вёска (яна ў часы майго дзяцінства налічвала 300 жыхароў) над рачулкай Баброўкай і над ракою Нараўкай (Баброўка прыток Нараўкі, які перасякае гэтае сяло). Рэчкі злучаюцца ў канцы Новага Ляўкова. За ракой Нараўкай Белавежская пушча. Усе дамы і сельскагаспадарчыя будынкі былі драўляныя. Стадолы і хлявы пераважна мелі саламяныя стрэхі. Дамы крылі чырвонай або шэрай чарапіцай. На стадолах і хлявах да г. зв. латаў прывязвалі кулікі саломы або крылі “пад шапку”. Дамы былі з двухскатнымі дахамі з акенцам у шчыце. Шчытамі стаялі яны пераважна да вуліцы. Варта адзначыць, што ў Новым Ляўкове ёсць тры скрыжаванні дарог. Зараз на адным крыжуюцца ваяводская дарога з павятовай.

Драўляныя дамы найбольш спрыяльныя для чалавека, для яго здароўя. У Новым Ляўкове ёсць 43 драўляныя дамы ды некаторыя з іх з прыгожымі ганачкамі. Ад 1965 года разабралі іх 19. Некаторыя сем’і пераносілі свае будынкі з густа населеных месцаў далей ад іх. Здаралася і так, што рабілі гэтак, бо ўцякалі ад дакучлівага ды зладзеяватага суседа. Адна сядзіба знаходзілася на г. зв. выдмухове на голым месцы пасярод лугоў. Адтуль сям’я перавезла будынкі ў зацішак пад лесам і жыве там да гэтай пары. Былі выпадкі, калі ўцякалі з калёніі ў вёску, бо там у глухамані жыць збрыдла. Зімой дарогі завалены снегам, ні праехаць, ні прайсці.

Час няўмольна бяжыць. Зараз у вёсцы няма драўляных студняў з жураўлямі. Не захаваліся да нашых часоў драўляныя лавачкі на вуліцы. Ужо нават рэдка дзе сустрэнем драўляныя платы. Няма драўлянай г. зв. пляцоўкі да танцаў з падлогай на брусах і лавачкамі са спінкай.

Жыхары Ляўкова займаліся земляробствам, дровы загатаўлялі ў навакольных лясах. Галоўная вуліца ў вёсцы была на невялікім адрэзку брукаваная, а іншыя дарогі пясчаныя. На Нараўцы і Баброўцы да 1960 года былі драўляныя масты.

Паабапал вуліцы раслі высокія дрэвы вязы, ліпы, ясені, бярозы і вербы ды вольхі. У агародзе маіх бацькоў раслі дзве вярбы, ліпа ды вялікая бяроза. Відаць яе было здалёк. У маі ў агародчыках цвілі і прыемна пахлі бэз, чаромха і язмін. У кветкавых агародчыках раслі перш-наперш чырвоныя півоні, жоўтыя вяргіні і касачы.

У пачатку шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў вёску падключылі электраэнергію. Вечарам бліснулі электралямпачкі вулічнага асвятлення. Жыццё ляўкоўцаў на шмат змянілася. Жыхары вёскі пачалі купляць тэлевізары, халадзільнікі, пральныя машыны і г. д. У дамах зайгралі радыёпрыёмнікі. Раней у суботнія і нядзельныя вечары моладзь хадзіла глядзець тэлевізар у святліцу на чыгуначным вакзале ў суседняй вёсцы Плянта.

У 1966 годзе арганізавалі сельскагаспадарчы гурток. Найперш купілі малацілку і рухавік “эс” на нафту. Раней хто малаціў цэпам, а яшчэ хто коннай малацілкай, спалучанай з рузвэркам. Да шырокамалоткі надаваўся толькі рухавік. А веялі збожжа ручной веялкай.

Новаляўковец Міхал Баканач зрабіў падпіску на часопісы „Gromada – Rolnik Polski” i „Plon”. А пасля, калі я пачаў пісаць у “Ніву” ды і пра яго напісаў (ён быў майстар на ўсе рукі) і пра ягонага сыноў марака Толіка і разбяра Міхала, падпісаўся ён і на беластоцкі беларускі штотыднёвік.

Лепшыя гаспадары пачалі купляць трактары і падвесныя сельскагаспадарчыя машыны. Меліяравалі сенажаці над рэчкай Баброўкай і не трэба было насіць травы на дручках-насілках на грудочкі, каб там яе сушыць. Дагэтуль былі тут заліўныя лугі паміж рэкамі Нараўкай і Баброўкай.

Падзеяй ва ўсім наваколлі было адкрыццё клуба прэсы і кніжкі “Рух” у суседняй вёсцы Старое Ляўкова. Маладыя юнакі і дзяўчаты арганізавалі гурток Саюза вясковай моладзі ды драмгурток. Моладзь пачала ставіць сцэнічныя творы – беларускія п’есы. Тады ў пачатковай школе ў Старым Ляўкове вучылася 150 дзяцей. Заняткі адбываліся ў трох вялікіх драўляных будынках, якія стаялі паабапал вуліцы.

Я яшчэ вярнуся да колішніх хат. Зараз у Новым Ляўкове іх 17, не больш. Да некаторых з іх у мяне асаблівы сентымент. Яны дагэтуль ў нічым не памяняліся. Тут, так мне здаецца, час затрымаўся. Як некалі тыя самыя дах, сцены, вокны, дзверы і ў іх нязменна тыя самыя клямкі, сходкі. Мне здаецца, што калі ўвайду ў хату, у ёй будуць за сталом пры акне сядзець тыя самыя аднавяскоўцы, якія жылі 50-60 гадоў таму. Я з імі прывітаюся і яны мяне пазнаюць і ведаюць, чый я сын. А мне ўсе прадметы знаёмыя ў хаце. У адну хату я, брат і бацька заходзілі падстрыгчыся. У іншую хату я заходзіў па яблыкі. Бывала, за дзень пасёнкі вясковага статка кароў мы з братам зараблялі ў суседзяў поўны кошык яблык і частку з іх мама сушыла на зіму. Пабываў я і ў хатах маіх калег-аднагодкаў.

Цяпер заходжу да старэйшых жыхароў даволі старых драўляных хат і ўспамінаю колішняе. Адкрываю для сябе нешта новае, дагэтуль невядомае. Часам падумаю, што можа ў гэтай хаце і з гэтым жыхарам Новага Ляўкова мы размаўляем апошні раз. А мне так ужо здарылася пару разоў у жыцці. Я чакаю сустрэч з пажылымі ранейшымі жыхарамі маёй роднай вёскі, якія жывуць, між іншым, у Варшаве, тэлефаную да іх, яны пакінулі свае дамы і – як кажуць – ужо не ў змозе прыехаць, сілы ім не хапае. Апусцелыя хаты пападаюць у руіну. Мне шкада іх. Я буду жыць, то і яны будуць жыць у маёй памяці. Веру, што за колькі гадоў нехта прачытае мае запісаныя ў “Часопісе» ўспаміны і параўнае з сучасным жыццём.

Янка Целушэцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у ліпені-жніўні

    – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія. – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – у 1569 г. была распаўсюджвана выдадзеная ў сакавіку г.г. у Заблудаве першая друкаваная кніжка Беласточчыны “Евангельле вучыцельнае”.
  • (149) – 3.07.1876 г. у фальварку Пясчына на Лідчыне нар. Цётка (сапраўднае прозьвішча Алаіза Пашкевіч, пам. 5.02.1916 г. у Старым Двары на Лідчыне, дзе і пахавана), паэтка, празаік, нацыянальна-асьветніцкая дзеячка. Склала „Лемантар”, „Першае чытаньне для дзетак-Беларусаў”, была рэдактарам першага дзіцячага часопісу на беларускай мове „Лучынка”.
  • (146) – 3 ліпеня 1879 г. у в. Ачукевічы на Наваградчыне нар. Васіль Рагуля, грамадзка-палітычны дзеяч. Між іншым быў беларускім паслом ды сэнатарам у міжваеннай Польшчы. Пасьля вайны на эміграцыі. Памёр 16.06.1955 г. у Нью-Ёрку.
  • (115) – 3.07.1910 г. у вёсцы Міхнаўка каля Ляўкова Старога на Беласточчыне нарадзіўся Аляксей Грыцук, грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратуразнавец, настаўнік. З 1948 г. жыў у Канадзе, з'яўляўся шматгадовым старшынёй Згуртаваньня Беларусаў Канады. Памёр 30.05.1976 г. у Кінгстон.
  • (81) – 3 ліпеня 1944 г. Савецкая Армія пасьля цяжкіх баёў вымусіла нямецкія войскі пакінуць Мінск. Беларуская сталіца ў выніку баёў была ўшчэнт зьнішчана, а пасьля вайны ўвесь горад пабудаваны наноў, у зьмененым соцрэалістычным выглядзе. 3 ліпеня штогод сьвяткуецца як „Дзень

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com