
Фота Юркі Хмялеўскага
У Падляшскай кніжніцы ў Беластоку прайшла прэзентацыя кнігі „Малы прынц” у версіі по-своёму. Чатыры гады таму шэдэўр класікі сусветнай літаратуры Антуана дэ Сент-Экзюперы з арыгіналу на французскай мове на падляшскую – характэрную для Гайнаўшчыны і Бельшчыны – пераклаў Ян Максімюк. Ужо звыш дваццаці гадоў творчай працы прысвяціў ён з жонкай Галінай, каб увекавечыць іх матчыну мову. По-своёму дагэтуль напісалі яны і на свой кошт выдалі некалькі кніжак, якія пераважна раней часткамі публікаваліся ў нашым „Часопісе”.
На гэты раз ініцыятыва выйшла ад маладых чытачак, сябровак Караліны Крупы-Зарэмбы і Вольгі Місьтай (сямейныя карані абедзьвюх ад Орлі), а арганізацыйна падтрымаў іх наш рэдакцыйны сябра Тамаш Суліма.
Каб выдаць „Малога прынца” по-своёму, у Інтэрнэце быў абвешчаны грашавы збор. Ініцыятары не былі ўпэўнены ці ўдасца. Збор праходзіў доўгія месяцы. Але ўдалося сабраць 25 тыс. зл. і прыгожа – з малюнкамі – выдаць кніжку ажно тысячным тыражом, што сёння рэдкасць, паколькі найчасцей кнігі выходзяць меншым удвая а то і больш. Нават для шырокага чытацкага кола на ўсю краіну.
Сустрэча ў Беластоку была апошняй, раней на працягу тыдня прайшлі прэзентвацыі ў Орлі, Студзіводах, Нарве, Боцьках і Дубічах-Царкоўных. Усе яны адбылся з удзелам перакладчыка, які з жонкай спецыяльна прыехаў з Прагі, дзе здаўна жывуць.
У зале Падляшскай кніжніцы сабралася звыш сотні людзей. Характэрна, што палова была ва ўзросце 20-35 гадоў. Значыць, былі гэта ўжо ўнукі апошніх носьбітаў роднай мовы іх продкаў. Падчас сустрэчы можна было яе пачуць і ад некаторых з гэтай публікі. Ян Максімюк выказваўся ў перамешку – па-польску і па-падляску. Чыталіся вядома фрагменты кніжкі ў яго перакладзе. Сустрэча прайшла ў цёплай і сардэчнай атмасферы.
Была гэта таксама яшчэ адна нагода, каб паразважаць пра паміранне аўтахтоннай мовы на Падляшшы. Ян сказаў, што паколькі гэта, на жаль, непазбежнае, вырашыў яе захаваць і ўвекавечыць у пісаным варыянце. Апрацаваў нават алфавіт і граматыку. Прысутным распавёў ён пра свае шматлікія паездкі ў розныя куткі Еўропы, дзе людзі таксама гавораць або гаварылі на мікрамовах. Іх лёс усюды аднолькавы – хутчэй ці пазней знікаюць яны з штодзённага ўжытку і з часама наогул паміраюць. Ян сутыкнуўся аднак з выпадкамі, калі нашчадкі вырашылі адрадзіць арыгінальную мову сваіх продкаў на аснове запісаў – мемарыялаў з мінулых стагоддзяў. Таму і ён лічыць такое магчымым у выпаку падляскай мовы, а прынамсі мае такую ціхую надзею.
Ну, але яшчэ гэтая мікрамова жыве і, што важнае, з’яўляецца вялікім нематэрыяльным багаццем нашай меншасці, паколькі для большасці сведамых аўтахтонных беларусаў у Польшчы якраз яна карэнная.
Тут сапраўды вялікая заслуга нашага сябра, што змог павысіць ранг падляскай мовы, надаючы ёй літаратурны ўзровень. Бо можна спрачацца, ці гэта дыялект, гаворка, ці ўсё-такі асобная мікрамова, але дзякуючы менавіта яму стала магчымым чытаць на ёй, а не толькі карыстацца ў сямейных гутарках.
Ну і дзякуючы найбольш менавіта Яну пра яе голасна загаварыі. А калі ўслед за ім словы з падляскай мовы адважна ўключылі ў сваю песню Swada & Niczos на адбор фестывалю Еўрабачання, рэзананс абняў усю Польшчу.
Таму крыху прыкра, што некаторыя з нашага беларускага асяроддзя такія намаганні лічаць памылкай і не дапускаюць еўрапейскага тэрміну мікрамовы для роднай ім гаворкі, паніжаючы яе ў такі спосаб.
Прытым пісанне по-своёму ў ніякі спосаб не шкодзіць беларускай мове і наогул беларускай справе. Бо можна і трэба нароўні шанаваць тое і тое.
Для падляшоў беларуская мова, хаця ім ненатуральная, надта прыгожая. Я – ліцьвін чуў ад іх гэта неаднойчы. Маю тут на думцы чыстую беларускую мову. Бо сённяшняя – насычана саветчынай і новымі штучнымі словамі – нават для мяне крыху ўжо чужая.
Усе літаратурныя мовы ва ўсіх краінах іншыя ад рэгіянальных і яны неаўтэнтычныя (неаўтахтонныя). Нашы літаратары – „белавежцы” і журналісты, якія амаль усе былі і ёсць з Бельшчыны і Гайнаўшчыны, сталі пісаць па-беларуску, бо для іх гэта больш культурны, вышэйшы ўзровень сваёй мовы. Упарадкаваны, кадыфікаваны, маючы кніжныя апрацаваныя слоўнікі. Нягледзячы на тое, што розны ад мовы бацькоў і дзядоў, але ўсё-такі ім вельмі блізкі і поўнасцю зразумелы. Незабыўны Віктар Швед яшчэ ў маладосці свой верш – маніхвест „Я – беларус” напісаў па-беларуску шчыра і ад сэрца.
Асабіста я Яну ўдзячны за яго ініцыятыву, бо для мяне стала яна штуршком, каб павярнуць да сваёй карэннай простай мовы. З часам я дайшоў да цудоўных высноў, што яна – надта старынная, гістарычная. Гэта мова Вялікага княства Літоўскага, тэрытарыяльна яна значна шырэйшая чымсьці падляская. І для мяне больш беларуская чымсьці тая афіцыйная ў Мінску. Простая мова гэта нават не варыянт беларускай і не дыялект ці гаворка (gwara), але менавіта гістарычная беларуская мова, якая і стала асновай літаратурнай.
Ян сказаў, што падляскай мове дае яшчэ не больш трыццаці гадоў жыцця. Па-мойму, калі нічога не зменіцца (бо і чаму мела б змяніцца?) з паўсюднага ўжытку знікне яна раней. Тым больш я згодны, што пакуль можна, трэба зберагчы яе ў друку. Так як і бліжэйшую мне простую мову між Нарвай і Бобрай, якой ужо амаль не чую, толькі яшчэ ў сваім Востраве і наваколлі, але і тут маланкава ўжо вымірае.
Вось каторы ўжо год пішу ў „Часопіс” тэксты па-просту ў рубрыцы „Плач званоў”. Ужо на пачатку я зразумеў, што чыста па-просту пісаць цяпер немагчыма. Таму вымушаны прымяняць паланізмы ці сучасныя беларускія словы (чужыя ўсё-такі).
Ян пішучы па-падляску таксама тое робіць, імпартуе словы нават з заходніх моў. Так як прынц у загалоўку апошняй кніжкі. І не адзіны я тое заўважыў. Чаму не „Малы князь”, скажам? Так было б, здаецца, больш пo-своёму.
Падляская мова, аказваецца, гэта аднак крыху кампраміс. Немагчыма аднолькава запісаць мясцовую мову на Гайнаўшчыне і Бельшчыне, паколькі яна адчувальна розная ў паасобных староннях. Вось падчас сустрэчы ў Дубічах тамашнія жыхары фрагменты „Малога прынца” по-своёму зачыталі по-дубіцьку. Для прыкладу там гавораць не „ходіты”, а „ходыты”.
Сапраўды, на гэтым фоне простая мова на ўсёй тэрыторыі, нашмат жа большай, не такая розная. Па сутнасці яна вельмі падобная ўсюды – на Сакольшчыне, пад Гарадком і Міхаловам, на Віленшчыне, а нават пад Мінскам.
Прэзентацыі „Малога прынца” по-своёму зноў у Інтэрнэце выклікалі дыскусіі наконт падляскай мовы. Хтосьці, адвяргаючы яе, стварыў кароткі быццам навуковы аналіз пры дапамозе штучнага інтэлекту (AI). Атрымалася неведзь што.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар











