Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Калісь пісалі

Рыжскі трактат і беларускае пытанне

100 гадоў таму, 18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны трактат паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Фармальна канчаў ён польска-савецкую вайну 1919-1920 гг., устанаўляў польска-савецкую мяжу, чым дзяліў беларускія землі паміж гэтымі дзяржавамі. Беларусы, асабліва тыя, якія з надзеяй паглядалі на Польшчу, былі расчараваныя спадзяваньнямі на будаваньне беларускай дзяржаўнасьці з яе дапамогай. Беларусы не былі дапушчаныя да ўдзелу ў мірных перамовах. Лёс Беларусі вырашаўся за іх плячыма. Адвакат Тадэуш Врублеўскі назваў Рыжскі трактат чацьвёртым падзелам Рэчыпаспалітай, не прадказваючы яму доўгавечнасьці. У беларускай віленскай прэсе таго часу адлюстроўваюцца адназначныя погляды наконт трактату. Беларусы таксама не варажылі яму доўгавечнасьці. Прапаную чытачам тое, што ў красавіку 1921 г. пра Рыжскі мір пісалася ў «Беларускім Звоне», як як «тыднёвая часопісь» выдаваўся і рэдагаваўся з 22 сакавіка 1921 г. па 24 лютага 1923 г. Францішкам Аляхновічам. Выйшла яго 60 нумароў. Там прапанаваны чытачам артыкул напісаў Браніслаў Тарашкевіч  – Тарас Навіна.

Лена Глагоўская

Міравы трактат Польшчы з Расеяй і Украінай, падпісаны ў Рызе 18 сакавіка г.  у артыкуле  другім кажаць аб тым, што абедзьве стараны прызнаюць незалежнасьць Украіны і Беларусі – „згодна з асновамі самаазначаньня народаў”. А ў далейшым працягу таго артыкулу праводзіцца ўсходняя граніца Польшчы, якая разразае беларускіе і украінскіе землі, разрывае жывое цела беларускага і украінскага народу (згодна з асновамі самаазначэньня!..)

Проста ня верыцца ў магчымасьць такой граніцы: Польшча вузкім клінам цераз беларускую тэрыторыю ўразаецца паміж Літвой і Беларусьсю, няма ведама чаго шукаючы на Дзьвіне (хіба-ж ня выхаду ў мора цераз Рыжскую затоку?); абшар „незалежнае Беларусі” застаецца адрэзаны гэтым клінам ад Літвы і Латвіі, сваіх найбліжэйшых суседаў.

Што-ж кіравала ў гэтым разе польскімі палітыкамі, ад якіх фактычна залежыла разьвязка беларускае справы? Няўжо-ж разумные інтэрасы свайго народу?

Не! – Кіравала імі эндэцкая злоснасьць і бальшавіцкая хітрастць.

Справу незалежнай Беларусі (не-савецкай) у граніцах 1772 г., а прынамсі да Дняпра і Дзьвіны, адваяваць у бальшавікоў было дужа лёгка, як згаджаюцца бліз усе польскіе міравые дэлегаты. Самі бальшавікі эвакуіраваліся з Беларусі. Менск быў заняты польскімі войскамі.

Але эндэкі збаяліся беларускай справы, збаяліся, што беларусы, маючы свой нацыянальны цэнтр у Менску, не паддадуцца так лёгка прымусовай полёнізацыі, колёнізацыі і іншым іхнім прагам. Трэба, значыць, аддаць Менск бальшавіком, каб здусіць  і змусіць маўчаць беларусаў. Пачуўшы сілу беларускага нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэньня, яны выракліся навет „лініі Дмоўскага”, свайго ідэйнага бацькі і палітычнага правадыра.

Кажуць, што польскі дэлегат п. Грабскі (эндэк), вышаўшы з паседжаньня, дзе яму „ўдалося” аддаць Менск бальшавіком, паціраючы рукі ад радасьці, хваліўся сваім спрытам і палітычным розумам: „хай, кажа, маюць беларускую справу бальшавікі, а не мы (палякі)”.

Добра! Нельга вымагаць, каб хто займаўся чужымі справамі без карысьці для сябе, а ад эндэцкіх апекуноў – самі скажам – крый нас, Божа! Толькі тады нашто ўразацца так глыбака ў беларускіе землі, нашто вясьці граніцу аж да Дзьвіны? Шукаючы палякоў, можна было-б працягнуць  дзяржаўные межы аж… да Табольска. Але-ж Polska do Tabolska – гэта толькі жарт. Хіба-ж ня вельмі карысна для Польшчы было ўзбудзіць  падазрэньне ў Латвіі нічым не апраўданым суседзтвам. Бальшавікі добра зразумелі, што гэтакая граніца будзіць нязгоду і неўспакой паміж тымі народамі, якіх згода была бы – іх пагібельлю – і ня спорылі доўга, каб не псаваць гумару п. Грабскаму.

Няма што казаць, што беларускі народ ніколі ня прызнае рыжскага трактату, які яго разрывае на часьці і па часьцёх прадае. Заўсёднаю, безупыннаю яго думкаю будзе разарваць навязаные яму гранічные ланцугі, каб зьліць у вадну Непадзельную і запраўды Незалежную Беларусь.

Рыжскі трактат апіраецца быццам на праве самаазначаньня народаў. Але-ж Беларусь ужо вось мінула тры гады як сказала, што яна хоча быць дэмократычнай (народнай) рэспублікай. Урэшці, праўду кажучы, навет Савецкая Беларусь трактату не падпісывала, а за яе гаварыла Расея. Чаму польскіе прадстаўнікі не дамагаліся прадстаўніцтва прызнанай у трактаце Беларусі, чаму трактат напісаны толькі па-польску, расейску і украінску?

Мы робім такі вывад: ніякая Беларусь міру не падпісала і — не прызнае.

Ды наагул польская дэлегацыя, відаць, „мала цікавілася” беларускай справай: проціў прэлімінарных умоў і інтэрасаў свайго народу яна з лёгкім сэрцам згадзілася на далучэньне Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Смаленшчыны да Масквы, згаджаючыся на граніцу з Расеею уздоўж мяжы Віцебскай губерні.

Мы пераконаны, што здрада беларускай справы не задоўга помсьціцца на яе спраўцах. Ужо мы бачым пасьледзтва рыжскага трактату ў „віленскім пытаньні”. Ён стварыў такое палажэньне, з якога – баімося – адзіным выхадам будзе толькі вайна паміж Польшчай і Літвой. Пакідаючы Менск бальшавіком „хітры” п. Грабскі не дадумаўся, што гэтым самым ён ставіць справу Вільні на дужа коўзкую дарогу выключна літоўскіх прэтэнзій, узмацаваных часьцю беларускіх сіл, якіе разьбіла польская офіцыяльная політыка яшчэ летась у Менску, а давяршыў рыжскі трактат. Калі-б Беларусь ня была аддадзена бальшавіком, у справе Вільні перад усім гаварылі-б беларусы з палякамі і кончылася-б гэта справа не вайною, а – спадзяёмся – саюзам роўнапраўных, ў якім і літвіны знайшлі-б сваё мейсца.

Гэтак рыжскі мір вядзе да вайны. Ня хочыцца верыць, каб усходняя граніца Польшчы была падыхтована ахвотай польскіх палітыкаў да новай вайны. Гэта было-б ашуканствам народу, які хоча і патрабуе супакою пасьля сямі-летняе калатні. Не! гэта скарэй бальшавіцкая хітрасьць, бо для Савецкай Расеі нейкая вайна, ды йшчэ паміж яе суседзямі – адзіны ратунак.

Тарас Навіна.

„Беларускі звон”, № 3, 12.04.1921 г., с. 1-2.  

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis