Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Прафесар Кандрацюк – жывы прыклад беларускай інтэлектуальнай руплівасці

27 красавіка 2023 г.

Пабываў я ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры на чарговай сустрэчы арганізаванай там звычайна ў апошні чацвер месяца Культурным таварыствам „Русь”. На гэты раз яе героем быў прафесар Міхал Кандрацюк, з якім я знаёмы яшчэ з дзевяностых гадоў. Ён – беларус родам з падгайнаўскіх Дубін, што стаў выдатным аўтарытэтным навукоўцам у галіне мовазнаўства ў дачыненні да перш за ўсё беларускага насельніцтва на Беласточчыне.

Прафесар Міхал Кандрацюк заўсёды з усмешкай на твары Фота Юркі Хмялеўскага
Прафесар Міхал Кандрацюк заўсёды з усмешкай на твары
Фота Юркі Хмялеўскага

Прафесар жыве ў Варшаве, але часта прыпыняецца ў сваёй універсітэцкай кватэры ў Беластоку. Яму ўжо пайшоў дзевяносты год жыцця, але нягледзячы на свой пажылы ўзрост усё адчувае яшчэ сябе добра і ёсць інтэлектуальна актыўным. Падкрэсліла гэта таксама Анна Радзюкевіч, рэдактарка штомесячніка „Przegląd Prawosławny”, якая змястоўна і дасканала вяла амаль трохгадзінную з ім сустрэчу. Нагодай была прэзентацыя яго чарговай кніжкі „Матэрыяльная культура беластоцкай вёскі і яе змены ў святле народных гаворак ХХ стагоддзя”, выдадзенй два гады таму Фондам імя князя Канстанціна Астрожскага. Такі загаловак крыху занадта агульны. З амаль чатырхсот старонак у ёй больш як трыста, – гэта слоўнік простай мовы каталіцкай вёскі Номікі каля Саколкі, запісаны паўвеку таму іншым прафесарам Станіславам Глінкай (ужо не жыве), сябрам і супрацоўнікам аўтара, які яго рукапіс салідна апрацаваў і ўпарадкаваў. 

Паводле акадэмічнага звычаю сустрэча пачалася з дакладу. Прафесар Кандрацюк цікава распавёў, як у глыбіні вякоў адбывалася засяленне зямель на сённяшняй Беласточчыне ў выніку чаго сфармавалася тут разнастайнае моўнае багацце і абселі жыць яго носьбіты – продкі тутэйшых беларусаў. Навуковец так і называе Беласточчынай – а не Падляшшам – наш рэгіён. Мне як аматару-даследчыку мінулага малой радзімы такі прынцыповы падыход адпавядае. Назва Падяшша, хаця цяпер паўсюдная (найперш ад Падляшскага ваяводства яна), даволі штучная. Праф. Кандрацюк Беласточчынай лічыць абшар паміж Аўгустоўскім каналам на поўначы і ракой Буг на поўдні, а з захаду ракамі Бобрай, Нарвай ды Нурцом і дзяржаўнай мяжой з Беларуссю на ўсходзе.

У дакладзе навуковец паклікаўся на рэзультаты даследванняў праф. Ежы Віснеўскага, які ў шасцідзесятых гадах ХХ ст. апрацаваў вядомую карту з накірункамі засялення гэтых зямель славянамі, балтамі (яцвягамі) і мазурамі (мазаўшанамі). Дайшоў ён таксама да вываду, што ў ХІV ст. Беласточчына цалкам абезлюднела. Нібыта сталася так у выніку крывавага разгрому тэўтонскім ордэнам яцвягаў. Вісьнеўскі аднак памыліўся. Бо гэта няпраўда, што тады людзі раптам згэтуль зніклі і з’явіліся зноў толькі праз сто гадоў у ХІV ст., наплываючы з усходу і захаду. Тым часам менавіта праф. Кандрацюк ўстанавіў, што ва ўсходнеславянскую (беларускую) мову таго новага насялення пранікла даволі шмат слоў нібыта ўшчэнт разбітых крыжакамі яцвягаў. Значыць, аднак крыху гэтых „абарыгенаў” уцалела, прыхаваліся недзе ў пушчы ля рэчак з іхнымі назвамі, якія ад іх перанялі новыя асаднікі. След гэтага захаваўся да сёння таксама ў сучасных прозвішчах, як, скажам у маіх Крынках Кішкель, што ў балтаў значыла „ліс”.

Пасля дакладу ветлівы госць расказаў, як на працягу дзясяткаў гадоў рабіў свае скрупулёзныя даследаванні. Яшчэ як студэнт, пасля навуковы супрацоўнік Інстытуту славяназнаўства Польскай Акадэміі навук у Варшаве ўздоўж і ўпоперак абышоў ён усю Беласточчыну ў складзе шматлікіх даследчыцкіх экспедыцый. – Тады нават ровар быў рэдкасцю, – успамінаў. – Потым і я яго меў, а з часам купіў нават матацыкл SHL, на якім аб’язджаў гаманлівыя яшчэ вёскі.

Тады ўсюды гучала беларуская мова з яе шматлікімі дыялектамі. Было што запісываць. Як хутка аказалася – у самы апошні момант, перад маланкава наступаючай паланізацыяй і ўрэшце абезлюдненнем вёсак. Прафесару Кандрацюку і яго супрацоўнікам з дапамогай студэнтаў удалося зафікасаваць вялікае моўнае і культурнае багацце. Выйшла яно друкам у дзесяці тамах славутага „Атласу ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны”. Цяпер гэта помнік нашай гісторы і памяці продкаў. Праф. Кандрацюк падрыхтаваў амаль палову матэрыялу, ён запісаў мову больш за пяцідзесяці вёсак. Быў надта працавітым і плённым навукоўцам. Стаў выдатным славістам, мовазнаўцам, шматгадовым выкладчыкам беластоцкага філіяла Варшаўскага ўніверсітэту, пасля Беластоцкага ўніверсітэту, сябрам Польскай акадэміі навук. З’яўляецца аўтарам больш за двухсот навуковых выданняў, у тым ліку дзесяці кніг.

Хаця ў асноўным уся сустрэча была польскамоўнай, усё-такі вельмі адчувалася яе свойскі наш тутэйшы беларускі дух. Тым больш, што паміж сабою многія ўдзельнікі гаварылі па-свойму. Мелася ўражанне, што прыйшлі сюды, каб успомніць мінулае – той пагаслы свет іх родных вёсак. Таму, вядома, ахвотна набылі і кніжку героя сустрэчы, не шкадуючы на яе 70 злотых.

Я таксама ўспамінаў, але найперш сваё знаёмства з прафесарам. Яно пачалося неўзабаве, як з’явіўся „Часопіс”. З 1993 г. праф. Кандрацюк на нашых старонках доўгі час публікаваў артыкулы, у якіх паясняў менавіта паходжанне назваў мясцовасці і характэрных на Беласточчыне прозвішчаў насельніцтва. У міжчасе запрапанаваў мне вёрстку кнігі пад яго рэдакцыяй. Быў гэта тоўсты том з дакладамі з нейкай міжнароднай навуковай канферэнцыі даследчыкаў дыялектаў і анамастыкі (назваў) на польска-ўсходнеславянскім памежжы. Мне як тэхнічнаму рэдактару праца над кніжкаю заняла шмат часу. Бо тэксты былі на некалькіх мовах і да таго трэба было густа ўстаўляць спецыяльныя літары і знакі націску. Але адначасова ўчытваўся я ў змест артыкулаў і помню, што вельмі мяне яны зацікавілі. 

Я таксама ўзяў голас падчас сустрэчы, каб пра гэта расказаць. А яшчэ пра свае краязнаўчыя зацікаўленні, сайт Vostravo.pl і падборку характэрных слоў простай мовы, якія ўдалося мне яшчэ запісаць у даслоўна апошні момант. Многіх з іх няма нават у слоўніку з прэзентаванай кніжкі, хаця, па-мойму, у падсакольскіх Номіках таксама яны выступалі.

Я выказваўся па-беларуску і ў адрозненні ад іншых заклікаў, каб не падаць духам. Заахвочваў рабіць тое, што яшчэ магчымае для захавання моўнага багацця Беласточчыны прынамсі ў памяці. Перадаваць яго наступным пакаленням, робячы запісы, выкарыстоўваючы, як я, таксама дзеля гэтага Інтэрнэт.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis