Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Штаб-кватэра, цырульня і канцэртная заля. Як у Менску існавала незалежная прастора Хата «18х63»

Я нарадзіўся ў Менску ў 1987 годзе ў мікрараёне Зялёны Луг. Тут і вырас. Гэтая маляўнічая назва перайшла мікрараёну ў спадчыну ад аднайменнай вёскі ў прадмесьці Менска на шляху ў Лагойск. Жывымі сьведкамі зносу гэтай вёскі былі мае бабуля з дзядулем, бо яны атрымалі кватэру тут яшчэ ў 60-я. Мяне ўражваў сам факт таго, што на месцы шматпавярховікаў, двароў, крам калісьці стаялі драўляныя домікі, адрыны, пасьвіліся каровы, грабліся куры. А не так даўно я адшукаў гэтую вёску на старых мапах Меншчыны, параўнаў з сучаснымі і зразумеў, што па вялікім рахунку гэтую мясцінку можна было захаваць хаця б часткова. Толькі такое рашэньне не ўпісвалася ў практыку савецкага і постсавецкага горадабудаўніцтва. Згодна зь ёй разьвіцьцё горада часьцяком спараджае канфлікт „новага” і „старога” з бязлітасным зьнішчэньнем апошняга.

Мара гарадскога падлетка

У дзяцінстве кожнае лета я праводзіў на лецішчах маіх бабуль, а зімой заставаўся ў горадзе. Але заўсёды хацелася прыехаць туды на вакацыі і пажыць нейкі час. Мне здавалася, што я апынуся ў навагодняй казцы. Дарослыя вядома былі іншага меркаваньня, бо лецішчы з’яўляліся па сутнасьці летнімі домікамі.

З гадамі дзіцячыя мары забыліся, адыйшлі на другі план. З’явіліся іншыя інтарэсы: гісторыя, грамадзянскі актывізм, жаданне зьмяніць свет да лепшага ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы. Мала што атрымалася зьмяніць асабіста. Частка маіх сяброў стала будаваць кар’еру, ствараць сем’і, назапашваць грошы на кватэры, частка з’ехала за мяжу. У мяне ж паўстала жаданьне ўнутранай iміграцыі.

Аднойчы мае сябры прапанавалі мне ідэю здымаць разам стары прыватны дом у межах Менска і зрабіць з яго ўтульнае месца баўленьня часу для сяброў, знаёмых і аднадумцаў. Я зразумеў, што гэта мой шанец стварыць свой уласны сьвет, разбурыць межы звыклага, выйсьці па-за зону сумніўнага камфорту і нарэшце рэалізаваць дзіцячую мару, хаця б часткова.

Мой прыстанак

31 снежня 2015 года гаспадар паказаў мне апартамэнты і ўручыў ключы. Яшчэ звонку будынак зрабіў на мяне ўражаньне. Гэта быў класічны драўляны зруб… пафарбаваны ў розныя колеры. Калі я ўвайшоў у хату, першае, што мне кінулася ў вочы – гэта драўляная столь, пакрытая палісандравай марылкай, і сьцены, абабітыя белым ільняным палатном. На сьценах вісела шмат карцін. Я закахаўся ў гэты дом з першага пагляду.

Да мяне хатай займаліся мастакі і менская ЛГБТ-супольнасць. Іх прастора называлася „Тэрмін дзеяньня”. Прынцып працы прасторы грунтаваўся на даверы. Ён заключаўся ў тым, што ў доме ніхто пастаянна не жыў, але ключы ляжалі ў патаемным месцы. Каб правесці сваю імпрэзу, трэба было пазнаёміцца з уладальнікамі прасторы і дамовіцца пра час яе правядзення.

Дом апынуўся падзеленым на дзьве аўтаномныя кватэры. За сьцяной жылі зусім іншыя людзі. Тады мне здавалася гэта дзіўным. Я падумаць не мог, што ў адным доме могуць жыць людзі з розных сем’яў. Суседкай аказалася спадарыня Ніна, пажылая жанчына. Спадарыня Ніна пасьпявала сачыць і за гародам і на працу хадзіць і ў вёску ездзіць на свой другі агарод.

Ад іншай суседкі Ядвігі Вікенцеўны я даведаўся, што наша хата была перавезена з Міханавічаў і сабрана тут у 1938 годзе. Я знайшоў гэты домік на нямецкіх аэрафотаздымках 1942 года. Гаспадыняй дома была нейкая літоўка, якая па частках прадала хату.

У нашых планах было праводзіць мерапрыемствы ў доме – канцэрты, выставы, сэмінары, рэпетыцыі.

Суворы сялянскі быт амаль у цэнтры сталіцы. Менск, 1-я палова ХХІ стагоддзя Фота Пятра Маркелава
Суворы сялянскі быт амаль у цэнтры сталіцы. Менск, 1-я палова ХХІ стагоддзя
Фота Пятра Маркелава

Першыя некалькі месяцаў было вельмі цяжка. Вольнага часу хапала толькі на сон. Астатні час займалі праца і бытавыя пытаньні. Дом не быў уладкаваны належным чынам, у ім адсутнічала каналізацыя і вада. Умовы як у вёсцы. І гэта ў сталіцы ў трох станцыях мэтро ад цэнтра горада! Пазней я даведаўся, што некаторыя суседзі не мелі нават газы і палілі ў печках. Гарадскія ўлады даўно планавалі зьнесці гэты раён, але рукамі якога-небудзь багатага забудоўшчыка. Людзям адмаўлялі ў будаўніцтве і капітальным рамонце. Каб правесьці ў хату ваду, прасьцей было зрабіць гэта незаконна, заплаціць штраф і ўзаконіць постфактум. Здаваць у арэнду жыльлё пад знос не дазвалялася. Людзей паступова вымушалі адмаўляцца ад уласных дамоў на карысьць горшага жыльля. Самае крыўднае, што жыхары не супраціўляліся. Наадварот, шмат каму з іх здавалася, што кватэра – гэта залог камфортнага жыцьця, прыкмета посьпеху.

Месца для самарэалізацыі

Перш чым пачаць праводзіць у доме мерапрыемствы, мы вырашылі, што дом заслугоўвае сваёй назвы. Першыя некалькі месяцаў мы называлі дом проста хатай, але гэтага было мала для брэнду. Праз тыдзень стрэліла: «Хата 18х63», у гонар года паўстаньня Кастуся Каліноўскага, ураджэнца Падляшша. Эстэтыка Каліноўшчыны нас натхняла і аб’ядноўвала. Так мы абазначылі свае каштоўнасныя арыенціры перад аўдыторыяй: свабода, беларушчына, правы чалавека.

Нягледзячы на дробныя нязручнасьці, Хата прыцягвала і ўцягвала людзей. Мяркую, што сакрэт быў у эфэкце тэлепартацыі. Скажам, чалавек жыве ў кватэры мікрараёна Малінаўка, садзіцца ў мэтро ў бок цэнтру, выходзіць на станцыі Грушаўка і праз дзьве хвіліны трапляе ў вясковую хату. Хіба ж не фантастыка?

Ганак Хаты. У правым баку на фоне зіхцяць агні новай Грушаўкі. Фота Пятра Маркелава
Ганак Хаты. У правым баку на фоне зіхцяць агні новай Грушаўкі.
Фота Пятра Маркелава

Мы з сябрамі вырашылі, што разам будзем скідвацца грашыма на камунальныя паслугі і так званы „агульняк”, назвалі сябе „акцыянерамі”, а кашталянам прызначылі мяне. У мае абавязкі ўваходзілі прыём гасьцей і сачэньне за парадкам. А парадак быў просты: не перашкаджаць суседзям і навакольным, не правакаваць агрэсію і гвалт, увогуле паводзіць сябе як чалавек. Кожны „акцыянер” меў права голасу ў прыняцьці калектыўнага рашэньня (напрыклад, на што лепш выдаткаваць грошы) і прыярытэт перад астатнімі на правядзеньне імпрэзы.

Адзін з акцыянераў, Паша Вінаградаў, вядомы грамадзянскі актывіст. Ён для сябе вырашыў, што будзе рабіць на Хаце тое, што ўмее лепш за ўсё, а менавіта стрыгчы людзей і рабіць хатнія настойкі на самагонцы. Пра гэта ўсё ён абвясьціў на сваёй фэйсбук-старонцы, і людзі падцягнуліся. Так з’явілася цырульня „15 содняў”, а Паша стаў не проста цырульнікам, а вядомым цырульнікам сярод НДА. Але хадзілі да яго не проста пастрыгчыся, а й пабалбатаць пра жыцьцё-быцьцё, пра палітыку, і кульнуць пару кілішкаў крафтовай настойкі.

Паша Вінаградаў стрыжэ вядомага гарадскога актывіста Антона Матольку.  Фота Пятра Маркелава
Паша Вінаградаў стрыжэ вядомага гарадскога актывіста Антона Матольку. 
Фота Пятра Маркелава

Другі акцыянэр – Алесь Крот, вядомы лідэр студэнцкага руху, ладзіў у Хаце цікавыя кінапрагляды. Хоць я не гуляю ў настольныя гульні, але з цяплом узгадваю покерныя вячоркі, што ладзілі Юра Валёнак са Спадаром Сьпіртом. Асобнае дзякуй Сьвеце Вінаградавай, якая таксама прымала ўдзел як фундатарка праекта. Пашана ім і слава!

Належную ўвагу хацелася б надаць грамадскім супольнасьцям, якія рэгулярна зьбіраліся ў Хаце і прымалі актыўны ўдзел ў яе жыцці. Гэта Legalize Belarus і Дзея. Незьлічоная колькасьць планёрак была праведзена гэтымі арганізацыямі. Непад’ёмныя аб’ёмы гарбаты, кавы і піва былі выпіты і неабсяжнае мноства ідэй прыдумана на гэтых вячорках.

Мне ў сваю чаргу было цікава рабіць хатнія канцэрты або так званыя „кватэрнікі”. Культура кватэрнікаў з’явілася ў Савецкім Саюзе. Але тым ня меньш рамантыка такіх канцэртаў засталася такой жа прыцягальнай, як і тады. Дзе ж яшчэ, акрамя як у хатняй атмасферы, можна вось так проста пагутарыць з улюбёным музыкам як з сябрам? Я лічу, што гэта ўнікальны і недаацэнены фармат творчай сустрэчы. Гэтых культурных падзей не адбылося б без удзелу такіх выдатных канцэртных арганізатараў як Ганка Валынец, Юля Міцкевіч і Лаліта Чылан. Хацелася б пералічыць да бясконцасьці ўсіх тых людзей, якія так ці інакш мне дапамагалі ў чымсьці, але фармат артыкула не дазволіць, – абавязкова аддзячу ўсім на старонках сацыяльных сетак.

Дваровы канцэрт вулічнага сьпевака Грушы 15 чэрвеня 2017 года. Фота Ганны Валынец
Дваровы канцэрт вулічнага сьпевака Грушы 15 чэрвеня 2017 года.
Фота Ганны Валынец
Дваровы канцэрт “НаПотолке” 19 красавіка 2019 года. Выступае Ільля Сіўцоў.  Фота аўтара
Дваровы канцэрт “НаПотолке” 19 красавіка 2019 года. Выступае Ільля Сіўцоў. 
Фота аўтара
Максім “Бражнік” Гурэвіч сьпявае ірландскія песьні ў гонар традыцыйнага сьвята Самайн. 2 лістапада 2019 года. Фота Дзмітрыя Новікава
Максім “Бражнік” Гурэвіч сьпявае ірландскія песьні ў гонар традыцыйнага сьвята Самайн. 2 лістапада 2019 года.
Фота Дзмітрыя Новікава

Акрамя ўсяго іншага ў Хаце праходзілі адукацыйныя мерапрыемствы, заняткі па харавым сьпеве беларускага фальклору, чытацкі гурток, лекцыі Аляксандра Бабянкова пра мінскага філосафа Кіма Хадзеева, паседжаньні клюба Касталія, сацыянічны гурток, майстар-класы ад Паўла Вінаградава і праваабаронцы Насты Лойкі па адбываньню адміністрацыйнага арышту ў беларускай турме. Хата прымала ў сябе анархістаў, якіх баяцца прымаць амаль усе пляцоўкі Менску з-за ціску спэцслужбаў.

Актывіст Павал Вінаградаў дае парады слухачам як палітвязьню правільна сябе паводзіць пад арыштам. Фота Анісіі Казлюк
Актывіст Павал Вінаградаў дае парады слухачам як палітвязьню правільна сябе паводзіць пад арыштам.
Фота Анісіі Казлюк

Мэтафізічны дух Хаты

Месцы, падобныя Хаце, узьнікалі ў Менску і раней. ДК La-Mora, Buzzit House, Tavaryski the One, вышэйзгаданы Тэрмін Дзеяньня. Мне здаецца, што іх усіх аб’ядноўваў дух творчага валянтэрства і нефармальная абстаноўка ў рамках хатняй атмасфэры. Прататыпам гэтых прастор былі Беларуская Хатка, майстэрні беларускіх мастакоў, кватэры дысідэнтаў. Найбольш вядомым дысідэнцкім сховішчам у Менску ў савецкія часы была кватэра філёзафа Кіма Хадзеева. Пасьля падзеньня СССР патрэба ў падпольных кватэрах адпала, але з прыходам да ўлады Лукашэнкі яна зноў аднавілася. Пасьля выбараў 2001 году беларускі рэжым стаў грунтоўна закручваць гайкі для НДА, СМІ і творчых калектываў. У той момант ролю цэнтра контркультуры ўзяў на сябе офіс рэдакцыі анархістычнай газэты „Навінкі”. Беларускі Свабодны тэатр, знакаміты сваімі паўпадпольных спэктаклямі праводзіў іх у адным з прыватных дамоў Сельгаспасёлка ў Менску.

Аляксандр Бабянкоў вядзе аповед пра Кіма Хадзеева. Фота Цімура Кабуша 
Аляксандр Бабянкоў вядзе аповед пра Кіма Хадзеева.
Фота Цімура Кабуша

Паводле Юркі Хмялеўскага на Падляшшы ў гады ПНР таксама існавалі падобныя месцы. Напрыклад, кватэра Юрыя Латышонка ў Беластоку. У 80-я там сьвяткаваліся гадавіны заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Чымсьці падобным была беластоцкая кватэра Сакрата Яновіча на вуліцы Складоўскай і ягоны бацькоўскі дом у Крынках. Гэта былі пункты збору беларускіх і польскіх патрыётаў з Беластока і Варшавы.

Я ведаю, што Хата прыцягвала ўвагу спэцслужбаў, але яны абмежаваліся толькі адным візытам, праверкай маіх дакумэнтаў і рэдкімі назіраньнямі.

Не без кур’ёзаў…

Сваю атмасфэру ў Хаце стваралі не только людзі, але і жывёлы. Хто толькі не жыў тут: сабакі, каты, папугай, куры, пеўні. А аднойчы раніцай у пакой заляцела птушка. Мой сябар спаў у гэты час, спрасонку падумаўшы, што па ім ходзіць наш кот Хмуры. Якое ж было яго зьдзіўленьне, калі ён убачыў чорнага крумкача, які сядзеў на крэсле. Усё скончылася тым, што крумчач зьляцеў, ледзь не трапіўшы ў лапы нашага ката.

Кантактны заапарк. Фотакалаж аўтара
Кантактны заапарк. Фотакалаж аўтара

Але самая яскравая гісторыя здарылася са сьвіньнямі. Аднойчы ў сакавіку позна ўначы я і мае сябры сядзелі ў мяне ў гасцях. Адзін з сяброў выйшаў папаліць і неўзабаве вярнуўся са словамі: „Хлопцы! Хадзем глядзець на сьвіней». Мы спачатку не паверылі, але сапраўды сярод ночы па прыватным сэктары спакойна шпацыравалі дзьве велізарныя свіньні. Рокат стаяў такі, што папрачыналіся нашыя суседзі. Высьветлілася, што ў канцы суседняй вуліцы жылі ромы, і яны сапраўды трымалі сьвіней. У тую ноч жывёлкі паламалі плот і ўцяклі. Было вельмі весела шукаць гаспадароў, гуляючы з гэтымі мілымі вепрукамі, як з сабакамі.

Канец?

Але ўсяму надыходзіць канец. І нашай Хаце таксама. Надышла чарга зносу да нашага квартала. Летам 2020 года тут пачнецца будоўля чарговага шматпавярховіка. Сумна і прыкра, што ад Грушаўкі застанецца толькі назва. Але патрэба ў такім месцы як Хата 18х63 нікуды не зьнікла. Я ўпэўнены, што ніякая кавярня альбо клюб ня зможа кампэнсаваць тую хатнюю сяброўскую атмасфэру, якая пануе на тусовачных кватэрах і ў прыватных дамах.

Зімовы сад ля Хаты. Фота аўтара
Зімовы сад ля Хаты. Фота аўтара

Таму я і мае сябры шукаем новы дом для нашай свабоднай прасторы. Спадзяюся, што хто-небудзь натхніцца нашым прыкладам. Мару, каб дзяржава пакінула ў спакоі старую прыватную забудову. Мяркую, што праз некалькі дзясяткаў гадоў гарадскіх драўляных зрубаў стане настолькі мала, што яны ўсё-ж-ткі атрымаюць статус гістарычнай каштоўнасьці, хаця б у межах якога-небудзь канкрэтнага квартала. Але неабходна, каб само грамадства ўсьвядоміла, наколькі важна мець магчымасьць не толькі бачыць гісторыю на карцінках, але і памацаць яе сваімі рукамі.

Ягор Віняцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis